Арганiзоўваць, генерыраваць i... кантраляваць
Святлана ЯСКЕВIЧ
КАЛI ТЫ ДЭПУТАТ У Брэсце адбылася першая сесiя гарадскога Савета 25-га склiкання. Адкрываючы яе, старшыня гарадской выбарчай камiсii Васiль Снiтко адзначыў, што ў склад гарадскога Савета абраны 40 дэпутатаў. 12 з iх працавалi ў папярэднiм склiканнi выбарнага органа. Мандатная камiсiя прызнала паўнамоцтвы ўсiх народных выбраннiкаў. Старшынёй гарадскога Савета абраны Генадзь Масько. Генадзь Сяргеевiч — чалавек вядомы ў горадзе над Бугам. У свой час ён узначальваў адзiн з гарадскiх райвыканкамаў, а ў 90-х працаваў старшынёй Брэсцкага гарвыканкама. Пасля сесii Генадзь Масько даў невялiкае iнтэрв’ю карэспандэнту.— Пасля выбрання вы сказалi дэпутатам: «Мы павiнны з вамi працаваць так, каб той, хто будзе вылучаць сваю кандыдатуру на новы тэрмiн, з гонарам мог гаварыць пра вялiкую ролю Савета ў горадзе». Але цяпер, наадварот, нярэдка можна пачуць, што роля прадстаўнiчых органаў невялiкая, што яны — ледзь не пасынкi выканаўчай улады. Што ж трэба рабiць, каб вашы, несум-ненна, правiльныя словы не засталiся рыторыкай? — У органах прадстаўнiчай улады я не навiчок. Працяглы час быў старшынёй Маскоўскага раённага Савета Брэста, калi гэта пасада сумяшчалася з пастом старшынi райвыканкама. I пра дэпутацкую работу ведаю не па чутках. Аўтарытэт Савета складаецца, на мой погляд, з добрасумленнасцi, працавiтасцi кожнага дэпутата, з таго, наколькi прадстаўнiк насельнiцтва ў Савеце апраўдвае аказаны яму давер. Людзi маюць права чакаць ад дэпутата, каб iх думкi, iдэi, прапановы знаходзiлi ўвасабленне ў рашэннях гарадскога Савета, гарадскога выканаўчага камiтэта. I заставалiся не проста пастановамi, а ператваралiся ў рэальныя справы. — Як вы ацэньваеце асабовы склад новага Савета? — У дэпутацкi корпус новага склiкання ўваходзяць прадстаўнiкi самых розных галiн вытворчасцi i народнай гаспадаркi. Большасць дэпутатаў заняты ў сацыяльнай сферы. I гэта нядрэнна. Значная частка бюджэту, як вядома, расходуецца на сацыяльныя патрэбы. I ад таго, як будзе сфармiраваны бюджэт, на якiя патрэбы затрачаны, у многiм залежыць жыццё гараджан. А зацвярджае бюджэт, як вядома, сесiя мясцовага органа ўлады. Хачу адзначыць, што дэпутаты новага складу — людзi ў асноўным вопытныя, як у плане жыццёвым так i ў прафесiйным, вытворчым. Ёсць урачы, настаўнiкi, кiраўнiкi будаўнiчых i прамысловых прадпрыемстваў. Спадзяюся, што працаваць з такiм калектывам, знаходзiць дзелавое паразуменне будзе не вельмi складана. — У чым бачыце сваю ролю як кiраўнiка такога высокаадукаванага, прадстаўнiчага органа ўлады? — Асноўную ролю старшынi Савета я вызначыў бы як арганiзацыйную, генерыруючую... i кантрольную. Бо, на вялiкi жаль, бывае i такое, калi асобныя дэпутаты да канца склiкання не без цяжкасцяў успамiнаюць, якую ж выбарчую акругу яны прадстаўляюць. Каб так не здарылася, павiнны працаваць прэзiдыум Савета i яго старшыня. А дэпутат абавязаны служыць сваiм выбаршчыкам ад першага да апошняга дня.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Брэсце адбылася першая сесiя гарадскога Савета 25-га склiкання. Адкрываючы яе, старшыня гарадской выбарчай камiсii Васiль Снiтко адзначыў, што ў скл
|
|