«Тырла»: танцы, гутаркі і разборкі….» Як адпачывала моладзь у 60-70 гадах мінулага стагоддзя (Маларыцкі раён). 21.by

«Тырла»: танцы, гутаркі і разборкі….» Як адпачывала моладзь у 60-70 гадах мінулага стагоддзя (Маларыцкі раён)

23.09.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У вёсцы  Арэ­хава ў гады майго дзяцінства і пазней (напрыканцы шасцідзясятых – пачатку сямідзясятых  гадоў мінулага стагоддзя) «тырлай» называліся местачковыя танцы, якія цёплымі летнімі вечарамі ладзіла моладзь у двары суседкі цёткі Тані. Хто першы прапанаваў іх ар­ганізаваць, не ведаю. Толькі “тырла” ў той час карысталася вялікай папулярнасцю ў вясковых юнакоў і дзяўчат, бо ісці ў клуб з аднаго канца вёскі ў другі было далекавата, ды і працаваў ён па раскладзе, а тут моладзь магла бавіць час значна даўжэй. Тым больш, што ў нас і свой гарманіст-самавучка быў: брат маёй тагачаснай сяброўкі Светы – Коля Карабейка.  Пазней на гармоніку навучылася  іграць  Ніна Барысюк. І тады яны ігралі  на танцах папераменна.


Фото носит иллюстративный характер

…Завулак,  які вёў у двор  цёткі Тані, быў шырокі, з цяністымі слівамі паабапал. Уздоўж  яго стаялі самаробныя лаўкі. І жанчына, у сям’і якой гадавалася 8 хлопцаў і адна дзяўчына, не пярэчыла моладзі ў наладжванні  танцаў, хоць музыка і гоман сціхалі ў двары  часам далёка за поўнач і, вядома ж, перашкаджалі гаспадарам адпачываць. Больш таго, цётка Таня і сама пасля напружанага працоўнага дня  магла пасядзець на лаўцы ды яшчэ і суседак запрасіць на гэтыя вячэрнія пасядзелкі. Яны,  вядома ж, не танцавалі, затое маглі паназіраць за паводзінамі сваіх дзяцей, што апошнім не надта падабалася. Але матулі звычайна  доўга не заседжваліся.

Ну а нам, дзецям, на «тырле» было цікава ўсё, хоць старэйшыя хлопцы і дзяўчаты часта “га­нялі” нас адтуль.  Мы ж насуперак усяму і ўсім вучыліся тут танцаваць полечку і кракавяк, часам  перашкаджаючы дарослым парам, так недарэчы аказваючыся ў іх “пад нагамі”. І народныя песні, якія так хораша і зладжана  спявалі ў час перакураў  гарманіста Ніна Луцык,Марыя Барысюк, Надзея Карабейка, Ліда Капанька, Ніна Барысюк, Ліда Бярчук і іншыя мясцовыя спявачкі, завучвалі на памяць. А  колькі частушак яны ведалі!.. Калі Коля  пачынаў іграць знаёмыя акорды, яны сыпаліся з вуснаў дзяўчат нібы з рога дастатку.  Пра каханне, здраду, а часам высмейвалі і людскія парокі. Зараз і палову не прыпомніць. Хоць на час сталення ў памяці іх было каля сотні.

Ды толькі  самым ціка­вым для нас, падлеткаў,  было не круціцца  пад нагамі ў хлопцаў і дзяў­чат  падчас танцаў, а пад­глядваць за тым,  хто каго дахаты пойдзе праводзіць. А назаўтра раніцай  “падколваць” іх, маўляў, ведаем-ведаем, хто з кім сустракаецца. Зараз і самім смешна з гэтага,  але такія мы былі. І нічога дрэннага ў сваіх учынках  не бачылі. Так мы  вучыліся жыццю.   

А яшчэ на “тырле” здараліся “разборкі” па­між мясцовымі хлоп­цамі і чужакамі. Асабліва, калі на  танцы наведваліся прыезджыя. У верасні на ўборку бульбы  ў калгас  звычайна прыязджалі навучэнцы Маларыцкага СПТВ-11, так тады называўся сённяшні лі­цэй, і, як правіла, кам­паніяй яны прыходзілі на вясковае гульбішча. І крый Божа каму з іх было “пакласці вока” на мяс­цовую дзяўчыну. Тады ў ход ішлі  не толькі кулакі, але і штыкеціны з агароджаў.  Магчыма, камусьці гэта здасца  дзікасцю, але якому ж хлопцу спадабаецца,  калі да яго дзяўчыны заляцаецца нехта іншы?.. Да вялікіх боек, праўда, не даходзіла, таму пацярпелыя ў высвятленні адносін,  як правіла,  абы­ходзіліся сінякамі.

Той час праляцеў так хутка, што мы і не заўважылі, як самі ўжо  сталі наладжваць “тыр­ла”.  Старэйшыя дзяўчаты  павыходзілі замуж ці падаліся ў горад на вучобу і работу. А  гарманіст Коля Карабейка (даўно ўжо нябожчык) пайшоў  у армію.  І тут аказалася, што не так гэта проста зрабіць.  Асабліва, калі няма свайго музыкі. Нягледзячы на тое,  што ў некаторых  з нас дома  ўжо  меліся прайгравальнікі з пласцінкамі тагачасных  выканаўцаў эстрадных песень, гэта  было  зусім не тое. Ды і вывесці гэтую музыку ў двор цёткі Тані не заўсёды атрымлівалася. Тады запрашалі, а іншым ра­зам і ўгаворвалі пры­ехаць пайграць на “тырле” майго стрыечнага брата Ваню Амелянчука з суседняй вёскі Дрочава – таксама гарманіста-самавучку. Аднак у яго не  заўсёды атрымлівалася.  Ды і каму хочацца, гле­дзячы на ноч, дабірацца за 8 кіламетраў, каб увесь  вечар прасядзець з гармонікам у руках?..         

А пасля і мы раз’еха­ліся. Хто на вучобу ці ра­­боту, хлопцы – у армію. Ведаю, што пасля нас наладжваць “тырла” спрабавалі нашы паслядоўнікі. Праўда,  ужо не ў двары суседкі  і не з гармонікам. Маладзейшыя хлопцы і дзяўчаты ладзілі танцы на лясной палянцы, дзе моладзь у выхадныя іншым разам гуляла ў валейбол. Лес у нас пачынаецца адразу за апошнімі хатамі вёскі, і яны з дапамогай праводкі падключалі тут магнітафон. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Тым больш,  не наша. Распавядаць пра той  “тырлаўскі” перыяд не буду,  бо,  шчыра кажучы, так і не пабывала на тых танцах ні разу.

Што ж  тычыцца нас, дык мы з сяброўкамі,  якія даўно ўжо сталі бабулямі, часта ўспамінаем той не­забыўны час дзяцінства і юнацтва, цёплыя  летнія вечары, матуль, якіх ужо даўно няма. Іншым ра­зам, седзячы вечарам на лаўцы ў двары,  і песню заспяваем. Ды толькі ўжо з іншага рэпертуару. І цёткі Тані даўно няма. А хата яе стаіць пустая. Слівы,  пад якімі ладзілася “тырла”, выкарчаваны, і ў двары цяпер летнімі вечарамі стаіць сумная цішыня. Нават не верыцца, што амаль паўвеку таму, тут было шумна і весела. Што ад танцаў пыл у двары стаяў такі, быццам па ім прайшоў статак кароў.  Мы дагэтуль не ведаем, хто даў ім  назву “тырла”,  але яна і сапраўды аказалася да месца. Вельмі трапнай і незабыўнай засталася яна для тых, хто быў ініцыятарам танцаў і іх непасрэдным удзельнікам…

Надзея ЯЦУРА. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы  Арэ­хава ў гады майго дзяцінства і пазней (напрыканцы шасцідзясятых – пачатку сямідзясятых  гадоў мінулага стагоддзя) «тырлай» называліся...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика