Радыёмеханiк з двумастамi крыламi
Маргарыта АЛЯШКЕВIЧ
Сотня птушак вiтае звонкiм шчабятаннем Аляксея Кухарэнку, свайго гаспадара i найлепшага сябра. На працягу 20 гадоў ён за свой кошт iх кормiць, поiць, чысцiць клеткi, будуе хаткi, даглядае слабых i хворых. Ва ўзнагароду атрымлiвае цудоўныя спевы. I падзяку ад тых, хто праходзiць з адмiнiстрацыйнага будынка мiнскага аўтапарка № 6 у цэхi па доўгiм калiдоры, дзе змешчаны вальеры.
«Мяне ў дзяцiнстве, мабыць, упусцiлi...» Аляксей належыць да тых шчаслiўчыкаў, якiя ведаюць, дзеля чаго нарадзiлiся. З маленства ён прыслухоўваўся да галасоў птушак на двары, будаваць шпакоўнi пачаў амаль адразу, як навучыўся хадзiць. Бацькi, рабочыя, да незвычайнага хобi сына ставiлiся з замiлаваннем. Тым больш што першая птушка, якую хлопчык падабраў у маразы каля дома i абагрэў, прынесла сям’i карысць: удзячная сiнiчка лётала па аднапакаёўцы i вылоўлiвала прусакоў, ад якiх у старой «хрушчоўцы» нiяк не ўдавалася пазбавiцца звычайнымi сродкамi. Увесну птушка паляцела дамоў, у дваровыя хмызнякi. А Аляксей адчуў: захапленне птушкамi ў яго — як хвароба, прычым лячыцца яму не хочацца. Працягваў падбiраць, пасля стаў набываць. Больш за ўсё падабалiся птушкi пеўчыя. Колькi iх у яго кватаравала! I зерняедныя — чыжыкi, шчыглы, канаплянкi, i, як назапасiў ведаў, насякомаедныя — жаўрукi, салаўi, нават самая маленькая i самая пераборлiвая птушка каралёк, для якой разводзiў цвыркуноў... Кола аднадумцаў-сяброў падабралася досыць шырокае — у тыя гады, па якiх Аляксей настальгуе, пеўчымi птушкамi ў Беларусi цiкавiлiся значна больш, чым сёння. Спецыялiзаваныя клубы аб’ядноўвалi многа аматараў, ладзiлiся выставы, агляды i конкурсы. Тады i задумаў арганiзаваць жывы куток у аўтапарку, дзе рабiў радыёмеханiкам. Тагачасны дырэктар Станiслаў Плашчынскi задуму ўхвалiў — i пакрысе птушыныя спевы сталi неад’емнаю часткай аўтапаркавага жыцця. Птушыныя гiсторыi Амаль у кожнай птушкi з кухарэнкаўскiх вальераў ёсць свая гiсторыя. Родапачынальнiкам хвалiстых папугайчыкаў тут стаў самец, якога Аляксей адшукаў падчас палявання. Птушка адляцела больш як на 100 км ад горада, пры сваёй клоунскай афарбоўцы i хатнiх звычках не стала лёгкай ахвярай драпежнiкаў, не змерзла халоднай восенню, а забiлася пад галлё i з апошнiх сiл клiкала на дапамогу — надзвычайная мужнасць для стварэння, якое таго й чакай працягне лапкi ад нястраўнасцi цi прастуды. Паляўнiчы пачуў кволы пiск, не паленаваўся падняць кожную галiнку дрэва. Папугайчык прыйшоў у сябе дзякуючы клапатлiваму догляду — i завёў дзетак з кожнай з трох прыгажунь аляксеева папугайчыкава царства. Сакрэт даўгалецця Аляксей не без гонару зазначае, што ў яго птушкi жывуць разы ў тры даўжэй, чым у прыродзе. Сакрэт даўгалецця просты — добры догляд. А вось ажыццяўляць яго — задача складаная. Голаду птушкi зусiм не трываюць, таму корм мусiць заўсёды быць, прычым свежы i разнастайны. Здаровы хвалiсты папугайчык з’ядае паўкiлаграмовы пачак спецыялiзаванага корму за 2 месяцы. На сто птушак давялося б штомесяц набываць 25 кг корму па 4 тысячы за кiло. Замест гэтага Аляксей наведвае сельскагаспадарчы кiрмаш у Ждановiчах, дзе купляе пшанiцу, семя лёну i сланечнiка, аўса i iншых раслiн, да якiх ласыя птушкi. Чаго няма ў нас — заказвае ва Украiне, напрыклад, канарэечнае семя цi белае проса. Мешанкi робiць сам, карыстаючыся ведамi з багатай бiблiятэкi, якую сабраў за час сваёй незвычайнай цiкаўнасцi да жывёльна-птушынага свету. Дапамагае i вопыт назiрання за крылатымi гадаванцамi. Так, напрыклад, птушкам патрэбныя мiнералы, i звычайна iм даюць здробненую яечную шкарлупiну i пясок. Да гэтага птушыны гаспадар дадае глiну, якой набраў на беразе ракi, пакуль прамываў пясок i сачыў, як вольныя птушкi «налягаюць» на глiняны бераг. А яшчэ дзёран, па якi птушкi ў кватэры цягнуцца да гаршкоў хатнiх кветак — i не знаходзяць. На патрэбы аляксеевай гаспадаркi кожны дзень iдзе дзесятак вараных яек, безлiч зяленiва i садавiны, булкi, крэйда, вугаль... Неабходны галiнкi, на якiх птушкi будуць сядзець i якiя будуць грызцi, што абмяжуе рост дзюбак i кіпцюроў. Патрэбна свежая вада для пiцця i купання, прычым асобныя жыхары вальераў грэбуюць плёскацца там, дзе да iх ужо хтосьцi намачыў пёркi. Чысцiня — залог здароўя. У час лiнькi (яна праходзiць цяжка) цi хваробы птушку чакае «абслугоўванне люкс» у Кухарэнкаў на кватэры. У птушынага Айбалiта замест градуснiкаў i шакаладак — мёд i пяшчота, аскарбiнкi, кашы, дзiцячыя таблеткi, усемагчымыя сродкi ад расстройстваў. Лiтаратура i вопыт ператвараюць птушынага аматара ў добрага ветэрынара. Звычайна спецыялiсту хапае азнаямлення з умовамi ўтрымання i пiльнага позiрку на пер’е птушак, каб пахвалiць гаспадара, парадавацца спевам. Цяперашнi дырэктар аўтапарка Аляксандр Цiшкевiч, дарэчы, да птушыных заняткаў свайго рабочага ставiцца з разуменнем i павагай. Глабальныя планы Калi пытаюцца пра ўзрост, Аляксей адказвае: як Карлсан. I дадае — шкада, што пры карлсанавым росквiце няма карлсанавага прапелера. З такiм паскаральнiкам за плячыма Аляксей нарабiў бы спраў! У вёсцы, дзе насаджаў дрэў i паналадзiў на iх дуплянак, i дзе жыхары, што засталiся, лiчаць яго па меншай меры за дзiвака. У гарадскiм заапарку, куды хадзiў да загадчыцы аддзела птушкагадоўлi i да дырэктара з прапановай арганiзаваць вялiкi вальер для пеўчых птушак, куды нават ахвяраваў бы частку сваiх пестуноў. У бiблiятэках, кiназалах, дзiцячых садках, адкуль да яго прыходзяць просьбы арганiзаваць жывы куток, як ён зрабiў у краме «Мара батанiка». Акрамя гэтага, мужчына ў росквiце гадоў займаецца гiбрыдызацыяй у сваёй гаспадарцы — выводзiць птушак з больш яркай афарбоўкай цi iншымi патрэбнымi яму якасцямi, яшчэ таксiдэрмiяй захапляўся... Але нi прапелера, нi памагатых у яго няма, таму ён час ад часу скардзiцца на маладое пакаленне, што развучылася, на яго думку, за камп’ютарамi i iншай тэхнiкай бачыць жывую прыроду, берагчы яе прыгажосць i памятаць пра яе безабароннасць. Натуральны фанатызм Кожную са сваiх птушак гаспадар адрознiвае «ў твар», усiх пеўчых птушак Беларусi ведае па голасу, не гаворачы ўжо аб тым, каб адрознiць крык трывогi ад крыку радасцi. Часта Аляксей шкадуе, што так многа сiл, часу i грошай трацiць на птушак, а не на сям’ю, але, уздыхнуўшы, прызнаецца — такiм нарадзiўся. Жонку папярэдзiў адразу — калi хоча быць з iм, мусiць памятаць, пра яго захапленне». Затое ў дзяцей, Алега i Вольгi, у школе не было праблем з бiялогiяй — яны з пяцiгадовага ўзросту на памяць ведалi ўсе птушыныя пароды. Iх бацька ўпэўнены — дзiця, якое расце побач з птушкай цi iншай «жывёлiнкай», сталее дабрэйшым, становiцца больш адказным. — Прыйду да iх, яны мне спяваюць, праз колькi хвiлiн i не адчуваеш стомленасцi. Стрэс здымаць дапамагаюць, настрой паляпшаюць, артэрыяльны цiск нармалiзуюць, паглядзiш на iх паўгадзiнкi — i зноў жыць захочаш. — Крылы не прарэзваюцца? — У сне часам лётаю...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сотня птушак вiтае звонкiм шчабятаннем Аляксея Кухарэнку, свайго гаспадара i найлепшага сябра. На працягу 20 гадоў ён за свой кошт iх кормiць, поiць,
|
|