21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сямейная справа Белахвосцiкаў

25.08.2009 21:35 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Шматдзетная сям’я з вёскi Шупенi на Кругляншчыне працуе на свой дабрабыт




Уладзiмiр Белахвосцiк — сур’ёзны мужчына i надзейнае апiрышча сям’i. Ён дакладна ведае, чаго хоча ад жыцця: выгадаваць сваiх дзяцей, якiх сёння — сямёра. Яго жонка Жанна, прыгажуня i клапатлiвая мацi, мяркуе, што, магчыма, iх будзе яшчэ больш: калi не сваiх, то прыёмных, з дзiцячага дома, бо iх вельмі шкада. Дзяцей Жанна i Уладзiмiр лiчаць сваiм вялiкiм шчасцем.

Пазнаёмiлiся яны ў вёсцы Шупенi. Спачатку малады чалавек прыглядаўся да сiмпатычнай дзяўчыны, а потым падышоў да яе на навагодняй вечарыне ў сельскiм клубе. Ажанiлiся праз год, але выйшла ў маладых спрэчка: Жанна тады працавала ў абласным цэнтры, а Уладзiмiр катэгарычна адмаўляўся пакiдаць вёску. Урэшце мудрая жанчына пагадзiлася з меркаваннем мужа тут застацца, але з агаворкай.

— Мая цвёрдая ўмова была — мець шмат дзяцей, — расказвае Жанна. — Таму што тут няма чаго рабiць, акрамя як выхоўваць дзяцей.

— I я, канешне, пагадзiўся, — падхоплiвае Уладзiмiр. — У маёй сям’i было трое дзяцей, i мы прызвычаiлiся, што дзецi гуляюць адно з адным. Да таго ж бацька мне распавядаў, што ў яго бабулi Тэклi было 9 дзяцей, i ўсе яны выраслi нармальнымi, добрымi людзьмi. А цi я горшы за маiх продкаў?

Свайго першынца Жанна нараджала цяжка, але ўсё ж i тады была ўпэўнена, што за iм будуць i iншыя дзецi.

— Момант чакання дзiцяцi i ўсё, што адчуваеш, калi яно з’яўляецца на свет, кампенсуюць боль i нязручнасцi, — гаворыць шматдзетная мацi.

Старэйшы ў сям’i хлопчык — Iлья, яму 13 гадоў, а самай малодшай, Палiне, толькi споўнiўся год. Тры хлопчыкi i чатыры дзяўчынкi з рознiцай ва ўзросце ў некалькi гадоў. (Фатаграфавалiся толькi малодшыя дзецi, бо школьнiкi былi на занятках.)

Адразу звяртае на сябе ўвагу 3-гадовая Каця — ямiнкi на шчочках, абаяльная ўсмешка, ну проста будучая «зорка». Бацькi гавораць, што дзяўчынка самастойная, умее дамагацца свайго. «Калi правiльна наладзiм выхаванне, — горда ўсмiхаецца бацька, — то Каця далёка пойдзе, яўна за межы родных Шупеняў».

У кожнага дзiцяцi — свой характар. Iлья любiць тэхнiку i камп’ютары, 11-гадовая Юля — кнiгi. Ангелiна, якой споўнiлася 9 гадоў, не шкадуе сiл i часу на хатнiя заданнi, каб дабiцца пахвалы, а 7-гадовага Мiкiту трэба кантраляваць, каб ён адкрыў падручнiк. Ваню толькi 5 гадоў, але бацькам ужо цяпер зразумела, што хлопчыка трэба аддаваць у секцыю спартыўнай барацьбы, каб даць яго байцоўскай энергii правiльны ход. Самая малодшая Палiна гучна патрабуе ўвагi прысутных, але з гэтага аб характары гадавалага дзiцяцi надта рана рабiць высновы...

Жанна ўпэўнена, што яе дзецям не сумна. Сем чалавек — вясёлая кампанiя. I да таго ж малыя вучацца ў старэйшых i даглядаюць адно аднаго. Вось i Iван заявiў, што любiць брацiкаў i сястрычак. I на пытанне «За што?» здзiўлена, але цвёрда адказаў: «За тое!»

Шматдзетная сям’я Белахвосцiкаў не скардзiцца на цяжкае жыццё i нiчога нi ў кога не просiць. Калi дзяржава або дабрачыннiкi дапамаглi — вялiкi дзякуй, калi не — нiчога страшнага, самi справiмся.

Спачатку сям’я набыла адну карову i пачала здаваць малако. З’явiлiся грошы — набылi другую. Потым спатрэбiлася больш зямлi, каб кароў пракармiць, папрасiлi дзесятак гектараў зямлi. Цяпер фермерская гаспадарка Уладзiмiра Белахвосцiка налiчвае 8 малочных кароў i 30 гектараў зямлi.

— Мы багатымi не сталi, але жыць можна спакойна, бо нам усяго хапае, — упэўнена гаворыць гаспадар.

Белахвосцiкi зарабiлi сваёй працай i на аўтамабiль, i на пральную машыну-аўтамат. Прынцып у iх такi — спярша трацiць грошы на патрэбныя справы. Пасля вяселля Белахвосцiкi набывалi не сценку для ўпрыгажэння жылля, а кольцы для калодзежа, каб зрабiць свой i не мець з вадой клопатаў.

— Я буду спакойны, калi ў мяне будуць грошы адкладзены на рахунку, — тлумачыць Уладзiмiр. — Да гэтага часу ўсе свабодныя сродкi даводзiлася выдаткоўваць на набыццё тэхнiкi. Мы ж з нуля пачыналi i не бралi крэдыты — баялiся мець даўгi, бо ў нас дзецi. Цяпер жа будзем развiваць гаспадарку, чакаем прыбыткаў.

Уладзiмiр гаворыць, што хоча, каб яго дзецi былi сытыя i апранутыя. «Я сiтая!» — пацвярджае збоку Каця.

Наёмных працаўнiкоў у фермерскай гаспадарцы няма. Усё робяць самi, Уладзiмiр людзей збоку наймаць не хоча, баiцца складанасцяў.

— Мы разлiчваем толькi на свае сiлы i ўсё вырашаем сваёй сям’ёй, — падкрэслiвае Уладзiмiр. — Тым больш, што дзецi падраслi i дапамога ад iх iстотная. Яны дапамагаюць даiць, нарыхтоўваць сена, а ўлетку пасвяць кароў.

Сям’я хоча набыць мясных кароў i мяркуе, што iх будзе выгадна трымаць. Спраўдзяцца гэтыя планы або не, а дзве малочныя каровы застануцца ў гаспадарцы, каб забяспечваць малаком дзяцей. Малако з хлебам, бульбай i блiнамi, а таксама малочны суп — кулiнарныя «бестселеры» Белахвосцiкаў.

Апошнiм часам дзецi захапiлiся вырабам масла: сядзяць перад тэлевiзарам i калоцяць у маслабойку. А масла, зробленае сваiмi рукамi, падаецца iм самым смачным на свеце!

А Белахвосцiкам-дарослым хочацца, як i многiм iншым вяскоўцам, каб дзяржава iстотна павысiла закупачныя цэны на малако. Жанна скардзiцца, што калi яны пачыналi здаваць малако, яго лiтр i лiтр саляркi каштавалi аднолькава, цяпер — суадносiны iншыя, i не на карысць малака. Вяскоўцы спадзяюцца, што сiтуацыя ў будучым зменiцца.

Уладзiмiр сур’ёзна ставiцца да выхавання дзяцей. I лiчыць галоўным прывучыць iх да працы. Каб яны добра ўсвядомiлi, што толькi праз яе ў жыццi можна чагосьцi дасягнуць. Памыць посуд, дагледзець трусоў i рыбак — звычайныя дзiцячыя справы ў сям’i Белахвосцiкаў. Старэйшыя могуць напячы блiноў або згатаваць суп, адпрасаваць адзенне. А нядаўна сваяк падарыў малым казляня — цяпер яны гадуюць сваю жывёлiну i рыхтуюцца казу даiць.

Вакол дома Белахвосцiкi пасадзiлi сад — не толькi яблыкi i грушы, але i абрыкосы. Усяго — 70 дрэў. Улетку дзецi вёдрамi цягаюць з агарода клубнiцы i малiну. Прычым кожны атрымлiвае сваю ўласную градку i апрацоўвае яе. А варэнне з ягад гатуе старэйшая, Юля — ёй гэта проста цiкава.

— Трэба не баяцца прывучаць дзяцей да самастойнасцi, — робiць выснову Уладзiмiр. — Мы гэта робiм. I нашы дзецi сапраўды адчуваюць сябе больш упэўнена, чым iх аднагодкi.

Лепшым перакананнем Уладзiмiр i Жанна лiчаць уласны прыклад. Прынамсi, муж i жонка не кураць i не п’юць спiртныя напоi.

— Калi я быў школьнiкам, мы з сябрам знайшлi бутэльку вiна i выпiлi, а потым у школу не пайшлi, — тлумачыць Уладзiмiр. — I цяпер бачу, што з людзьмi робiць гарэлка. Нармальны чалавек праз некалькi гадоў апускаецца зусiм. Хоць усе гавораць, што могуць у любы момант кiнуць пiць, але насамрэч у iх няма нiякага iншага, акрамя як выпiць, iнтарэсу ў жыццi.

Сапраўдны iнтарэс, захапленне — яшчэ адзiн «пункцiк» Белахвосцiка. Ён лiчыць, што вакол занадта шмат дрэнных спакусаў, а таму хоча знайсцi для сваiх малых карысную забаву. У планах — дэльтаплан i рыбалка.

Бацька набыў спутнiкавую антэну, каб паказваць дзецям адукацыйныя i iншыя цiкавыя праграмы, якiя б пашыралi iх далягляд, вучылi быць добрымi людзьмi.

Старэйшыя дзецi ўжо ездзiлi па дабрачыннай лiнii ў Iталiю, i бацькi лiчаць, што яны гэтага заслужылi, бо шмат працавалi на гаспадарцы. Прынцып такi: добра папрацаваў — добра адпачыў.

— Дзецi падрастаюць, i хутка паляцяць нашы «птушачкi». З кiм мы тут застанемся? — пытаецца Жанна ва Уладзiмiра.

— Ну чаму ж паляцяць? — гаворыць бацька. — Калi наша гаспадарка будзе развiвацца, дзецi захочуць застацца ў вёсцы. Але гэта — справа будучага.

А ў блiжэйшым будучым Белахвосцiкi мяркуюць прыступiць да будаўнiцтва новага дома — дзяржава дае iм субсiдыю як шматдзетнай сям’i.

Уладзiмiр i Жанна са свайго сямейнага вопыту раяць усiм мець хоць бы тры дзiцяцi. Гэта лiчба падаецца iм мiнiмальна-аптымальным варыянтам. I калi ёсць сумненнi ў тым, цi ёсць магчымасць пракармiць сям’ю, калi ласка — у Шупенi за вопытам.

Iлона IВАНОВА.

Круглянскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шматдзетная сям’я з вёскi Шупенi на Кругляншчыне працуе на свой дабрабыт
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика