Дзесяць гадоў.На шляху збліжэння. 21.by

Дзесяць гадоў.На шляху збліжэння

10.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Першы працоўны дзень красавіка пачаўся з тэлефанавання. Спадарыня Новік з Мінска сказала, што двойчы друкавала ў "Звяздзе" свае "вясёлыя і праўдзівыя" гісторыі. А вось вершы — не піша (толькі чытае)... Адкуль пытанне: "Скажыце, а калі будзе адзначацца дзесяцігоддзе рубрыкі "Алё, народ на провадзе!"?.. Вы ж таксама тады будзеце аўтараў збіраць?"

На першае пытанне адказу пакуль няма: трэба, што называецца, пагартаць падшыўку газеты — паглядзець (калі ж той дзень народзінаў). А вось наконт збору скажам адразу: ён адбудзецца! Нават тады, калі прыедуць на яго... чатыры чалавекі. Бо справа, як вы разумееце, зусім не ў колькасці.

Напярэдадні Дня гумару за самым доўгім рэдакцыйным сталом сабраліся ўдзельнікі і неаднаразовыя пераможцы конкурсу на лепшы подпіс да здымка: Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын, што на Рагачоўшчыне, Анатоль Гарачоў з вёскі Даўнары, што на Іўеўшчыне, Мікалай Старых з Гомеля і Валерый Гаўрыш з Чавусаў. Заканамерным быў прыход і яшчэ двух гасцей — галоўнага рэдактара часопіса "Вожык" Юліі Зарэцкай і ветэрана гэтага калектыву, мастака Аляксандра Каршакевіча.

Пра некага з візіцёраў мы хоць штось ды ведалі, пра некага — хутчэй нічога. Таму цалкам лагічна было тут жа раздаць кароткую анкету з няпростай задачай "расказаць пра сябе". Кшталту: "Хто я? Дзе і з кім жыву? Чым займаюся і захапляюся? Як даўно выпісваю "Звязду" і штось пішу (у тым ліку для яе)? Чым прывабіў конкурс?..."

З адказаў стала зразумелым, наколькі розныя за сталом людзі! Прынамсі, Мікалай Валянцінавіч Старых пачынаў з апаратчыкаў на Гомельскім хімзаводзе, дарос да інжынера, цяпер на заслужаным адпачынку; Валерый Гаўрыш усё жыццё пасля сельгасакадэміі працаваў на зямлі, спадарыня Кусянкова па прафесіі бухгалтар, спадар Гарачоў — слесар па рамонце бензапіл у мясцовым леспрамгасе...

Сярод захапленняў у нашых гасцей — спорт, чытанне (у тым ліку часопісаў "Полымя", "Нёман"), жанчыны (у мужчын... "Бо імі, нашымі, нельга не захапляцца"!), музыка і спевы (спадар Гарачоў іграў на вяселлях), збор грыбоў, сталярства (у спадарыні Кусянковай)... У яе ж — маляванне, агародніцтва, фатаграфія, скрыпка...

Са "Звяздою" нехта з іх дзесяць гадоў жыве, нехта — ці не ўсё свядомае жыццё.

Што да конкурсу...

Да ўдзелу ў ім спадара Гаўрыша падбіла сястра (на вялізазны жаль, нябожчыцы ўжо) Ніны Маркаўны Захарэвіч з Пастаў. Сказала, што тая і піша, і друкуецца, дык трэба, маўляў, і яму.

— Я паспрабаваў, — успамінаў Валерый Мікалаевіч, — не надрукавалі. Адзін раз, другі... Але ж я "ўпёрты". І потым разумею, што гэта — конкурс, адбор, яго трэба прайсці. Стаў уважлівей іншых чытаць, стаў болей думаць... Ну і спрацавала. Помніце здымак быў: дрывотня і сабака на калодзе стаіць. Я да яго з анекдота вершык склаў:

— Ці патрэбны дзеду дровы? —

Хтось праз шыбу запытаў.

— Не патрэбны... Вунь гатовых... —

Дзед праз шыбу паказаў...

Ранкам выйшаў ён на ганак —

Дроў няма... Памеркнуў ранак...

Хочаш, каб не кралі дровы,

Трымай Рэкса для аховы.

Свой шлях да ўдзелу ў конкурсе і ў спадара Старых:

— Па дарозе з лецішча здымак у газеце ўбачыў: салдат кудысь "маршыруе" — з чаравікамі, з рэчамі. Смешна стала... Падумаў: цікавая ж гульня — трэба паспрабаваць. Цяпер во і сын падключыўся, разам штось пішам. А найлепшыя радкі атрымаліся да здымка, на якім, памятаеце, быў хлопец — мякка кажучы, распрануты... На снезе... Я на працу ездзіў з Ларысай Камаровай. Ну і склаў:

У нядзелю, у сем з паловай,

Стась прыйшоў да Камаровай.

Цэлы тыдзень (з яе слоў)

У ад'ездзе Камароў...

А назаўтра, у тры ночы,

Не паспеў прадраць ён вочы,

Як пачуў страшэнны роў:

То вярнуўся муж дамоў...

Будзе помніць Стась да скону,

Як ляцеў уніз з балкона.

І цяпер дае ўсім слова:

Ні нагой да Камаровай!

Тут жа, на стале, пад рукамі ў гасцей былі выразкі з газет — амаль уся дзесяцігадовая гісторыя конкурсу, ад здымка да здымка... І да іх, без перабольшвання, тысячы варыянтаў подпісаў! Не маглі не вабіць загалоўкі: "У маладосці кожны дзед меў цікавасць да кабет" (на здымку Дзед Мароз у абдымку з нейкай чарнявай, а Снягурка адна)... "Абяцаў катэдж у Горках, а тут хата на падпорках" (на здымку — кабета, якая на лыжах дае лататы)... "Вось і мы ў маладосці ўяўлялі з сябе штосьці...", "Ёсць і піва ў нас, і квас — мала весялосці...", "Калі цацак не хапае, мы дамовімся з Кітаем", "У крэдыт бярэш чужыя, аддаеш затым свае...", "Усе суседкі будуць сведкі — пераблытаў дзед таблеткі..." (на здымку — доўгая вяроўка над градамі з безліччу жаночых трусікаў...). Узгадваліся вершы, прозвішчы аўтараў... Гучала шкадаванне, што многія з іх "выйшлі з гульні" (а чаму?), што многія не прыехалі. Гучалі вершы-прысвячэнні, напісаныя спецыяльна да гэтай сустрэчы — спадарыням Чыгрынавай, Тарасік, Пажога, Васільевай, Лабажэвіч, спадару Дубовіку, Старых, Нефідовічу, Спірыдовічу, Тычко, сужэнцам Астроўскім...

Дзядзька — дзядзьку.

Цётка — цётцы.

І глядзіш — гуляе плётка.

У той плётцы — я з малодкай.

Хоць няпраўда ды салодка!

Гэта — радкі прафесіянала, "вожыкаўца" Алеся Пісьмянкова.

— За нашым часопісам ужо даўно замацавалася: калі ў пакоях ціха — значыць, мы не працуем, а вось калі рогат стаіць — усё нармальна, — распавядаў Аляксандр Каршакевіч.

— Для людзей старэйшага пакалення "Вожык" ці не самы любімы з часопісаў. Яго можна было ўбачыць паўсюль: у хатах, у прыёмных, у цырульнях... Цяпер гартаеш падшыўку (а яна ў нас з першых нумароў, 1941 года) і бачыш прычыну гэтай папулярнасці: на старонках усё, чым жыла краіна. "Братка "Вожык" дапамагаў змагацца з бракаробамі, з бюракратамі, з даўгабудамі, з прыпіскамі... У нас працавалі мастакі Волкавы (бацька, сын), у нас друкаваліся Купала, Колас, Крапіва, Лужанін, Глебка, — распавядала спадарыня Зарэцкая. — Не склаў ён свае іголкі і зараз — мае шмат цікавых аўтараў, шмат рубрык... У тым ліку — і падобных да "звяздоўскіх" "Хто каго?" і "Алё, народ на провадзе!".

На пытанне з анкеты, ці трэба іх удасканальваць, госці дружна сказалі: "Не!". А вось каб часцей выходзіць на старонкі газеты, пажаданне было.

А яшчэ — каб часцей... сустракацца. Прынамсі, ніхто з гасцей (а тым больш гаспадароў) не пашкадаваў, што выбраўся ў досыць далёкую дарогу, што патраціў грошы і час...

Хутчэй, наадварот: усе шчыра шкадавалі тых, хто не змог прыехаць (у некага — праца, у некага — ціск, зламалася машына, цялілася карова, не было з кім пакінуць дзяцей)... Бо пабачыліся, бо нарагаталіся, бо абмяняліся найлепшымі вершамі (тут хіба спадарыня Кусянкова прамаўчала, бо ў яе ж усе творы геніяльныя)... Бо, нарэшце, пагадзіліся з тым, што прырода дапамагае жыць, каханне — выжываць, а гумар — перажываць... Усе жыццёвыя цяжкасці. І таму без яго нам проста ніяк! Прынамсі, пакуль...

Валянціна Доўнар.

Ад яе ж...На самым першым конкурсным здымку (гл. "Звязда" 30 мая 2002-га былі трое: адна дзяўчына з хлопцам цалавалася, другая — пазірала... На апошнім ("Звязда" 13 сакавіка г.г.) — ёсць меркаванне — усё тыя ж дзеўкі... З тым самым хлопцам... Праз дзесяць гадоў — пад адным парасонам. Адкуль (прозай) — "Дзесяць гадоў... На шляху збліжэння" — і герояў здымка, і аўтараў подпісаў (што праўда, то праўда, бо сустрэліся, як свае, як самыя родныя!..).

Зрэшты, меркаванняў наконт здымкаў (каб чаго іншага — кшталту здароўя, грошай...) у нашых чытачоў (у тым ліку і гасцей) больш чым багата.

"Звязда", як заўжды, гатова і выслухаць іх, і агучыць. А таму пішыце!

На здымках — госці Валерый Гаўрыш, Анатоль Гарачоў і Соф'я Кусянкова, Мікалай Старых.

Фота Анатоля Клешчука

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы працоўны дзень красавіка пачаўся з тэлефанавання. Спадарыня Новік з Мінска сказала, што двойчы друкавала ў "Звяздзе" свае "вясёлыя і праўдзівыя"...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика