Анатоль Тозік, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: «Ад Полацка пачалася беларуская дзяржаўнасць». 21.by

Анатоль Тозік, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: «Ад Полацка пачалася беларуская дзяржаўнасць»

17.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да святкавання 1150-годдзя з часу заснавання Полацка. З гэтай нагоды рэдакцыя "Звязды" звярнулася з пытаннямі аб святкаванні слаўнай даты ў нашай краіне і на міжнародным узроўні да старшыні рэспубліканскага аргкамітэта па правядзенні юбілею Полацка, намесніка прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь А. Тозіка.

— Анатоль Апанасавіч, што для вас значыць юбілей Полацка?

— У кожнай краіне ёсць месца, пабываўшы ў якім можна з упэўненасцю сцвярджаць: я дакрануўся да яе сэрца, я зразумеў яе душу. Не будзе перабольшваннем сказаць: душа Беларусі, яе сэрца тут, у старажытным Полацку, якому сёлета спаўняецца 1150 гадоў. Упершыню Полацк быў узгаданы ў старажытным усходнеславянскім летапісе "Аповесць мінулых гадоў" у 862 годзе. На працягу стагоддзяў горад стаяў і стаіць на скрыжаванні найважнейшых шляхоў, якія злучаюць Захад з Усходам, тут адбываліся значныя гістарычныя падзеі. Полацк згараў у полымі войнаў і паўставаў з попелу, нібы міфічная птушка Фенікс. Тут зараджалася, сцвярджалася і мацнела беларуская дзяржаўнасць, тут — выток Беларусі, першакрыніца нашай нацыянальнай культуры і самасвядомасці, нашай велічы і гонару за свой народ, сваю краіну.

У Беларусі няма іншага горада, які даў бы свету столькі выдатных асоб: святую заступніцу зямлі беларускай прападобную Еўфрасінню Полацкую, першадрукара Францыска Скарыну, асветніка і публіцыста Сімяона Полацкага, вялікага князя Усяслава Брачыславіча... І да гэтага часу Полацк натхняе мастакоў і паэтаў, пісьменнікаў і музыкантаў.

Знакаміты вершаваны радок Рыгора Барадуліна "Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет..." — не перабольшванне. Менавіта тут пачыналася Беларусь. Усе вехі нацыянальнага развіцця прайшлі праз яго, пакінуўшы свой след.

Гэты горад — калыска нацыянальнай дзяржаўнасці, духоўнасці і культуры. Стагоддзямі намоленая полацкая зямля прываблівае шматлікіх паломнікаў, якія імкнуцца, дакрануўшыся да святыняў, атрымаць блаславенне. У палачан асаблівы менталітэт, у горада — асаблівая аўра. Захоўваючы гістарычную спадчыну, сучасны Полацк упэўнена крочыць у будучыню. Юбілей Полацка — гэта свята кожнага з нас паасобку і ўсіх жыхароў Беларусі разам!

— Мы навучыліся прыгожа і ўрачыста адзначаць значныя падзеі ў жыцці беларускага народа. Але юбілей Полацка — асаблівая дата ў нашай гісторыі, якую і адзначыць хочацца па-асабліваму. Што аргкамітэт вылучыў у якасці прыярытэтаў пры распрацоўцы канцэпцыі мерапрыемстваў па святкаванні юбілею?

— Святкаванне 1150-годдзя Полацка павінна стаць буйной нацыянальнай і міжнароднай культурнай, духоўнай і палітычнай падзеяй.

Канцэпцыя святкавання распрацавана з мэтай фарміравання комплексу найважнейшых юбілейных мерапрыемстваў, лейтматывам якіх з'яўляюцца тры асноўныя ідэі: Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці; Полацк — духоўна-асветніцкі і культурны цэнтр; Полацк  сучасны еўрапейскі горад.

Рэспубліканскім аргкамітэтам зацверджана праграма асноўных культурных мерапрыемстваў святкавання 1150-годдзя Полацка "Гімн Полацку — бацьку гарадоў беларускіх". У праграму святкавання ўключана шмат мерапрыемстваў — культурных, духоўных, спартыўных. Яркімі падзеямі абяцаюць стаць канцэрт "Шэдэўры сусветнага мастацтва каля сцен старажытнай Сафіі", гістарычны спектакль "Рагнеда" Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра "Пілігрым" з удзелам артыстаў тэатра імя Якуба Коласа, дзіцячы мастацкі пленэр. Адбудзецца ўрачыстае адкрыццё помніка дойліду Іаану, на тэрыторыі ўніверсітэцкага дворыка будзе закладзена капсула з пасланнем студэнтам будучага.

Пад эгідай праваслаўнай царквы ў горадзе будзе арганізавана свята праваслаўнай творчасці "Полацк збірае землякоў", у межах якога пройдуць свята калакольнага звону, канцэрт духоўнай музыкі і песнапенняў, праваслаўны кірмаш "Пасхальная радасць", хрэсны ход і сумеснае богаслужэнне царкоўных іерархаў, прысвечаныя Дню памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

— Дастойнае ўшанаванне слаўнага мінулага патрабуе адпаведнага грунтоўнага яго асэнсавання гісторыкамі і даследчыкамі. Якія прапановы ўжо паступілі ад айчынных навукоўцаў?

— Мяркуецца правядзенне дзвюх навуковых канферэнцый (у маі, калі будуць праходзіць асноўныя святкаванні, і ў лістападзе — пры падвядзенні вынікаў юбілейнага года). У міжнароднай навуковай канферэнцыі "Полацк у гісторыі і культуры Еўропы" 22 — 25 мая прымуць удзел гісторыкі і культуролагі з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Швецыі.

Шмат мерапрыемстваў запланавана Полацкім дзяржаўным універсітэтам: міжнародны навукова-практычны семінар "Слова — тэкст — кантэкст. Метады, спосабы і прыёмы аналізу мастацкага твора і літаратурнага працэсу", у рамках якога будуць прадстаўлены даклады, прысвечаныя адукацыйнай і літаратурнай дзейнасці полацкіх езуітаў; рэспубліканская выстава работ студэнтаў, якія вучацца па спецыяльнасці "Архітэктура", на тэму "Арганізацыя турыстычнай прасторы Полацка".

Выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі" запланавана выданне кнігі, прысвечанай гісторыі Полацка, аўтарамі якой з'яўляюцца вядучыя навукоўцы-гісторыкі Беларусі. У ёй будуць прадстаўлены апошнія звесткі аб адкрыццях па гісторыі горада.

— Цяпер, калі ласка, некалькі слоў аб святкаванні на міжнародным узроўні. Як вядома, ЮНЕСКА ўключыла юбілей беларускага горада ў каляндар памятных дат 2012—2013 гадоў. Што мяркуецца зрабіць, каб пра Полацк і Беларусь даведалася як мага больш людзей у свеце?

— Юбілей Полацка мае міжнароднае значэнне. Сапраўды, ЮНЕСКА ўключыла 1150-годдзе Полацка ў каляндар памятных дат 2012—2013 гадоў. У штаб-кватэры гэтай арганізацыі ў Парыжы ў кастрычніку 2012 года адкрыецца тэматычная выстава. Сёння вядзецца падрыхтоўка да экспазіцыі фотаздымкаў, якія распавядаюць пра мінулае і сучаснасць горада. Упершыню пры падтрымцы ЮНЕСКА ў Полацку пройдзе міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі".

— Юбілей — гэта і рэтраспектыўны позірк у далёкае мінулае, і нагода падумаць пра тое, што можна зрабіць для развіцця старажытнай сталіцы Беларусі, каб Полацк ператварыўся ў міжнародны гісторыка-культурны і навукова-асветніцкі цэнтр. Якія ёсць меркаванні, планы на гэты конт?

— Юбілей Полацка — значная падзея ў жыцці краіны, якая павінна мець міжнародны рэзананс. Паколькі Полацк з'яўляецца культурным і духоўным цэнтрам, рыхтуюцца не толькі свецкія, але і царкоўныя мерапрыемствы. З нагоды юбілею ў Полацк вернецца папулярны фестываль сярэднявечнай культуры "Рубон". Папярэднія фестывалі паказалі, наколькі арганічна выглядаюць гістарычныя касцюмы, як ажывае гісторыя на зямлі, дзе кожны крок адгукаецца рэхам слаўных падзей. Таксама жыхароў і гасцей горада чакаюць інтэрактыўны фестываль музейных калекцый і многае іншае.

У юбілейныя дні ў горадзе над Дзвіной адбудзецца міжнародная праваслаўная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў гарадоў трох Святых Сафій — Ноўгарада, Кіева і Полацка.

Майстрыхі народнага клуба лапікавага шыцця "Рошва" Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур рыхтуюць свой падарунак гораду — "Полацкі абярэг". Гэты міжнародны праект стартаваў 5 гадоў таму, напярэдадні 1145-годдзя Полацка. За гэты час больш за 370 майстроў з чатырнаццаці краін свету — у тым ліку з Аргенціны, Германіі, Японіі, Даніі, Іспаніі, Расіі, Казахстана, Малдовы — даслалі ў Полацк свае працы, у якія ўклалі не толькі цеплыню майстравітых рук, але і часцінкі душы, адрасаваўшы гораду найлепшыя пажаданні. Полацкія майстрыхі сшылі іх у адзінае палатно. Зараз "Полацкі абярэг" — сапраўдны рукатворны шэдэўр: ён мае плошчу 99 квадратных метраў. Гэтае ўнікальнае палатно прасякнутае энергетыкай павагі і любові да старажытнага горада і яго жыхароў.

Падобныя святы — не проста даніна традыцыі, яны істотна павялічваюць прыток турыстаў, узнімаюць прэстыж краіны. Старажытны Полацк — выдатнае месца, каб пачаць з яго знаёмства з Беларуссю.

Юбілей можа стаць штуршком да планамернага (напрыклад, археалагічнага) вывучэння Полацка. У сувязі з гэтым у Полацку трэба было б размясціць навуковы цэнтр па вывучэнні полацкай археалогіі і гісторыі ці стацыянарную археалагічную экспедыцыю. Тым больш што плануецца актыўнае будаўніцтва з мэтай развіцця гістарычных раёнаў горада. Мы спадзяёмся, што інвестыцыйны форум, які пройдзе ў горадзе ў святочныя дні, прыцягне ўвагу зацікаўленых асоб да развіцця Полацка.

— Сёння адносіны афіцыйнага Мінска з Еўрапейскім саюзам цяжка назваць канструктыўнымі. Хочацца спадзявацца, што іх нармалізацыя некалі пачнецца. І магчыма, з актывізацыі культурных стасункаў. Нядаўна ў Бруселі аб'явілі аб пачатку рэалізацыі 15 рэгіянальных праектаў пры фінансавай падтрымцы ЕС у сферы культуры ў краінах праграмы "Усходняе партнёрства", у тым ліку і ў Беларусі. Ці былі прапановы ад кіраўніцтва праграмы нейкім чынам далучыцца да святкавання юбілею Полацка як падзеі агульнаеўрапейскага значэння?

— Прапановы па далучэнні да святкавання юбілею Полацка ад кіраўніцтва праграмы "Усходняе партнёрства", на жаль, не паступалі, але мы гатовы разгледзець іх, калі яны паступяць.

— Зразумела, галоўныя падзеі падчас юбілею адбудуцца ў самім Полацку. А якое свята без яркіх і запамінальных імпрэз, сустрэч з мастацтвам у розных яго праявах? Калі будзе дадзены афіцыйны старт святам у горадзе? Як і з чаго яны пачнуцца? Чым абяцае парадаваць, а магчыма, і здзівіць палачан і гасцей горада святочная праграма?

— Урачыстыя мерапрыемствы стартуюць 25 мая і працягнуцца да 5 чэрвеня — Дня памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Прэамбулай свята стане міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, арганізаваная Нацыянальнай акадэміяй навук і Полацкім дзяржаўным універсітэтам. Увечары 25 мая адбудзецца канцэрт "Шэдэўры сусветнага мастацтва каля сцен старажытнай Сафіі", дзе сваё мастацтва прадэманструюць артысты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Урачыстае адкрыццё свята — 26 мая на плошчы Свабоды. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы пройдзе ўшанаванне лепшых працаўнікоў. Па традыцыі, будуць абвешчаны імёны палачан, удастоеных звання "Ганаровы грамадзянін Полацка", адбудзецца канцэрт, падчас якога выступяць вядомыя айчынныя выканаўцы з праграмай "Залатая калекцыя беларускай песні".

Кожны з удзельнікаў і гасцей свята зможа знайсці для сябе нешта цікавае: падчас урачыстасцяў у горадзе будуць працаваць дзіцячая, моладзевая, літаратурная, фальклорная і іншыя тэматычныя пляцоўкі, выстава-продаж вырабаў рамеснікаў "Крывіцкі кірмаш".

У Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай, 5 чэрвеня, эпіцэнтр урачыстасцяў перамесціцца ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

— Дарэчы, каго з гасцей чакаюць у Полацку на юбілей?

— Прапановы па запрашэнні прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу, замежных гасцей накіраваны ў Міністэрства замежных спраў. Спадзяёмся, што яны прымуць запрашэнні і пабываюць у Полацку ў святочныя дні. У складзе дэлегацый гарадоў-пабрацімаў, якіх у Полацка 18, горад наведаюць не толькі афіцыйныя асобы, але і творчыя калектывы, народныя майстры і ўмельцы, якія прадэманструюць сваё майстэрства на традыцыйным кірмашы рамёстваў і сцэнічных пляцоўках.

Чакаецца, што ў дні святкавання юбілею горад наведаюць некалькі тысяч гасцей. Полацк гасцінна запрашае ўсіх дакрануцца да гісторыі і сучаснасці горада і стаць удзельнікамі юбілейных урачыстасцяў!

Пытанні задаваў Леанід Лахманенка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да святкавання 1150-годдзя з часу заснавання Полацка. З гэтай нагоды рэдакцыя "Звязды" звярнулася з пытаннямі аб святкаванні...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика