21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Гарэлку ніколі не правярала на смак і пражыла да 90 гадоў»

25.08.2009 21:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА, Краснапольскi раён

Так гаворыць жанчына, якая адмовiлася з’ехаць з пахаванай вёскi Журавы на Краснапольшчыне

Цэнтрам Мхiнiцкага сельскага Савета з’яўляецца цяпер вёска Халмы, а не Мхiнiчы, як калiсьцi. Самiх Мхiнiчаў ужо няма, яны пахаваныя як непрыдатнае для жыцця месца.

У вёсцы да радыяцыi жылi 450 чалавек, але пра домаўладаннi нагадваюць толькi здзiчэлыя сады. Пасля чарнобыльскай катастрофы ў Мхiнiчах узровень радыяцыi быў больш за 40 кюры, i людзi з’ехалi са сваiх родных мясцiн на Дрыбiншчыну i ў раённы цэнтр Краснаполле. Ад былых Мхiнiчаў праз 20 гадоў пасля чарнобыльскай аварыi засталiся толькi два паўразбураныя цагляныя будынкi — сярэдняй школы i сельскай бальнiцы. Добраўпарадкаванымi ў выселенай зоне застаюцца толькi могiлкi, куды прыязджаюць на Радаўнiцу перасяленцы.

— Мы ўжо прызвычаiлiся да ўсяго гэтага, усё ж такi 20 гадоў мiнула, — расказвае сакратарка Мхiнiцкага сельскага Савета Нiна Паўлаўна Кавалёва. — Жыць жа трэба.

* * *

Невялiкая вёска Журавы калiсьцi была ўпрыгажэннем гэтых мясцiн. Тут жылi добрыя, працалюбiвыя людзi. У вёсцы было двароў трыццаць, але цяпер яны ўсе пахаваныя. За адзiным выключэннем.

Домаўладанне Таццяны Афанасьеўны Храмцовай стаiць трывала, а яго гаспадыня катэгарычна адмаўляецца пераязджаць са свайго месца.

— Божа, ратуй! Нiкуды не паеду, пакуль не памру, — эмацыянальна расказвае Таццяна Афанасьеўна. — Павязуць туды, а потым маслы назад — у родную зямлю? Не, так не будзе.

Каля хаты Храмцовай нас сустракае сiмпатычны i дружалюбны сабака Мальчык. На вялiкай бярозе — вядро соку, гэта пачастунак для гасцей. На доме захавалася цяпер непатрэбная шыльда з адрасам: завулак Садовы, дом № 1. З гэтага аднаго дома цяпер i складаецца ўся вёска Журавы.

Разам з бабуляй жывуць i дапамагаюць ёй па гаспадарцы два дарослыя ўнукi. Адзiн з iх, 24-гадовы Андрэй, расказаў, што будзе жыць у былых Журавах, пакуль жывая бабуля. Сам малады чалавек у сваiм пустэльнiцтве нiчога страшнага не бачыць i кажа, што прызвычаiцца можна да ўсяго.

Нi гаспадыня, нi яе ўнукi не любяць да сябе лiшняй увагi, i з’яўленне на парозе незнаёмых людзей пустэльнiкi ўспрымаюць як надзвычайнае здарэнне.

— Не, нам адным тут зусiм не сумна. Па дарозе людзей шмат едзе: i разумных, i дурных, i сярэднiх, — дакладае бабуля. — I да нас прыходзяць, калi заблудзяць.

* * *

Таццяне Афанасьеўне ўжо 90 гадоў. Але яна на дзiва ясна i разумна разважае. Яна расказала пра свой лёс: нарадзiлася ў Журавах i працавала ў мясцовай гаспадарцы.

— Кiм працавала? — перапытвае старая i ўсмiхаецца. — Ну толькi што сабак не дражнiла. I кароў даiла, i свiней кармiла. Пасля вайны касiла i на сабе арала. А цяпер для мяне час добры, толькi век кароткi.

З мужам яна разышлася больш за 50 гадоў таму i, паводле ўласнага выразу, «больш нiкога не брала». Лiчыць, што без мужыкоў жыць лепш, не трэба iх абслугоўваць — мыць i кармiць. «Няма рыбы, i рак не рыба», — такой пагаворкай каментуе сваё стаўленне да мужчын 90-гадовая «фемiнiстка».

Яе доўгажыхарства, лiчыць Храмцова, — прыклад таго, што радыяцыя на арганiзм чалавека шкодна не ўплывае. Таццяна Афанасьеўна ўпэўненая, што яе здароўю шкодзiць толькi хвароба ды праца.

Гаспадарка ў Храмцовай сапраўды вялiкая: куры ходзяць па двары, у пунi карова ды свiннi, ёсць i конь. «Ё што есцi», — задаволена адзначае бабуля.

Звычайная ежа сям’i: хлеб, бульба, малако, блiны. Калi заб’юць парася — ёсць мяса i сала. Хлеб, а таксама камбiкорм i муку, спраўна прывозiць аўтакрама.

— Ну што мне яшчэ трэба? — рытарычна пытаецца Таццяна Афанасьеўна. — Доктар? А навошта ён мне? Я паеду ў Халмы, набяру таблетак: мала адной, дык жменьку вып’ю...

Нягледзячы на паважаны ўзрост, жанчына сама ездзiць у цэнтр сельсавета за пенсiяй: па дарозе ходзяць маршрутныя таксi i аўтобусы, якiя ахвотна спыняюцца, каб падабраць людзей. За праезд дзесяцi кiламетраў грошай шмат не бяруць.

* * *

— Ах, каб гэтая «дура» на нас не навалiлася, дык мы б тут жылi мiльянерамi ў нашай вёсцы, — так узгадвае бабуля ранейшыя Журавы.

«Дура» — гэта, канешне, радыяцыя.

— А яе ж не бачна, i чортам яна не смярдзiць, — працягвае Таццяна Афанасьеўна. — Мне так падаецца, што тады было, тое i цяперака.

Яна нiколi не правярала харчы на радыяцыю i запэўнiвае, што i не будзе. Нават калi да бабулi прыязджалi спецыяльна i прасiлi даць якi кавалак на праверку, яна адмаўляла.

— Нават i ведаць пра гэта не хачу, — гаворыць Храмцова. — Няхай чыстыя, няхай брудныя, усё перамелецца.

Таццяна Афанасьеўна мае сваё меркаванне пра перасяленне ў чыстыя мясцiны. Паводле яе слоў, каб людзям тады не далi грошай за iх хаты, то яны б тут сядзелi i яшчэ жылi. А так многiх з яе аднавяскоўцаў ужо няма.

Жыхары Журавоў перасялялiся ў Дрыбiн, Мiнск i Лiду. Старшыня Краснапольскага райсавета Фёдар Ганчароў расказаў, што праз тры-чатыры гады пасля ад’езду сталi вазiць нябожчыкаў на мясцовыя могiлкi. Паводле агульнага меркавання, людзi проста не вытрымалi жыцця ў «цаглянах мяхах».

Што такое жыць у гарадскiм шматкватэрным доме, Таццяна Афанасьеўна зведала яшчэ да радыяцыi, калi ездзiла гасцяваць да сваiх сясцёр у Данецк.

— Цьфу, вар’яты вакол бегаюць з клункамi! — дзелiцца ўражаннямi бабуля. — Нiкога не ведаю, ва ўсiх свае справы. Праз дзень-два прашу мне набыць бiлет i адпусцiць дадому. Не магу залезцi як малпа ў клетку i глядзець. Мне патрэбен прастор!

Жанчына запэўнiвае, што ў кiнутых людзьмi Журавах ёй жывецца добра. Электрычнасць у яе домаўладаннi захавалася, можна i тэлевiзар паглядзець. I нават па суседзях яна не сумуе, бо яны любiлi выпiць. У самой жа Таццяны Афанасьеўны цвёрдае жыццёвае перакананне — нiякага алкаголю. Яна прызналася, што нават нiколi не правярала гарэлку на смак. «Сухi закон» Храмцова атрымала ў спадчыну ад сваiх бацькоў.

* * *

— Няхай вам Бог дае шчасце i долю. Жадаю, каб усе людзi жылi на здароўе, каб гадавалi дзетак i ўнукаў. Вось выгадуйце такiх добрых, як мой унук, — з такiмi словамi развiтвалася старая з гасцямi.

Унук Андрэй — нешматслоўны малады чалавек. Ён закончыў школу, але пра далейшую адукацыю i ўвогуле далейшае жыццё яшчэ не меркаваў. Лiчыць, што калi пераедзе ў Краснаполле, тады i будзе шукаць прыдатную працу. Пакуль жа яго клопат — бабулiна гаспадарка: «Трэба працаваць круглы год: што пасееш — тое i будзеш есцi!»

Радыяцыя маладога чалавека таксама не турбуе.

— Ну яна ж не кусаецца! — смяецца ён. — Я пра гэта не ведаю, шкодная-няшкодная — якая мне рознiца?

Андрэй свабодна рухаецца па акрузе на веласіпедзе, але гаворыць, што дзяўчаты самi прыязджаюць да яго ў госцi. Праўда, бабуля iм не вельмi рада i, здараецца, кiдаецца ў iх вiламi, але маладыя людзi знаходзяць магчымасць бавiць час на прыродзе. А цi будзе звязана з гэтымi мясцiнамi жыццё самога Андрэя i, магчыма, яго дзяцей — ён сам не ведае, гаворыць: «Пабачым!»

Спрэчкi пра тое, цi варта было адсяляцца з забруджаных тэрыторыяй, вядуцца i сёння. Ёсць розныя меркаваннi на гэты конт, i кожны сам зрабiў свой выбар або гэта зрабiлi за яго абставiны.

Напрыклад, Нiна Паўлаўна Кавалёва збiралася высяляцца з Халмоў на Вiцебшчыну, але з-за замiнкi з жыллём справа не выйшла. Калi казаць шчыра, то яна потым шкадавала, што не з’ехала, але пазней Халмы пакiнулi дзве яе дачкi.

— Маладым было нармальна — iм усё роўна трэба было наладжваць самастойнае жыццё, — расказвае сакратарка Мхiнiцкага сельскага Савета пра перасяленне. — А старыя i цяпер гавораць, што калi б толькi стаялi iх хаты, якiя цяпер захаранiлi, то яны б хоць сёння вярнулiся. Так яны i не прызвычаiлiся за 20 гадоў!



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так гаворыць жанчына, якая адмовiлася з’ехаць з пахаванай вёскi Журавы на Краснапольшчыне
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика