Мак з прысмакам «кайфу»
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Небяспека Макавае зерне стала сыравiнай для вырабу наркотыкаў у БеларусiАпошнiм часам у нашай краiне адбыўся рэзкi ўсплёск цаны на мак. Рынкавы кошт аднаго кiлаграма гэтага зерня вырас з 2,5 долара да 35 «зялёных» за 1 кiлаграм. I справа не ў тым, што раптам павялiчылася колькасць аматараў булак з макам. Гэты прадукт упадабалi айчынныя вытворцы наркотыкаў. Як паведамiў падчас сустрэчы з журналiстамi начальнiк упраўлення па наркантролю i процiдзеянню гандлю людзьмi МУС краiны Алег Пякарскi, аднаго кiлаграма зерня маку дастаткова для вырабу 5—6 доз наркотыкаў. Прычым, гэтая сыравiна знаходзiцца ў свабодным продажы. Вось i ўзнiк ажыятажны попыт на макавае зерне. Паводле слоў Алега Пякарскага, на кватэры ў жыхара беларускай сталiцы мiлiцыя знайшла i канфiскавала каля тоны гэтага зерня, якое было закуплена менавiта для вырабу наркотыкаў. Каб у далейшым пазбавiць саматужных наркавытворцаў легальнай сыравiннай базы, у Беларусi плануецца ўзяць пад жорсткi кантроль рэалiзацыю макавага зерня. Для ажыццяўлення гэтага плана створана спецыяльная мiжведамасная камiсiя. Прадстаўнiк МУС запэўнiў, што поўнай забароны на продаж маку ў крамах не будзе, i ўвогуле аматары булачак з макам не адчуюць дэфiцыту. Плануецца забаранiць рэалiзацыю маку прыватнымi асобамi. Нельга будзе прадаваць мак у крамах мяхамi i нават кiлаграмамi, а толькi ў невялiчкiх упакоўках. Апроч таго, як паведамiў Алег Пякарскi, зараз праводзiцца хiмiчнае даследаванне розных гатункаў маку, каб знайсцi самы непрыдатны для вырабу наркотыкаў i ў будучым абавязаць прадаўцоў рэалiзоўваць менавiта такi прадукт. У блiжэйшыя 2—3 месяцы, як запэўнiў Алег Пякарскi, макавая праблема будзе пад кантролем. Неўзабаве апынецца пад забаронай i насвай. Гэтае зелле, паводле слоў галоўнага нарколага Мiнiстэрства аховы здароўя Уладзiмiра Максiмчука, вельмi таксiчнае, выклiкае гiбель нервовых клетак, а нярэдка i тэрмiчныя апёкi. Апошнiм часам па медыцынскую дапамогу звярталiся каля 100 аматараў насваю. Варта адзначыць, што наркотыкi раслiннага паходжання дамiнуюць на беларускiм рынку. За мiнулы год мiлiцыяй было канфiскавана каля 720 кiлаграмаў такога «зелля». Попыт на наркотыкi ў Беларусi з кожным годам расце, бо павялiчваецца колькасць наркаманаў. Як адзначыў Алег Пякарскi, адзiн беларускi наркаман трацiць у год на гераiн, опiй, марыхуану i iншую атруту ад 4 тысяч да 7 тысяч долараў. Зараз, паводле звестак Уладзiмiра Максiмчука, на ўлiку знаходзяцца 11 тысяч 854 нарказалежныя асобы. Рэальная ж колькасць наркаманаў у 5—10 разоў большая. Па самых занiжаных падлiках, гадавы абарот на рынку наркотыкаў у нашай краiне складае не менш чым паўмiльярда долараў. Адметна, што наркаманiя не ведае ўзроставых межаў. Сярод афiцыйна зарэгiстраваных аматараў «кайфу» 346 падлеткаў да 15 гадоў, больш за тысячу маюць узрост ад 15 да 18 гадоў, 64 пяцiдзесяцiгадовых i сямёра шасцiдзесяцiгадовых наркаманаў. А больш чым чвэрць беларускiх наркаманаў — ва ўзросце ад 21 да 25 гадоў. Да старасцi дажываюць зусiм нямногiя. Напрыклад, у 2005 годзе ад перадазiроўкi памерлi больш за 40 наркаманаў, летась — каля 70 аматараў «кайфу».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Макавае зерне стала сыравiнай для вырабу наркотыкаў у Беларусi
|
|