У Вільнюсе згадваюць музей Луцкевіча і спадзяюцца на яго вяртанне. 21.by

У Вільнюсе згадваюць музей Луцкевіча і спадзяюцца на яго вяртанне

10.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чытачы "Звязды" звярнулі ўвагу на матэрыялы з Літвы, падрыхтаваныя Вітаўтасам Жэймантасам. У яго публікацыях расказваецца пра найбольш цікавыя для беларусаў падзеі, што адбываюцца ў суседняй краіне. Днямі МЗС Літвы акрэдытаваў В. Жэймантаса ў якасці карэспандэнта "Звязды". Пасведчанне яму ўручыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Дражын. Прапануем чытачам чарговы матэрыял нашага калегі.

У Вільнюсе па ініцыятыве Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве прайшоў шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 20-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай.

Грамадскасці Літвы пра гэта было загадзя паведамлена: сур'ёзны грамадска-палітычны часопіс "Гайрэс" ("Вехі") апублікаваў вялікае інтэрв'ю пасла Рэспублікі Беларусь у Літве Уладзіміра Дражына "Літву і Беларусь збліжае агульная гісторыя і магчымасці супрацоўніцтва".

Мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай гадавіне, пачаліся ў Вільнюскім педагагічным універсітэце. Тут, у аўдыторыі імя Францыска Скарыны, упрыгожанай не толькі бюстам славутага беларускага асветніка і кнігавыдаўца, але і адмысловымі беларускімі карункамі, прайшоў "круглы стол" "Ад мінулага да будучыні: Беларускі музей імя Івана Луцкевіча". У пасяджэнні ўзялі ўдзел беларускія і літоўскія эксперты, прадстаўнікі грамадскасці, журналісты. Прысутных павіншавалі рэктар універсітэта, акадэмік Альгірдас Гайжуціс, а таксама дэкан філалагічнага факультэта, прафесар Гінтаўтас Кундротас.

Пасол Рэспублікі Беларусь у Літве Уладзімір Дражын падзякаваў Вільнюскаму педагагічнаму ўніверсітэту, які шмат робіць для падрыхтоўкі настаўнікаў для беларускіх школ, у вывучэнні беларускай культуры і літаратуры, якая раней працвітала ў Вільнюсе. Ён падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Літвой, сказаўшы, што аснова гэтага супрацоўніцтва — у развіцці эканамічных адносін. Уладзімір Дражын аб'явіў і рэкордныя вынікі: тавараабарот паміж Беларуссю і Літвой дасягнуў 1,2 млрд долараў.

Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя Івана Луцкевіча, вядомы таксама як Беларускі музей у Вільні, быў заснаваны на базе прыватнай калекцыі беларускага этнографа і археолага Івана Луцкевіча, а таксама іншых матэрыялаў. Музей збіраў, захоўваў, даследаваў, прапагандаваў беларускія (або створаныя на тэрыторыі Беларусі) помнікі гісторыі, этнаграфіі, творы мастацтва. Калекцыі музея паходзілі пераважна з Віленшчыны. Але, разам з тым, у ім былі прадстаўлены і іншыя рэгіёны Беларусі.

На першым этапе сваёй гісторыі музей уяўляў сабой прыватную калекцыю беларускага вучонага і палітычнага дзеяча Івана Луцкевіча. У 1921 г., ужо пасля смерці свайго заснавальніка, музей адкрыўся для наведвання ў будынку былога базіліянскага манастыра. Першым яго дырэктарам быў Антон Луцкевіч, брат Івана. У гэты час музей дзейнічаў як публічная ўстанова, дзе пастаянна працавалі некалькі чалавек. Ён размяшчаўся ў тым жа будынку, у якім знаходзілася Віленская беларуская гімназія. Музей меў 5 экспазіцыйных залаў, архіў і бібліятэку, у якую ўвайшлі бібліятэка І. Луцкевіча, частка бібліятэкі Е. Раманава і ўся бібліятэка Б. Даніловіча (больш за 14 тыс. тамоў). Захоўваліся калекцыі археалогіі, сфрагістыкі, нумізматыкі, медалёў і крыжоў, слуцкіх паясоў, дываноў і іншых вырабаў нясвіжскай, гродзенскай і слуцкай мануфактур, беларускіх народных музычных інструментаў, старажытнай зброі, абразоў, рукапісных кніг, старадаўняга адзення, палотнаў мастакоў ХVІ—ХІХ стст.

Прысутных павіншаваў рэктар Вільнюскага ўніверсітэта адукацыі акадэмік Альгірдас Гайжуціс (злева) , побач — пасол Рэспублікі Беларусь у Літве Уладзімір Дражын і дэкан Філалагічнага факультэта прафесар Гінтаўтас Кундротас.

У 1944 годзе Віленскі музей імя Івана Луцкевіча быў ліквідаваны. Сёння яго калекцыі знаходзяцца ў Нацыянальным і Мастацкім музеях Літвы, бібліятэцы Акадэміі навук Літвы, у Гістарычным архіве Літвы. Некаторыя прадметы захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтваў. Калекцыя іўдаістыкі трапіла ў Маскву. Удзельнікі "круглага стала" выказалі надзею, што ў Вільнюсе зноў будзе заснаваны Беларускі музей.

У Вільнюскім педагагічным універсітэце адбылося таксама адкрыццё фотавыставы беларускага фатографа Леаніда Касабуцкага "Грунвальдская бітва".

Увечары ў гарадской Ратушы ўшаноўвалі памяць славутых беларускіх братоў Івана і Антона Луцкевічаў — заснавальнікаў Беларускага музея ў Вільнюсе. Акрамя таго, у Ратушы адбылася прэзентацыя кнігі Вікторыі Мурашкенэ "Я не магу не любіць цябе" пра першага кіраўніка беларускай дыяспары Літвы Лявона Мурашку. Была прадстаўлена і экспазіцыя з фондаў прыватнай калекцыі Людвігі Вітушкі. Мерапрыемствы завяршыліся канцэртам ансамбля салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі "Класік Авангард" пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Байдава.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС,

уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве.

Фота аўтара.

Вільнюс.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чытачы "Звязды" звярнулі ўвагу на матэрыялы з Літвы, падрыхтаваныя Вітаўтасам Жэймантасам. У яго публікацыях расказваецца пра найбольш цікавыя для беларусаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика