Наперад у мінулае. Як выглядала бы экскурсія па Віцебску ў 1929 годзе
09.02.2016 15:24
—
Новости Общества
|
Мікалай Каспяровіч — вядомы беларускі краязнаўца і навуковец — на старонках часопіса «Наш край» у 1929 годзе расказаў пра распрацаваныя ім экскурсійныя маршруты па Мінску. З імі чытачы TUT.BY могуць азнаёміцца TUT.BY запрашае ў экскурсію па вуліцах старажытнага Віцебска. Маршрут пройдзе праз увесь гістарычны цэнтр і пакажа горад такім, якім ён быў 1929 годзе. Мова і арфаграфія тэкста Мікалая Каспяровіча захаваныя. З вакзалу па вузенькай Вакзальнай вуліцы, пакідаючы па бакох былыя вуліцы цэхавых організацый XVI-XVII стагодзьдзя, … …экскурсант выходзіць на мост цераз Дзьвіну — галоўную артэрыю гораду. На другім беразе пачынаецца тэрыторыя былога Верхняга замку, на якой, зьвярнуўшы налева з Вакзальнай на Пушкінскую, трэба аглядзець панчошную фабрыку, якая працуе ў складзе 8 аддзяленьняў. Насупраць — Беларускі пэдагогічны інстытут, на дварэ якога яшчэ захаваліся невялічкія рэшткі замкавай горкі, з якой усё-ж можна аглядаць тэрыторыю былога Верхняга замку. Адсюль, міма старэнькага доміку з мэморыяльнаю дошкаю аб яго значэньні ў справе гісторыі профруху Віцебшчыны, цераз мосьцік на Віцьбе, каля шчаціннай фабрыкі… …па самым беразе Дзьвіны — былой сьцяне Ўзгорскага замку XVII стагодзьдзя, экскурсант падымаецца на так званую Ўсьпенскую горку з прыгожым будынкам Усьпенскага сабору на ёй, будаванага італьлянцам Фонтані. З горкі відаць уся зарэчная частка Віцебску… …з Ільлінскаю каменнаю царквою, што паўтарае формы драўлянага будаўніцтва беларускага доілідзтва XVI-XVII стагодзьдзя, направа… … і з адзінаю тутака дзьвёхвежаваю базылікальнаю Петрапаўлаўскаю царквою бяз купалу налева. З горкі па вул. Крылова выходзіш на вул. Валадарскага (цяпер вуліца Суворава — У.С.) і, зьвярнуўшы налева, спатыкаеш на рагу Беларускі мастацкі тэхнікум, дзе варта азнаёміцца з падрыхтоўкаю маладых беларускіх мастакоў і некаторымі дасягненьнямі сучаснага беларускага мастацтва. Некалькі крокаў назад, на вул. Валадарскага знаходзяцца з аднаго боку будынак Культурна-гістарычнага музэю пад вежаю былой ратушы і з другога боку, крышку наперад — прыгажэйшы ва ўсходняй Беларусі будынак Рынкава-васкрасенскай царквы пабудовы віцебляніна Смыка XVIІI веку. Насупраць яе, але ўжо на вул. Леніна, у якую ўліваецца вул. Валадарскага, — зусім супроцьлеглага характару магутны важкі будынак касьцёлу Антона таго-ж часу. Аглядзеушы музэй, экскурсант па вул. Леніна знаёміцца з надзвычайна цікавым, адным з рэдкіх у СССР, Вэтэрынарна-зоолёгічным музэем. Далей адсюль зьвярнуўшы на першых ростанках налева па Савецкай вул., на першым рагу — вялізны жылы будынак пабудовы 1928 году,… …а на другім — садзік з вельмі прыгожай колёнай — помнікам 1812 г. Насупраць помніка з левага боку стаіць цікавы будынак Акрвыканкому (акруговага выканаўчага камітэту — У.С.) — былы губарнатарскі палац. Нацешыўшыся яшчэ раз новымі зарэчнымі краявідамі ўжо з гэтага месца берагу Дзьвіны,… …экскурсант варочаецца назад па Савецкай. Ад вул. Валадарскага направа, цераз Смаленскі базар можа азнаёміцца з вельмі цікавымі праявамі ўсходня-беларускага быту, каля сваеасаблівага тэатру на гэтым плацу, па вул. Вароўскага экскурсант прыходзіць у багаты ботанічны сад. Пасьля агляду саду, па дошках цераз Віцьбу, можна прайсьці ў Дзяржауны вэтэрынарны інстытут, які зьмяшчаецца ў орыгінальным рускага стылю будынку былога сялянскага банку. У Інстытуце трэба азнаёміцца з найбагатшымі колекцыямі (14 000 відаў эўропейскіх і азіяцкіх жукоў і матылькоў і 8 000 мясцовых) Энтомолёгічнага музэю, якія пакідаюць незапомнае ўражаньне непаўторным спалучэньнем колераў гэтага мора жукоў і матылькоў. Таксама варта агледзець віварыўм, габінэты расьлінагадоўлі і эпізотолёгіі і іншыя ўстановы. Адсюль па Вэтэрынарнай вул., цераз мосьцік на Віцьбе, насустрэч наймаляўнічым краявідам гэтай часткі гораду, міма будынку касьцёла Антона выхад на вул. Леніна і па ёй налева зноў цераз мосьцік на выкручастай Віцьбе на тэрыторыю былога Дольняга замку, з сучасным Пляцам Волі на ёй — вузлом трамвайнага руху. На пляцу з аднаго боку цікавы будынак Катэдральнага сабору, значна папсаваны спробамі мясцовых біскупаў справаславіць і русіфікаваць яго, а з другога боку будынак Акрпрофсавету з помнікам К. Маркса каля яго. З пляцу па Гогалеўскай вул., цераз мосьцік на Ручаі, дзе канчаецца тэрыторыя былога Дольняга замку, экскурсант выкодзіць на высокі Магілеўскі базар, больш багаты мяшчанскім бытам, які разам з тым адчыняе новыя маляўнічыя краявіды гарыстага Віцебску. З базару — завулкам да Дзьвіны з далёкаю пэрспэктываю абрамаванаю драўлянымі домікамі. Направа на Наберажнай вул. застаецца цікавы будынак сынагогі… …і экскурсант апынецца на Замкавай вул., две па левым баку стаіць вельмі рэдкі і цікавы помнік беларускай аркітэктуры ХІІ стагодзьдзя — вядомая Добравешчанская Царква на тэрыторыі былога Дольняга замку. Адсюль — пяхотам або трамваем па Вакзальнай да Канатнай вул. (у 1933 годзе перайменавана ў вуліцу Дзімітрава — У.С.) цераз Дзьвінскі мост, па якім прышлі на гэты бок. На Канатнай вул., былым асяродку канатнага цэху ў XVI-XVII стагодзьдзі, — аўтобусная станцыя, ад якой аўтобусам або пяхотам да фабрыкі «Дзьвіна». Лёнапрадзільная фабрыка «Дзьвіна» зьяўляецца адным з буйнейшых беларускіх прадпрыемстваў і разам з Высачанскаю лёнапрадзільнай фабрыкай (3 клм. ад станцыі Крынкі) апрацоўвае сырэц лёнаводных раёнаў Віцебшчыны і прымежнай РСФСР. Каля фабрыкі, у былым кляштары — надзвычайна цікавая драўланая Троіцкая царква XVIІI стагодзьдзя, уся размаляваная, якая зьяўляецца вельмі рэдкім помнікам беларускага драўлянага доілідзтва і росьпісу тае пары. Тут-жа ёсьць вялізны кнігасхоў былога Маркавага кляштару. Пасьля агляду фабрыкі і кляштару экскурсант можа накіравацца па тэй самай Канатнай вул. непасрэдна на вакзал.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маршрут пройдзе праз увесь гістарычны цэнтр і пакажа Віцебск такім, якім ён быў 1929 годзе.
|
|