Прывабны «Дзевясіл». 21.by

Прывабны «Дзевясіл»

03.09.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра тое, як летам можна карысна спалучаць збор лекавых траў і экалагічна чысты адпачынак

«А гэта якая траўка?»

Электрычка спынілася амаль што ў лесе, які прыгожа атуліў чыгунку з абодвух бакоў. З вагона выйшлі людзі, прыкладна сто чалавек. Вясёлая, ажыўленая, даволі цікавая кампанія. Жанчыны, а іх большасць, і мужчыны разыходзяцца па лузе, густа затканым рознакаляровымі кветкамі, ад якіх у паветры плыве лёгкі прыемны водар.

Наперадзе нетаропка крочыць жанчына невысокага росту ў гадах. Яна ўважліва пазірае навокал, часта спыняецца, нешта асцярожна рве і пытаецца: «Дарагія мае вучні, а гэта якая траўка?» Жанчыны падыходзяць і адказваюць, адны ўпэўнена, другія — не вельмі. «А што яна лечыць?»

— Ну вось, мае дарагія, — кажа жанчына. — Гэта дуброўка гусіная, яшчэ яе называюць мяккая трава, дарожніца, лапнік. Расце па сырых мясцінах, каля азёр, рэк, на такіх лугах, як гэты, дзе мы зараз. Больш на дуброўку час траціць не будзем. Усе падрабязнасці пра яе знойдзеце ў маіх кнігах. А зараз пойдзем далей.

Вясёлая кампанія разышлася па лузе. Людзі рвуць розныя травы, падыходзяць да той жанчыны, якая толькі што іх экзаменавала, нешта пытаюцца. Цікавы занятак, ці не праўда? Не будзем інтрыгаваць нашых чытачоў, скажам, што за падзея адбываецца ў гэты цудоўны летні дзень на квяцістым лузе.

Праходзяць чарговыя заняткі знакамітага клуба «Дзевясіл», які створаны ў Мінску. Яго ўзначальвае Лідзія Навічыхіна, добра вядомы ў Беларусі траўнік-лекар. Менавіта яна зараз крочыць наперадзе ўсёй кампаніі. Своеасаблівая экспедыцыя на прыроду мае канкрэтную мэту: члены клуба хочуць нарыхтаваць на зіму лекавыя травы. Ну і даведацца пра новыя, якія растуць на гэтым лузе, і тут у іх ёсць надта вопытны і добры настаўнік.

Сімвалічнае «імя»

— Лідзія Іванаўна, ваш клуб носіць, я б сказаў, сімвалічную назву. «Дзевяcіл» — у гэтым слове адчуваецца сіла.

— Такая расліна ёсць у прыродзе. Яшчэ ў розных месцах яе называюць дзівасіл, дзевясін, жывасіл і гэтак далей. Чуеце, «сіл», значыць, сіла. Гэта мнагалетняя моцная трава каля аднаго-двух метраў. Расце па берагах рэк, азёр, сярод кустоў, на лугах, у сасновых барах, лісцевых лясах. Яе вырошчваюць на клумбах як дэкаратыўную расліну, а на плантацыях — як лекавую.

Надзвычай шырока выкарыстоўваецца дзевясіл у народнай медыцыне пры лячэнні кашлю, бранхіту, пнеўманіі, бранхіяльнай астмы, туберкулёзу. Памагае пры язве страўніка, гастрыце, паносе. Яшчэ — пры дыябеце, захворваннях печані, жоўцевага пузыра. Лечаць лішай, экзэму, каросту, раны. Нават цяжка і пералічыць усе захворванні, пры якіх прымяняюць дзевясіл. З яго робяць настоі, адвары, пілюлі, мазь, парашок. Можна ўжываць і ў ежу — кавалачкі свежага кораня кладуць на патэльню, зверху заліваюць яйцом і смажаць на сметанковым масле.

Думаю, такое «імя» найлепш падыходзіць нашаму клубу.

Клуб здароўя

«Дзевясіл» — аздараўленчы клуб аматараў траў, мае пазнавальны характар. Яму дзесяць гадоў. Вывучэнне лекавых раслін стала для Лідзіі Навічыхінай сэнсам жыцця, і тут не асабістая выгада. Адкрываючы гэты дзіўны свет нашай прыроды, жанчына ўсяляк імкнецца да таго, каб яго палюбілі іншыя. Таму ўжо шмат гадоў яна — нястомны папулізатар і прапагандыст навукі пра нашы лекавыя кладоўкі. Калі здарылася страшная чарнобыльская бяда, Лідзія Іванаўна добраахвотнікам працавала ў Мінскім гарадскім таварыстве «Міласэрнасць», часта праводзіла курсы «Зялёны доктар».

Што, Лідзія Навічыхіна апантана верыць у лекавыя сілы раслін? Не думайце, кажа, што я не прызнаю афіцыйнай медыцыны, яна жыццёва неабходна ў самых розных сітуацыях, у якіх можа апынуцца чалавек. Але ж і фітатэрапія часта вельмі эфектыўная, тым больш што абсалютна бяспечная.

Народная медыцына, як вядома, бярэ свой пачатак у глыбокай старажытнасці. Тады людзі і жывёлы інстынктыўна выкарыстоўвалі лекавыя ўласцівасці раслін для папярэджвання і лячэння хвароб. Нездарма ж народная мудрасць гаворыць, што на ўсякую хваробу зелле расце. Няхай навуковая медыцына і народная разам дапамагаюць людзям у бядзе.

Вельмі цікавыя заняткі

Гэты клуб сабраў і здружыў людзей самых розных па ўзросце і прафесіях: інжынераў, педагогаў, урачоў, эканамістаў, простых рабочых, былых ваенных. Як жа ладзяцца заняткі? Паўтары гадзіны — лекцыя, вядзе яе Лідзія Іванаўна. І паўгадзіны — пытанні, на якія яна і адказвае.

Праглядаю гадавы план работы «Дзевясіла». Вялікі цыкл змястоўных лекцый па лекавых уласцівасцях балотных, лясных, лугавых, палявых, садовых, ягадных раслін. Далей — тое ж пра паўднёвыя (завезеныя) расліны. Асобныя заняткі па лекавых уласцівасцях каранёў, па ролі раслінных антыбіётыкаў, фітанцыдаў у жыцці чалавека. Канешне ж, размова і парады, якія і калі на працягу года трэба збіраць расліны, бо гэта вельмі важна.

Надта цікава праводзіць Лідзія Іванаўна лекцыю «Пасеем лекавую траўку».

— І як жа вы яе сееце? — пытаюся.

— Даю канкрэтныя парады на занятках. Мне часта звоняць па тэлефоне дамоў людзі, якія не могуць прыходзіць у наш клуб. Абавязкова ім дапамагаю. Неяк пазваніў адзін дзядуля, пытаецца, якую расліну лепш за ўсё пасеяць на дачы, каб ён сам і даглядаў яе, і карысць ад яе была. Параіла авёс. Вельмі каштоўная культура: аздараўлівае глебу, яго баіцца пустазелле, дае салому, а гэта ўгнаенне. Шырока ўжываюць авёс у народнай медыцыне, вельмі карысныя прыгатаваныя з яго зерня каша, суп, кісель, аўсянае малако.

Прырода любіць парадак

Яшчэ важная адметнасць клуба — выключна беражлівыя адносіны яго наведвальнікаў да роднай прыроды.

— Калі выязджаем на практычныя заняткі, гэта значыць вывучаем, збіраем лекавыя расліны, то працуем добрасумленна, — працягвае Лідзія Іванаўна. — Звычайна за адну паездку вывучаем 20 відаў траў. Усё, што рвем, забіраем дамоў, лечым сваіх блізкіх, знаёмых, каму — набор, каму адну-дзве расліны. Ніколі не дапусцім, каб дарэмна прапала хоць адна расліна, для нас яна — жывая істота…

Прырода не церпіць неахайнасці. Таму ў нас цвёрдае правіла: пасля сябе ў лесе або на лузе пакідаем чыстае-чыстае месца. На прыродзе мы амаль цэлы дзень, і, зразумела, ёсць абедзенны перапынак. Ладзім агульны стол, бо кожны бярэ нейкую ежу з сабой, іншы раз сваю «фірменную» страву. Такое застолле яшчэ больш збліжае людзей, яны становяцца шчырымі сябрамі, бо лепш пазнаюць адзін аднаго.

Больш таго, пры кожнай паездцы за горад мы абавязкова прыбіраем адно засмечанае кімсьці нядбайным месца. Гэта наш дадатковы клопат пра чысціню навакольнага асяроддзя. Аднойчы на лясной палянцы сабралі пустых бутэляк аж тры цэлафанавыя пакеты. Дзе-нідзе тут былі разбіты шклянкі, вострыя асколкі валяліся ў траве. Проста страх, калі хто-небудзь не заўважыць і наступіць. Мы не ленаваліся, акуратна ўсё сабралі, а тут якраз падыходзіць група маладых людзей. «Ой, якое ў вас прыгожае і чыстае месца, — радасна здзіўляюцца. — Можна, мы тут спынімся, вы ж, здаецца, дамоў сабраліся?» — «Адпачывайце, толькі пасля сябе пакіньце такую ж чысціню, як мы», — адказалі…

102 запаветныя мясціны

— Такія, Лідзія Іванаўна, паводзіны членаў вашага клуба на прыродзе можна назваць экалагічна чыстым адпачынкам.

— Хай будзе і так. Масавыя выезды летам гараджан у лес, да рэк і азёр, безумоўна, уплываюць на навакольнае асяроддзе. Таму цяпер так востра стаіць праблема экалагічнай адукацыі насельніцтва. Перш чым сарваць якую-небудзь расліну, трэба падумаць, ці не пашкодзім прыродзе, у ёй жа нічога лішняга няма. Такі прынцып вызначае дзейнасць нашага клуба.

Лідзія Навічыхіна дасканала ведае вакол Мінска 102 мясціны, куды ездзіць са сваімі сябрамі па клубе. Там — багатае разнатраўе, ёсць што паглядзець, вывучыць, прывезці дамоў. Але ж дамоў — толькі ў меру. Улічваючы энцыклапедычныя веды Лідзіі Іванаўны па лекавых раслінах, яе талент жыва і захапляльна расказваць, неўгамоннасць і прагу да лясных падарожжаў, становіцца зразумела, чаму «Дзевясіл» такі папулярны. Хай жа раскажуць тыя з іх, для каго клуб стаў такім прывабным, ну проста родным.

Галіна БАРШЧЭЎСКАЯ, урач:

— Калі я працавала галоўным неўрапатолагам Мінскай вобласці, у мяне амаль не было вольнага часу. Але ж адчувала: трэба чымсьці заняцца, каб зняць стрэс ад вялікай нагрузкі. Я даўно захапляюся травамі, і гэтую любоў выхаваў у школе настаўнік, адданы аматар прыроды, ад чыіх урокаў мы атрымлівалі вялікае задавальненне.

Пайшла на заслужаны адпачынак і, каб змагацца з рознымі захворваннямі, рашыла: акрамя медыкаментознага лячэння, трэба карыстацца і лекавымі раслінамі. Яшчэ больш у гэтым пераканалася, калі стала членам «Дзевясіла», раззнаёмілася з Лідзіяй Іванаўнай, другімі жанчынамі. Мне тут вельмі падабаецца, я ў кампаніі добрых людзей. Бо дрэнныя людзі, я ў гэтым упэўнена, не могуць любіць жывую прыроду.

Каля свайго дома высаджваю многа кветак. Суседзі кажуць: навошта гэта табе? Але ж я вельмі люблю агарод, улетку прачынаюся рана і адразу туды. І свайго мужа Валянціна Вікенцьевіча, ён хірург па спецыяльнасці, работа цяжкая, выключна адказная, таксама лячу травамі. Здаецца, гатова запрасіць усіх гараджан — пазнайце і палюбіце кветкі, травы, тады вы станеце багацейшымі і дабрэйшымі душой.

«Абдыму, прытулюся да рабіны»

Альбіна ПАЖАЕВА:

— У мяне нялёгкі лёс. Родам з Урала, і калі была зусім маленькай, у 1943 годзе, памерла мама. Бацька на вайне. А мы, трое дзяцей, засталіся адны. Страшэнны голад, і нас ратаваў лес: варылі асінавую кару, выкарыстоўвалі бярозавае лісце і, канешне, розныя травы. Хадзілі па хатах, прасілі ў людзей міласціну. Карацей, мучыліся і ледзь выжылі.

Доўгі час я працавала галоўнай медсястрой у 7-й паліклініцы Мінска. Цяжкае дзяцінства адгукнулася — вельмі сур’ёзна захварэла. Перанесла дзве складанейшыя аперацыі, у выніку страціла зрок. І, як часта бывае ў падобных сітуацыях, пала духам, бо зусім мала засталося фізічных і маральных сіл.

І вось трыццаць гадоў назад Бог пашкадаваў мяне — пазнаёмілася з Лідзіяй Іванаўнай. З таго часу сардэчна дружым, і я лічу яе сваёй выратавальніцай. Лідзія Іванаўна лячыла мяне травамі, прымусіла паверыць, што выжыву. І яна дамаглася свайго. Цяпер я бачу, самастойна хаджу, я — жыву!

У нашым клубе вельмі добразычлівыя, чуллівыя людзі, якія ніколі не пакінуць цябе ў бядзе. Такія чалавечыя якасці выхоўвае ў нас Лідзія Іванаўна, і ўпершую чаргу сваім асабістым прыкладам. Бо за тую вялікую і няпростую работу, якую выконвае, ніхто ёй не плаціць. Клуб жа створаны на грамадскіх пачатках. Усё робіць па загадзе сваёй душы, з чыстым сумленнем. Гэта проста вялікае шчасце, што такая жанчына разам з намі.

Ну а без пастаяннай дружбы, скажу так, з прыродай цяпер не ўяўляю свайго жыцця. Недалёка ад майго дома — парк. Улетку басанож хаджу тут па расе. Маё любімае дрэва — рабіна. Я падыйду да яе, абдыму, а людзі глядзяць і думаюць, што я нейкая ненармальная. Ды не, проста, калі прытулюся да рабіны, пацалую яе, адчуваю, якую дае мне яна сілу. Ну а нашы паездкі ў лес — чакаеш іх, як свята. Пасля лесу дамоў прыходзіш, як з царквы, нейкае прасвятленне на душы, лёгка і прыемна. Так што наш «Дзевясіл» — крыніца бадзёрасці, добрага настрою, здароўя.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як спалучыць збор лекавых траў і экалагічна чысты адпачынак
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика