21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Каб вайна была гуманнай. А лепей, каб яе зусім не было

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Каб вайна была гуманнай. А лепей, каб яе зусім не было

Гісторыя і сучаснасць

Ёсць такiя дзяржаўныя органы i ўстановы, з якiмi звычайны чалавек кантактуе вельмi часта: мiлiцыя, палiклiнiкi, камунальныя службы, сельскiя саветы i выканкамы. Чым яны займаюцца — усiм вядома, i пытанняў пра iх дзейнасць не ўзнiкае. А ёсць такiя органы, пра якiя большасць насельнiцтва нават i не чула. Ну вось, напрыклад, Камiсiя па iмплементацыi мiжнароднага гуманiтарнага права пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь. Правядзiце эксперымент: спытайце ў каго са сваiх родных цi сяброў, чым гэтая камiсiя займаецца. Ну што? Правiльна, нiчога пэўнага не пачулi, хiба толькi "раз пры Саўмiне, значыць, высокая ўстанова". I я, прызнаюся, нiколi не чуў пра яе, пакуль жыццё не сутыкнула. Мы прапануем iнтэрв’ю з Яраславам Буднiкам, сакратаром Камiсii па iмплементацыi мiжнароднага гуманiтарнага права i адначасова намеснiкам начальнiка ўпраўлення прававога забеспячэння знешнiх сувязяў Мiнiстэрства юстыцыi.

— Назва ў камiсii вялiкая i "закручаная", то давайце спачатку разбяромся, што ж такое мiжнароднае гуманiтарнае права i што такое iмплементацыя?

— Добра, давайце. Мiжнароднае гуманiтарнае права — гэта галiна мiжнароднага публiчнага права, якая мае два асноўныя напрамкi: першы — абмежаванне сродкаў i метадаў вядзення ўзброеных канфлiктаў, то бок забароны, напрыклад, на выкарыстанне асобных вiдаў зброi — лазернай асляпляльнай цi супрацьпяхотных мiн i г.д., а другi — абарона ахвяраў узброеных канфлiктаў, гэта значыць асобаў, якiя не прымаюць непасрэднага ўдзелу ў канфлiкце. I вось асноўная задача мiжнароднага гуманiтарнага права — гэта максiмальная гуманiзацыя вайны, хаця, шчыра кажучы, вайна i гуманнасць — рэчы абсалютна супрацьлеглыя. Таму ўнiкальнасць мiжнароднага гуманiтарнага права ў тым i заключаецца, што яно спрабуе аб’яднаць гэтыя паняццi, каб вайна, калi яна здараецца, вялася цывiлiзавана, а не па-варварску.

Асноўнымi крынiцамi мiжнароднага гуманiтарнага права з’яўляюцца 4 Жэнеўскiя канвенцыi 1949 года i дадатковыя пратаколы да iх 1977 года. Гэтыя дакументы складаюць так званае Жэнеўскае права, якое датычыцца непасрэдна ахвяраў узброеных канфлiктаў. Дарэчы, Жэнеўскiя канвенцыi адметныя тым, што ўсе дзяржавы свету, абсалютна ўсе, удзельнiчаюць у iх. Аналагiчныя прыклады ў мiжнародным праве наогул цяжка адшукаць.

Ёсць яшчэ i Гаагскае права, якое больш старое. Яно ўзнiкла па вынiках Гаагскiх канферэнцый 1899 i 1907 гадоў i атрымала развiццё ў шматлiкiх мiжнародных канвенцыях, якiя датычацца абмежавання сродкаў i метадаў вядзення вайны, напрыклад, у Гаагскай канвенцыi аб ахове культурных каштоўнасцяў у выпадку ўзброенага канфлiкту 1954 года.

А iмплементацыя — гэта працэс рэалiзацыi краiнамi ўзятых на сябе абавязацельстваў на мiжнародным i ўнутрыдзяржаўным узроўнi, карэкцiроўка нацыянальнай прававой сiстэмы ў адпаведнасцi з гэтымi абавязацельствамi.

— Мяркуючы па даце, адной з прычын прыняцця Жэнеўскiх канвенцый 1949 года была Другая сусветная вайна, так?

— Так. Але i да Жэнеўскiх канвенцый iснавалi мiжнародныя дамовы, што рэгулявалi абарону ахвяраў вайны, толькi яны былi не так шырока распаўсюджаныя. А падчас Другой сусветнай вайны нярэдка ўзнiкалi выпадкi грубага парушэння правоў як удзельнiкаў узброенага канфлiкту, так i цывiльнага насельнiцтва. Ёсць такi тэрмiн — камбатант, якiм называюць законнага ўдзельнiка ўзброенага канфлiкту. На яго распаўсюджваюцца тыя гарантыi, што змешчаны ў Жэнеўскiх канвенцыях (у выпадку, калi ён быў паранены цi трапiў у палон). А ёсць незаконныя ўдзельнiкi канфлiкту, напрыклад, шпегi, наёмнiкi. I яны ўжо не маюць адпаведных прывiлеяў. Вось, напрыклад, падчас Другой сусветнай нямецкiя войскi не разглядалi партызанаў як камбатантаў, а значыць пазбаўлялi iх таго аб’ёму правоў, што iснуюць у законных удзельнiкаў узброенага канфлiкту. У Жэнеўскiх канвенцыях выпраўлены ўсе недахопы, што "ўсплылi" падчас Другой сусветнай вайны, а самi канвенцыi з’яўляюцца апалiтычнымi, iмкнуцца абаранiць асноўныя правы чалавека пры ўзброеным канфлiкце, i таму ў iх удзельнiчаюць усе дзяржавы незалежна ад рэлiгiйных i палiтычных пераваг.

— А сёння партызаны прызнаюцца камбатантамi цi не?

— Згодна з Жэнеўскiмi канвенцыямi 1949 года партызаны прызнаюцца камбатантамi, калi яны маюць на чале асобу, адказную за сваiх падначаленых, i распазнавальны знак, адкрыта носяць зброю i выконваюць законы i звычаi вайны. У такiм выпадку на iх распаўсюджваецца ўвесь аб’ём прававой абароны, як i на iншых камбатантаў.

— Добра, давайце зараз пагутарым пра Камiсiю па iмплементыцыi мiжнароднага гуманiтарнага права. Як я разумею, яна дзейнiчае пры Савеце Мiнiстраў Беларусi?

— Так, яна з’яўляецца кансультацыйным мiжведамасным органам Урада. Ва ўсiм свеце аналагiчныя камiсii iснуюць недзе ў 80 краiнах...

— А чаму толькi ў 80-цi? Усе ж краiны ўдзельнiчаюць у Жэнеўскiх канвенцыях, то чаму ж камiсiй так мала? Яны iмплементацыяй не займаюцца?

— Ажыццяўляюць безумоўна! Нельга з’яўляцца ўдзельнiкам Жэнеўскiх канвенцый i не iмплементаваць iх, бо гэта — мiжнародныя дамовы. А ўсе мiжнародныя дамовы падпарадкоўваюцца прынцыпу Расtа sunt sеrvаndа, якi азначае, што дамовы павiнны выконвацца. Таму краiны, што ўдзельнiчаюць у Жэнеўскiх канвенцыях, згодна з гэтым прынцыпам павiнны iмплементаваць у сваё заканадаўства iх палажэннi. Але найбольшы плён, i гэта прызнана Мiжнародным Камiтэтам Чырвонага Крыжа, прыносiць менавiта дзейнасць спецыяльных органаў, аналагiчных нашай камiсii. У Беларусi Камiсiя па iмплементацыi мiжнароднага гуманiтарнага права была створана ў 1997 годзе адной з першых на постсавецкай прасторы, яе структура такая ж, як i ў iншых дзяржавах. У камiсii ўдзельнiчаюць перш за ўсё прадстаўнiкi Мiнiстэрства юстыцыi — старшынёй камiсii з’яўляецца мiнiстр юстыцыi Вiктар Галаванаў, сакратарыят камiсii — гэта нашае ўпраўленне забеспячэння знешнiх сувязяў Мiнюста. Акрамя гэтага, у склад камiсii ўваходзяць прадстаўнiкi мiнiстэрстваў абароны, замежных i ўнутраных спраў, адукацыi, аховы здароўя, культуры, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства i прававых даследаванняў, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, то бок, як бачыце, кола ўдзельнiкаў вельмi шырокае.

— Iмплементацыя — слова досыць абстрактнае, як гэтую самую iмплементацыю вы здзяйсняеце?

— Па-першае, мы садзейнiчаем прывядзенню нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з мiжнароднымi абавязацельствамi ў сферы мiжнароднага гуманiтарнага права, а таксама адсочваем сiтуацыю ў краiне з пункту гледжання мiжнароднага гуманiтарнага права, у тым лiку i з дапамогай СМI. I калi знаходзiм у дзеяннях дзяржаўных органаў, арганiзацый, грамадзян прыклады парушэння абавязкаў у рамках мiжнароднага гуманiтарнага права, то такiя пытаннi мы выносiм на разгляд камiсii. А пасля пасяджэння камiсii прынятыя рашэннi даводзiм да ведама i выканання тых органаў i арганiзацый, якiх гэта тычыцца. Акрамя таго, звяртаемся з прапановамi ва Урад, бо камiсiя — кансультацыйны орган i мы не маем такiх паўнамоцтваў, якiя мае Савет Мiнiстраў. Па-другое, мы пастаянна ўдзельнiчаем у афармленнi далучэння Рэспублiкi Беларусь да мiжнародных канвенцый. Вось, напрыклад, пры падтрымцы камiсii ў гэтым годзе нашая краiна далучылася да V пратакола Канвенцыi аб "негуманнай зброi", у якiм прадугледжваецца максiмальнае супрацоўнiцтва дзяржаў пасля таго, як яны спынiлi вайну: абмен iнфармацыяй пра мiнныя палi, iншыя аб’екты, што могуць прынесцi шкоду цывiльнаму насельнiцтву. Па-трэцяе, мы займаемся распаўсюджаннем ведаў пра мiжнароднае гуманiтарнае права: праводзiм семiнары, канферэнцыi, па iх вынiках выдаём зборнiкi.

— А вось з 1997 года якiя найбольш значныя дасягненнi можаце назваць?

— Гэта прыняцце шэрагу законаў, у тым лiку "Аб Беларускiм Таварыстве Чырвонага Крыжа", "Аб выкарыстаннi i абароне эмблем Чырвонага Крыжа i Чырвонага Паўмесяца"...

— Пасля гэтага на машынах хуткай дапамогi знiклi чырвоныя крыжы?

— Абсалютна правiльна! Бо згодна з Жэнеўскiмi канвенцыямi эмблема Чырвонага Крыжа выкарыстоўваецца для абазначэння санiтарных службаў армiй. Цывiльныя медыцынскiя фармiраваннi не могуць выкарыстоўваць гэтую эмблему ў мiрны час. Але ў нас так склалася яшчэ з часоў СССР, што Чырвоны Крыж выкарыстоўваўся цывiльнымi медыцынскiмi ўстановамi: на машынах быў, аптэках i г.д. Нельга дапускаць, каб што нi крок была эмблема Чырвонага Крыжа, бо гэта парушэнне Жэнеўскiх канвенцый. Дарэчы, у нашай краiне пасля прыняцця гэтага закона i ўнясення адпаведных дапаўненняў у Кодэкс аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях i Крымiнальны кодэкс выпадкаў неправамернага выкарыстання эмблемы Чырвонага Крыжа фактычна не назiраецца. Аднак нашая праца ў гэтай галiне яшчэ не завершаная, бо зараз Мiжнародны Камiтэт Чырвонага Крыжа разам з вядомымi эмблемамi Чырвонага Крыжа i Чырвонага Паўмесяца ўводзiць новую эмблему — Чырвоны Крышталь. Пасля далучэння да адпаведнай мiжнароднай дамовы нам трэба будзе распрацаваць i ўнесцi змяненнi ў беларускае заканадаўства.

Што яшчэ намi зроблена? Летась правялi мiжнародную канферэнцыю пра актуальныя пытаннi мiжнароднага гуманiтарнага права, на якую сабралася паўсотнi ўдзельнiкаў з розных краiн. Можна ўспомнiць далучэнне Беларусi ў 2005 годзе да Факультатыўнага пратакола Канвенцыi аб правах дзiцяцi, якi датычыцца ўдзелу няпоўнагадовых ва ўзброеных канфлiктах, пасля чаго ўносiлiся змены ў Закон "Аб правах дзiцяцi", у Крымiнальны кодэкс, у правiлы паступлення ў ВНУ i iнш.

У 2006 годзе пачаў дзейнiчаць Закон "Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь", у якiм прапiсана, што на нерухомую матэрыяльна-культурную каштоўнасць можа ўсталёўвацца спецыяльны знак ў адпаведнасцi з мiжнароднымi дамовамi. Такi знак прадугледжаны Гаагскай канвенцыяй 1954 года аб ахове культурных каштоўнасцяў у выпадку ўзброенага канфлiкту i ўяўляе сабой шчыт, завостраны знiзу, падзелены на чатыры часткi сiняга i белага колеру. Вось я быў у Нiдэрландах у канцы мiнулага года, дык там iдзеш па вулiцы, i на шматлiкiх дамах, побач з шыльдачкай з адрасам, вiсiць маленькi такi шчыт. Гэта значыць, што аб’ект знаходзiцца пад абаронай мiжнароднага гуманiтарнага права. У нас, як бачыце, такiх шыльдачак пакуль не назiраецца, хоць каштоўных гiсторыка-культурных аб’ектаў хапае. Я размаўляў з экспертамi ў галiне аховы культуры, i, як я зразумеў, на сёння рашэнне гэтай праблемы не з’яўляецца прыярытэтным, але я так мяркую, што пытанне па размяшчэннi такiх спецыяльных знакаў на каштоўных аб’ектах у Беларусi мы яшчэ будзем абмяркоўваць на пасяджэннях нашай камiсii.

— Яраслаў Уладзiмiравiч, а вось скажыце: навошта нам наогул гэтая ўся дзейнасць па iмплементацыi мiжнароднага гуманiтарнага права, бо Беларусь — мiрная краiна i ваяваць не збiраецца?..

— Правiльна, я таксама не дапускаю ўзброенага канфлiкту. Адметнасць мiжнароднага гуманiтарнага права ў тым, што яно выконвае, так бы мовiць, прафiлактычную функцыю: дзяржавы крок за крокам прымаюць усё новыя абавязкi ў рамках мiжнароднага гуманiтарнага права i паступова змяншаюць магчымасць свайго ўдзелу ва ўзброеных канфлiктах. Што датычыцца прыватных асобаў, то ўсталяваная ў рамках мiжнароднага гуманiтарнага права сiстэма крымiнальнага праследавання таксама стрымлiвае гэтых самых асобаў ад злачынстваў. Але на 100 працэнтаў прадухiлiць вайну немагчыма: сiтуацыi ў Афганiстане, Iраку, iншых шматлiкiх месцах планеты паказваюць, што нават пры максiмальным жаданнi сусветнай супольнасцi не дапусцiць войнаў яны ўсё роўна ўзнiкаюць.

— Зусiм нядаўна было пасяджэнне вашай камiсii наконт Першай сусветнай вайны (пра гэта "ЗВЯЗДА" пiсала 17 лiпеня). Прайшло вось ужо некалькi тыдняў, цi ёсць якiя-небудзь зрухi?

— Мы пратакол пасяджэння з адпаведнымi прапановамi накiравалi для выкарыстання ў працы ўсiм дзяржаўным органам, якiх ён датычыцца, у тым лiку i мясцовым. Нам ужо тэлефануюць, нешта пытаюцца, раяцца. Вось з Iвацэвiчаў цiкавiлiся, як лепей рэалiзаваць рашэннi камiсii, скардзiлiся, што ў iх не хапае чалавечых рэсурсаў, бо ў выканкаме адзiн спецыялiст адказвае за ўсе помнiкi культуры, у тым лiку i за вайсковыя пахаваннi. Натуральна, што з усiм не спраўляецца. Гэтая праца не аднаго дня. Мiнiстэрства юстыцыi зараз шукае дакументы пра Першую сусветную ў беларускiх архiвах, нядаўна з Расiйскага гiстарычнага архiва вярнуўся наш прадстаўнiк i прывёз шмат цiкавага матэрыялу, якi зараз аналiзуецца.

У самы блiжэйшы час мы, хутчэй за ўсё, будзем выходзiць са зваротам ва Урад з прапановай комплексу мераў па ўвекавечаннi памяцi ахвяраў Першай сусветнай вайны, але што гэта будзе за дакумент на выхадзе, сказаць пакуль не бяруся, бо трэба яшчэ завяршыць пошук у нацыянальных архiвах, атрымаць зваротную сувязь ад рэгiёнаў...

— А што будзе на наступным пасяджэннi Камiсii па iмплементацыi мiжнароднага гуманiтарнага права?

— Ну, па-першае, працягнем тэму Першай сусветнай вайны, паспрабуем падвесцi вынiкi. Таму пасяджэнне плануем недзе па восенi, якраз да 90-годдзя заканчэння вайны. Плюс абмяркуем пытанне па выкладаннi мiжнароднага гуманiтарнага права ў юрыдычных ВНУ цi ў ваенных навучальных установах. Па той iнфармацыi, што мы зараз маем, толькi на факультэце мiжнародных адносiнаў БДУ i ў Брэсцкiм унiверсiтэце мiжнароднае гуманiтарнае права выкладаецца ў якасцi самастойнай дысцыплiны. У астатнiх жа ўстановах — аб ў курсе больш агульных дысцыплiн, або наогул не выкладаецца для юрыстаў! Гэта недапушчальна, бо мiжнароднае гуманiтарнае права заўсёды звязанае з працай юрыста, i калi мы выправiм такую сiтуацыю ў сферы адукацыi, то i далей уся iмплементацыя мiжнароднага гуманiтарнага права будзе праходзiць лягчэй.

— Ну й напрыканцы раскажыце, колькi ж ужо ў працэнтах нашая краiна iмплементавала гэтага мiжнароднага гуманiтарнага права?

— У працэнтах сказаць нельга. Паколькi ў рамках мiжнароднага гуманiтарнага права ўвесь час прымаюцца новыя дамовы, пратаколы, канвенцыi, то, адпаведна, i праца па iмплементацыi iдзе ўвесь час. Вось мы далучаемся да канвенцыi i адразу "закручваем" механiзм укаранення яе нормаў у нашае заканадаўства. Бо згадзiцеся, для любога, хто не займаецца мiжнародным гуманiтарным правам, нормы канвенцыi — гэта нешта далёкае. А калi тыя самыя нормы прапiсаны ў нацыянальным заканадаўстве, то гэта ўжо iншае пытанне. Так што памер працы ў нас не змяншаецца, а толькi павялiчваецца па меры таго, як нашая краiна далучаецца да новых мiжнародных дакументаў у галiне мiжнароднага гуманiтарнага права.

Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ.

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць такiя дзяржаўныя органы i ўстановы, з якiмi звычайны чалавек кантактуе вельмi часта: мiлiцыя, палiклiнiкi, камунальныя службы, сельскiя саветы i
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика