21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Богу патрэбная толькi душа

26.08.2009 08:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Надзея НIКАЛАЕВА

Вострая тэма

Трансплантацыя донарскiх органаў заўсёды выклiкала ў грамадстве бурныя дыскусii i даволi процiлеглыя погляды на маральна-этычны бок гэтай праблемы. У Iспанii, напрыклад, на дзвярах кожнага касцёла вiсiць зварот да прыхаджан: «Не забiрайце свае органы на неба. Яны спатрэбяцца хворым людзям на зямлi». Цi не таму менавiта Iспанiя, дзе донарства разглядаецца як гуманны абавязак кожнага чалавека, з’яўляецца бясспрэчным лiдарам па колькасцi донараў i праведзеных трансплантацый у пералiку на колькасць насельнiцтва краiны.

Увогуле бурнае развiццё транспланталогii назiраецца сёння ва ўсiм свеце. У краiнах Еўрасаюза выконваецца каля 40 тысяч трансплантацый органаў штогод, больш за тое, у развiтых краiнах свету трансплантацыя стала стандартам лячэння многiх захворванняў нырак, сэрца, печанi, лёгкiх i г.д. Сёння практычна не засталося сфер у медыцыне, дзе б не прымянялiся трансплантацыйныя тэхналогii...

18 лiпеня 2007 года ў Беларусi ўступiць у сiлу новы Закон «Аб трансплантацыi органаў i тканак чалавека».

— Гэта адзiн з самых прагрэсiўных законаў не толькi ў СНД, але i ў Еўропе, дзякуючы якому беларуская транспланталогiя зможа выйсцi на новы, больш якасны ўзровень развiцця, — лiчыць кiраўнiк Рэспублiканскага цэнтра трансплантацыi органаў i тканак, прафесар, доктар медыцынскiх навук Анатолiй УС. — Пры яго распрацоўцы мы вывучалi вопыт усiх краiн, дзе праводзiцца трансплантацыя, а таксама звярталiся па экспертызу Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя. Сёння рыхтуецца цэлы пакет дакументаў для рэалiзацыi палажэнняў новага закона. У прыватнасцi, рыхтуецца пастанова ўрада аб кампенсацыi выдаткаў, звязаных з неабходнасцю аднаўлення здароўя грамадзян у сувязi з донарствам органаў i тканак, iнструкцыi аб канстатацыi смерцi i парадку вымання органаў для трансплантацыi, аб заборы касцявога мозгу, а таксама пастанова Мiнiстэрства аховы здароўя аб парадку ўлiку заяў грамадзян, нязгодных на выкарыстанне iх органаў для трансплантацыi пасля смерцi. Гэта, хачу падкрэслiць, вельмi тонкае пытанне, асаблiва з улiкам прэзумпцыi згоды, пакладзенай у аснову новага закона. Прэзумпцыя згоды азначае, што калi чалавек пры жыццi не выказаў свайго стаўлення да выкарыстання сваiх органаў пасля смерцi для трансплантацыi хвораму чалавеку, значыць, ён дае згоду на донарства. У тым выпадку, калi чалавек лiчыць недапушчальным выкарыстанне яго органаў пасля смерцi для перасадкi, ён зможа без усялякiх тлумачэнняў аформiць сваё нежаданне. Для гэтага будзе створаны спецыяльны банк даных грамадзян, нязгодных аддаваць свае органы для трансплантацыi.

— Сёння мы працуем над тым, каб зрабiць гэту працэдуру максiмальна спрошчанай, — дапаўняе калегу начальнiк упраўлення арганiзацыi медыцынскай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Iгар БРОЎКА. — Адзiн з варыянтаў, якi разглядаецца, гэта тэлефонны зварот. Праўда, пазней тэлефонны зварот усё ж такi трэба будзе пацвердзiць асабiста з дакументам у руках, каб выключыць розныя непаразуменнi. А ў тым выпадку, калi чалавек на працягу жыцця зменiць свой погляд на трансплантацыю, ён зможа ў любы момант змянiць сваё рашэнне.

Сваякi таксама змогуць выказаць сваё меркаванне: так, калi ў момант канстатацыi смерцi мозгу любы з iх выкажа пiсьмовую цi вусную нязгоду, чалавек, якi памёр, не будзе разглядацца ў якасцi патэнцыяльнага донара.

У шэрагу заходнiх краiн сёння практыкуецца абсалютная мадэль прэзумпцыi згоды, гэта значыць, што дазвол на выманне органаў трансплантолагам не патрабуецца. У iншых краiнах цiкавяцца меркаваннем грамадзян i iх сваякоў. Нежадаючыя стаць донарамi пасля смерцi павiнны засведчыць гэта пры жыццi i iм у пашпарт цi вадзiцельскiя правы ставiцца адпаведная адзнака. Фактычна свет падзялiўся пяцьдзесят на пяцьдзесят. Аднак у краiнах, дзе дзейнiчае прэзумпцыя згоды, актыўнасць транспланталогii значна вышэйшая. У Злучаных Штатах Амерыкi нават узнiкла такое паняцце, як «эмацыянальны донар». Нярэдкiя выпадкi, калi дзiцяцi патрабуецца перасадка ныркi, але ў яго няма сваякоў, якiя б маглi аддаць яму свой здаровы орган. I добраахвотным донарам становiцца хтосьцi з персаналу бальнiцы. Гэта сведчыць аб высокай свядомасцi грамадства да праблем людзей, для якiх адзiным шанцам застаецца перасадка здаровага органа. Да таго ж абсалютна нiхто не застрахаваны ад таго, каб таксама не трапiць у лiст чакання людзей, жыццё якiх залежыць ад трансплантацыi. У Еўрасаюзе, напрыклад, у лiсце чакання знаходзяцца каля 100 тысяч чалавек, а за год выконваецца толькi 40 тысяч трансплантацый органаў.

На жаль, але чуткi, якiя пэўны час таму мусiравалiся ў расiйскiх СМI аб выкраданнi людзей з мэтай продажу iх органаў, забойствах пацыентаў рэанiмацыйных аддзяленняў i крадзяжы органаў хiрургамi ў ходзе планавых аперацый, сталi прычынай фармiравання негатыўнага стаўлення грамадства да транспланталогii на ўсёй постсавецкай прасторы. А ў Расii намецiлася тэндэнцыя да адмiнiстрацыйнага i нават крымiнальнага праследавання ўрачоў, якiя займаюцца трансплантацыяй. Усё гэта прывяло да таго, што там рэзка скарацiлася колькасць перасадак сэрца i нырак, якiя, скажам, у Злучаных Штатах выконваюцца дзесяткамi тысяч у год.

У Беларусi першая перасадка ныркi была здзейсненая яшчэ ў 1974 годзе на базе 4-й сталiчнай бальнiцы iмя Саўчанкi. У лепшыя часы ў Беларусi трансплантавалiся да 100 нырак у год, але, напрыклад, у 2005 годзе было зроблена толькi 8 аперацый па перасадцы нырак i 20 аперацый — у 2006 годзе, а ў лiсце чакання заходзяцца 459 чалавек. Больш аптымiстычна выглядаюць справы з трансплантацыяй касцявога мозгу i ствалавых клетак крывi, якiя выконваюцца, пачынаючы з 1994 года. Усяго за гэты час выканана больш за 700 трансплантацый, у тым лiку 107 — у 2006 годзе. Але ў гэтых выпадках донарамi выступаюць толькi блiзкiя сваякi. А вось трансплантацыя сэрца, лёгкiх, печанi, падстраўнiкавай залозы ў Беларусi пакуль увогуле не выконваецца. Па-першае, развiццё транспланталогii тармазiлi прабелы ў заканадаўстве, а па-другое, у Беларусi не было медыцынскай ўстановы, якая б мэтанакiравана займалася ўкараненнем у медыцынскую практыку трансплантацыйных тэхналогiй. Але ў хуткiм часе яна павiнна з’явiцца...

— Рэспублiканскi навукова-практычны цэнтр трансплантацыi будзе працаваць на базе 9-й мiнскай клiнiчнай бальнiцы, — паведамiў Анатолiй Ус. — Зараз там вядзецца рэканструкцыя карпусоў, дзе будуць адкрыты структурныя падраздзяленнi цэнтра. Паралельна фармiруюцца брыгады трансплантолагаў: ужо дасягнуты дамоўленасцi аб стажыроўках беларускiх спецыялiстаў у Расii, Iспанii i Германii. Дарэчы, эксперты Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя прыйшлi да высновы, што эфектыўнае выкарыстанне фiнансавых сродкаў можа быць дасягнута пры выкарыстаннi ў цэнтры не менш як чатырох-пяцi трансплантацыйных тэхналогiй, а колькасць трансплантацый у клiнiцы павiнна быць не меншай за 100 у год. Iнакш спецыялiсты не змогуць набыць патрэбнага вопыту. Гаворачы аб высокiх тэхналогiях у медыцыне, я хацеў бы звярнуць увагу на наступны аспект. У грамадстве абмяркоўваецца пытанне мэтазгоднасцi выкарыстання надзвычай дарагiх медыцынскiх тэхналогiй. Сапраўды, транспланталогiя — вельмi дарагая. Але я прывяду вам наступны прыклад. Пацыенты, якiм была зроблена перасадка ныркi, на трэцi год пасля аперацыi — гэта ўжо працаздольныя людзi, якiя могуць мець паўнавартасную сям’ю. А хворыя, якiя знаходзяцца на гемадыялiзе, да канца жыцця прыкаваныя да апарата. Ва ўсiм свеце лiчыцца, што трансплантацыя ныркi эканамiчна больш выгадная, чым гемадыялiз. А, напрыклад, альтэрнатывы трансплантацыi печанi i сэрца ўвогуле няма. Можна таксама паспрабаваць палiчыць, колькi каштуе дзяржаве шматгадовае ўтрыманне iнвалiда, колькi каштуе сям’i страта кармiльца. А цi можна ўвогуле неяк ацанiць выратаванае жыццё?

Паводле слоў Анатоля Уса, для актывiзацыi транспланталогii ў нашай краiне павiнна быць створана служба ўрачоў-каардынатараў, якiя будуць адсочваць з’яўленне патэнцыяльных донараў. Дарэчы, ад чэрапна-мазгавых траўмаў штогод у краiне гiнуць ад 300 да 500 чалавек. Многiя з iх могуць пасля сваёй смерцi выратаваць хворых людзей, паколькi гiне толькi галаўны мозг. Справа ў тым, што сучасныя рэанiмацыйныя тэхналогii дазваляюць пэўны час падтрымлiваць функцыянаванне iншых органаў пасля гiбелi мозгу. Але гiбель мозгу ва ўсiм свеце разглядаецца як гiбель чалавека, пасля чаго рэанiмацыйныя мерапрыемствы могуць быць спыненыя, калi не паўстане пытанне аб выкарыстаннi для трансплантацыi здаровых органаў загiнулага. Для дыягностыкi гiбелi мозгу распрацаваны спецыяльны алгарытм дзеянняў, якi прадугледжвае выкарыстанне комплексу клiнiчных i апаратных метадаў дыягностыкi. Памылка цалкам выключаецца.

— Хачу вас запэўнiць, што ўрачы-трансплантолагi i ўрачы, якiя займаюцца заборам органаў, не маюць нiякiх адносiнаў да канстатацыi гiбелi мозгу чалавека i не ўступаюць у зносiны з яго сваякамi, — патлумачыў Анатоль Ус. — Брыгада трансплантолагаў выязджае толькi тады, калi пацвярджаецца, што з’явiлiся донарскiя органы. Пасля стварэння нацыянальнага банка даных грамадзян, якiя нязгодныя аддаваць свае органы для перасадкi, кожны патэнцыяльны донар будзе правярацца на прадмет яго ўключэння ў гэты банк. Калi высветлiцца, што ён пры жыццi выказаўся супраць трансплантацыi, нiхто да яго цела не дакранецца. I яшчэ на адну акалiчнасць хацелася б звярнуць увагу — спецыялiсты, якiя займаюцца трансплантацыяй, гэта спецыялiсты найвышэйшага класа. У новым законе больш дакладна прапiсана прававая абарона медыкаў, якiя бяруць удзел у заборы донарскiх органаў i правядзеннi аперацый па трансплантацыi. Аднак калi трансплантолагi займаюцца выратаваннем жыцця, у iх павiнна быць упэўненасць, што грамадская думка — на iх баку.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трансплантацыя донарскiх органаў заўсёды выклiкала ў грамадстве бурныя дыскусii i даволi процiлеглыя погляды на маральна-этычны бок гэтай праблемы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика