У рэгiёнах кватэры пачалi таннець
Сяргей КУРКАЧ
Жыллё Сёлетняй зiмой i ў пачатку вясны назiралася, бадай, самая моцная хваля падаражэння кватэр на другасным рынку сталiцы, а таксама ў абласных цэнтрах i нават у невялiкiх гарадах. Тады амаль знiклi з рынку прадаўцы, а з другога боку, трымаўся даволi ўстойлiвы высокi попыт на ўсе тыпы кватэр. У чэрвенi сiтуацыя на другасным рынку жылля кардынальным чынам змянiлася. Дырэктар Беларускай асацыяцыi «Нерухомасць» Мiкалай Прасталупаў лiчыць, што гэтыя змяненнi нельга растлумачыць толькi сезоннымi ваганнямi актыўнасцi пакупнiкоў i прадаўцоў. Так, мiнулым летам кватэры ў сталiцы даражэлi нават мацней, чым вясной. Зараз нават у суседнiх рэгiянальных цэнтрах тэндэнцыi на другасным рынку нерухомасцi падобныя, але сiтуацыi iстотна адрознiваюцца.МIНСКIЯ ПАКУПНIКI ПАЧАЛI ВАРУШЫЦЦА Паводле слоў Мiкалая Прасталупава, цэны на сталiчнае жыллё стабiлiзавалiся на даволi высокiм узроўнi толькi ў другой дэкадзе мая, калi пакупнiкi ўвогуле адмовiлiся купляць кватэры. Аднак праз месяц патэнцыяльныя пакупнiкi зноў пачалi цiкавiцца змяненнямi на рынку нерухомасцi. Iстотны адкат попыту не вельмi моцна спужаў прадаўцоў, якiя з вялiкiмi цяжкасцямi пагаджаюцца скiдваць цану i працягваюць чакаць менавiта сваiх клiентаў. Прапаноў сёння на сталiчным рынку хапае, ёсць магчымасць выбiраць у любым мiкрараёне любы тып кватэр. У гэтай сiтуацыi сур’ёзныя пакупнiкi з рэальнымi фiнансавымi сродкамi вырашылi набываць жыллё. Попыт на кватэры ў Мiнску застаецца на вельмi нiзкiм узроўнi, але ён ёсць. ПОПЫТ УПАЎ НАПАЛОВУ, ПРАПАНОВА ЎЗРАСЛА ЎДВАЯ Сама моцна з рэгiянальных цэнтраў цэны на другаснае жыллё павялiчвалiся ў Брэсце. Менавiта гэты заходнi фарпост з’яўляецца другiм горадам у краiне, дзе кватэры на другасным рынку жылля даражэлi мацней за ўсё. У гэтым рэгiёне набыццё кватэр стала не толькi выгадным, але, што галоўнае, перспектыўным накiрункам. Эксперты брэсцкага агенцтва нерухомасцi «Альфа-актыў» адзначаюць, што рост цэн на кватэры ў горадзе над Бугам спынiўся толькi ў пачатку трэцяй дэкады мая. Стабiлiзацыя кошту жыллёвай нерухомасцi працягвалася два тыднi, а потым... Попыт на ўсе тыпы кватэр зараз знiзiўся прыкладна на 40—50 працэнтаў, а прапанова iстотна павялiчылася. Месяц таму ў агенцтве было толькi 10 аднапакаёвых кватэр, якiя прапанавалiся на продаж, сёння iх ужо больш за 20. Разам з тым на знiжэнне цэн прадаўцы вырашаюцца вельмi неахвотна. Прадаўцоў шмат, але большасць з iх разлiчвае ўскочыць у апошнi вагон высокiх цэн 2-месячнай даўнасцi. Аднак пакупнiкi сёння ў «фаворы» i менавiта яны дыктуюць умовы. Зараз пры рэальных здзелках падчас торгу цэны на жыллё магчыма знiзiць на 1—2 тысячы долараў. Цэны ў Брэсце на кватэры вельмi розныя, што залежыць ад плошчы i якасцi жылля, узросту i тыпажу дамоў, а таксама адлегласцi ад цэнтра горада. Самымi таннымi лiчацца аднапакаёўкi-маласямейкi ў дамах «хрушчоўках». У такiх кватэрах пры сядзячай ванне, кухнi — 4,5, жылым пакойчыку — 11,4 квадратнага метра ёсць толькi адзiн плюс: яны каштуюць каля 27—28 тысяч долараў. Звычайныя аднапакаёвыя кватэры ў пяцiпавярховых дамах панэльнага тыпу, але з агульнай плошчай 40—42 «квадраты» каштуюць ужо 42—45 тысяч долараў. Двухпакаёвыя «хрушчоўкi» на першых цi апошнiх паверхах могуць прапанавацца сёння за 41,5—42 тысячы долараў. Стандартныя двухпакаёўкi каштуюць ужо ад 45 да 52 тысяч USD. Больш сучасныя кватэры з палепшанай планiроўкай каштуюць ужо 52—55 тысяч долараў. Трохпакаёвыя «хрушчоўкi» пачынаюць свой цэннiк з 51 тысячы USD. Шматпакаёвыя кватэры сёння ў Брэсце магчыма набыць у новабудоўлях. Квадратны метр такой кватэры без апрацоўкi будзе каштаваць клiенту каля 1000 долараў, а з апрацоўкай 1200 USD. Спецыялiсты жыллёвай нерухомасцi Брэста лiчаць, што недзе з сярэдзiны жнiўня кошт кватэр можа зноў павялiчвацца. Аднак падаражэнне ў першыя месяцы восенi павiнна быць вельмi маленькiм, бо назбiраўся вельмi вялiкi запас прапаноў кватэр на продаж. ГРОДНА — МIНУС 4 ПРАЦЭНТЫ Як паведамiў кiраўнiк дзяржаўнага агенцтва па аказанню рыэлтарскiх паслуг г. Гродна Валяр’ян Стока, другасны рынак кватэр у горадзе пачаў стабiлiзавацца па цэнах яшчэ з другой паловы сакавiка. Асобныя тыпы кватэр за гэты час нават iстотна патаннелi. У першую чаргу гэта датычыцца 1,5-пакаёвых кватэр «брэжневак», якiя прапаноўвалiся тады за 40—41 тысячу, а зараз аддаюцца ўжо па 38—39 тысяч долараў. Самымi таннымi кватэрамi застаюцца аднапакаёвыя «хрушчоўкi» з газавымi калонкамi, якiя каштуюць 32 тысячы долараў. Аднапакаёўкi з адносна прывабнай планiроўкай з вялiкiм калiдорам i агульнай плошчай каля 41 квадратнага метра (так званыя «чэшкi») каштуюць ужо 39—42 тысячы долараў. Маленькiя двухпакаёвыя «хрушчоўкi» каштуюць 36—37 тысяч долараў, а стандартныя i якасныя «двойкi» — ужо ад 48 тысяч USD i больш. Трохпакаёвыя «хрушчоўкi» трапляюць на другасны рынак вельмi рэдка, затое сустракаюцца вельмi маленькiя па плошчы «брэжнеўкi» за 48—52 тысячы долараў, а таксама новыя «чэшкi» па 59—64 тысячы долараў. Паводле меркавання В. Стокi, з вясны цэны ў гэтым рэгiёне знiзiлiся прыкладна на 4 працэнты. Аднак на якаснае жыллё гаспадары нерухомасцi цэны трымаюць. Тут усе чакаюць верасня, бо па мясцовых чутках з гэтага часу могуць адбыцца змены ў напрамку масавага будаўнiцтва панэльных дамоў або iншыя мерапрыемствы, якiя змогуць рэгуляваць рынак нерухомасцi на дзяржаўным узроўнi. Калi гэта адбудзецца, то цэны на кватэры сапраўды папаўзуць унiз. Сёння перадумовы для гэтага ёсць. Колькасць прапаноў на продаж павялiчылася за апошнi час у 2,5—3 разы. МАГIЛЁЎСКАЯ СТАБIЛЬНАСЦЬ У параўнаннi з Гроднам i Брэстам, усходнi Магiлёў выглядае таннейшым горадам у аспекце жыллёвай нерухомасцi. Згодна з iнфармацыяй спецыялiстаў РУП «Дзяржаўнае агенцтва нерухомасцi г. Магiлёва», аднапакаёвыя «хрушчоўкi» каштуюць тут звычайна каля 25 тысяч долараў. Кошт маленькiх кватэр палепшанай планiроўкi пачынаецца з 30 тысяч долараў, а ў дзевяцiпавярховых панэльных дамах — 27—33 тысячы долараў. Двухпакаёвыя «хрушчоўкi» з агульнай плошчай 48 квадратных метраў каштуюць 32—33 тысячы долараў. Сярэднi кошт звычайных двухпакаёвых кватэр не перавышае 35—37 тысяч долараў. «Двойкi» з палепшанай планiроўкай каштуюць ад 40—42 да 43—45 тысяч долараў, у залежнасцi ад якасцi i месцазнаходжання ў горадзе. Мiнiмальны кошт трохпакаёвай «хрушчоўкi» складае 40 тысяч долараў; сярэднi «цэннiк» стандартных «троек» вагаецца ад 43 да 45 тысяч долараў. Трохпакаёвыя кватэры палепшанай планiроўкi каштуюць ужо 50—53 тысячы долараў. Эксперты жыллёвага рынку адзначаюць спыненне цэн на кватэры яшчэ ў красавiку. Прапаноў на продаж крыху паболела, але iснуе i звычайны для гэтага часу попыт на жыллё. Здзелкi па куплi-продажы кватэр ажыццяўляюцца без нейкага ажыятажу. Калi пры набыццi кватэр пакупнiкi выкарыстоўваюць толькi наяўныя грашовыя сродкi, то ёсць магчымасць нават скiдваць цану. У здзелках, дзе прысутнiчаюць крэдытныя рэсурсы, прадаўцы трымаюць цэны на ранейшым узроўнi. Спецыялiсты агенцтва лiчаць, што патэнцыяльныя пакупнiкi кватэр пачнуць актывiзавацца толькi ў вераснi. Менавiта ў гэты час кватэры ў Магiлёве могуць крыху падаражэць. У ВIЦЕБСКУ ПАТАННЕЛI АДНА- I ТРОХПАКАЁЎКI Дырэктар РУП «Дзяржаўнае агенцтва нерухомасцi г. Вiцебска» Уладзiмiр Кабанаў адзначае, што цэны на жыллё ў горадзе цалкам стабiлiзавалiся з першых дзён чэрвеня. За гэты час маленькiя па плошчы аднапакаёвыя кватэры патаннелi прыкладна на 2 тысячы долараў. Сёння ў Вiцебску «аднапакаёўкi» агульнай плошчай 30—31 квадратны метар каштуюць ужо 24—25 тысяч долараў. Аднапакаёвыя кватэры новай планiроўкi з агульнай плошчай каля 37—38 квадратных метраў каштуюць зараз не больш за 34,5 тысячы долараў, а яшчэ два тыднi таму яны прапаноўвалiся за 36 тысяч USD. Двухпакаёвыя «хрушчоўкi» з агульнай плошчай да 44 квадратных метраў сёння каштуюць 34 тысячы долараў. «Двойкi» палепшанай планiроўкi з плошчай 49 «квадратаў» прапануюцца за 43—45 тысяч долараў. Трохпакаёвыя «хрушчоўкi» з маленькай плошчай каштуюць да 48 тысяч долараў. Стандартныя «трохпакаёўкi» з палепшанай планiроўкай агульнай плошчай да 62 квадратных метраў прапануюцца на продаж за 52 тысячы долараў. Кошт трохпакаёвых кватэр за месяц знiзiўся прыкладна на 1—2 тысячы долараў. Кiраўнiк агенцтва адзначыў, што пакупнiкоў кватэр на другасным рынку жылля ў горадзе амаль не засталося. Так, на 150 аб’ектаў жыллёвай нерухомасцi сёння прыпадае толькi 10—15 патэнцыяльных пакупнiкоў, якiя працягваюць чакаць далейшага патаннення. На думку суразмоўцы, падзенне цэн у Вiцебску будзе працягвацца i ў лiпенi—жнiўнi. У горадзе сёння актыўна ажыццяўляецца будаўнiцтва кватэр для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў па кошту 400—450 USD за квадратны метр. Зараз тут актывiзавалася будаўнiцтва жылля i камерцыйнымi арганiзацыямi, якiя прапаноўваюць «квадрат» прыкладна за 800 долараў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлетняй зiмой i ў пачатку вясны назiралася, бадай, самая моцная хваля падаражэння кватэр на другасным рынку сталiцы, а таксама ў абласных цэнтрах i н
|
|