Ваш сайт можа аказацца ў электронным архiве
Ваш сайт можа аказацца ў электронным архiве
6 кастрычнiка — Дзень архiвiста
У недалёкай будучынi даступным для беларусаў можа стаць вiртуальны архiў князёў Радзiвiлаў, якi аб’яднае ўсе дакументы з фонду Радзiвiлаў, што захоўваюцца ў архiвах Лiтвы, Польшчы, Расii i Беларусi. Дарэчы, у нашай краiне знаходзiцца толькi 32 працэнты дакументаў з фонду Радзiвiлаў. І вярнуць арыгiналы iншых дакументаў на Беларусь не ўяўляецца магчымым. Затое iх можна перавесцi на электронныя носьбiты, што дазволiць стварыць так званы вiртуальны архiў, якi будзе даступны не толькi для беларускiх даследчыкаў. — Архiў Радзiвiлаў не можа быць уласнасцю нейкай адной краiны, таму стварэнне вiртуальнага архiва стала сумесным праектам некалькiх краiн, — паведамiў журналiстам на прэс-канферэнцыi, прысвечанай прафесiйнаму святу архiвiстаў, дырэктар Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыi Вячаслаў Насевiч. — Мы ўжо замовiлi архiў Радзiвiлаў для ўнясення яго ў рэеестр ЮНЕСКА "Памяць свету". У выпадку прыняцця станоўчага рашэння нам будзе значна прасцей знайсцi грошы, каб прыступiць да суцэльнага аблiчбавання ўсiх архiўных дакументаў. А пакуль што мы працуем над стварэннем навукова-даследчага апарата. Да аблiчбавання архiўных дакументаў яшчэ не прыступiлi нi ў адной краiне, якiя ўдзельнiчаюць у праекце. Дырэктар Дэпартамента па архiвах i справаводстве Мiнiстэрства юстыцыi Уладзiмiр Адамушка расказаў, што апошнiм часам надаецца вялiкая ўвага замежнай архiўнай беларусiцы. — Мы паставiлi перад сабой мэту вывучыць усе дакументы, што знаходзяцца ў замежных архiвах i тым цi iншым чынам тычацца гiсторыi або культуры Беларусi, затым стварыць даведнiкi i запусцiць iх у навуковы абарот, — патлумачыў Уладзiмiр Адамушка. — Нашы архiвiсты цесна супрацоўнiчаюць у гэтым напрамку з калегамi з Лiтвы, Латвii, Польшчы i Украiны. Пры гэтым заўважу, што нашы iнтарэсы — узаемныя. З Украiнай, напрыклад, ужо дасягнута дамоўленасць аб стварэннi сумеснага даведнiка i зборнiка дакументаў па партызанскiм руху на Палессi. Цiкавыя праекты намячаюцца памiж Нацыянальным гiстарычным архiвам i расiйскiм Ваенна-гiстарычным архiвам па асвятленнi падзей Першай сусветнай вайны. Гэта тэма аказалася, на наш погляд, незаслужана забытая. Збiраемся гэты прабел лiквiдаваць. З нашымi калегамi з Расii нам працаваць значна прасцей, таму што па расiйскiх архiўных фондах складзены выдатныя даведнiкi. Трэба толькi iх прааналiзаваць i стварыць на iх аснове даведнiкi для беларускiх даследчыкаў. Дарэчы, у Нацыянальным архiве Рэспублiкi Беларусь, дзе захоўваюцца дакументы пачынаючы з 1917 года i да нашага часу, 99 працэнтаў усёй дакументацыi адкрыта для даследчыкаў, i толькi каля 1 працэнта дакументаў пакуль знаходзяцца на сакрэтным захоўваннi. Як запэўнiваюць беларускiя архiвiсты, закрытыя для агульнага доступу дакументы не з’яўляюцца навуковай каштоўнасцю. Проста яшчэ не прыйшоў iх час, паколькi яны ўтрымлiваюць дзяржаўную тайну. Усяго ў беларускiх архiвах захоўваецца цяпер 12 мiльёнаў дакументаў на папяровых носьбiтах, з iх 300 тысяч — асаблiва каштоўныя. У ведамасных архiвах знаходзяцца яшчэ 6,5 мiльёна адзiнак дакументаў, якiя чакаюць сваёй чаргi на дзяржаўнае захоўванне. — Штогод мы прымаем на дзяржаўнае захоўванне 100 тысяч спраў. Усё, што да нас трапiла, будзе захоўвацца вечна, — дадаў Уладзiмiр Адамушка. Адна з праблем, якая хвалюе архiвiстаў усiх краiн свету, гэта пошук даўгавечных сродкаў захавання архiўных дакументаў. Увогуле, чым часцей выкарыстоўваецца той цi iншы дакумент, тым менш у яго шанцаў захавацца. 10 гадоў таму ў Беларусi быў створаны Беларускi навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыi. Аднак нават тут сумняваюцца ў неабходнасцi пераводзiць на электронныя носьбiты ўсе архiўныя фонды. — Спецыфiка работы архiваў заключаецца ў тым, што даследчыкамi цi грамадзянамi запатрабаваная зусiм невялiкая колькасць дакументаў, — тлумачыць Уладзiмiр Насевiч. — Таму ў першую чаргу на электронныя носьбiты будуць пераводзiцца i менавiта самыя запатрабаваныя ў наведвальнiкаў архiваў дакументы. Мы плануем ствараць даведнiкi i каталогi ўсiх архiваў у электронным выглядзе. Гэта, спадзяёмся, дазволiць калi-небудзь любому карыстальнiку iнтэрнэту замовiць лiчбавыя копii патрэбных iм дакументаў. Апошнiм часам, як усе мы бачым, iнтэрнэт-прастора пашыраецца вельмi iмклiвымi тэмпамi. Iнфармацыя, якая змяшчаецца на многiх сайтах, таксама можа быць карыснай для гiсторыi, напрыклад, iнфармацыя па сiстэме адукацыi. Цiкава, напэўна, будзе паглядзець праз шмат гадоў, як выглядаў той цi iншы сайт. Таму, калi распрацоўшчыкi iнтэрнэт-праекта зацiкаўленыя ў тым, каб захаваць яго для гiсторыi, няхай звяртаюцца ў Беларускi навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыi, каб мы ўключылi яго ў электронны архiў. Персанальны сайт, заўважу, таксама можа быць цiкавым для нашчадкаў... Надзея НIКАЛАЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У недалёкай будучынi даступным для беларусаў можа стаць вiртуальны архiў князёў Радзiвiлаў, якi аб’яднае ўсе дакументы з фонду Радзiвiлаў, што захоўва |
|