Ці стане Залессе турыстычным цэнтрам Смаргоншчыны?
15.12.2013
—
Новости Общества
|
Брэнд Залесся – сядзіба Агінскага. Фота Liseykin@mail.ru. Вёска Залессе – у 12 кіламетрах ад Смаргоні. Сёння тут амаль тысяча жыхароў, якія змагаюцца, каб вёска не толькі жыла, але і квітнела.Робячы стаўку на сядзібу Агінскага, моладзь едзе вучыцца турызму і спадзяецца, што ім будзе куды вярнуцца працаваць. Зараз сядзіба на рэстаўрацыі, ужо ў наступнымяна можа запрацаваць. – Калі мы хочам, каб жыхары і іх дзеці заставаліся тут, мы павінны думаць пра заўтра і паслязаўтра, – тлумачыць сябра ініцыятыўнай групы па ўстойлівым развіцці Залесся Галіна Мацюшэнка. Саму стратэгію развіцця вёскі пачалі распрацоўваць яшчэ пяць гадоў таму. І з году ў год Залессе паступова мяняе сваё аблічча. Сёлета пабудавалі дзве дзіцячыя пляцоўкі, дзе не толькі турнікі, але і клумбы, маладыя дрэвы, высаджаныя жыхарамі падчас адмыслова праведзеных акцый. Адкуль грошы Грошы на пабудову ідуць з мясцовых арганізацый і прадпрымальнікаў, а таксама з міжнародных праектаў. Ужо падрыхтавалі заяву ў праект агенцтва ЗША па міжнародным развіцці “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”. Яго спансуе прадстаўніцтва ААН для стварэння на Смаргоншчыне турыстычнага цэнтра “Паўночныя Афіны”, куды ўваходзіць і Залессе. Яшчэ дзве заявы падрыхтаваныя на конкурс па фінансаванні грамадскіх ініцыятыў “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”. Таксама падрыхтавалі партнёрскі праект на конкурс Еўрапейскай камісіі па развіцці турызму на Смаргоншчыне. Сёлета ў лістападзе на сельскім дзелавым форуме “Сельскія рэгіёны – магчымасці для развіцця бізнесу і творчай ініцыятывы маладых” прадставілі першую ў краіне грамадскую справаздачу аб прагрэсе развіцця. Брэнд Залесся – сядзіба Агінскага Залессе – не проста вёсачка на ўскрайку. Тут штогод ладзіцца фальклорны фестываль “Залессе збірае сяброў”, святкуюць, згодна з традыцыямі, “Купалле” ды “Масленіцу”. І ёсць дзе. Сёлета якраз валанцёрскі атрад клубаў ЮНЕСКА ў другі раз чысціў рэчышча ракі Драй. У Залескім Доме культуры ёсць народны тэатр “Батлейка”. Жыхары плануюць праводзіць тут фестываль лялечнікаў. – Аднак брэндам Залесся павінна стаць сядзіба Агінскага, – робіць акцэнт Галіна Мацюшэнка. – Ужо сёлета прыехала шэсць тысяч турыстаў. Пасля яе рэстаўрацыі ім яшчэ будзе дзе пераначаваць, бо ўнутры пабудуюць шэсць гасцінічных нумароў. Лічба такая вымалёўваецца дзякуючы праезджым турыстам, якія, напрыклад, едуць глядзець Смаргонь і па дарозе заязджаюць да нас. Развіваць безбар’ерны аграэкатурызм Акрамя гасцінічных нумароў, у Залессі зможа прымаць гасцей і аграсядзіба. Яна ўжо пабудаваная, але гасцей не прымае. У планах яе гаспадароў, мясцовай сям’і Ліс, заняцца не проста аграэкатурызмам, але і развіваць безбар’ерны турызм. Каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі без прашкод тут адпачываць. – Акрамя сядзібы Агінскага, тут ёсць Вілія, возера, побач лес, – тлумачыць, чым гэты край прывабны для турыстаў, Дар’я Ліс. – У нас працуе дом рамёстваў, дзе ладзяць майстар-класы па цікавых традыцыйных рэчах: саломцы, вышыванні, ткацтву. Тут спадчына Першай і Другой сусветных войнаў. Дар’я – інвалід. Пытанне безбар’ернага асяроддзя для яе прынцыповае. – У мяне ўжо ёсць пэўны досвед у пошуку месцаў для адпачынку, – кажа яна. – У Парыжы, Гданьску, Сопаце і Паланзе. Паўсюль свае плюсы і мінусы. Найбольш мінусаў у Беларусі. Возьмем Польшчу. Пару дзён жыла там у аграсядзібе ў Белавежскай пушчы. Нават у люты мароз не было ніякіх праблем з перамяшчэннем па тэрыторыі дома, двара. Дзе знайсці такое месца ў нас? Настасся РОЎДА. Фота забяспечана Дар'яй ЛІС. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска Залессе – у 12 кіламетрах ад Смаргоні. Сёння тут амаль тысяча жыхароў, якія змагаюцца, каб вёска не толькі жыла, але і квітнела.
|
|