Працягваем размову:. 21.by

Працягваем размову:

10.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ці з'явіцца ў Беларусі Дзень партызанаў і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны?

Вялікі рэзананс выклікала публікацыя матэрыялаў "круглага стала" "Векапомныя дні: фронт у тыле ворага" за 24 сакавіка 2012 года. Удзельнікі гэтага медыя-мерапрыемства (ветэраны вайны, гісторыкі, музейшчыкі, журналісты) звярнуліся да грамадскасці краіны з просьбай выказаць меркаванні адносна прапановы аб усталяванні 20 мая памятнай даты — Дня партызанаў і падпольшчыкаў. І адразу ў рэдакцыю пачалі паступаць пісьмы, тэлефанаванні, у якіх чытачы выказваюць свае меркаванні адносна гэтай ініцыятывы. Першая частка водгукаў гэтага своеасаблівага народнага рэферэндуму апублікавана 5 красавіка. Сёння змяшчаем пісьмы ў працяг распачатай размовы.

Хачу спытаць у брахуна і хлуса: "А ты — быў у партызанах?"

Шаноўная рэдакцыя роднай "Звязды"!

Вялікая ўдзячнасць вам за "круглы стол" і апублікаваныя 24 сакавіка 2012 г. матэрыялы аб усталяванні Дня партызана і падпольшчыка. Радуе тое, што наша газета сістэматычна друкуе інфармацыю аб чалавеказабойстве акупацыйнага рэжыму ў гады Вялікай Айчыннай вайны і самаадданай партызанскай барацьбе беларускага народа з ворагам.

Не шмат у нашай рэспубліцы СМІ, якія б так мэтанакіравана і паслядоўна адлюстроўвалі надзённую ідэалагічную праблему. Пачатая газетай дыскусія аб усталяванні Дня партызана і падпольшчыка вельмі актуальная, асабліва ў нашы дні, калі варожыя нашаму народу сілы метадычна вядуць інфармацыйную дыверсію, каб абылгаць гераічнае былое патрыётаў, перапісаць гісторыю вайны і знішчыць гістарычную памяць нашых нашчадкаў.

Гэтая ідэалагічная дыверсія знаходзіць тых, хто выказвае бязглуздую хлусню аб партызанах. Асабіста мне колькі разоў прыходзілася чуць такое ў электрычках, грамадскім транспарце і нават у шпіталі. На пытанне такому брахуну: "А ты быў у партызанах?" — звычайна бачыш лыпанне вачыма ці ў адказ: "Я такое чуў". Як сведка і ўдзельнік партызанскага жыцця, даводзіш на жывых прыкладах такому брахуну, як яно было на самой справе.

У першыя гады пасля вайны падобнае не сустракалася. Тады нават увайшло ў традыцыю ў маі да Дня Перамогі ладзіць партызанскае шэсце. У райцэнтры збіраліся баявыя сябры, якія жылі ў іншых раёнах. Напрыклад, у г. Рагачове Гомельскай вобласці, дзе з першых дзён ліпеня да сярэдзіны жніўня 1941 г. наша армія трымала фронт і нават адкінула ворага на 30 км на захад. У партызанскіх сустрэчах удзельнічалі адважныя афіцэры 120-й Рагачоўскай дывізіі, якая вызваліла горад ад ворага ў лютым 1944 г. Гасцявалі ў нас таксама партызаны Журавіцкай, Кіраўскай і Клічаўскай брыгад. Прыязджаў знакаміты Ізох — камандзір Клічаўскай брыгады.

Аднойчы з Польшчы на свята прыехалі польскія ўрачы — муж з жонкай, якія ў гады акупацыі працавалі ў Рагачове і з дапамогай падпольшчыкаў знайшлі шлях да партызанаў.

На жаль, праз некалькі гадоў такія сустрэчы перасталі праводзіць. Баявыя сябры раз'ехаліся па розных кутках вялікай Радзімы, старыя ўдзельнікі партызанскага руху адышлі ў нябыт.

У нашай незалежнай дзяржаве ўсталявана шмат памятных дзён. Мы святкуем і Дзень абаронцаў Радзімы, і Дзень беларускай міліцыі, і многіх іншых прафесій. А ў рэспубліцы-партызанцы Дня партызана і падпольшчыка няма. Незразумелая акалічнасць! Гэтую "белую пляму" трэба было б даўно ліквідаваць.

Бясспрэчна, памятную дату трэба абгрунтаваць належна з гістарычнага і патрыятычнага пунктаў гледжання. У кожным рэгіёне Беларусі была свая гісторыя партызаншчыны і яе баявых поспехаў. Але ж нешта ўсё гэта стымулявала і аб'ядноўвала.

Напрыклад, на Рагачоўшчыне першыя партызанскія аперацыі адбыліся ў ліпені і жніўні 1941 г. На чале з камандзірам Рагачоўскага знішчальнага батальёна Мікалаем Іванавічам Калінковічам групы ў 20—30 байцоў пераходзілі лінію фронту, ладзілі засады і дыверсіі на дарогах, збіралі інфармацыю пра ворага і перадавалі яе штабу нашай арміі, дапамаглі выйсці з акружэння больш чым 500 байцам Чырвонай Арміі. У сярэдзіне жніўня 1941 г. падчас вяртання з-за лініі фронту камандзір батальёна і два байцы трапілі ў засаду і загінулі.

Памятным Днём партызанаў і падпольшчыкаў магла б стаць дата першай паспяховай партызанскай засады альбо дата першага разгрому фашысцкага гарнізона. Магчымы і іншыя варыянты.

Прапанову дзяржаўным органам аб такой даце магла б даць аўтарытэтная камісія пасля экспертнага даследавання.

Леанід КАЛІНКОВІЧ, былы партызан атрада № 259 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады, кандыдат юрыдычных навук

Гэта трэба не мёртвым...

Падтрымліваю прапанову ўдзельнікаў "круглага стала" аб усталяванні 20 мая памятнай даты — Дня партызанаў і падпольшчыкаў.

Я нарадзіўся ў 1939-м, але вайну добра помню, усе яе жахі, хоць быў маленькім хлапчуком. Помню, як да нас у вёску Малая Альшанка Чашніцкага раёна па начах прыходзілі партызаны. Мы дапамагалі, чым маглі...

Цяпер узнімаецца пытанне, што партызаны рабавалі насельніцтва. Мне расказаў былы партызан Чашніцкай брыгады Дубава Фёдар Фёдаравіч Гайдукоў (на жаль, ужо нябожчык), што з марадзёрамі яны разбіраліся надзвычай жорстка. Прынамсі, гэтак жа, як і ў атрадзе Каржа, — пра што ішла гаворка ў час "круглага стала". Гайдукоў расказаў пра канкрэтны выпадак: у атрад прыйшла вясковая жанчына і паскардзілася: "Ваш партызан забраў у мяне хустку". Дык камандзір брыгады, Герой Савецкага Саюза Фёдар Фаміч Дуброўскі загадаў выстраіць усіх — каб яна паказала, хто гэта зрабіў. Жанчына пазнала свайго крыўдзіцеля. Дуброўскі выцягнуў у яго з кішэні тую хустку, загадаў хлопцу зрабіць чатыры крокі наперад, дастаў пісталет і сам жа яго застрэліў. Жанчына — у слёзы: "Каб жа я ведала, што з-за хусткі чалавек развітаецца з жыццём, век бы маўчала..." Кожны негатыўны выпадак адразу атрымліваў канкрэтную ацэнку, дысцыпліна была жалезная.

...Пасля вайны я працаваў настаўнікам матэматыкі, потым праграмістам у ЦКБ "Пеленг". Перакананы: у нашай краіне-партызанцы проста неабходна ўсталяваць такую памятную дату. Гэта трэба не мёртвым — гэта трэба жывым.

Валерый Корбан, г. Мінск

¢ 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці з'явіцца ў Беларусі Дзень партызанаў і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика