170 лет истории Свислочской школы
12.12.2018
—
Новости Общества
|
«Школа святкуе» — 20 гадоў таму пад такой назвай у “раёнцы” быў апублікаваны цэлы цыкл матэрыялаў аўтарства тагачаснага кіраўніка краязнаўчага гуртка Iрыны Цімошчанка, прысвечаных 150-годдзю Свіслацкай сярэдняй школы. Сёння з нагоды чарговай круглай даты ўспамінаем асноўныя даты гісторыі навучальнай установы. Часам заснавання трэба лічыць 1848 год, калі землеўладальнік пан Незабытоўскі на ўласныя грошы стварыў малое народнае вучылішча, дзе працавала 2 настаўнікі і атрымлівала веды 10 дзяцей. Праз 2 гады яго рэфармавалі ў аднакласную прыходскую школу, і асноўнай задачай стала выхаванне ў праваслаўнай веры. Аднак у 1862 годзе вярнуўся былы статус. Мовай навучання стала руская, з’явілася класна-паўрочная сістэма. Адзіным храмам ведаў вучылішча было нядоўга: па ініцыятыве яўрэйскай часткі насельніцтва вёскі адчынілася яўрэйская школа. Паступова вучняў большала. Прыватныя хаты ўжо не маглі змясціць усіх жадаючых, і земства пабудавала асобны дом у чатыры аддзяленні. Заняткі там пачаліся ў 1899 годзе. Яшчэ адно абнаўленне адбылося ў 1908 годзе: свіслачане ўласнымі сіламі ўзвялі новае збудаванне. Колькасць вучняў павялічылася, з’явіліся старшыя класы. Трэба сказаць, парадкі ў той час былі строгія. За дрэнныя паводзіны, спазненне, нявыкананае хатняе заданне каралі лінейкай альбо ставілі ў кут. Да вінаватага вучня падыходзіў настаўнік і камандаваў: “Лапу!” Школьнік павінен працягнуць левую руку далонню ўверх, каб атрымаць даволі моцны ўдар. Часцей білі падлеткаў 3-4 гадоў навучання, меншых цягалі за вушы і валасы. У вугал ставілі на калені, часта на грэцкія крупы ці жарству — дробна патоўчаны камень. Вышэйшая мера пакарання — выключэнне са школы. З 1915 года ў Свіслачы зноўку паралельна працавалі гімназія і пачатковыя класы, а ў 1917 годзе ўстанова стала Вышэйшым пачатковым вучылішчам, куды прымалі па экзамене. Праз 3 гады пераўтварылася ў школу 2 ступені — яе заканчэнне давала права на паступленне ў ВНУ. З 1922 года стала сямігодкай. У 1923 годзе школу скончылі 25 вучняў не толькі са Свіслачы і Свіслацкай воласці, але і вёсак Iгуменскага і Бабруйскага паветаў. Такім чынам, радыус ахопу быў амаль роўны сучаснаму Асіповіцкаму раёну. Напачатку 30-х гадоў у краіне ўводзіцца абавязковае пачатковае навучанне. Прыйшлі новыя дзеці, у тым ліку выхаванцы адкрытага ў 1935 годзе дзіцячага дома. Каб змясціць усіх, у 1940-м да асноўнага будынка сямігодкі прыбудоўваецца 6 класных пакояў. Падчас вайны школа працягвала працаваць. Пасля была адноўлена як сямігадовая, а ў 1954-м стала сярэдняй. Сучасны будынак эксплуатуецца з 1971 года. У той час калектывам кіраваў Аляксандр Ануфрыевіч Цімошчанка. Самаадданасць справе і талент кіраўніка дапамаглі школе “загучаць” на мностве мерапрыемстваў. З таго часу змянілася 5 дырэктараў, зараз установу ўзначальвае Антаніна Віктараўна Фралова. Свіслацкая школа адкрыла шлях у будучыню мноству выпускнікоў. Сярод іх — браты Кернажыцкія: старэйшы Аляксандр цяпер працуе намеснікам начальніка Дэпартамента фінансаў і бюджэтнай палітыкі Пастаяннага Ка-мітэта Саюзнай дзяржавы, Уладзімір — ваенны, прайшоў Афганістан, жыве ў Маскве, Валянцін — кіраўнік спраў Адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы, малодшы Мікалай — дыпламат, працуе ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Пачынаючы з 2000 года выпускнікамі сталі больш за 200 вучняў. Каля 80 чалавек атрымалі педагагічную адукацыю, трое — Уладзімір Сакаў, Ганна Пінчук, Кацярына Цімафеева — вярнуліся ў родныя сцены. — Школа сёння — гэта 28 настаўнікаў і 82 вучні, — паведамляе Антаніна Віктараўна. — У нас створана спрыяльнае асяроддзе для фарміравання і развіцця асобы. Дадзены факт пацвярджаюць перамогі ў розных конкурсах, алімпіядах і спаборніцтвах, высокі ўзровень даследчай работы, да якой далучаюць з першага класа. У сёлетнім раённым спаборніцтве ў намінацыі “Дзіцячая творчасць” па выніках 9 месяцаў занялі 4 месца. Невялікая колькасць вучняў дазваляе педагогам выкарыстоўваюць асобасна-арыентаваны падыход у навучанні, разнастайныя прыёмы і метады для забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу. Таксама існуюць умовы для падтрымкі здольных і адораных дзяцей, іх самарэалізацыі, развіцця. Асобая ўвага надаецца развіццю школьнага краязнаўчага музея, створанага ў 1998 годзе дзякуючы намаганням Аляксандра і Iрыны Цімошчанкаў. Сённяшні кіраўнік музея настаўнік гісторыі Аляксей Цвыр таксама можа шмат чаго паведаць аб жыцці вёскі ў розныя гістарычныя перыяды. Шляхам інтэграцыі сучасных тэхналогій Аляксей Сяргеевіч імкнецца далучыць хлопчыкаў і дзяўчынак да багатай гістарычнай спадчыны малой радзімы, стварае відэаролікі аб знакамітых людзях нашай мясцовасці.
Замест эпілога Бацькі не ведалі, як знайсці для сына лепшую школу. I яны даручылі гэтую справу старэйшаму ў сям’і. Убачыўшы якую-небудзь школу, дзядуля заходзіў у двор і чакаў перапынку, каб пагаварыць з вучнямі. Але, згледзеўшы старога ў старамоднай вопратцы, дзеці пачыналі скакаць вакол яго і строіць грымасы. — Які смешны стары, — крычалі адны. — Гэй, маленькі таўстун, — крычалі іншыя. У школе былі і другія дзеці, якія бегалі і весяліліся, не звяртаючы ўвагі на дзіўнага госця, які спрабаваў распытаць іх пра ўрокі і настаўнікаў. Дзядуля паварочваўся і моўчкі сыходзіў. Нарэшце ён увайшоў у дворык маленькай школы і стомлена прыхінуўся да агароджы. Зазвінеў званок, і дзеці высыпалі на двор. — Добры дзень, дзядуля! Можа, Вам прынесці вады? — пачуліся галасы з аднаго боку. — У нашым двары ёсць лаўка, хочаце сесці і адпачыць? — прапанавалі з другога. — Можа, Вам паклікаць настаўніка? — спыталі дзеці і, убачыўшы ківок, пабеглі ў школу. Калі выйшаў настаўнік, дзядуля павітаўся і сказаў: — Я нарэшце знайшоў лепшую школу для майго ўнука. — Вы памыляецеся, наша школа нічым не адрозніваецца ад іншых. Толькі маленькая і цесная… Вечарам мама хлопчыка спытала дзеда: — Бацька, Вы ўпэўнены, што не памыліліся з выбарам школы? Чаму думаеце, што знайшлі лепшую? — Па вучням спазнаюць настаўнікаў, — адказаў стары. Выкарыстана інфармацыя з архіва Свіслацкай СШ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Школа святкуе» — 20 гадоў таму пад такой назвай у “раёнцы” быў апублікаваны цэлы цыкл матэрыялаў аўтарства тагачаснага кіраўніка краязнаўчага гуртка Iрыны...
|
|