21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Леанiд Крупец, першы намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкама:

25.08.2009 21:33 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Зробiм усё магчымае»

У многiх галiнах народнай гаспадаркi апошнiм часам адбываюцца пазiтыўныя змяненнi. За кошт росту даходаў прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомiкi з’яўляецца магчымасць усё больш сродкаў накiроўваць на развiццё сацыяльнай сферы. Гэтыя ўкладаннi стабiльна павялiчваюцца. На Мiншчыне выдаткi на «сацыялку» складаюць 65 працэнтаў абласнога бюджэту. Наколькi эфектыўна размяркоўваюцца гэтыя сродкi, як вырашаюцца ў рэгiёне важнейшыя пытаннi сацыяльнай палiтыкi? На пытаннi карэспандэнта «Звязды» адказвае першы намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкама Леанiд КРУПЕЦ.




На зарплату купляем больш

— Леанiд Фёдаравiч, летась сярэднi заробак на Мiншчыне дасягнуў 254 долараў. Сёлета ён павiнен скласцi 300 долараў у эквiваленце. За кошт чаго?

— Рост грашовых даходаў, павелiчэнне дабрабыту — адзiн з асноўных прыярытэтаў. Заробкi не павялiчваюцца «штучна», iх павышэнне адбываецца ў вынiку дынамiчнага развiцця эканомiкi. Да канца 2006 года сярэднi заробак на Мiншчыне павiнен скласцi 300 долараў, такога ўзроўню аплаты працы рэальна дасягнуць. Распрацаваны канкрэтныя мерапрыемствы па павышэнню заробкаў. Гэта адбудзецца за кошт росту вытворчых паказчыкаў прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомiкi. Прадугледжваецца, што сёлета аб’ём вытворчасцi прамысловай прадукцыi павялiчыцца на 8,5 працэнта, сельскагаспадарчай — на 9, спажывецкiх тавараў — на 8,5. Варта ўзгадаць, што ў вобласцi праводзiцца актыўная работа па паляпшэнню эканамiчнага i фiнансавага стану арганiзацый, выхаду iх на рэнтабельную работу. Зараз перад кожным прадпрыемствам Мiншчыны ставiцца задача — рост заробкаў павiнен адбывацца за кошт павышэння прадукцыйнасцi працы i эфектыўнасцi гаспадарання, пашырэння сферы прымянення i паляпшэння якасцi нармавання, выкарыстання больш гiбкiх формаў аплаты. Як бачыце, пытаннi вырашаюцца комплексна, таму неабходны ўзровень будзе дасягнуты. Аднак не гэта галоўнае. Самае важнае тое, што апошнiм часам значна ўзрасла пакупнiцкая здольнасць зарплаты. Адбылося рэальнае паляпшэнне дабрабыту, людзi гэта адчулi. Адпаведна, у iх з’явiўся стымул для больш эфектыўнай працы, паколькi кожны зразумеў, што гэта — магчымасць для далейшага росту ўласных даходаў.

— Не менш важная задача — стварэнне належных умоў для жыцця людзей. Нездарма вялiкая ўвага надаецца ўкараненню сiстэмы сацыяльных стандартаў. Як праходзiць гэты працэс у рэгiёне?

— Першы этап развiцця сiстэмы сацыяльных стандартаў на Мiншчыне паспяхова выкананы. Чаму першы? Таму што дасягненне ўзроўню дзяржаўных нарматываў — гэта толькi пачатак складанай i адказнай работы. Трэба дабiвацца таго, каб сацыяльныя стандарты не толькi паўсюдна выконвалiся, а i выходзiлi на больш высокi ўзровень, неабходна развiваць гэтую сiстэму, крочыць у нагу з часам. Паверце, гэта цяжкi шлях, але мы зробiм усё магчымае для павышэння дабрабыту i якаснага паляпшэння жыцця людзей.

Змяншаецца беспрацоўе

— Леанiд Фёдаравiч, узровень беспрацоўя на Мiншчыне адзiн з самых нiзкiх у краiне. Разам з тым, ёсць пэўныя «праблемныя» рэгiёны (Слуцкi, Салiгорскi, Мядзельскi). Якiм чынам тут плануецца вырашаць пытанне занятасцi?

— Напрыканцы мiнулага года колькасць беспрацоўных, якiя стаялi на ўлiку ў цэнтрах занятасцi насельнiцтва, на Мiншчыне склала 9,5 тысячы чалавек (на 3,1 тыс. чалавек менш, чым пазалетась). На працягу 2005 года ва ўсiх рэгiёнах вобласцi адбылося змяншэнне ўзроўню беспрацоўя — з 1,95 да 1,5 працэнта.

Разам з тым, як вы правiльна адзначылi, сiтуацыя на рынку працы ў шэрагу месцаў застаецца досыць напружанай. У Салiгорску, Слуцку, Вiлейцы на адну заяўленую вакансiю прыпадае 4—5 беспрацоўных (а ў сярэднiм па вобласцi 2). Тут узровень беспрацоўя складае больш чым 2 працэнты. Пагаршаецца сiтуацыя i на рынку працы Мядзельскага раёна — так адбываецца з-за скарачэння колькасцi працоўных у курортнай зоне.

Мiнскiм аблвыканкамам, яго падведамаснымi структурамi прымаюцца меры па забеспячэнню работы аздараўленчых устаноў, якiя размешчаны на тэрыторыi Мiншчыны. Гэтае пытанне ўзнiкла з-за адсутнасцi фiнансавання з рэспублiканскага бюджэту пуцёвак для дарослага насельнiцтва, што набываюцца Рэспублiканскiм цэнтрам па аздараўленню i санаторна-курортнаму лячэнню.

Сiтуацыя, якая склалася, ставiць пад пагрозу выкананне прагнозных паказчыкаў адпаведных рэгiёнаў, далейшае функцыянаванне аздараўленчых устаноў, аднак, самае галоўнае, — пазбаўляе работы вялiкую колькасць людзей, якiя тут працуюць. Гэта ўскладнiць праблему беспрацоўя, у першую чаргу жаночага. Асаблiва востра гэтая праблема стаiць для пасёлка Нарач Мядзельскага раёна. З 2035 чалавек працаздольнага ўзросту, што жывуць у пасёлку, больш за 1,2 тыс. працуюць у здраўнiцах, а з улiкам навакольных населеных пунктаў — 1,9 тыс. чалавек. Калi гэтую праблему не вырашаць, то ўзнiкнуць сур’ёзныя наступствы, бо ўся эканомiка Мядзельскага раёна (прамысловасць, сельская гаспадарка, сфера паслуг) найперш зарыентавана на забеспячэнне i абслугоўванне санаторна-курортных арганiзацый.

Улiчваючы ўсё гэта, аблвыканкамам прынята рашэнне, якiм прапанавана райвыканкамам сумесна з арганiзацыямi, што размешчаны на тэрыторыi адпаведных раёнаў i гарадоў, галiновым прафсаюзам разгледзець пытаннi iх долевага ўдзелу ў набыццi санаторных пуцёвак для пераможцаў спаборнiцтва, лепшых работнiкаў вытворчай сферы, а таксама ўсiх працоўных, якiя маюць патрэбу ў аздараўленнi. Таксама даручана прааналiзаваць фармiраванне цэн на пуцёўкi, не дапускаць iх беспадстаўнага павелiчэння, разгледзець магчымасць змяншэння кошту ў мiжсезонны перыяд.

Прапрацоўваецца пытанне па павелiчэнню сродкаў з дзяржаўнага фонду занятасцi для рэгiёнаў, дзе чакаецца скарачэнне работнiкаў. Гэтыя грошы мяркуецца выкарыстаць на выдачу пазык i субсiдый на арганiзацыю самазанятасцi, арганiзацыю перанавучання, матэрыяльную падтрымку, дапамогу падчас пераезду жадаючых на новае месца жыхарства i работы. Адначасова аблвыканкам сумесна з зацiкаўленымi рэспублiканскiмi структурамi рыхтуе прапановы па праблемах санаторна-курортнага лячэння i аздараўлення насельнiцтва, якiя ў блiжэйшы час будуць накiраваны ва ўрад.

Прадугледжана стварэнне новых працоўных месцаў, працаўладкаванне беспрацоўных, iх прафесiйнае навучанне за кошт сродкаў дзяржаўнага фонду садзейнiчання занятасцi. Намечаны i шэраг iншых мераў. У iх лiку — пашырэнне сферы фiнансавай дапамогi суб’ектам гаспадарання па стварэнню новых працоўных месцаў. Атрымаюць шырокае распаўсюджванне такiя формы работы па садзейнiчанню ў працаўладкаваннi моладзi, як маладзёжная практыка, а таксама другасная занятасць. У значнай меры змяншэнню напружанасцi на рынках працы ў «праблемных» рэгiёнах будзе спрыяць арганiзацыя грамадскiх работ, якiя аплачваюцца. Гэта дазволiць i беспрацоўным грошы зарабiць, i аказаць дапамогу ў вырашэннi сацыяльна значных праблем. Рэалiзацыя гэтых мераў дазволiць эфектыўна вырашаць пытанне занятасцi насельнiцтва як у цэлым па вобласцi, так i ў асобных рэгiёнах.

У медыцыне — 222,4 тыс. рублёў на чалавека

— Шэраг сур’ёзных пераўтварэнняў адбываецца апошнiм часам у медыцынскай галiне. Наколькi пры гэтым улiчаны iнтарэсы жыхароў?

— Рэфармаванне сiстэмы аховы здароўя — сапраўдная патрэба часу. Актыўныя пераўтварэннi адбываюцца i ў нашым рэгiёне. На працягу мiнулага года ў Мiнскай вобласцi 19 урачэбных амбулаторый, 1 участковая бальнiца i 1 фельчарска-акушэрскi пункт былi рэарганiзаваны ў амбулаторыi агульнай урачэбнай практыкi. Зараз на вёсцы працуюць 92 такiя медыцынскiя ўстановы. Акрамя гэтага паслугi аказваюць i 58 урачэбных амбулаторый.

Працягвалася работа па стварэнню бальнiц сястрынскага догляду — іх летась было адкрыта шэсць. Пачалi працаваць i два адпаведныя аддзяленнi ў гарпасялковых бальнiцах. Па стану на пачатак гэтага года на Мiншчыне налiчвалася 17 бальнiц сястрынскага догляду на 380 ложкаў. На бягучае ўтрыманне ўстаноў аховы здароўя у сельскай мясцовасцi ў мiнулым годзе было выдаткавана каля 40 мiльярдаў рублёў. Медыцынскi сэрвiс павiнен выйсцi на новы арганiзацыйны i якасны ўзровень, зрабiць крок наперад. I мы да гэтага iмкнёмся. Пастаянна праводзiцца работа па павышэнню квалiфiкацыi i прафесiяналiзму медыцынскiх кадраў.

Укараненне сучасных медыцынскiх тэхналогiй немагчыма без абнаўлення адпаведнага абсталявання. Толькi летась на гэтыя патрэбы было выдаткавана больш чым 15,8 млрд рублёў. На аснашчэнне амбулаторый агульнай урачэбнай практыкi накiравана 680 млн рублёў (пры плане 600 млн рублёў). Для цэнтральных раённых бальнiц з мясцовых бюджэтаў для набыцця медыцынскага абсталявання было выдзелена 4,25 млрд рублёў, а таксама 200 млн рублёў — на санiтарны аўтатранспарт (адпаведна парк папоўнiўся 11 адзiнкамi гэтай спецтэхнiкi). Акрамя таго, у адпаведнасцi з рашэннем Мiнскага аблвыканкама РУП «Мiнскаблаўтатранс» перадаў 59 аўтамабiляў (на 790 млн рублёў) для аснашчэння станцый хуткай медыцынскай дапамогi i цэнтральных раённых бальнiц. Пяць адзiнак санiтарнага транспарту паступiла па лiнii гуманiтарнай дапамогi. Усяго за мiнулы год набыта i атрымана аўтатранспарту амаль на 1 млрд рублёў (пры плане 400 млн рублёў).

Адбываюцца зрухi i ў арганiзацыйным плане: у 2004 годзе адбылося аб’яднанне Барысаўскага i Маладзечанскага раённых i гарадскiх ТМА. Такi крок быў апраўданы — павысiлася даступнасць медыцынскай дапамогi ў гарадскiх лячэбна-прафiлактычных установах для жыхароў вёскi. Агульныя выдаткi сiстэмы аховы Мiнскай вобласцi за мiнулы год склалi 332,2 млрд рублёў. Адпаведна, расходы на аднаго жыхара — 222,4 тыс. рублёў.

Створана адукацыйнае асяроддзе

— А што зроблена для забеспячэння неабходнай якасцi адукацыi для вясковых дзяцей?

— У Мiнскай вобласцi створана адпаведнае адукацыйнае асяроддзе для развiцця i задавальнення iнтэлектуальных i творчых запытанняў навучэнцаў. На Мiншчыне працуюць 29 гiмназiй, гiмназiя-каледж i 7 агульнаадукацыйных лiцэяў. Адкрыта 310 лiцэйскiх класаў i груп, у якiх займаюцца больш чым 6 тыс. навучэнцаў, i 154 гiмназiчныя класы (3,1 тыс. навучэнцаў).

Пра паказчыкi якасцi адукацыi яскрава сведчаць вынiкi вучобы: летась больш чым 70 працэнтаў выпускнiкоў агульнаадукацыйных школ вобласцi паступiлi ў вышэйшыя i сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы. А ў выпускнiкоў лiцэяў больш высокi ўзровень — 84,8 працэнта. Па вынiках тэсцiравання школьнiкi атрымалi лепшыя паказчыкi па замежных i беларускай мовах, хiмii.

Паспяхова выступаюць навучэнцы Мiншчыны i на рэспублiканскiх прадметных алiмпiядах — летась яны былi ўзнагароджаны 80 дыпломамi (пазалетась — 74). Лепшых вынiкаў школьнiкi дасягнулi па iспанскай, беларускай, рускай мовах i геаграфii. Прызёрам мiжнароднай алiмпiяды па iнфарматыцы ў мiнулым годзе стаў навучэнец гiмназii №1 горада Слуцка Мiкiта Леснiкаў — ён быў узнагароджаны бронзавым медалём.

Праводзiцца аснашчэнне вясковых устаноў адукацыi сучаснай камп’ютарнай тэхнiкай i неабходным вучэбным абсталяваннем. На гэтыя патрэбы выдаткоўваюцца значныя сродкi. Напрыклад, на набыццё камп’ютараў у Мiнскай вобласцi накiравана 5,5 млрд рублёў, мэблi i абсталявання — 1,6 млрд рублёў. Такiм чынам, у вясковых школах ствараецца самая сучасная база, якая дазваляе атрымлiваць веды на належным узроўнi, не горшым, чым у горадзе. Так i павiнна быць. Стварыць спрыяльныя ўмовы для працы i для жыцця, аднолькавыя для жыхароў сельскай мясцовасцi i гараджан — менавiта на гэта i скiравана праграма адраджэння вёскi.

325 аграгарадкоў — да 2010 года

— Сацыяльную сферу на вёсцы плануецца значна аднавiць у межах аграгарадкоў. Летась гэтая работа распачалася. Што ўдалося зрабiць за гэты час, якiя планы на перспектыву?

— Да 2010 года ў Мiнскай вобласцi намечана стварыць 325 аграгарадкоў — паселiшчаў новага тыпу з вытворчай i сацыяльнай iнфраструктурай, што дазволiць наладзiць адпаведнае абслугоўванне ўсёй блiжэйшай акругi. Летась на Мiншчыне з’явiлiся першыя 22 аграгарадкi. Увогуле на будаўнiцтве, рэканструкцыi, капiтальным i бягучым рамонце на адпаведных аб’ектах асвоена больш чым 35 мiльярдаў рублёў. У мiнулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю дзве новыя школы — у вёсцы Дзешчанка Уздзенскага раёна (на 264 вучнёўскiя месцы) i ў вёсцы Камуна Любанскага раёна (на 160 месцаў). Выканана першая чарга рэканструкцыi Старабарысаўскай санаторнай школы-iнтэрната — пачалi працаваць лячэбна-аздараўленчы блок i новая кацельня на газе. Сёлета працягнецца будаўнiцтва сярэдняй школы на 360 месцаў у вёсцы Азярцо Мiнскага раёна, увод яе ў эксплуатацыю запланаваны на наступны год. Агульны аб’ём фiнансавання будоўлi значны — ён складае 5,5 млрд рублёў.

На капiтальны рамонт устаноў адукацыi на вёсцы летась было выдаткавана 9,5 млрд рублёў, з якiх на школы ў аграгарадках — 3,4 млрд рублёў. Сёлета на капрамонт плануецца накiраваць 4,5 млрд рублёў, а на аснашчэнне сучасным абсталяваннем i неабходнымi сродкамi навучання — 2,1 млрд. Акрамя таго, 1 млрд рублёў будзе выдзелены на набыццё аўтобусаў для арганiзацыi падвозу дзяцей.

Было адрамантавана 124 кiламетры дарог. Работы праводзiлiся на камунальных аб’ектах (водаправодзе, каналiзацыi, цепласетках). У парадак прыведзены i вытворчыя памяшканнi. Выконвалiся мерапрыемствы па агульнаму афармленню i добраўпарадкаванню тэрыторый. Усё гэта сведчыць аб адным — зроблены вялiкi аб’ём работ, i былыя вёскi, цяпер аграгарадкi, набылi новы выгляд. Тут сёння створаны ўсе належныя ўмовы для камфортнага жыцця. Такая работа на Мiншчыне толькi разгортваецца: сёлета будуць абустроены 49 аграгарадкоў.

Далей ад стэрэатыпаў

— Леанiд Фёдаравiч, пагадзiцеся, што стварэнне камфортных умоў для працы i жыцця — гэта толькi, так бы мовiць, «адпраўная кропка». Не менш важна, як будзе развiвацца вясковы сэрвiс, абслугоўванне жыхароў. Наколькi падрыхтаваны да новых патрабаванняў гандаль?

— Поўнасцю згодны з тым, што менавiта сэрвiс (медыцынскi, камунальны, гандлёвы, бытавое абслугоўванне, фiзкультурна-аздараўленчы, турысцкi i г.д.) павiнен шмат у чым вызначаць развiццё сацыяльнай сферы тых жа аграгарадкоў: паколькi мы адзначаем, што гэтыя паселiшчы ў першую чаргу ствараюцца на базе перадавых сельгаспрадпрыемстваў, то i заробкi ў работнiкаў там будуць на адпаведным узроўнi. У людзей рэальна з’явiлiся грошы, а дзе iх патрацiць? Вось над чым неабходна працаваць, маючы на ўвазе не толькi аграгарадкi.

Актыўна праводзiцца работа па насычэнню спажывецкага рынку вобласцi таварамi, павелiчэнню аб’ёмаў iх рэалiзацыi, паляпшэнню гандлёвага абслугоўвання жыхароў. Увесь час пашыраўся пералiк дадатковых паслуг, якiя аказвалiся насельнiцтву, перш за ўсё па продажу тавараў у крэдыт i па папярэднiх заказах.

Невялiкiя вёсачкi (якiх на Мiншчыне налiчваецца каля трох тысяч) абслугоўваюць 90 аўтамагазiнаў. Летась iх гандлёвы тавараабарот склаў 16,9 млрд рублёў, што на 33,5 працэнта больш, чым у 2004 годзе. Сярэднi тавараабарот на адзiн аўтамагазiн склаў 16,2 млн рублёў. Сёлета плануецца павялiчыць парк гэтай тэхнiкi на восем адзiнак. Гандлёвы сэрвiс на вёсцы будзе актыўна развiвацца i надалей, неабходна адыходзiць ад устарэлых, «стэрэатыпных» формаў абслугоўвання. Прадпрыемствам сiстэмы спажывецкай кааперацыi ў канкурэнцыi з прыватнiкам у шэрагу выпадкаў не хапае мабiльнасцi. Гэты недахоп неабходна тэрмiнова выпраўляць.

Мiкалай ЛIТВIНАЎ.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика