21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Клясціцы: шчаслiвае падарожжа ў часе

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Клясціцы: шчаслiвае падарожжа ў часе

Спакой. Самае першае i галоўнае слова, якiм хочацца перадаць уражанне ад наведвання сядзiбаў у Расонскiм раёне — спакой i цiшыня. Тут i людзi немiтуслiвыя, няшумныя, ненавязлiвыя. Яны спачатку падымуць на цябе вочы, упэўняцца, што слухаеш, а тады не спяшаючыся, без усякага нацiску скажуць. Пакiдаючы права самому вырашаць, наколькi важную iнфармацыю ты пачуў. І праз некаторы час, ужо дастаткова вызвалiўшыся ад зададзенага горадам бесталковага рытму, ты адчуеш, што людзi на Расоншчыне слоў на вецер не кiдаюць, што практычна ўсё, пра што яны апавядаюць, можна, як каштоўныя каменьчыкi, складваць у скарбонку памяцi.

Мост

Вось Ала Хорань стаiць ля печы ў сядзiбе "Гусарская" i проста так, нiбы мiж iншым, кажа:

— Год таму гiдраэлектрастанцыю нашу закрылi, вада ў рацэ спала i стаў бачны мост, па якiм у 1812 годзе рускiя войскi пераправiлiся праз Нiшчу. Мы i не ведалi, што мост гэты захаваўся.

Калi за спакойным тонам гэтай жанчыны адчуць, наколькi ўнiкальная сiтуацыя склалася зараз у Клясцiцах, то можна даведацца пра дзiўную гiсторыю, дзякуючы якой вёска ўвайшла ў сусветны летапiс ваенных паходаў.

I тады гаспадыня сядзiбы раскажа, што, па-першае, Расоншчына праславiлася як партызанскi край яшчэ ў Айчынную вайну 1812 года, калi на захопленых французамi тэрыторыях мясцовыя жыхары не толькi былi праваднiкамi i разведчыкамi партызанскiх атрадаў, але i самастойна ўступалi ў бойкi з дробнымi групамi ворага. Праз 130 гадоў, у Вялiкую Айчынную, гэтыя мясцiны ўвогуле сталi вольнай ад захопнiкаў партызанскай зонай. На тэрыторыi 10 тысяч квадратных кiламетраў з колькасцю насельнiцтва больш за 100 тысяч чалавек у 1942—43 гадах была адноўлена савецкая ўлада, выдавалiся газеты, працавалi прадпрыемствы, майстэрнi, электрастанцыi, дзейнiчалi аэрадромы, падтрымлiвалася двухбаковая радыёсувязь з Вялiкай зямлёй. Гiтлераўцы называлi гэтыя мясцiны "бандыцкай рэспублiкай Расоны" i неаднаразова беспаспяхова спрабавалi яе лiквiдаваць.

Па-другое, мост, якi захаваўся з часоў напалеонаўскага паходу, праз некалькi дзён, калi электрастанцыя будзе запушчана, зноў схаваецца пад ваду. Зараз у Клясцiцах рэдкая магчымасць уявiць, як усё адбывалася тады, 19 лiпеня (па старым стылi) 1812 года.

Гэта быў ужо другi дзень лютага бою памiж корпусам генерала Вiтгенштэйна, якому было даручана прыкрываць дарогу на Пецярбург, i войскамi французскага маршала Удзiна, што перавышалi рускiх у сiле. Напярэдаднi сядзiба Якубава, за два кiламетры ад Клясцiц, неаднаразова пераходзiла ў рукi то першых, то другiх. У тры гадзiны ранiцы, пасля кароткага начнога перапынку, рускiя аднавiлi атаку i адцяснiлi французаў да Клясцiц. Такiм чынам у 8 гадзiн на левым беразе Нiшчы стаялi французы, а на правым — рускiя, i адзiнай пераправай памiж iмi быў мост, якi знаходзiўся пад бесперапынным агнём французскiх гармат i стралкоў. Урэшце французы мост падпалiлi. I вось тады, праз полымя i кулi, мост перабеглi грэнадзёры Паўлаўскага батальёна. Яны адцяснiлi французаў ад ракi i далi магчымасць пераправiцца iншым войскам на левы бераг. Праследаванне напалеонаўскай армii працягвалася да Полацка, Вiтгенштэйну ўдалося захапiць амаль увесь абоз Удзiна i 9 тысяч палонных. Гэта быў першы поспех рускай армii на пачатку Айчыннай вайны 1812 года.

У гонар перамогi пад Клясцiцамi полк Гродзенскiх гусараў пад камандаваннем легендарнага генерала Якава Кульнёва атрымаў назву "Клясцiцкi". Гэта, бадай, адзiны выпадак у рускай армii, калi iмя невялiкай вёскi было прысвоена вайсковаму падраздзяленню. Пазней баварскi прыдворны мастак Петэр фон Гес намаляваў карцiну "Бiтва пры Клясцiцах 19 лiпеня 1812 года". Зараз яна захоўваецца ў Эрмiтажы.

Сядзiба

Сядзiба "Гусарская", названая так у гонар бясстрашных гусар, якiя, цалкам верагодна, якраз у гэтым месцы амаль 200 гадоў таму спынiлiся пасля бою на кароткi перадых, належыць мужу Алы Хорань Генадзю. Гэта спачатку ён скептычна глядзеў на задумы i клопаты жонкi зрабiць былую партызанскую зону турыстычнай "меккай". Потым паверыў i распачаў дзейнасць.

Сядзiба "Гусарская" — асаблiвая. Можа, таму, што самi гаспадары тут не жывуць, гэта — гасцявы дом. У гасцей ёсць магчымасць жыць адасоблена, самiм адчуваць сябе гаспадарамi. Акрамя таго, гэта дазволiла амаль цалкам вярнуць сядзiбе першародны выгляд, у тым лiку старадаўнi iнтэр’ер. Хоранi знялi напластаваннi апошнiх дзесяцiгоддзяў — шпалеры, старанна вычысцiлi сцены знутры i звонку i пакiнулi бярвёны такiмi, якiмi яны былi, калi хату гэту гадоў 60 таму толькi паставiлi. Адпаведная тут i мэбля: пасляваенная канапа з драўлянай спiнкай, ложкi, круглы стол, крэслы. Усё ашчадна адрэстаўраванае, чысценькае, утульнае. Ствараецца ўражанне, нiбы патрапiў у часе гадоў гэтак на шэсцьдзесят таму, i зараз зойдзе ў дом твая маладая бабуля, нiчому не здзiвiцца, паставiць на стол даёнку, поўную сырадою, i з усмешкай прапануе адпiць пульхную духмяную пену.

Разам з тым вельмi ўмела i акуратна гаспадары сядзiбы ўвялi сучасныя рэчы, якiя зрабiлi сядзiбу камфортнай: санвузел, душавую кабiну, награвальнiк вады, тэлевiзар. Усё гэта амаль непрыкметна ўпiсана ў iнтэр’ер, не перашкаджае чароўнаму вандраванню ў часе.

Гэтакi ж, адпаведны чаканню iдылii, двор. Прасторны, засланы травяным дываном, па краях схаваны ад суседзяў старымi дрэвамi, ён спускаецца да самай Нiшчы. Тут, на беразе, стаiць лазня, ад якой цягнецца ў раку, запрашае разбегчыся i скокнуць у прахалодную ваду кладка.

— Няма нiчога лiшняга, — каментуе ўбачанае эксперт конкурсу "Лепшая сядзiба года" доктар архiтэктуры Сяргей Сергачоў. — Гаспадары захавалi аўтэнтычнасць, паказалi матэрыял, з якога зроблены дом, вельмi ўдала сыгралi на прастаце. Тут усюды прыемна воку, усё зроблена прадумана i з густам. Яшчэ мне спадабалася, як з пунi, што побач з домам, гаспадары зрабiлi альтанку. Яны разабралi адну сцяну, i атрымалася яшчэ адно ўтульнае i прасторнае месца адпачынку. I добра, што яно не ў доме, а на вулiцы — гэткае месца агульных пасядзелак.

Гаспадыня

Клясцiцы — на поўначы Беларусi. Мы выехалi з Вiцебска а палове дзесятай вечара i былi на месцы праз дзве гадзiны. Нас чакаў накрыты стол, хатняя каўбаса ў печы i распаленая лазня. "Гусарская" — адна з дзевяцi аграсядзiбаў у Клясцiцкiм сельсавеце. Усяго на Расоншчыне 30 аб’ектаў аграэкатурызму.

— Расонскi раён самы багаты на крэдытаатрымальнiкаў сярод аграсядзiбаў, — заўважыў прадстаўнiк Белаграпрамбанка Кiрыл Краснiцкi. — I я з задавальненнем бачу, што гэтыя грошы працуюць на развiццё.

Поспеху садзейнiчае супрацоўнiцтва памiж гаспадарамi сядзiбаў i мясцовай уладай. У Клясцiцах створаны Iнфармацыйны цэнтр развiцця сельскага прадпрымальнiцтва, якому сельсавет выдзелiў памяшканне. Пакуль у Цэнтра няма фiнансавання, але ёсць ужо першыя вынiкi работы, адным з галоўных з’яўляецца якраз павелiчэнне колькасцi турыстычных сядзiбаў. Ала Хорань з задавальненнем расказвае, што на апошнiм навучальным семiнары, якi праводзiў Цэнтр, сабралiся 23 чалавекi — патэнцыйныя гаспадары вясковых мiнi-гасцiнiц. I што самае галоўнае, сярод iх былi маладыя людзi, якiя толькi закончылi ВНУ. А калi нешта становiцца цiкавым для моладзi, значыць, будучае забяспечана. Значыць, у моладзi з’явiцца важкая нагода не ўцякаць з вёскi.

У пашырэннi руху аграэкатурызму на Расоншчыне немалая роля належыць Але Хорань, гэтай з выгляду вельмi спакойнай, цiхай жанчыне. Яна быццам бы нiкуды не спяшаецца, але ўсё паспявае. Акрамя "Гусарскай", яна прымае гасцей у сваiм уласным доме, на сядзiбе "Хорань". Мае немалую гаспадарку — дзве каровы, парсючка. Яшчэ адзiн вясковы дом рамантуе, каб зрабiць там чайную. Акрамя клопату аб развiццi Iнфармацыйнага цэнтра ў Клясцiцах, Ала займаецца адкрыццём Цэнтра экалагiчнай асветы ў вёсцы Забор’е. Яна ўзначальвае прыродаахоўную ўстанову "Эка-Росы", якая ўключае ў сябе рэспублiканскiя ландшафтныя заказнiкi "Красны Бор" i "Сiньша". Сядзiбы Расоншчыны i заказнiкi дапаўняюць адно аднаго i робяць турызм тут сапраўды ўнiкальным, цiкавым як людзям звычайным, так i спецыялiстам. Тут распрацаваны веласiпедныя, водныя i пешыя маршруты, якiя ўжо палюбiлiся замежным гасцям.

"Мы людзi ўжо немаладыя, якiя шмат чаго пабачылi, — напiсалi ў кнiзе водгукаў Хораняў Сяргей i Таццяна Гара з Падольска, якiя разам з унукам Дзмiтрыем адпачывалi на пачатку лiпеня ў сядзiбе "Гусарская". — Схавалiся тут ад штодзённых спрынтэрскiх забегаў, мiтуснi, дарожных затораў i ўдушлiвага маскоўскага смогу. Тут, на беразе цiхай рэчкi, са шчабятаннем птушак, з адчуваннем шчасця i спакою мы правялi час нашага адпачынку. О, калi б мы толькi ведалi раней, як тут добра! Тады абавязкова адразу прыехалi б у гэты цудоўны, улюбёны Богам куток Беларусi. А гаспадары! Якiмi абедамi яны нас кармiлi! Баршчы i смажанкi проста з печы, а блiнцы з сырам i са смятанай! Мы ўжо не кажам аб хатнiм ёгурце з ягадамi! Уяўляеце? Якi там "Данон"? Ён проста адпачывае. А малако, а сыр з маслам i смятанай, i ўсё тут хатняе, супер! А якая лазня! Проста няма слоў. Мы вельмi ўдзячныя гаспадарам Але i Генадзю Хорань за стварэнне гэтага райскага кутка. Гэта ў першую чаргу працаўнiкi, добрыя, адкрытыя, вельмi прыемныя людзi. Нiзкi вам паклон, вялiкі сардэчны дзякуй. Мы яшчэ не паехалi дадому, а ўжо плануем вярнуцца сюды на наступны год. Бо ад дабра дабра не шукаюць".

 

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

В. Клясцiцы, Расонскi раён.

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спакой. Самае першае i галоўнае слова, якiм хочацца перадаць уражанне ад наведвання сядзiбаў у Расонскiм раёне — спакой i цiшыня. Тут i людзi немiтусл
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика