Важны i адказны перыяд у дзейнасцi Савета Рэспублiкi
Важны i адказны перыяд у дзейнасцi Савета Рэспублiкi
Выступленне Старшынi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Навiцкага Г.В. на закрыццi дзесятай сесii Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь трэцяга склiкання 28 чэрвеня 2008 г. Паважаныя члены Савета Рэспублiкi, запрошаныя i журналiсты! Сёння завяршаецца дзесятая сесiя Савета Рэспублiкi. Наступная, адзiнаццатая, у рабоце трэцяга склiкання стане заключнай: мы падвядзём вынiкi i перададзiм эстафету чацвёртаму склiканню. Прыемна ўсведамляць, што зладжанасць, эфектыўнасць i мэтанакiраванасць сталi неад’емнымi рысамi нашай работы. Узрастаючы прафесiяналiзм у заканатворчай дзейнасцi садзейнiчае павышэнню якасцi законаў, якiя прымаюцца намi. Як падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы ў Пасланнi беларускаму народу i Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь: "Нямала зроблена для больш аператыўнага разгляду законапраектаў, забеспячэння стабiльнасцi i комплекснасцi заканадаўства". У Пасланнi прэзiдэнта вызначаны таксама асноўныя задачы, якiя стаяць перад заканадаўствам на сучасным этапе. Перш за ўсё гэта "мэтанакiраванае фармiраванне сiстэмы нацыянальнага заканадаўства, якая максiмальна адпавядае патрэбнасцям дзяржавы i грамадства". Пастаўленая задача ўжо выконваецца. Сведчанне таго — вынiкi работы дзесятай сесii. За мiнулы перыяд адобрана 105 законапраектаў, прынята да ведама 16 дэкрэтаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Адзiн законапраект быў адхiлены. Асаблiвая ўвага ў заканадаўчай дзейнасцi Савета Рэспублiкi ўдзялялася рэгуляванню пытанняў аховы здароўя, сацыяльнай абароны i адукацыi. 2008 год у нашай краiне аб’яўлены Годам здароўя, i мы як нiколi разумеем, што "здароўе нацыi — гэта аснова дабрабыту дзяржавы". У перыяд сесii ўнесены важныя змяненнi i дапаўненнi ў законы "Аб ахове здароўя" i "Аб правах дзiцяцi". Не менш актуальным уяўляецца i адобраны намi закон "Аб ахове працы". Ён замацоўвае правы грамадзян на здаровыя i бяспечныя ўмовы працоўнай дзейнасцi. У працэсе нашай работы асаблiвае месца адводзiлася развiццю заканадаўства ў эканамiчнай сферы. Прыняты законы, якiя ствараюць умовы для вырашэння эканамiчных, а таксама сацыяльна значных пытанняў. Так, для паляпшэння сiтуацыi з забеспячэннем грамадзян даступным жыллём прыняты закон "Аб iпатэцы". Рэалiзацыя яго нормаў дасць магчымасць пашырыць магчымасцi грамадзян па набыццi жылля i будзе садзейнiчаць развiццю розных галiн эканомiкi. На абарону правоў i iнтарэсаў грамадзян накiраваны закон "Аб гарантаванай кампенсацыi банкаўскiх укладаў (дэпазiтаў) фiзiчных асобаў". Замацаваны ў iм механiзм гарантавання ўкладаў будзе садзейнiчаць умацаванню даверу да нацыянальнай банкаўскай сiстэмы i прыцягненню ў эканомiку краiны найбольш значнага iнвестыцыйнага патэнцыялу ў выглядзе зберажэнняў насельнiцтва. Працягваючы тэму эканамiчных адносiнаў, хацелася б спынiцца на Бюджэтным кодэксе. Прыняты намi нарматыўны акт забяспечвае поўнае i сiстэмнае рэгуляванне прававых нормаў бюджэтнага працэсу. У кодэкс уключаны палажэннi, якiя рэгулююць асноўныя механiзмы складання, разгляду, зацвярджэння i выканання мясцовых бюджэтаў. Гэта дае магчымасць павышаць зацiкаўленасць мясцовых органаў улады ў эфектыўным выкарыстаннi бюджэтных сродкаў. Акрамя таго, у Савеце Рэспублiкi адобраны шэраг кодэксаў, якiя датычацца iншых актуальных пытанняў. Так, прыняты Кодэкс аб зямлi дасць магчымасць актывiзаваць рыначныя метады рэгулявання зямельнага рынку i вывесцi гэты рэсурс з ценявога абароту. Пры гэтым ён захоўвае сацыяльную накiраванасць: абараняе маламаёмных i грамадзян, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Намi адобраны таксама Кодэкс аб нетрах. Рэалiзацыя яго нормаў дасць магчымасць забяспечыць аднаўленне мiнеральна-сыравiннай базы краiны, яе ахову ад спусташэння i забруджвання. Акрамя таго, палажэннi кодэкса будуць садзейнiчаць абароне канстытуцыйнага права грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. На гэтай сесii прыняты закон "Аб Нацыянальным сходзе Рэспублiкi Беларусь". Ён комплексна рэгулюе прававы статус i дзейнасць парламента, а таксама працэдуру разгляду законапраектаў, прыняцця i адабрэння законаў. Пашыраюцца i кантрольныя паўнамоцтвы палат: iм прадастаўлена права атрымлiваць iнфармацыю аб выкананнi законаў i рэспублiканскага бюджэту, а таксама аб рэалiзацыi асноўных напрамкаў унутранай i знешняй палiтыкi краiны. Паважаныя калегi! У сваёй заканадаўчай дзейнасцi мы традыцыйна ўдзяляем вялiкую ўвагу развiццю дагаворна-прававой базы мiжнародных адносiнаў. Доля законаў аб ратыфiкацыi дагавораў i пагадненняў у агульным аб’ёме разгледжаных законапраектаў у гэту сесiю склала каля 45 працэнтаў. Яны рэгулююць пытаннi гандлёва-эканамiчнага ўзаемадзеяння, арганiзацыi аўтамабiльных пасажырскiх i грузавых перавозак, двайнога падаткаабкладання, абароны iнвестыцый, супрацоўнiцтва ў ваеннай сферы. Асобна трэба адзначыць ратыфiкацыю пакета пагадненняў, накiраваных на больш хуткае завяршэнне працэсу стварэння адзiнай мытнай тэрыторыi ў рамках мытнага саюза. Заўважу, што Беларусь першая з краiн гэтага аб’яднання ратыфiкавала такi пакет. Важны напрамак нашай дзейнасцi — мiжпарламенцкае ўзаемадзеянне. У гэтым плане асаблiвае значэнне надаецца адносiнам з Расiйскай Федэрацыяй. Развiваюцца кантакты памiж рэгiянальнымi заканадаўчымi органамi дзвюх краiн, удасканальваецца прававая база iх узаемадзеяння. Так, у красавiку гэтага года падпiсаны Пратакол аб намерах памiж Саветам Рэспублiкi i Заканадаўчым сходам Нiжагародскай вобласцi. Адбылося таксама шостае пасяджэнне мiжпарламенцкай камiсii Савета Рэспублiкi i Савета Федэрацыi па мiжрэгiянальнаму супрацоўнiцтву. Беларускiя парламентарыi актыўна ўзаемадзейнiчалi са сваiмi калегамi ў рамках ПС, МПА СНД, ПА АДКБ i МПА ЕўрАзЭС. Члены Савета Рэспублiкi сталi таксама ўдзельнiкамi планавых мерапрыемстваў Мiжпарламенцкага Саюза, Парламенцкай асамблеi АБСЕ, Мiжпарламенцкай асамблеi праваслаўя i Парламенцкай асамблеi Арганiзацыi Чарнаморскага эканамiчнага супрацоўнiцтва. Паказчыкам паспяховай работы ў гэтым напрамку служыць той факт, што паўнамоцтвы нашага парламента як каардынатара групы "Еўразiя" ў Мiжпарламенцкiм Саюзе прадоўжаны на наступныя два гады. У сесiйны перыяд актыўна развiвалiся двухбаковыя сувязi з парламентамi замежных дзяржаў. У Савеце Рэспублiкi адбылiся сустрэчы з дэлегацыямi Кiтая, Турцыi i Азербайджана. Паважаныя калегi! Асаблiвую ўвагу Савет Рэспублiкi працягвае ўдзяляць рабоце з мясцовымi органамi кiравання i самакiравання. У перыяд сесii яна праводзiлася па двух напрамках. Першы — гэта вырашэнне пытання аб паляпшэннi фiнансавай i матэрыяльнай базы мясцовых Саветаў дэпутатаў. Не сакрэт, што большасцi з iх уласных рэсурсаў пакуль не хапае. Пры садзейнiчаннi Савета па ўзаемадзеяннi органаў мясцовага самакiравання пры Савеце Рэспублiкi Мiнiстэрства фiнансаў выпрацавала прапановы па пашырэннi пералiку даходаў, якiя падлягаюць залiчэнню ў бюджэты Саветаў дэпутатаў пярвiчнага тэрытарыяльнага ўзроўню. У сувязi з гэтым распрацоўваюцца папраўкi ў адпаведнае заканадаўства. Найбольшую вастрыню праблема напаўняльнасцi бюджэтаў Саветаў дэпутатаў пярвiчнага тэрытарыяльнага ўзроўню мае ў раёнах, якiя пацярпелi ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС. У рамках Савета па ўзаемадзеяннi органаў мясцовага самакiравання створана спецыяльная група. Яна дэталёва прааналiзуе практыку фармiравання названых бюджэтаў i распрацуе адпаведныя рэкамендацыi. Лiчу, што iх выкананне будзе садзейнiчаць стварэнню больш спрыяльных умоў для забеспячэння жыццядзейнасцi насельнiцтва, якое пражывае на гэтых тэрыторыях. У той жа час мясцовыя органы ўлады i самi могуць папоўнiць свае бюджэты. Для гэтага ёсць неабходныя перадумовы. Так, у мэтах актывiзацыi малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва i стымулявання вытворчасцi ў вёсцы, у малых i сярэднiх гарадах распрацаваны спецыяльныя праграмы. Садзейнiчаючы iх рэалiзацыi на месцах, Саветы могуць забяспечыць значныя паступленнi ў выглядзе падаткаў ад прадпрымальнiкаў. Другi напрамак — гэта ўдасканаленне справаводства ў Саветах дэпутатаў пярвiчнага i базавага тэрытарыяльных узроўняў. Як высветлiлася, тут iснуе цэлы шэраг праблем. Спецыяльнай рабочай групе даручана вывучыць сiтуацыю на месцах i ўнесцi прапановы па аптымiзацыi справаводства ў мясцовых Саветах дэпутатаў. Акрамя таго, цяпер прапрацоўваецца пытанне аб стварэннi рэгiянальнай iнфармацыйнай сеткi мясцовых органаў самакiравання. Яе выкарыстанне дасць магчымасць не толькi спрасцiць работу з дакументамi, але i павысiць агульную эфектыўнасць дзейнасцi Саветаў. Паважаныя члены Савета Рэспублiкi! У мiжсесiйны перыяд нас чакае вялiкая работа. Як адзначыў кiраўнiк дзяржавы ў штогадовым Пасланнi: "Трэба стварыць неабходны зачын для паспяховага пачатку дзейнасцi Нацыянальнага сходу новага склiкання". Для гэтага нам неабходна прадоўжыць работу над некаторымi найважнейшымi законапраектамi. Перш за ўсё гэта датычыцца прыняцця закона "Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2009 год" i ўнясення адпаведных паправак у падатковае заканадаўства. Напярэдаднi парламенцкiх выбараў асаблiвую важнасць набывае работа з насельнiцтвам. Наш абавязак — дайсцi да кожнага нашага грамадзянiна з яго праблемамi i клопатамi, "прыняць зацiкаўлены ўдзел у яго няпростых жыццёвых абставiнах, дапамагчы i падтрымаць". Разгляд пiсьмаў i зваротаў, сустрэчы з працоўнымi калектывамi, удзел у сесiях мясцовых Саветаў дэпутатаў, выступленнi ў дзяржаўных сродках масавай iнфармацыi — вось далёка не поўны пералiк мераў, якiя неабходна прыняць цяпер. Разлiчваю таксама на тое, што будзе праведзены належны аналiз i абагульненне, i пры неабходнасцi — унесены прапановы па паляпшэннi работы органаў улады на месцах. На заканчэнне дзякую вам, паважаныя калегi, за актыўную i плённую работу ў перыяд дзесятай сесii Савета Рэспублiкi трэцяга склiкання. Выказваю ўдзячнасць супрацоўнiкам Сакратарыята за паспяховае арганiзацыйнае i прававое забеспячэнне нашай дзейнасцi. Вiншую ўсiх з надыходзячым святам — Днём незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь! Дзякуй за ўвагу!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Старшынi Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Навiцкага Г.В. на закрыццi дзесятай сесii Савета Рэспублiкi Нацыянальна |
|