У Слуцку прадоўжаны эксперымент па забароне рэалізацыі пладова-ягадных він
04.05.2012 11:48
—
Новости Общества
|
У Слуцку прадоўжаны эксперымент па забароне рэалізацыі пладова-ягадных він У Слуцку прадоўжаны эксперымент па забароне рэалізацыі пладова-ягадных він у рознічным гандлі — да 31 чэрвеня 2012 года. Нагадаем, што новыя правілы ўвялі летам 2011-га. Напачатку планавалася, што табу будзе дзейнічаць на працягу чэрвеня — ліпеня, пасля чаго зацікаўленыя службы прааналізуюць вынікі і, адпаведна, мэтазгоднасць новаўвядзення.
У першыя два месяцы колькасць зваротаў па медыцынскую дапамогу з нагоды "алкагольных" праблем значна ўзрасла. Гэта і зразумела — у выніку "перабудовы" арганізмы выпівох пачалі даваць збой. Але паступова сітуацыя стабілізавалася і, можна сказаць, значна палепшылася. Прынамсі, за апошнія паўгода на 40-60 "кліентаў" менш паступае ў стацыянарнае аддзяленне раённай бальніцы. Маюцца на ўвазе тыя, хто атрымалі цялесныя пашкоджанні ў нецвярозым стане. Колькасць "п'яных" выклікаў "хуткай дапамогі" зменшылася на 20-50. Праўда, больш грамадзян, якія пакутуюць ад алкагольнай залежнасці, пачало звяртацца па амбулаторнае лячэнне. Але ў гэтым ёсць пазітыўныя моманты. Як лічыць галоўны нарколаг раённай бальніцы Вольга Тарасава, патэнцыяльныя кліенты задумаліся аб шкоднасці дрэннай звычкі, хочуць ад яе пазбавіцца. Як спецыяліст і проста жанчына, Вольга Васільеўна супраць празмернага захаплення няхай сабе і самымі дарагімі напоямі. Але ў тым, што мясцовыя жыхары пачалі ўжываць больш якасныя спіртныя вырабы, бачыць добры знак. Віно хоць і мае менш градусаў ды лёгка п'ецца, але яно больш таксічнае, дрэнна ўплывае на ўнутраныя органы чалавека, выклікае хуткае алкагольнае прывыканне. Ды і медыкі раяць аддаваць перавагу моцным напоям у невялікай колькасці — дурман хутчэй выветрываецца з галавы, а пахмелле пераносіцца лягчэй. Тым больш што моцныя напоі даражэйшыя і прыхільнікі Бахуса не могуць дазволіць сабе вялікую дозу. На думку нарколага, больш поўны эфект ад эксперымента можна чакаць гады праз два. А сёння медыцына яшчэ пажынае плады ўжывання сумнавядомага "чарніла". Разгаварыліся з мужчынам, які лечыцца ў нарколага. Ён — алкаголік з 10-гадовым стажам. Дакладней, быў ім. "Знікненне ў крамах "чарніла" для мяне было трагедыяй. Выпіў шклоачышчальнік. У выніку — бальнічны ложак", — прызнаўся ён. Гэты выпадак прымусіў пастаяннага кліента медвыцвярэзніка звярнуцца па кваліфікаваную дапамогу да нарколага, якая, акрамя іншага, параіла ўступіць у таварыства ананімных алкаголікаў. "Ужо год трымаюся, — не без гонару адзначае мой суразмоўца. — І самае галоўнае — пачаў атрымліваць асалоду ад жыцця". У гарэлачным аддзеле ўніверсама "Слуцк" пасля 6 гадзін вечара ціха. Двое мужчын раяцца, што лепш узяць: лікёр ці гарэлку. Нарэшце, спыняюцца на апошняй... Людзі па-рознаму ўспрымаюць новаўвядзенне. Незадаволены, як правіла, тыя, для каго гарэлка — што соска для немаўляці. Па словах прадаўшчыцы, случане менш піць не сталі, пераарыентаваліся на іншыя напіткі, у тым ліку і на піва. Асаблівым попытам цяпер карыстаецца так званая сувенірная гарэлка ёмістасцю 200 грамаў. Варта адзначыць, што на Случчыне не ставілі за мэту ўвядзенне "сухога закона" і тым больш не разлічвалі, што аматары выпіць цалкам адмовяцца ад спіртнога. Тут імкнуліся з'арыентаваць людзей на якасныя напоі, прывіць культуру іх ужывання. У рэгіёне сапраўды стала больш рэалізоўвацца вінаградных вінаў, лікёра-гарэлачных вырабаў. Хоць прадстаўнікі гандлю напачатку эксперымента былі ў разгубленасці. Але выручка ад рэалізацыі спіртнога ўпала толькі ў першыя тры дні. Праваахоўныя органы рыхтаваліся да таго, што новаўвядзенне падштурхне мясцовых жыхароў да масавага самагонаварэння, незаконнай рэалізацыі танных сурагатных вырабаў. Але большасць грамадзян успрыняла "табу" спакойна. — У вартавых парадку паменела клопатаў? — цікаўлюся ў начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Слуцкага РАУС Дзмітрыя Шклярэўскага. Ён адзначае, што ў раёне палепшылася крымінагенная абстаноўка, значна менш стала праблем, звязаных з ужываннем спіртнога. Калі ў 2010 годзе зарэгістравана 25 самагубстваў, 58 выпадковых утапленняў, 4 асабліва цяжкія злачынствы ў сямейна-бытавой сферы, то ўжо летась — адпаведна 18, 40 і 2. Сёлета ў параўнанні з леташнім перыядам колькасць злачынстваў скарацілася з 252 да 206, у тым ліку ў грамадскіх месцах — з 116 да 60. Як лічыць Дзмітрый Шклярэўскі, органы міліцыі трымаюць сітуацыю пад кантролем. Але толькі заменай сурагатнага пітва на больш якаснае і дарагое праблему не вырашыш. Чалавеку трэба даць узамен нешта іншае: безалкагольныя кавярні, піцэрыі, спартыўныя пляцоўкі. У Слуцку ж цяжка знайсці месца, дзе не прадаецца алкаголь. Бадай што, толькі ў кінатэатры "Беларусь" і гарадскім Доме культуры. І ўсё больш галасоў раздаецца ў падтрымку таго, каб продаж спіртнога ажыццяўляўся ў спецыялізаваных крамах. Слуцкі эксперымент распаўсюдзілі яшчэ на некалькі раёнаў Міншчыны: Бярэзінскі, Крупскі, Лагойскі, Салігорскі, Любанскі, Старадарожскі. Зацікавіў вопыт і іншыя рэгіёны краіны. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па словах прадаўшчыцы, случане менш піць не сталі, пераарыентаваліся на іншыя напіткі, у тым ліку і на піва.
|
|