«Цiкавая праца, прыстойны заробак — i моладзь будзе заставацца ў вёсцы»
Сяргей СТАРЫНАЎ
А на мой погляд... Дэмаграфiчная бяспека краiны ў многiм залежыць, напэўна, i ад таго, цi зможа дзяржава спынiць адток насельнiцтва з сельскай мясцовасцi, з невялiкiх гарадоў. Цi адбываюцца нейкiя станоўчыя зрухi ў гэтым накiрунку ў вашым рэгiёне?Галiна ПЫРКО, галоўны спецыялiст аддзела архiтэктуры i будаўнiцтва Петрыкаўскага райвыканкама, мае дваiх дзяцей — Каб моладзь заставалася жыць у сваiх родных мясцiнах, у сваiх гарадках, у яе павiнна быць цiкавая праца i прыстойны заробак. Адзiн мой сын вярнуўся ў Петрыкаў, працуе энергетыкам, мае неблагую для нашага горада зарплату. А другi не хоча вяртацца, бо наўрад цi знойдзе тут працу па спецыяльнасцi. Навошта тады было вучыцца, праўда? Асабiста я не заўважаю сярод цяперашняй моладзi асаблiвага жадання застацца дома, юнакi i дзяўчаты iмкнуцца з’ехаць у абласныя гарады, у сталiцу. Вы ж ведаеце, моладзi патрэбна ўсё i адразу (смяецца): i прэстыжная работа, i добры заробак. Хоць, напрыклад, зараз у нас можна атрымаць без праблем крэдыт на будаўнiцтва, чым многiя i карыстаюцца. Толькi возьмуць шлюб, адразу становяцца на ўлiк. Калi гаварыць пра iндывiдуальную забудову, дык тут i чаргi фактычна няма нiякай, ды i зямельныя ўчасткi выдзяляюцца без праблем. Iншая справа, што на вёсцы мала будуюцца. Нават шматдзетныя сем’i, у якiх зараз з’явiлiся шматлiкiя льготы ў гэтым плане, iмкнуцца найперш набываць жыллё на другасным рынку. Iрына ГАРБАЧЭЎСКАЯ, часова беспрацоўная, в. Граўжышкi Ашмянскага раёна, выхоўвае траiх дзяцей — Праблема ў тым, што ў нас няма працы ў калгасах, невялiкiя заробкi. Ад гэтага, дарэчы, людзi i п’юць, бо мала зарабляюць. Я, напрыклад, нядаўна звольнiлася з пасады начальнiка паштовага аддзялення, бо зарабляла 220 тысяч рублёў, праўда, працавала толькi чатыры гадзiны ў дзень. А я б з задавальненнем працавала i поўны дзень, дык няма ж працы. Адказалi, што ў нас не аграгарадок. Увогуле аграгарадкi — гэта добра, але найперш яны павiнны забяспечваць людзей працай. Я б i ў цэх якi пайшла працаваць, калi б хто ў нас яго адчынiў. Што такое 220 тысяч? Зарабляць трэба 400—500, нават 600 тысяч. А ў мяне ж двое дзетак на платнай форме навучання. Дачка ў Мiнску на другiм курсе ў БАТУ вучыцца. Кажа, мама, зраблю ўсё, каб у горадзе застацца. У горадзе ж жыць, напэўна, крыху лягчэй: i працу знайсцi з добрым заробкам, i ў бытавым плане — з тымi ж прадуктамi харчавання. Таму найперш моладзь i iмкнецца з’ехаць з сельскай мясцовасцi. Мы хутчэй за ўсё таксама будзем дом прадаваць, пераедзем жыць у Ашмяны. Ганна КАЧАН, пенсiянерка, вёска Рэдзiгiрава Лунiнецкага раёна, мае траiх дзяцей — Наш населены пункт мае статус аграгарадка. I людзi, у тым лiку i моладзь, застаюцца працаваць у вёсцы, iдуць, скажам, на ферму. Нават з iншых вёсак едуць да нас, ствараюць тут сем’i, дзяцей нараджаюць. Такiм маладым сем’ям выдзяляюць прэзiдэнцкiя домiкi. Iх у нас вельмi шмат i iх працягваюць будаваць далей. ФАП у нас вельмi прыгожы, магазiн, шмат iндывiдуальных прадпрымальнiкаў гандлююць. Карацей, ёсць усе ўмовы. Праўда, усё мае толькi той, хто добра працуе. У нас на вулiцы, скажам, амаль у кожным двары — машына, а то i дзве—тры. I трактары ёсць на падворках, i грузавыя машыны. Вельмi папулярныя зараз крэдыты: iх бяруць для набыцця як тых самых машын, так i для спажывецкiх патрэб — на тэлевiзары, халадзiльнiкi, iншую бытавую тэхнiку. Алена УМЁТАВА, намеснiк дырэктара гандлёва-закупачнага прадпрыемства i знешнеэканамiчнай дзейнасцi Смалявiцкага раённага спажывецкага таварыства, мае дачку. — Давайце з вамi паразважаем. Узяць хоць бы тыя крэдыты. Маёй дачцэ 22 гады, яна замужам, у сям’i ёсць дзiця, плануюць нарадзiць другое. Заробак дачкi 200—300 тысяч рублёў, мужа яе — 450—500 тысяч. Яна зараз будуецца, дык вось двухпакаёвая кватэра ў горадзе плошчай 60 квадратных метраў летась каштавала 80 мiльёнаў рублёў. Гэта без улiку працэнтаў па крэдыту. Няхай ён i льготны — пад 3 працэнты гадавых, гэта ўсё роўна, лiчу, шалёныя грошы. Таму, выкажу асабiстае меркаванне, моладзь не надта iмкнецца затрымацца ў сельскай мясцовасцi. Што значыць застацца ў калгасе? Гэта праца ўлетку без выхадных, цяжкiя ўмовы... А сучаснай моладзi зараз патрэбна iншае. Магчыма, канешне, уплывае блiзкае знаходжанне сталiцы, недзе ў глыбiнцы людзi, пэўна ж, думаюць iнакш. А для мяне дабрацца з дому да працы на транспарце — амаль тое ж самае, што з’ездзiць у Мiнск. Калi б не патрабаванне абавязковай сталiчнай прапiскi, уладкавалася б на працу ў горад сама. Каб моладзь заставалася ў вёсцы, патрэбна добрая праца, прыстойны заробак, забеспячэнне маладых спецыялiстаў жыллём. Аляксандр ГЕРАШЧАНКА, начальнiк iнспекцыi Мiнiстэрства па падатках i зборах па Чачэрскаму раёну, у сям’i выхоўваецца дзiця — Адбываюцца, адназначна. Магчыма, не ў такiх вялiкiх аб’ёмах, як хацелася б адразу, але калi параўнаць вёску зараз i колькi гадоў таму — зрухi будуць вiдавочныя. Па-першае, узровень жыцця ў сельскай мясцовасцi павышаецца, для насельнiцтва даступныя сацыяльныя, бытавыя паслугi. Па-другое, iх спектр павялiчваецца. Напрыклад, сiстэма камбiнатаў бытавога абслугоўвання колькi гадоў таму фактычна развальвалася, а зараз яна дынамiчна развiваецца. У раёне будуюцца аграгарадкi, рамантуюцца школьныя, культурныя ўстановы, у iх завозiцца новае абсталяванне. Шмат увагi надаецца пытанням добраўпарадкавання: прыемна прайсцiся па чыстаму гораду, з акуратнымi тратуарамi, праезнай часткай. Магчыма, да вялiкiх гарадоў мы яшчэ ў нечым i недацягваем, але шмат станоўчых зрухаў, паўтаруся, ёсць ужо зараз. Таму, па маiх асабiстых назiраннях, моладзi зараз больш застаецца ў родных мясцiнах. Ды i кiраўнiцтва раёна рэгулярна сустракаецца з выпускнiкамi школ. Пагадзiцеся, малады спецыялiст, адпрацаваўшы па размеркаванню два гады, хутчэй за ўсё вернецца блiжэй да сваёй сям’i. А настаўнiк, урач з мясцовых вернуцца i будуць жыць i працаваць дома. Як на мой погляд, дык i нараджаць у маладых сем’ях апошнiм часам пачалi больш. Што вы кажаце? Улiчваючы паляпшэнне жыццёвых умоў, цi задумваўся аб папаўненнi ўласнай сям’i? (смяецца.) Як кажуць, усё можа быць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дэмаграфiчная бяспека краiны ў многiм залежыць, напэўна, i ад таго, цi зможа дзяржава спынiць адток насельнiцтва з сельскай мясцовасцi, з невялiкiх га
|
|