Другая маладосць "Дынама"
10.10.2012
—
Новости Спорта
|
Юрый Крывадубскі, дырэктар стадыёна "Дынама", распавёў "Звяздзе" пра новае жыццё старэйшай арэны сталіцы Калі балельшчыкі пачулі навіну пра рэканструкцыю стадыёна, напэўна, большасць з іх выдыхнула з палёгкай, узрадавалася. І сапраўды, "Дынама" сёння — арэна-пенсіянер, якой проста неабходна якасная рэканструкцыя. Натуральна, у параўнанні з еўрапейскімі стадыёнамі — гэта ўжо архаізм, што не дазваляе гледачам утульна пачувацца ў вядомай кожнаму беларусу "чашы". Аднак за гэтыя 60 гадоў стадыён стаў сімвалам горада, месцам, дзе сваіх значных перамог дасягала мінскае "Дынама", зборная Беларусі, якая 7 чэрвеня 1995 года тут перамагла непаўторных галандцаў. Усё гэта — славутыя старонкі нашай гісторыі, яны неадрыўна звязаны са стадыёнам. Менавіта таму ў нас і ўзніклі пытанні наконт рэканструкцыі. Як будзе выглядаць абноўленая арэна? Колькі яна здолее змясціць гледачоў? І ці будзе зменены фасад? Пра гэта і іншае распавёў галоўны чалавек стадыёна Юрый Крывадубскі (на фота) . З Юрыем Уладзіміравічам мы сустрэліся акурат напярэдадні добра вядомай усім гульні паміж БАТЭ і "Баварыяй". Арэна літаральна хавалася пад промнямі асенняга сонца, трыбуны "апраналі" ў рэкламную вопратку, а супрацоўнікі прыбіралі смецце перад важным матчам. Спортаб'ект жыў сапраўдным жыццём, але, як адзначыў Юрый Крывадубскі, відаць, што стадыён маральна і фізічна састарэў. Што казаць, калі арэну, якую аднавілі пасля вайны ў 1954-м, сур’ёзна рэканструявалі незадоўга да Алімпіяды ў Маскве, а апошні касметычны рамонт адбыўся напрыканцы 90-х. — Рэканструкцыя вялікай арэны звязана з праектам венгерскай кампаніі "Grаbорlаn", якая перамагла ў адмысловым конкурсе, — кажа Юрый Уладзіміравіч. — Зараз вядуцца перамовы па фінансаванні. Тэрмін рэалізацыі праекта — каля 2,5 года. Будаўніцтва абыдзецца прыкладна ў 145 мільёнаў еўра. — Многіх цікавіць пытанне, наколькі зменіцца пасля рэканструкцыі архітэктурны выгляд стадыёна? — Плануюць знесці казырок. Паводле сучасных правілаў Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый, неабходна, каб не менш як 70 працэнтаў месцаў знаходзілася пад навесам. Аднак мы хочам, каб пад навесам было 80 працэнтаў месцаў. Цяпер арэна мае выгляд класічнага алімпійскага стадыёна, але пасля ён будзе толькі футбольным. І зараз нельга сумяшчаць футбольныя матчы з буйнымі лёгкаатлетычнымі спаборніцтвамі. Справа ў тым, што паліў і падагрэў знаходзяцца не вельмі глыбока, і спаборніцтвы па кіданні молата, кап'я праводзіць небяспечна. Таму тут плануюць пабудаваць нацыянальны футбольны стадыён. Ён будзе абсталяваны сучасным асвятленнем, гукам. Таксама будзе прадугледжана магчымасць накрываць газон спецыяльным пакрыццём, якое мінімалізуе траўмы поля. Мяркуецца, што стадыён будзе разлічаны на 41 тысячу гледачоў. — А ці ёсць ужо на руках праект стадыёна? — Ён пакуль абмяркоўваецца. Але канцэптуальна атрымліваецца "чаша". Уваходная арка з'яўляецца помнікам архітэктуры. Неабходна яе захаваць. Гэта адзін з асноўных нашых аспектаў. Галоўнае патрабаванне да стадыёна ў тым, каб ён быў 4-й катэгорыі УЕФА, прайшоў сертыфікацыю. "Адна лямпа для мачты асвятлення каштуе 1,5 мільёна рублёў" — Падтрыбунныя памяшканні і зараз захоўваюць дух 1950-х гадоў. Але час дыктуе новыя патрабаванні. Першым чынам па бяспецы, камфорце. Гэтыя патрабаванні пры сённяшніх умовах мы не можам выканаць з-за зношанасці. Напрыклад, табло, якое нам пастаўлялі венгры яшчэ у 1979-м, сістэма электразабеспячэння выпрацавалі больш чым 2 тэрміны. Мачты асвятлення вельмі энергаёмістыя. Для іх нават не выпускаюць камплектуючыя. Выпрацаваліся ўсе гарантыйныя тэрміны. І зараз адна лямпа каштуе 1,5 мільёна рублёў. А новае асвятленне на стадыёне будзе без мачтаў — размесціцца па перыметры "казырка". Спадзяюся, наш стадыён будзе сучасным і ўтульным для гледачоў. — Напэўна, пры рэканструкцыі панясе змены і падкладка поля. — Так. УЕФА патрабуе абсталяваць поле сучаснай сістэмай дрэнажу для таго, каб ён лёгка пераносіў інтэнсіўныя ападкі. Зараз наш стадыён іх баіцца. І неабходны час, каб стан нармалізаваўся. — А якія будуць адметнасці ў стадыёна? — Галоўнае — гэта сучасны стадыён. У архітэктурным плане павінна быць і пазнавальнасць, і ўнікальнасць. Безумоўна, будзе электронная сістэма кантролю білетаў. У кожным сектары запланавалі месцы для агульнага харчавання і санітарныя зоны. Для суддзяў, футбалістаў, прэсы будзе асобны блок памяшканняў. Мяркую, выходзіць на поле футбалісты будуць з цэнтральнай часткі заходняй трыбуны. Хочацца захаваць пэўныя элементы, сувязь між сённяшнім стадыёнам і новым. Адзін з варыянтаў у гэтым кірунку — захаванне арачніка, барэльефаў класічных відаў спорту на фасадзе і нязменнай літару "Д", сімвала "Дынама". "Продкаў трэба шанаваць" — Чуў, што раней на месцы стадыёна "Дынама" знаходзіліся яўрэйскія могілкі. Ці магчыма стварыць на гэтым месцы адмысловы лапідарый? — Гэтыя могілкі закрылі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Яны знаходзіліся крыху далей ад "чашы". Дарэчы, гарадок БДУ таксама месціцца на старадаўніх яўрэйскіх могілках. Гэты раён быў даволі густа заселены яўрэйскім насельніцтвам. Для таго, каб усталяваць знак, існуе спецыяльная працэдура. Трэба, каб спецыялісты вызначылі межы могілак. З цягам часу дасягнуць гэтага цяжка, але зрабіць падобнае было б нядрэнна. Трэба помніць сваіх продкаў. — А як вы ставіцеся да ідэі захаваць "Дынама" ў выглядзе помніка архітэктуры і стварыць новы стадыён, напрыклад, на мінскім "Трактары". — Як правіла, новыя стадыёны ў Еўропе будуюць на ўскрайку. УЕФА прапаноўвае ствараць на вольных пляцоўках. Будаўніцтва ў цэнтры Мінска накладвае шмат абмежаванняў па інжынерных сетках, паркоўках. Таму і стадыён "Трактар" не ідэальна падыходзіў пад гэтую схему. Мяркую, вялікія стадыёны ў Беларусі незапатрабаваныя. Мы не Германія і Галандыя, дзе стадыёны запаўняюцца балельшчыкамі больш чым на 90 працэнтаў. Падобным пахваліцца мы не можам. Беларусі неабходны невялікія, кампактныя арэны на 5 тысяч гледачоў, а ў абласных цэнтрах — на 10-15. Яны будуць утульнымі і больш запатрабаванымі. Запоўніць 40-тысячны стадыён мы зможам, магчыма, раз на год. Тым больш, калі БАТЭ будзе прымаць сваіх сапернікаў у еўракубках на ўласным стадыёне. Летась на Францыю прыйшло 25 тысяч чалавек, на Боснію і Герцагавіну крыху больш 20 тысяч заўзятараў пры тым, што мы маглі змясціць 31 тысячу наведвальнікаў. — Як разумею, стадыён закрыюць на рэканструкцыю 1 снежня. — Падобны тэрмін вызначыў Мінгарвыканкам, уладальнік стадыёна. — Аднак пры гэтым не падумалі пра перспектывы БАТЭ ў еўракубках... — Гутарка пра гэта вялася. Зачыніць збіраліся і раней. Задача рэканструяваць стадыён стаіць ужо даўно. Аднак кіраўніцтва пайшло насустрач зборнай Беларусі, БАТЭ. Безумоўна, аптымальны варыянт, калі будзе арэна, якая здолее замяніць "Дынама". Бо з закрыццём стадыёна ўзнікае пытанне, дзе гуляць зборнай і БАТЭ. Ці здолеюць пры выхадзе БАТЭ далей у еўракубках адкласці тэрмін рэканструкцыі? Тэарэтычна. Але гэтае пытанне не ў кампетэнцыі дырэктара стадыёна. Калі прымуць падобнае рашэнне, будзем рыхтаваць стадыён. Тарас ШЧЫРЫ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юрый Крывадубскі, дырэктар стадыёна "Дынама", распавёў "Звяздзе" пра новае жыццё старэйшай арэны сталіцы Калі балельшчыкі пачулі навіну пра...
|
|