Ген жыцця. 21.by

Ген жыцця

10.10.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Заканчэнне. Пачатак у нумарах  за 29 верасня, 2, 3, 4, 6 кастрычніка.

5. Ішоў мэтанакіравана, нідзе не схібіў, не прагнуўся…

***

…На ўступных экзаменах адзін з абітурыентаў маёй кафедры, здаўшы экзамены па спецыяльнасці на «выдатна», напісаў  сачыненне  на «двойку». Я пайшоў да рэктара Э. П. Герасімовіч (а быў я тады яшчэ і старшынёй экзаменацыйнай камісіі) з просьбай дазволіць выправіць адну толькі памылку ў сачыненні і паставіць «тройку» гэтаму абітурыенту. Яна прыслухалася да маіх довадаў, выклікала старшыню прадметнай камісіі, хлопцу выправілі памылку і паставілі «тройку». А ў хуткім часе на імя А. Т. Кузьміна (сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі) прыйшла «телега», і мяне выклікалі да яго. Распавёўшы яму пра самабытны прыродны талент, яго рэдкасць, пра неабходнасць яго падтрымкі, я ў рэшце рэшт пераканаў Аляксандра Трыфанавіча, можа, таму, што сам быў упэўнены ў сваёй праўдзе.

Хачу сказаць, што аб такім учынку мяне ніхто не прасіў, ды і абітурыента ўбачыў упершыню толькі на экзаменах. Заўважыў яго, бо ён сапраўды меў талент. Той хлопец быў вясковы, а я заўсёды з асаблівай увагай і нават клопатам ставіўся да вяскоўцаў, сам ведаў, як адтуль, з глыбінкі,  лёгка  выпаўзці. А. Т. Кузьмін мае довады зразумеў, і мы разышліся з прыязнасцю. Потым я вельмі здзівіўся, калі А. Т. Кузьмін, выступаючы на пленуме Саюза пісьменнікаў, завёў размову пра талент і выказаў крамольную думку: «Калі пры ўступных экзаменах па дадатковым прадмеце і падправяць адзнаку, то гэта не злачынства, трэба абараняць талент». Відаць, ён моцна пранікнуўся маімі доказамі, і яны глыбока заселі яму ў душу, бо гаварыў практычна тое, аб чым я распавядаў у яго кабінеце.

***

1989 год — пара новых павеваў у вышэйшай школе. Усесаюзны камітэт вышэйшай школы прыняў пастанову аб выбарнасці рэктараў, а не іх прызначэнні…

Пераважнай большасцю галасоў я быў абраны рэктарам. Але, згодна з палажэннем, мяне павінна была зацвердзіць калегія Усесаюзнага камітэта вышэйшай школы, толькі пасля таго міністр культуры выдае загад аб прызначэнні.

Прыехаўшы ў Маскву, з’явіўся на пасяджэнне калегіі камітэта. У калідоры чакаюць выкліку яшчэ пяць выбраных рэктараў з іншых рэспублік, фармальныя паперкі былі аформлены загадзя. Гляджу, два папярэднія рэктары затрымаліся ну не больш чым на пяць хвілін кожны. Трэцім быў выкліканы я. Зайшоў, павітаўся, сеў насупраць старшыні камітэта Ягадзіна. Ён пачаў задаваць стандартныя пытанні, я гэтак жа стандартна адказваў. Раптам Ягадзін зняважліва адазваўся наконт беларускай мовы, я не стрымаўся і даў адпаведнай здачы. Узнікла спрэчка, сітуацыя абвастралася. Члены калегіі (а сярод іх было нямала вядомых людзей) прыціхлі, чакаючы развязкі. Я ўжо не думаў, дзе я і дзеля чаго тут знаходжуся, больш займала розум, як абараніць гонар мовы і яе носьбіта…

Наша гамонка доўжылася больш за паўгадзіны, і калі я выйшаў з пасяджэння, астатнія рэктары з трывогаю пачалі пытацца, што там так доўга адбывалася. Я кінуў нейкі жарт, а на душы пачалі кошкі скрэбці. Думаў сам сабе: і нашто я ў такі адказны момант, калі трэба было змаўчаць, кінуўся ў вір галавой, а цяпер могуць і не зацвердзіць. Праўда, у вушах стаяла фраза Ягадзіна: «Думаю, ён чалавек падрыхтаваны і, пэўна, будзе добрым рэктарам». Гэта абнадзейвала, а потым, калі аб’явілі, што я зацверджаны на пасаду рэктара, цяжар трывогі спаў, і я паехаў у Траццякоўскую галерэю, каб сярод любімых твораў рускіх мастакоў супакоіцца і даць адпачыць змучанай душы…

Мяне не пакідала ідэя стварэння сапраўднай Акадэміі мастацтваў, акадэміі як па змесце, так і па архітэктурным вырашэнні. Колькі сіл і энергіі я аддаў гэтай ідэі! Дабіўся, здавалася б, немагчымага: інстытуту выдзелілі 22 гектары зямлі, недалёка ад небезвядомых Драздоў. Выдзелілі, практычна, бясплатна. В. Ф. Кебічам была падпісана пастанова Саўміна аб будаўніцтве інстытута з каштарысам 15,4 мільёна савецкіх рублёў… А які выдатны быў праект! Меркавалася пабудаваць сапраўдны акадэмічны гарадок з усёй неабходнай інфраструктурай. У цэнтры павінен быў стаяць дзевяціпавярховы галоўны корпус, які выходзіў бы на асноўную магістраль, далей будынкі ў два, тры і чатыры паверхі, размешчаныя без парушэння ландшафту, з улікам лёгкай гарыстасці прасторы. Атрымоўваліся як бы ўнутраныя вулачкі, якія сыходзіліся на невялічкай цэнтральнай плошчы з капліцай. Планаваўся сад для скульптурных кампазіцый і правядзення пленэраў, спартыўная пляцоўка. Улічваючы спецыфіку гарадка, планаваліся выставачныя залы, салон-магазін, майстэрні для выкладчыкаў і многае іншае. Гарадок праектаваўся ў стылі беларускага мястэчка ў сучасным яго вырашэнні.

У мяне і сёння баліць душа, калі прыпамінаю той праект. Думаю, што рэалізацыя такога праекта дала б велізарны штуршок мастацкай адукацыі і творчаму жыццю рэспублікі. Ды і сам акадэмічны гарадок стаў бы сапраўдным упрыгажэннем сталіцы. Але ад усяго гэтага засталіся толькі мары і горкі ўспамін, бо новае кіраўніцтва акадэміі не прыклала аніякіх намаганняў для рэалізацыі праекта і нават аддало гораду зямлю, якую з такой цяжкасцю мне ўдалося адваяваць. Ну што ж, Бог ім суддзя!

У той перыяд мне двойчы прапаноўвалі стаць міністрам. Міністрам культуры прапанавалі стаць пасля адстаўкі Яўгена Вайтовіча, але я адмовіўся. Другі раз Камісія па адукацыі і культуры Вярхоўнага Савета ўгаворвала заняць пасаду міністра адукацыі пасля таго, як Міхаіл Дзямчук перайшоў у Саўмін. Я доўга вагаўся, але на пасяджэнні камісіі адмовіўся. Я лічыў сваёй галоўнай справай, справай жыцця працу ў інстытуце, якая сапраўды была жывая, патрэбная, і я бачыў плён сваіх намаганняў…

 ***

У 1991 годзе ў маім жыцці адбылася знамянальная падзея — мне прысвоілі званне народнага мастака Беларусі. У такім, адносна маладым, узросце нікому, акрамя А. Анікейчыка, у нас у рэспубліцы гэта званне не прысвойвалася. Гэта, канешне, ніколькі на маю дзейнасць і адносіны з людзьмі не паўплывала, але ж, думаю, кожнаму прыемна, калі цябе цэняць і адзначаюць.

Тым часам я праявіў ініцыятыву аб пераўтварэнні Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў Беларускую акадэмію мастацтваў. Сапраўды, назва інстытута ўжо даўно не адпавядала сутнасці навучальнай установы. У 1945 годзе быў створаны тэатральны інстытут, а ў 1953-м да яго «прышпілілі» выяўленчае мастацтва і далі назву «тэатральна-мастацкі». У 1961 годзе з’явіўся мастацка-прамысловы факультэт, і назва інстытута ўжо ніяк не адлюстроўвала яго сутнасць. Назва «Беларуская акадэмія мастацтваў» як найлепш адпавядала разнапланавай дзейнасці інстытута. Ідэя знайшла падтрымку ў Міністэрстве культуры і Міністэрстве вышэйшай адукацыі, і ў 1991 годзе была прынята пастанова Савета Міністраў аб пераўтварэнні Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ў Беларускую акадэмію мастацтваў. Памятаю гэты радасны і шчаслівы час. Калектыў на ўздыме, бо ў Беларусі з’явілася першая навучальная акадэмія.

***

У народзе кажуць, што чалавек за сваё жыццё павінен паставіць дом, выгадаваць дзяцей і пасадзіць дрэва. Думаю, што гэтая народная мудрасць занадта элементарная і спрошчаная, хаця, калі разабрацца, то абсалютнай большасці людзей яна якраз і падыходзіць. Для часткі людзей, асабліва творчых, тых трох пастулатаў занадта мала. Што тычыцца мяне, то дваіх дзяцей мы з жонкай выгадавалі і цяпер радуемся іх поспехам, сад я пасадзіў і паставіў на дачным участку дом. І дом той пастаўлены маімі рукамі, маімі ўласнымі намаганнямі. А гэта не тое, што наняць работнікаў, а потым гаварыць: «Я паставіў дом». Зусім іншая справа, калі ўсё, ад кожнай цагліны да кожнай дошкі, ад кожнага вычасанага слупа да кожнай лесвічнай прыступкі зроблена тваімі рукамі. І той дом я назваў «Туга па радзіме». Мне хацелася, каб ён быў падобны і на вясковую хату, і на сучасны дачны дом, з аканіцамі, з вясковымі аконнымі рамамі.

Усё гэта патрабавала непамерных высілкаў, асабліва калі ўлічыць, што я ў гэты ж час займаўся кіраўнічай і арганізатарскай працай, будучы прафесарам і рэктарам, хацеў таксама нешта зрабіць і як мастак. Цяпер сам часта здзіўляюся, як мне ўдавалася ўсюды паспяваць, якія сілы, фізічныя і душэўныя, траціліся незлічона.

Ад бацькі мне перадалася павага да рамесніцкай працы, а разам з ёю і ўменне (зноў жа гены). Раней ужо гаварылася, што многаму я навучыўся яшчэ ў дзяцінстве, потым па жыцці розныя віды работ спасцігаў па меры неабходнасці. І цяпер смела магу сцвярджаць, што сякеру, гэблік, пілу або малаток я трымаю не менш упэўнена, чым аловак або пэндзаль. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова глянуць на пабудаваны мною дом. Дарэчы, пры яго ўзвядзенні мне давялося асвоіць цагельныя, бетонныя, цяслярныя і многія іншыя будаўнічыя работы. А бервяно адчасаць, як гэта ўмеў рабіць бацька, каб яно выглядала габлёваным? Пра асабліва ўлюбёныя мной сталярныя работы я пісаў раней. Мне вельмі падабаецца фізічная рамесніцкая праца, з задавальненнем яе выконваю, бо ў ёй я знаходжу душэўны спакой і раўнавагу. А такой работы заўсёды многа ў майстэрні, дома і асабліва на лецішчы, якое яшчэ не закончана, нягледзячы на мае намаганні. Заўсёды трэба нешта адрамантаваць — то мэблю, то сантэхніку, ды і мала што спатрэбіцца ў жыцці. Можа, таму я не магу зразумець тых інтэлігентаў, пра якіх у народзе гавораць: ён і цвіка па-людску забіць не можа. Усялякую працу трэба любіць, а ўменне прыйдзе.

Так ужо атрымалася, што ўсяго ў жыцці даводзілася дабівацца самому, сваёй бясконцай напружанай працай, нават тытанічнымі намаганнямі. Пастаяннае пераадоленне перашкод мяне загартавала. Тады-сяды жартаваў, што мне нічога ў жыцці не страшна, бо я нават з сякерай, гэблем і кельмай заўсёды зараблю сабе на кавалак хлеба. Лёгка нічога не давалася, ды я ніколі ні ў кога не прасіў дапамогі, спадзеючыся толькі на сябе, на свае сілы. Зведаў і голад, і холад, і нават адносна заможнае жыццё. Непрыемнасці былі найбольш з-за майго характару — цвёрдага, упартага і прамога, як аглобля. Па жыцці ж ішоў мэтанакіравана, нідзе не схібіў, не прагнуўся, ні перад кім не халуйстваваў і нікога не баяўся. Хаця былі моманты, калі я ведаў: ну прагніся перад начальствам, ну скажы адваротнае, чым на самай справе думаеш, і ўсё будзе добра.. Але не, сумленне мне гэтага не дазваляла, бо праўда мною кіравала ўсё жыццё. Хлусня, несумленнасць, нахабнасць і жаданне жыць за чужы кошт — гэтыя рысы мне заўсёды былі асабліва агіднымі ў людзях.

… Шэры колер жыцця пастаянна прысутнічаў у маёй душы. Гэта перакінулася і на мой жывапіс. Ён не жыццярадасны, вы не знойдзеце ніводнай работы з яркімі, чыстымі фарбамі. Усё прыглушана, і яркія фарбы толькі там-сям прабіваюцца. Так яно і ў жыцці: вечнае пераадоленне сябе ў сабе. Быць лепшым, чым ты ёсць на самай справе, зрабіць лепш, чым ты можаш. Вечная ўнутраная барацьба.

…Акрамя цёмных жыццёвых момантаў, былі і светлыя часіны, якія давалі новы душэўны імпульс і надзею на нешта лепшае, на новыя творчыя здзяйсненні. Радуе тое, што, нягледзячы на жыццёвыя нягоды, выжыў, выстаяў, даказаў сваю чалавечую годнасць, змагаўся за свой гонар і сцвердзіў яго. Шэры колер майго жыцця паступова ператвараўся ў больш яркі ад таго, што жонка прайшла плячо ў плячо разам са мной увесь нялёгкі шлях, што дзеці выраслі таленавітымі людзьмі і я магу імі ганарыцца, што дом стаў маёй сапраўднай жыццёвай крэпасцю, што нешта ўдалося зрабіць за гэты час…

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заканчэнне. Пачатак у нумарах  за 29 верасня, 2, 3, 4, 6 кастрычніка.5. Ішоў мэтанакіравана, нідзе не схібіў, не прагнуўся…***…На ўступных экзаменах адзін з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика