Вяшчанне "Беларусь-3" пачалося рускамоўнымі дакументальнымі фільмамі. 21.by

Вяшчанне "Беларусь-3" пачалося рускамоўнымі дакументальнымі фільмамі

08.02.2013 12:34 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вяшчанне "Беларусь-3" пачалося рускамоўнымі дакументальнымі фільмамі

Наша Ніва
Сёння ў 7.50 пачалося вяшчанне новага тэлеканала Белтэлерадыёкампаніі. "Беларусь-3" будзе выконваць тую ж функцыю, што і расійская "Культура". Першай перадачай стаў фільм "Горацкія пацехі" з цыклу "Зямля Беларуская".

Пасля выступу вядучай Ірынай Маісеевай пайшоў і першы расейскамоўны фільм: "Юрий Тарич. Начало".

Караценькая беларускамоўная перадача "Слаўцо" зменіцца наступным расейскамоўным фільмам "Путь к свету. Анатолий Барановский".

* * *

"Наша Ніва" нагадвае гісторыю стварэння канала і іншыя цікавосткі, звязаныя з ім.

Спорт ці культура?

Першыя размовы пра маштабныя пераўтварэнні ў структуры БТ пачаліся ўлетку 2011 года. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька вырашыў пакінуць сваё імя ў гісторыі. Першы тэлеканал мусіў быць перайменаваны ў "Беларусь-1", канал "ЛАД" — у "Беларусь-2", міжнародны "Беларусь-ТБ" — у "Беларусь-24". Навінкай эфіру называўся спартыўны канал "Беларусь-3".

Праз некалькі месяцаў прыярытэты змяніліся, і ідэю стварэння выключна спартыўнага канала было вырашана адкласці.

З цягам часу была выпрацавана новая стратэгія — ЛАД ("Беларусь-2") зрабіць забаўляльна-спартыўным, а гісторыю і культуру вынесці ў фармат "Беларусь-3".

Змена канцэпцыі канала

Паводле леташніх заяваў Генадзя Давыдзькі, "Беларусь-3" мусіў аб’яднае ўвесь кантэнт, які падыходзіць пад вызначэнне "Спадчына" (гэта працоўная назва). "У эфіры з’явяцца новыя праекты пра культуру, гісторыю, шэдэўры сусветнага кіно — і ўсё будзе толькі на беларускай мове", — паабяцаў Давыдзька.

"Гэта будзе беларускамоўны тэлеканал, дзе будзе прадстаўлена лепшая дакументалістыка, гістарычныя фільмы, дасягненні сусветнага кінематографа, дубляваныя на беларускую мову, ток-шоу культуралагічнага плану, рэлігійныя праграмы, праграмы для дзяцей, школьнікаў", — удакладнілі тады ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Прайшоў год, і акцэнты зноў змяніліся.

Цяпер галоўнай мэтай "Беларусь-3" называюць "асвятленне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў галіне культурнага жыцця краіны".

Канцэпцыя "Спадчыны" замянілася на канцэпцыю "Культура і мастацтва". Замест 100% беларускай мовы засталося "каля 70%". "На сёння сетка вяшчання складаецца прыкладна на 70% з беларускамоўных праграм. Мы не павінны забываць пра двухмоўе ў нас у краіне і пра дзве дзяржаўныя мовы. Аб’ектыўна гэты канал не можа быць толькі беларускамоўным. Натуральна, будуць прысутнічаць праграмы і на рускай мове", — тлумачыць дырэктар "Беларусь-3" Віктар Маючы.

Слоганам канала стане фраза "Каб любіць Беларусь".

Кіраўніцтва

Узначаліў "Беларусь-3" менавіта ён, Віктар Маючы. Дагэтуль ён працаваў у Міністэрстве інфармацыі ва ўпраўленні электронных СМІ. На многіх канферэнцыях Маючы выступае як начальнік аддзела Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта.

У Маючага дзве адукацыі — ён закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта (1983) і Міжнародную акадэмію менеджменту (2005). З 1985 па 2006 год працаваў у структуры Белтэлерадыёкампаніі. 

На пытанне "НН", ці свабодна ён валодае беларускай мовай, Маючы адказаў: "Валодаю". Анатоль Ярмоленка ўдакладніў, што заспеў той час, калі Маючы вёў моладзевую праграму "Крок" па-беларуску, і нагадаў, што беларускамоўныя праграмы Маючага на гомельскім тэлебачанні былі адзначаныя на розных конкурсах.

Намеснік дырэктара — Сяргей Макарэй. Ён выкладае майстэрства гукарэжысёра ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Першы лічбавы канал Беларусі

"Канал „Беларусь-3“ будзе толькі лічбавым", — тлумачыць Віктар Маючы. У лічбавым варыянце ён займае месца прыватнага "8 канала".

Для таго, каб глядзець "Беларусь-3", трэба мець тэлевізар, які падтрымлівае DVB-T (большасць новых мадэляў), альбо ўсталёўваць спецыяльную прыстаўку. Мяркуецца, што гэтыя прыстаўкі будуць прапаноўвацца абанентам па даступнай цане ці ўвогуле ў бясплатную арэнду, але канчаткова гэтае пытанне не вырашана.

Па словах Маючага, перамовы з аператарамі кабельнага тэлебачання (накшталт Космас ТБ) вядуцца, як і з аператарам IP-тэлебачання Zala. А вось МТІС ужо ўключыў канал у сетку тэставага лічбавага вяшчання. Злавіць жа "Беларусь-3" звычайнай антэнай у вёсцы не атрымаецца. Аналагавую частату ён не мае.

Што будзе ў эфіры?

Тое, якія перадачы будуць транслявацца ў першыя дні працы канала, ужо вядома. Гэта дакументальныя фільмы, праграмы "Размаўляем па-беларуску" і "Калыханка". Дарэчы, 
"Калыханка" павялічыцца па часе да 20 хвілін, і стане штодзённай. Дагэтуль па выходных яна не выходзіла.

Колькасць перадач будзе павялічвацца, чакаецца, што на "Беларусь-3" пяройдуць "Благовест" і "Таямніцы душы".

Згодна з прэс-рэлізам Белтэлерадыёкампаніі, аснову эфіру будных дзён складзе падборка краявідных фільмаў пад назвай "Мая Беларусь". Апроч іх, будуць транслявацца праграмы, аб’яднаныя ў наступныя рубрыкі: "Тэатр", "Кіно", "Літаратура", "Музыка", "Асобы", "Гісторыя", "Каляровы свет", "Прырода", "Традыцыі", "Дойлідства", "Навука", "Музеі".

"Мы будзем рабіць упор не на эстраду, а на музыку іншых жанраў, якія таксама вельмі паспяхова развіваюцца ў Беларусі, а музыкі, якія працуюць у гэтых жанрах, вядомыя ва ўсім свеце. І, натуральна, звяртацца да той музыкі, якая выйшла з эстрады, але ўжо стала народнай, можа быць, не па жанру, а па духу", — паабяцаў Маючы.

А вось з трансляцыяй тэатральных пастановак будзе складаней. Па словах Маючага, гэтае пытанне ўпіраецца ў пытанні аўтарскіх правоў і бізнэсу, які не заўсёды зацікаўлены ў тыражыраванні прэм’ерных спектакляў на тэлебачанні. Па меркаванні дырэктара, блокавай рэкламы, якая існуе на іншых каналах быць не павінна. Але і зусім без рэкламы не абысціся. 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён працуе толькі ў лічбавым фармаце, транслюецца і МТІСам.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика