Міма інфаркту і інсульту.... 21.by

Міма інфаркту і інсульту...

17.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У межах агульнарэспубліканскай акцыі "Беражы здароўе змоладу. Прайдзі міма інфаркту і інсульту", якая адбудзецца 19 і 20 красавіка, урачы-кардыёлагі плануюць ацаніць распаўсюджанасць фактараў рызыкі ў пацыентаў, якія звяртаюцца ў лячэбныя ўстановы. Асобная ўвага будзе ўдзяляцца навучанню вымярэнню артэрыяльнага ціску, выяўленню такіх паталогій, як артэрыяльная гіпертэнзія, сардэчная недастатковасць і парушэнне сардэчнага рытму.

Піць таблеткі — мала

Першае, што патрабуецца ад хворага на артэрыяльную гіпертэнзію — строга вытрымліваць рэкамендацыі ўрача і ні ў якім разе самавольна не спыняць лячэнне! "Прагноз лячэння гіпертаніі можа палепшыцца толькі ў выпадку неперарыўнасці лячэння, — падкрэслівае вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі артэрыяльнай гіпертэнзіі РНПЦ "Кардыялогія" Вольга ПАЎЛАВА. — Акрамя таго, пацыентам, якія памылкова мяркуюць, што прыём 1-2 таблетак з'яўляецца дастатковым для добрага прагнозу, можна сказаць наступнае: калі вы ігнаруеце немедыкаментозныя метады лячэння, значыць, вам неабходна прымаць значна больш лекавых прэпаратаў. А чым больш таблетак, тым, зразумела, больш пабочных рэакцый".

Гіпертоніку трэба мець на ўвазе:

üКожны лішні кілаграм павышае ціск на 1-3 мм рт. сл.

üФізічная актыўнасць — 30-40 хвілін 3-4 разы на тыдзень — спрыяе павышэнню адаптацыйных магчымасцяў арганізма, мышачнай сіле і вынослівасці.

üЗмяншэнне паваранай солі — да 5 гр. за суткі — зніжае ціск на 4-6 мм рт. сл.

üУжыванне алкаголю з'яўляецца моцным правакатарам развіцця гіпертанічных крызаў і сардэчна-сасудзістых ускладненняў.

üНе рэкамендуецца адначасовае ўжыванне гіпатэнзіўных сродкаў і алкаголю.

üЗніжэнне ўзроўню артэрыяльнага ціску і халестэрыну ў крыві ўсяго на 10 працэнтаў спрыяе зніжэнню агульнай рызыкі сардэчна-сасудзістых ускладненняў на 45 працэнтаў.

üКантроль артэрыяльнага ціску на прыёме ва ўрача і ў хатніх умовах — залатое правіла.

Збілася з рытму

70 працэнтаў хворых з сардэчнай недастатковасцю, якая ўносіць важкі ўклад у структуру смяротнасці і інвалідызацыі працаздольнага насельніцтва, нават не падазраюць аб наяўнасці ў іх такой праблемы.

Сэрца забяспечвае наш арганізм кроўю, з якой ва ўсе органы і тканкі паступаюць жыццёва неабходныя кісларод і карысныя рэчывы. Калі сэрца не выконвае сваю функцыю належным чынам, усе органы і тканкі пакутуюць. У першую чаргу пачынаюцца праблемы з печанню, лёгкімі і ныркамі, што абумоўлівае заўчасную гібель пацыента ад хранічнай поліарганнай недастатковасці. Задышка, хуткая стамляльнасць, сэрцабіццё і кашаль павінны не проста насцярожыць, а "накіраваць" да ўчастковага ўрача.

"Хранічную сардэчную недастатковасць могуць выклікаць спадчынныя і набытыя пашкоджанні клапанаў сэрца, міякарда (у тым ліку віруснае), каранарных сасудаў, — кажа ўрач-кардыёлаг 3-га кардыялагічнага аддзялення РНПЦ "Кардыялогія" Ірына ГРЭБІНЮК. — Акрамя таго, сэрца можа пакутаваць і ў пацыентаў з высокай масай цела, высокім узроўнем халестэрыну, з цукровым дыябетам, хранічнай абструктыўнай хваробай лёгкіх, захворваннямі шчытападобнай залозы, а таксама ў выніку злоўжывання таксічнымі рэчывамі — алкаголем і наркотыкамі".

Для лячэння пацыентаў з сардэчнай недастатковасцю выкарыстоўваецца тры групы прэпаратаў. Прычым толькі штодзённая, бесперапынная тэрапія дапамагае пазбавіцца такіх непрыемных сімптомаў як ацёчнасць у канечнасцях, застой вадкасці ў лёгкіх і паляпшае доўгатэрміновы прагноз, прыпыняе прагрэсаванне захворвання. У крайніх выпадках прымяняюцца і хірургічныя метады лячэння, у тым ліку трансплантацыя.

Са стымулятарам унутры

Страта прытомнасці па прычыне парушэння сардэчнага рытму можа стаць паказаннем да такога ўмяшання, як радыёчастотная аблацыя, якая прымяняецца як у РНПЦ "Кардыялогія", так і ў некаторых абласных цэнтрах і гарадскіх бальніцах. Аднаразовая маніпуляцыя пазбаўляе пацыента парушэння рытму сэрца.

"Пазітыўнай тэндэнцыяй у справе лячэння памянёнай паталогіі становіцца стабільны рост колькасці імплантацый кардыё- стымулятараў тым, хто мае парушэнні рытму сэрца, звязаныя з рэдкім сэрцабіццём, паўзамі, абумоўленымі сіндромам слабасці сінусавага вузла, — удакладняе вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі парушэння сардэчнага рытму РНПЦ "Кардыялогія" Дзмітрый ГАНЧАРЫК. — За апошнія тры гады колькасць імплантацый вырасла на 15-20 працэнтаў. Такіх пацыентаў неабходна выяўляць як мага раней, каб яны не траплялі ў сітуацыі страты прытомнасці і атрымання сур'ёзных траўмаў".

Актыўна развіваецца сёння і імплантацыя кардыястымулятара-дэфібрылятара, з функцыяй, так бы мовіць, электрашокера — для тых выпадкаў, калі сэрца раптоўна пачынае біцца вельмі хутка, звыш 200 удараў у хвіліну, што адэкватна спыненню кровазвароту. У такога пацыента моцна падае ціск і ўзнікае пагроза жыццю. Летась спецыялісты імплантавалі 130 такіх кардыястымулятараў-камп'ютараў.

Часцей пачалі ўстанаўлівацца і больш рэдкія, спецыялізаваныя кардыястымулятары, здольныя палепшыць помпавую функцыю сэрца, вялікія памеры якога не дазваляюць сінхронна працаваць розным камерам.

Трэба пастарацца

Агульная смяротнасць ад хвароб сістэмы кровазвароту знізілася ў 2011 годзе на 3 працэнты ў параўнанні з годам 2010-м. Аднак смяротнасць сярод працаздольнага насельніцтва летась вырасла на 3 працэнты ў параўнанні з 2010-м. Прычыну такога становішча спецыялісты бачаць у адсутнасці матывацыі да захавання здароўя. Дастаткова сказаць, што палова загінулых у выніку хвароб сістэмы кровазвароту злоўжывалі алкаголем.

Клапаціцца аб здароўі сардэчна-сасудзістай сістэмы — гэта значыць:

1. Не курыць (адсутнасць пасіўнага курэння).

2. Не злоўжываць алкаголем.

3. Мець узровень халестэрыну менш за 5 ммоль/л (для здаровых людзей).

4. Мець узровень ліпапратэідаў нізкай шчыльнасці менш за 3 ммоль/л.

5. Забяспечыць сабе ўмераную фізічную актыўнасць.

6. Ужываць не менш за 5-6 штук садавіны і гародніны штодня.

7. Кантраляваць масу цела.

8. Кантраляваць узровень глюкозы ў крыві.

9. Лячыць цукровы дыябет.

Святлана БАРЫСЕНКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У межах агульнарэспубліканскай акцыі "Беражы здароўе змоладу. Прайдзі міма інфаркту і інсульту", якая адбудзецца 19 і 20 красавіка, урачы-кардыёлагі плануюць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика