Дзяўчына з характарам, альбо Чаму беларускія русалкi ходзяць па зямлi?
Дзяўчына з характарам, альбо Чаму беларускія русалкi ходзяць па зямлi?
Якая была прыгажуня!.. Зялёныя вочы абяцалi пяшчоту. Пышныя валасы рассыпалiся па плячах. Сустрэча з ёй здавалася казкай, цудам — тое, што такая чараўнiца апынулася i стала жыць у хаце. Гаспадарнiчала яна бездакорна, спраўлялася з усёй жаночай працай. Мара, а не жанчына... I што здарылася? Раптам сышла, знiкла, быццам бы яе нiколi не было, пакiнуўшы ў хаце пасля сябе смутак — i гэта ў той час, калi ўся прырода заклiкае радавацца жыццю... Гiсторыя для псiхатэрапеўта, якi будзе спрабаваць разбiрацца ў складаных калiзiях адносiнаў i наўрад цi знойдзе адказ на пытанне, чаму так адбываецца. Аднак яшчэ адзiн спецыялiст — фалькларыст — можа выказаць сваю версiю знiкнення дзяўчыны. Цi не русалкаю яна была? Паводле народных паданняў, якiя распавядаюць пра загадкавых прыгажунь, вядома, што можна iх злавiць i прывесцi ў чалавечае жытло, нават скорацца яны i будуць служыць гаспадару. Але толькi год — абавязкова збяжыць да наступнага Русальнага тыдня, якi iшоў пасля Сёмухi, напярэдаднi Пятрова паста. Лiчылася, што ў гэты час сустрэцца з русалкай асаблiва небяспечна хлопцам, якiя i ведаць не ведаюць, якiя насамрэч мэты мае салодкагалосая i няўлоўная жанчына-хахатуння. I паспрабуй ты здагадайся, хто яна такая? Распранутая, эратычная — дык мода цяпер такая. Без хваста — дык мясцовая, беларуская русалка не абавязкова была падобная на жанчыну-рыбу. I па зямлi ж ходзiць — мала таго, на Русальным тыднi яшчэ i сярод белага дня! Вобраз прыгожай, але недаступнай, жанчыны здаўна натхняў паэтаў, пiсьменнiкаў, мастакоў, кампазiтараў. А сёння пра русалак нават здымаюць кiно. Гэта лепш за што сведчыць пра тое, што гэтая гераiня казак i гiсторый аказалася вельмi жыццяздольнай. Афiцыйная навука лiчыць русалак мiфалагiчнымi iстотамi. Але час ад часу якая-небудзь нечаканая знаходка, якая дайшла з глыбiнь вякоў, прымусiць падумаць: цi так добра чалавецтва ведае таямнiцы прыроды? Нездарма ж гэты вобраз ёсць у фальклоры самых розных народаў свету. Русалка, Вадзянiца, Казытка, Купалка, Каўка... Колькi iмёнаў далi ёй нашы продкi. Вымаўляць iх можна рамантычна-замiлавана, цi наадварот, запалохана i напружана. Напэўна, у любой мясцовасцi, дзе ёсць рэчка, возера цi iншы вадаём, iснуюць свае легенды пра русалак. Але якiя ж яны насамрэч? Чым небяспечныя чалавеку? Адказы на гэтыя пытаннi дапамагла знайсцi Iрына Махоўская, супрацоўнiца кафедры этнаграфii i фальклору БДУ. Хто яны? Фалькларысты лiчаць русалку адным з найскладанейшых персанажаў беларускай дэманалогii. Яна з’яўлялася насельнiцай адначасова дзвюх стыхiй: вады i зямлi. Паходжанне русалкi звязваецца з заўчаснай, "няправiльнай" смерцю. Русалкамi нiбыта станавiлiся дзецi, якiя памерлi неахрышчанымi цi праклятыя сваiмi мацi яшчэ ў чэраве, дзяўчаты, што скончылi жыццё самагубствам; нарачоныя, што памерлi напярэдаднi вяселля; дзяўчаты, якiя памерлi на Русальным тыднi. Асаблiва шкада дзяўчат, якiя загiнулi з-за кахання, падманутыя жанiхом. Яны не ўступiлi ў шлюб, але так i засталiся поўнымi кахання, i калi выходзяць са сваiх сховiшчаў, то шукаюць сярод мужчын свайго нарачонага. Вось чаму асаблiва маладым хлопцам нельга ўпадаць летам у легкадумнасць, хто ведае... Вам, русалачкi, вяночкi, А нам, маладым, сярпочкi, Вам, русалачкi, у зямлi спаць, А нам, маладым, жыта жаць. Якiя яны? Уяўленнi аб знешнiм выглядзе русалак вельмi разнастайныя. Расiйская даследчыца славянскай народнай дэманалогii Л.Н. Вiнаградава адзначае, што ўяўленнi аб русалках як прыгажунях характэрны для Заходняга Палесся. Русалкi-прыгажунi апiсваюцца як маладыя дзяўчаты з густымi i вельмi доўгiмi валасамi, якiя свяцiлiся ў цемры, i незвычайна прыгожымi блакiтнымi вачамi, якiмi прываблiвалi сваiх ахвяраў. Але, калi iм удавалася злавiць чалавека, вочы рабiлiся шклянымi i нерухомымi. У Пiнскiм Палессi, Цэнтральнай Беларусi i далей на поўнач русалак уяўлялi як страшных пачварных касматых баб, з адвiслымi грудзьмi, якiя яны закiдвалi на плечы. Пачварныя русалкi апiсваюцца як кудлатыя, гарбатыя i старыя цi чорныя, зарослыя поўсцю. Грудзi ў iх каменныя цi жалезныя, якiмi яны маглi заказытаць цi задушыць чалавека. Хадзiлi голыя цi ў лахманах, у руцэ трымалi таўкач цi пранiк. Дзе жывуць? Зiмой русалкi знаходзiлiся ў вадзе, адкуль выходзiлi на Русальным тыднi i заставалiся на зямлi да позняй восенi. Пасля выхаду з вады, русалкi пасялялiся ў палях цi ў лясах, дзе яны гушкалiся на арэлях, падвешаных да галiнаў дрэў, скакалi, плялi вянкi, вадзiлi карагоды, спявалi песнi. Небяспека для чалавека была ў тым, што русалкi заваблiвалi яго да сябе, абступалi гуртам, цiскалi ў абдымках i маглi заказытаць да смерцi. Таксама маглi зацягнуць у ваду цi багну i ўтапiць. Менавiта на Русальным тыднi гэтыя нячысцiкi былi асаблiва небяспечнымi для чалавека. Таму ў гэты час прытрымлiвалiся забаронаў на працу, не мылiся, не мылi бялiзну, не лавiлi рыбу, забаранялася прасцi, вiць вяроўкi, гарадзiць платы i г.д. Забарона тычылася i наведвання мясцiнаў, дзе могуць знаходзiцца русалкi: не хадзiлi ў лес, асцерагалiся падыходзiць да вадаёмаў. Як засцерагчыся? Засцерагальнымi сродкамi выратавання ад русалак, як i ад iншых нячысцiкаў, быў нацельны крыжык — сапраўды ж нельга без яго хадзiць. I малiтва любых русалак адагнаць здолее. Але ў фальклоры кажуць пра iншыя сродкi. Вельмi непрыемныя ёй некаторыя раслiны — часнок цi палын. Згодна з беларускiм павер’ем, калi нападалi русалкi, чалавек павiнен быў намаляваць па магчымасцi вялiкае кола, у цэнтры яго — крыж i стаць на яго. Русалкi будуць злавацца, могуць нават кiдацца камянямi, але намаляванай рысы не пяройдуць. Дзейсным сродкам лiчылася таксама iголка цi шпiлька, каб укалоць русалку, ад гэтага ўсе яны з вiскам разбягалiся. У той жа час навукоўцамi зафiксаваны паданнi аб русалках, якiх злавiлi i прывялi дамоў, дзе яны засталiся жыць i працавалi на карысць чалавека. Цi рабiлi што добрае? Раней верылi, што там, дзе пабегалi русалкi, трава расце зелянейшай i гусцейшай. Яны надзялялiся роляй ахоўнiц ураджаю. Русалкi знаходзiлiся ў жыце, калi яно пачынала цвiсцi, i сачылi, каб нiхто не хадзiў у гэты час па полi, не ламаў i не абтрасаў каласоў. Дзяцей палохалi, каб яны не хадзiлi па жыце, бо "русалка заказыча". Але, спрыяючы ўраджаю, русалкi маглi пакараць таго, хто працаваў на Русальным тыднi: вытоптвалi пасевы, насылалi град цi засуху, шкодзiлi хатняй жывёле. Ёсць над чым нам задумацца. Зразумела, лепш русалку не злаваць, таму што дзяўчына ж з характарам... — У адрозненне ад iншых нячысцiкаў, з русалкай немагчыма было заключыць "кантракт", па якiм яна б спрыяла чалавеку, прыносiла яму багацце цi незвычайныя здольнасцi ў замен на яго душу пасля смерцi. Акрамя таго, у народзе iснавалi прысвечаныя русалкам абрады, чаго няма нi ў адным выпадку з iншымi нячысцiкамi, — падсумоўвае кандыдат гістарычных навук Iрына Махоўская. Як правесцi Русальны тыдзень? Склаўся ў народзе нават абрад Русальнага тыдня — провады русалкi. Выбiралася прыгожая дзяўчына, якую апраналi русалкай: распускалi валасы, упрыгожвалi кветкамi, стужкамi, на галаву надзявалi вянок, часта з русалкi здымалi адзенне, пакiнуўшы толькi кашулю. Дзяўчаты, па парах узяўшыся за рукi, з песнямi вялi русалку за вёску ў поле. Там яе сiлком упiхвалi ў жыта, зрывалi з яе вянок i разбягалiся. Русалка бегла за дзяўчатамi, ляскала ў далонi i палохала сябровак гучнымi воклiчамi. У некаторых сёлах, напрыклад, у сяле Юркевiчы Гомельскай вобласцi рабiлi чучала русалкi з саломы. Саламяную "русалку" таксама ўбiралi каснiкамi i кветкамi. Дзяўчаты распускалi косы, апраналi на галовы вяночкi i вадзiлi карагоды з русальнай лялькай, потым выкiдвалi яе ў жыта i ўцякалi. Яшчэ ў адным лакальным варыянце провадаў русалкi дзяўчаты выкiдвалi ў поле свае вянкi. На наступны дзень iх адшуквалi, разрывалi i раскiдвалi на агародах, каб не заводзiлiся чэрвi ў капусце. Спявалi русальныя песнi: Правяду русалку, правяду Да й асiнкаю заламлю, Каб тая русалка па жыце не хадзiла, Майго жыта не ламiла. Маё жыцейка дробнае Да ў каласку буйнае. Правяду русалку, правяду Да й асiнкаю заламлю. Пасля провадаў русалкi дзяўчаты вярталiся ў вёску, дзе да iх далучалiся хлопцы, i яны разам ладзiлi вечарыну з песнямi i скокамi. ...Цi не тут была галоўная спакуса Русальнага тыдня? Цi не ад таго перасцярогi: маўляў — пагуляць пагуляй, а пра тое, чаму носiш крыжык — не забывай. Усё-такi вялiкiя светлыя святы на парозе — Сёмуха ды Духаў дзень. Падрыхтавала Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якая была прыгажуня!.. Зялёныя вочы абяцалi пяшчоту. Пышныя валасы рассыпалiся па плячах. Сустрэча з ёй здавалася казкай, цудам — тое, што такая чараў
|
|