Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец: "Патрабуй максімальнае — атрымаеш жаданае". 21.by

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец: "Патрабуй максімальнае — атрымаеш жаданае"

17.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У апошнія некалькі гадоў эканоміка Віцебшчыны развіваецца дынамічна. Тут ствараюцца прынцыпова новыя вытворчасці, расце экспарт тавараў і паслуг, набірае тэмпы сельская гаспадарка. А сам Віцебск настолькі папрыгажэў, што тыя, хто не быў тут даўно, прыемна здзіўляюцца пераменам. Не сакрэт, што вобласць многага дабілася дзякуючы ініцыятыве губернатара, які з'яўляецца "генератарам" многіх ідэй. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец адказаў на пытанні "Звязды".

— Па выніках мінулага года ў вобласці захавана станоўчая дынаміка ў сацыяльна-эканамічным развіцці. Якія задачы вы лічыце прыярытэтнымі сёння? Ці паўплывалі на планы наступствы фінансавага крызісу?

— Так, летась умовы гаспадарання змяніліся. Але дэвальвацыя беларускага рубля, зніжэнне даступнасці крэдытных рэсурсаў з-за павышэння стаўкі рэфінансавання і скарачэнне магчымасцяў унутраных інвестараў з-за росту цэн не змянілі галоўную мэту сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці — рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва.

У 2011 годзе вобласць забяспечыла значны прырост практычна па ўсіх даведзеных прагнозных паказчыках, у тым ліку па ўдзельнай вазе затрат на набыццё машын, абсталявання і транспартных сродкаў, рэнтабельнасці продажу ў арганізацыях сельскай гаспадаркі, мэтавым паказчыку па энергазберажэнні, экспарце тавараў і паслуг, сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі.

— Але вобласць прымае больш высокія абавязацельствы, чым устаноўлена прагнознымі паказчыкамі, якія даводзяцца ўрадам. Чым гэта падмацавана? На чым грунтуецца ўпэўненасць, што іх выкананне пад сілу рэгіёну?

— Мы зыходзім з таго, што калі патрабаваць па максімуму — атрымаеш жаданае. Нашы абавязацельствы з'яўляюцца тым самым галоўным інструментам, які дае магчымасць устойліва развівацца. Створаная сістэма ўключае адпаведныя заданні рэгіёнам вобласці, структурным падраздзяленням аблвыканкама, абласным арганізацыям па аб'ёмах вытворчасці асноўных тавараў-прадстаўнікоў, удзельнай вазе адгружанай інавацыйнай прамысловай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі, зніжэння запасаў гатовых вырабаў, вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічным тавараабароце, будаўніцтве жылля, інвестыцыях у асноўны капітал, прыцягненні прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове, знешнеэканамічнай дзейнасці і гэтак далей.

Такі падыход дае добры эфект. Напрыклад, па выніках першага квартала гэтага года вобласць заняла лідзіруючыя месцы сярод рэгіёнаў рэспублікі па тэмпах росту валавога рэгіянальнага прадукту, вытворчасці прамысловай прадукцыі, рознічным тавараабароце, інвестыцыях у асноўны капітал па падначаленых аблвыканкаму арганізацыях, удзельнай вазе затрат на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў у агульным аб'ёме інвестыцый у асноўны капітал, экспарту тавараў і паслуг, сальда знешняга гандлю таварамі (без уліку нафты і нафтапрадуктаў).

Калі перад людзьмі паставіць канкрэтную задачу і вызначыць шляхі яе вырашэння, атрымаеш чаканы вынік. Гэта звычайнае правіла паспяховага кіраўніка.

— Адным з кірункаў выхаду краіны з крызісу была названа лібералізацыя эканомікі. Ці спалучаецца з гэтым жорсткі кантроль за работай прадпрыемстваў? У прыватнасці, рэгуляванне складскіх запасаў гатовай прадукцыі?

— Аблвыканкам, зразумела ж, прымае меры па развіцці прадпрымальніцкай актыўнасці насельніцтва, ствараюцца ўмовы для фермерскіх гаспадарак і прыватных вытворцаў. Разам з тым, вядзём пастаянны маніторынг выканання паказчыкаў, у тым ліку запасаў гатовай прадукцыі на прамысловых прадпрыемствах вобласці. Яны ж таксама разумеюць, што нельга замарожваць абаротныя сродкі, паклаўшы на склад прадукцыю. Таму і прымаюцца меры па павелічэнні аб'ёмаў рэалізацыі прадукцыі, паляпшэнні яе якасці і канкурэнтаздольнасці. Як вынік — у нашай прамысловасці самая нізкая ўдзельная вага запасаў гатовай прадукцыі на складах сярод рэгіёнаў рэспублікі.

— У апошні час нараўне з задачай павелічэння экспарту тавараў вылучаецца патрабаванне росту экспарту паслуг. Як складваецца сітуацыя са знешнім гандлем?

— Летась у вобласці выкананы амаль усе параметры знешняга гандлю, устаноўленыя Нацыянальнай праграмай развіцця экспарту. Колькасць экспарцёраў павялічылася на 102 арганізацыі, а "чыстых" імпарцёраў стала менш на 25. Сярод імпартазамяшчальных тавараў, якія выпускаюцца на падпарадкаваных аблвыканкаму прадпрыемствах, — 28 відаў новых вырабаў. Аб'ём вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі за мінулы год склаў 152 мільёны долараў — гэта 19,2 працэнта ад імпарту.

З агульнага аб'ёму экспарту вобласці на долю Расійскай Федэрацыі прыходзіцца 46,4, краін Еўрапейскага саюза — 40,7 працэнта. Імпарт з Расійскай Федэрацыі складае 80,5 працэнта ад агульнага аб'ёму імпарту, з краін ЕС — 10,9.

Для павелічэння аб'ёмаў экспарту паслуг у галіне аховы здароўя на базе Віцебскай абласной клінічнай бальніцы арганізаваны Цэнтр медыцынскіх турыстычных паслуг, які спецыялізуецца на распрацоўцы і арганізацыі лячэбных і аздараўленчых праграм у вядучых клініках вобласці.

Сёлета экспартная палітыка вобласці прадугледжвае далейшае развіццё вытворчай кааперацыі, стварэнне сумесных прадпрыемстваў, развіццё СЭЗ "Віцебск" для рэалізацыі высокатэхналагічных праектаў. У пачатку года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Харбінскай зонай развіцця (Кітай) і Віцебскім гарвыканкамам. У адпаведнасці з пратаколам, у Віцебску ствараецца "Сіліконавая даліна" — сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства па інфармацыйных і высокіх тэхналогіях. Плануецца арганізацыя новых прадпрыемстваў, мадэрнізацыя дзеючых вытворчасцяў па выпуску мяса-малочнай прадукцыі, камбікармоў, тэхнічнае пераабсталяванне льнозаводаў, прадпрыемстваў будаўнічай галіны.

— Дзяржаўную праграму адраджэння і развіцця вёскі зараз змяніла праграма ўстойлівага развіцця вёскі на 2011 — 2015 гады. Знешні выгляд сельскіх тэрыторый на Віцебшчыне істотна змяніўся ў лепшы бок. Аляксандр Мікалаевіч, ці ёсць, на вашу думку, аддача ад укладанняў у вёску?

— 254 сельскія населеныя пункты пераўтвораны ў аграгарадкі. Там пражывае каля паловы ад агульнай колькасці сельскага насельніцтва вобласці, а сацыяльная сфера развіваецца такім чынам, каб максімальна наблізіць узровень жыцця да гарадскога.

Жыллёвыя ўмовы сельскага насельніцтва палепшаны за кошт будаўніцтва 7356 жылых дамоў (кватэр). Адноўлены і адрамантаваны 1603 кіламетры мясцовых дарог, набыта 426 аўтобусаў. Адкрыты 12 адукацыйных устаноў новага тыпу: гімназіі, прафесійныя ліцэі. Створаны 74 амбулаторыі агульнай урачэбнай практыкі, 46 якасна новых сельскіх устаноў культуры.

На Прыдзвінні распрацавана свая праграма развіцця сельскагаспадарчых арганізацый на 2011—2015 гады — "ВітАгра". Яна дазволіць вывесці галіну на прынцыпы самафінансавання, палепшыць дабрабыт сельскага насельніцтва за кошт павелічэння вытворчасці прадукцыі, павышэння эфектыўнасці працы.

У мэтах паляпшэння стану зямель сельскагаспадарчага прызначэння ў вобласці рэалізуецца абласная праграма "Чыстыя палі" — у выніку ўжо ўведзена ў севазварот 200 тысяч гектараў. Эканамічны эфект ад выканання праграмы за перыяд 2009—2011 гг. у цэлым па вобласці склаў 77,8 мільярда рублёў. Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за 2011 год склаў 108,4%. Гэта другое месца сярод абласцей рэспублікі.

На закупку сельскагаспадарчай тэхнікі за апошнія тры гады накіравана больш за 2 трыльёны рублёў. За 2009—2011 гады на Віцебшчыне пабудавана 29 новых малочнатаварных фермаў і рэканструяваны 63. Сёлета плануецца рэканструяваць 228 фермаў і 11 пабудаваць.

Увогуле, работа па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў праводзіцца пастаянна. Ачышчаюцца лясы, наводзіцца парадак у месцах масавага адпачынку, садаводчых таварыствах, санаторыях, летніках. У лясным фондзе сёлета запланавана адрамантаваць і абсталяваць 204 месцы адпачынку, на прыродных тэрыторыях, якія ахоўваюцца, яшчэ да лета з'явіцца 40 месцаў адпачынку і турыстычных стаянак, у водаахоўных зонах — 110 месцаў масавага адпачынку. У гарадах будзе істотна добраўпарадкавана 150 дваровых тэрыторый, 137 паркавых зон.

Але галоўнае — мяняецца псіхалогія людзей, яны самі цяпер імкнуцца падтрымліваць парадак.

— Адна з надзённых тэм, — вырашэнне праблемы забеспячэння жыллём. Якія сродкі ўкладаюцца ў жыллёвае будаўніцтва?

— Забяспечанасць жыллём па вобласці складае 25 квадратных метраў на чалавека, у гарадах — 22,2 квадратнага метра, у вясковых пасяленнях — 33 квадратныя метры. За 2011 год у вобласці ўведзена 491 тысяча квадратных метраў агульнай плошчы. Заданне на гэты год складае 400 тысяч квадратных метраў, і за першы квартал яно ўжо выканана амаль на 30%. Мы прапануем сёння больш будаваць жылля за кошт уласных сродкаў грамадзян. Таму ёсць даручэнне ў 2012 годзе ў гарадах дадаткова пабудаваць 100 тысяч квадратных метраў — як шматкватэрных дамоў, так і дамоў індывідуальнай забудовы.

— Людзі падтрымліваюць уладу, калі бачаць, што расце дабрабыт іх сем'яў, што яны забяспечаны працай і дастойнай заработнай платай. На што могуць разлічваць жыхары вобласці ў гэтым плане?

— Сярэднямесячная заработная плата па вобласці ў студзені—сакавіку склала 2,7 мільёна рублёў (у тым ліку за сакавік — 2843 тысячы рублёў) і ўзрасла ў супастаўленні з адпаведным леташнім перыядам у 2,1 раза. Вобласць выйшла на запланаваныя параметры росту заработнай платы.

Мы прааналізавалі меры, накіраваныя на павышэнне ўзроўню аплаты працы работнікаў народнай гаспадаркі вобласці. І ў выніку прызналі неабходным перагледзець даведзеныя планавыя параметры па росце заработнай платы ў бок павелічэння.

Плануецца, што ўжо ў ліпені вобласць павінна выйсці на сярэднямесячную заработную плату ў памеры больш за 3,3 мільёна рублёў, або 405 долараў ЗША. А да канца года да ўзроўню 500 долараў у эквіваленце.

— Сёлета ў Беларусі аб'яўлены Год кнігі. Гэта дыктуе новыя падыходы да пытанняў культуры ў цэлым. Якім вы бачыце Год кнігі на Віцебшчыне? Якая работа праводзіцца па адраджэнні нацыянальнай культуры, традыцый, духоўнасці, мовы?

— Год кнігі ў Віцебскай вобласці будзе адзначаны шэрагам цікавых, знакавых мерапрыемстваў, многія з якіх будуць прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Усе мерапрыемствы будуць накіраваны на развіццё цікавасці да роднай мовы, выхаванне павагі да матчынага слова, пачуцця гонару за талент нацыянальных паэтаў. Асноўныя з іх — гэта рэспубліканскі Дзень беларускай пісьменнасці ў Глыбокім, святкаванне 1150-годдзя Полацка, абласное свята паэзіі ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку "Ляўкі" ў Аршанскім раёне, урачысты вечар у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Значнай падзеяй стане адкрыццё ў горадзе Орша "Чытальнай залы Янкі Сіпакова", у якой будзе размешчана асабістая бібліятэка Івана Данілавіча Сіпакова, падораная ім Аршанскай цэнтральнай бібліятэцы імя А. Пушкіна. У бібліятэках ладзяцца сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыі кніг, кніжныя выставы, літаратурныя вечарыны.

Цікавыя выставы плануюцца ў музеях. Напрыклад, у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі пройдзе выстава рукапісных і друкаваных выданняў ХVІ—ХІХ стагоддзяў з фондаў музея "Гомельскі палацава-паркавы ансамбль" і Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава. У Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку адкрыюцца выставы "Лепшыя кнігі Беларусі", "Полацк у выданнях розных часоў", а таксама экспазіцыйная зала, прысвечаная дзіцячай кнізе.

Важкі ўклад у адраджэнне нацыянальнай культуры ўносяць клубныя ўстановы вобласці. З найбольш значных мерапрыемстваў можна назваць агляд-конкурс літаратурных і музычных твораў "Калыска мая — Беларусь", конкурс маладых выканаўцаў патрыятычнай песні "Песні юнацтва нашых бацькоў", агляд-конкурс фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі "Ад прашчураў да зор" і іншыя. Міжнародныя фестывалі народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы", "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне" папулярызуюць беларускую музыку, песні і танцы.

А напрыканцы 2011 года на Віцебшчыне прайшоў абласны конкурс сцэнарыяў мерапрыемстваў на беларускай мове "Любоў мая — мая Радзіма". Па яго выніках выдадзены зборнік.

— Аляксандр Мікалаевіч, вы неаднаразова падкрэслівалі, што як медык па спецыяльнасці не збіраецеся развітвацца з медыцынай. Яе праблемы вам па-ранейшаму блізкія і зразумелыя. Як вы ацэньваеце стан медыцыны на Віцебшчыне, яе патэнцыял? Як будзе вырашацца праблема недахопу ўчастковых урачоў і медыкаў вузкіх спецыяльнасцяў у паліклініках?

— У Віцебскай вобласці працуе больш за 5,4 тысячы ўрачоў. Сёлета ў вобласць размеркаваны 263 выпускнікі медыцынскіх ВНУ, і гэта на 21,2% больш, чым летась. У амбулаторна-паліклінічныя ўстановы накіраваны 96 участковых тэрапеўтаў і 94 вузкія спецыялісты. За апошнія тры гады забяспечанасць урачамі павялічылася да 43,4 на 10 тысяч насельніцтва, што больш, чым у сярэднім па краіне. У два разы знізілася цякучасць урачэбных кадраў. У мэтах іх замацавання летась забяспечаны жыллём 155 урачоў і 195 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Пры гэтым замацавальнасць маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах пасля абавязковага тэрміну адпрацоўкі павялічылася з 53,2% у 2006 годзе да 92,7% — у мінулым.

Працягваем работу па аптымізацыі структуры аховы здароўя — зніжана ўдзельная вага стацыянарнай дапамогі. Летась на будаўніцтва, рэканструкцыю, мадэрнізацыю аб'ектаў аховы здароўя пералічана 77 мільярдаў рублёў, на 102 мільярды пастаўлена медыцынскага абсталявання. А за першыя тры месяцы гэтага года на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя накіраваны ўжо 91 мільярд рублёў. Усяго ў 2012 годзе мы плануем засвоіць больш за 300 мільярдаў рублёў на будаўніцтва, рэканструкцыю і закупку медапаратуры.

З удзелам супрацоўнікаў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта пашыраны пералік высокатэхналагічных відаў медыцынскай дапамогі з выкарыстаннем складаных і ўнікальных тэхналогій. Напрыклад, у кардыяхірургіі ажыццяўляюцца аперацыі на адкрытым сэрцы са штучным кровазваротам, праводзіцца аператыўнае лячэнне пухлін сэрца, ажыццяўляецца пластыка і пратэзаванне клапанаў і камер сэрца.

Асноўнымі задачамі, якія стаяць перад сістэмай аховы здароўя вобласці на гэты год, з'яўляюцца ўкараненне новых высокатэхналагічных відаў медыцынскай дапамогі, якія не маюць аналагаў у Рэспубліцы Беларусь, далейшая паэтапная інфарматызацыя галіны, развіццё экспарту медыцынскіх паслуг.

— Не магу не спытаць пра "Славянскі базар" — брэнд Віцебшчыны і Беларусі. Людзі прывыклі звязваць з ім маштабнае навядзенне парадку ў Віцебску і не толькі. Якія мерапрыемствы будуць праведзены ў рамках падрыхтоўкі да фестывалю ў гэтым годзе? Як яны паўплываюць на задавальненні патрэб і запатрабаванняў жыхароў горада і гасцей фестывалю?

— У Віцебску ўжо выканана рэканструкцыя плошчы Перамогі, на якой падчас "Славянскага базара" ўстанаўліваецца эстрадная сцэна і арганізуюцца канцэрты. Плошча абсталявана гандлёвымі павільёнамі, на ёй месцяцца атракцыёны. Жыхары і госці горада з задавальненнем наведваюць Алею ваеннай славы, размешчаную ў заходняй частцы плошчы, дзе ўсталявана ваенная тэхніка — ад часоў Вялікай Айчыннай вайны да нашых дзён. Непасрэдна да Алеі воінскай славы прылягае парк Пераможцаў.

Па рацэ Заходняя Дзвіна ад плошчы Перамогі да парку Мазурына арганізаваны рух прагулачных цеплаходаў. Значная работа праведзена па абвадненні і добраўпарадкаванні рэчкі Віцьбы. Зроблена гідразбудаванне і пешаходны мост з агляднай пляцоўкай у вусце ракі. Рэканструявана гідразбудаванне ў раёне моста "Юбілейны" па праспекце Люднікава. Цяпер на рацэ Віцьба знаходзіцца пяць лодачных станцый, пляжы, месцы адпачынку, атракцыёны, спартыўныя пляцоўкі.

Як звычайна, падрыхтоўку да правядзення сёлетняга фестывалю мы пачалі загадзя. Вызначаны першачарговыя зоны выканання рамонту і падсветкі фасадаў будынкаў, светлавога афармлення галоўных вуліц, мастоў, пад'язных дарог з улікам сучасных патрабаванняў.

Будзе завершаны другі этап работ у канцэртнай зале "Віцебск", а таксама рэканструкцыя 2 будынкаў культурна-гістарычнага комплексу "Залатое кольца г. Віцебска "Дзвіна".

Акрамя таго, прадугледжана правядзенне спадарожных мерапрыемстваў — свят беларускай і славянскай культур, праграм для моладзі, спартыўных конкурсаў і турніраў, кірмашоў. Спадзяёмся, стварэнне ў горадзе святочнай атмасферы надасць фестывалю яркі каларыт, стане дадатковым стымулам прыцягнення турыстаў.

Пытанні задаваў Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У апошнія некалькі гадоў эканоміка Віцебшчыны развіваецца дынамічна. Тут ствараюцца прынцыпова новыя вытворчасці, расце экспарт тавараў і паслуг, набірае тэмпы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика