Генпракуратура назвала факты буйной карупцыі
Генпракуратура назвала факты буйной карупцыі
Летась было выяўлена 2735 карупцыйных злачынстваў, што на 11,3 працэнта менш, чым у 2007 годзе. Мелi месца i злоўжыванне службовымi паўнамоцтвамi, i хабарнiцтва, i службовыя падлогi. Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў была выяўлена ў гандлi, прамысловасцi, органах дзяржаўнага кiравання, сельскай гаспадарцы, будаўнiцтве, ахове здароўя, адукацыi, на транспарце. Рост — у галiне культуры, навукi, адпачынку i турызму, аховы здароўя i адукацыi. Паводле слоў начальнiка ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй i арганiзаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Рэспублiкi Беларусь Аляксандра РАКЕВІЧА, за два месяцы гэтага года таксама назiраецца скарачэнне памянёных злачынстваў ў параўнаннi з тым жа перыядам мiнулага. "Сёлета зарэгiстравана 533 злачынствы, хоць трэба мець на ўвазе, што карупцыйнай злачыннасцi ўласцiвы скрыты характар, — заўважыў Аляксандр Ракевiч перад журналiстамi. — Знiжэнню карупцыйнай злачыннасцi спрыяюць меры для лiбералiзацыi эканомiкi, увядзенне паведамляльнага прынцыпу замест дапушчальнага, што перашкаджае атрыманню чыноўнiкамi хабару, паколькi такога кшталту злачынствы часта звязаны з выдачай тых цi iншых дазволаў, лiцэнзiй i г.д.". Агульныя страты ад карупцыйнай злачыннасцi па завершаных справах склалi летась звыш 53 млрд рублёў. Асаблiвую ўвагу генпракуратура надавала актам злоўжывання пры ажыццяўленнi працэдур лiквiдацыi прадпрыемстваў, працэдур банкруцтва, паколькi менавiта ў гэтай сферы i маюць месца значныя злоўжываннi. Напрыклад, у суд для разгляду была накiравана крымiнальная справа ў дачыненнi да антыкрызiснага кiраўнiка ТАА "Белаграхарч", якi атрымаў хабар у суме 70 тысяч долараў за забеспячэнне адчужэння фiзiчнай асобе аб’ектаў нерухомасцi названага суб’екта гаспадарання. Разгледжана крымiнальная справа ў дачыненнi да дырэктара РУП "Магiлёўскае агенцтва па дзяржаўнай рэгiстрацыi i зямельным кадастры", якi атрымаў хабар у памеры 45 тысяч долараў за забеспячэнне станоўчага рашэння аб продажы адмiнiстрацыйнага будынка ў Магiлёве, за што асуджаны да 9 гадоў пазбаўлення волi з канфiскацыяй маёмасцi. Летась былi накiраваны ў суды i разгледжаны крымiнальныя справы ў дачыненнi да старшынi Бялынiцкага райвыканкама, намеснiка старшынi Ваўкавыскага райвыканкама, намеснiка старшынi Браслаўскага райвыканкама, дырэктара РУП "Белдаррэсурсы", дырэктара НДI статыстыкi Мiнiстэрства статыстыкi i аналiзу i шэрагу iншых асобаў, якiя займалi высокiя пасады. — Тэрытарыяльным пракурорам усiх узроўняў было накiравана ўказанне, паводле якога дзяржаўным абвiнаваўцам па крымiнальных справах аб карупцыйных злачынствах дадзена даручэнне займаць самую прынцыповую пазiцыю па прымяненнi мераў пакарання, — сказаў Аляксандр Ракевiч. — Увага акцэнтуецца на ўзмацненнi адказнасцi вiнаватых асобаў за парушэнне заканадаўства ў працэсе раздзяржаўлення i прыватызацыi, прадастаўлення зямельных участкаў, пры правядзеннi дзяржаўных закупак, выкарыстанні iнвестыцыйных рэсурсаў, расходаванні бюджэтных сродкаў, вылучэнні крэдытаў на аснове карупцыйных пагадненняў... Асноўнымi прыярытэтамi барацьбы з карупцыяй на 2009 год з’яўляюцца забеспячэнне якасцi расследавання злачынстваў, выяўленне i перасячэнне iх, выяўленне ўмоў, якiя iм спрыяюць. Асаблiвая ўвага надаецца прафiлактыцы, у тым лiку даследаванням прававых нормаў на ўтрыманне ў iх элементаў карупцынагеннасцi, дыферэнцыяцыi пакарання ў залежнасцi ад ступенi небяспекi здзейсненых злачынстваў. Аляксандр Ракевiч агучыў шэраг спраў, якiя маюць павышаны грамадскi рэзананс. Так, органамi пракуратуры Магiлёўскай вобласцi была ўзбуджана крымiнальная справа ў дачыненнi да Гаранскага, дырэктара ААТ "Агракамбiнат "Мачулiшчы" Мiнскай вобласцi, якi даў указанне кiраўнiку ТАА "Александрыйскае" прызнаць пераможцам у тэндары на закупку плугоў ЧУП "Профi Аграпарк", нягледзячы на наяўнасць больш эканамiчна выгаднай прапановы. У вынiку нанесены ўрон склаў 101 млн рублёў. Гаранскi асуджаны да 3,6 года пазбаўлення волi з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адмiнiстрацыйна-гаспадарчых i арганiзацыйна-распарадчых функцый тэрмiнам на тры гады. Пракуратурай Вiцебскай вобласцi ўзбуджана крымiнальная справа па факце злоўжывання службовымi паўнамоцтвамi кiраўнiком спраў Вiцебскага гарвыканкама Дашкевiчам, якi арганiзаваў незаконнае афармленне рашэння ў дачыненнi да грамадзянкi, якая давала права на атрыманне i прыватызацыю зямельнага ўчастка ў Вiцебску. Генеральная пракуратура працягвае расследаванне па факце незаконнага ўвозу на тэрыторыю Беларусi буйных партый дарагiх тавараў па падробленых таварна-суправаджальных дакументах. Устаноўлена, што ў 2000 годзе грамадзяне Расiйскай Федэрацыi i Беларусi стварылi злачынную арганiзацыю, удзельнiкi якой займалiся незаконным перамяшчэннем з краiн Заходняй Еўропы ў Расiю праз Брэсцкую мытню дарагой бытавой тэхнiкi, адзення i абутку без выплаты ў поўным аб’ёме мытных плацяжоў. У вынiку дзяржаве быў нанесены ўрон не менш як 20 млрд рублёў. Так, толькi за лiпень—кастрычнiк 2001 года праз Казловiчы перамясцiлася звыш 900 аўтамабiляў з вышэйзгаданым грузам. Кiраўнiкi злачыннай групы ўцягнулi ў бiзнэс шэраг супрацоўнiкаў органаў дзяржаўнай бяспекi i мытнi. Былы намеснiк начальнiка УКДБ Беларусi, намеснiк старшынi Камiтэта дзяржаўнага кантролю, дырэктар Дэпартамента фiнансавых расследаванняў Грамовiч узяты пад варту. Заканчваецца расследаванне крымiнальнай справы ў дачыненнi да групы асобаў, куды ўваходзiў першы намеснiк начальнiка ўпраўлення па раскрыццi злачынстваў у галiне высокiх тэхналогiй МУС Новiк, якi ў 2006 годзе схiляў напарнiка да крадзяжоў грашовых сродкаў з банкаматаў з прымяненнем падробленых банкаўскiх пластыкавых картак, якiя выраблялiся з выкарыстаннем магчымасцяў, дадзеных яму па службе. У вынiку злачынцы скралi каля 400 млн бел. рублёў i 9 млн рас. рублёў. Пракуратурай Мiнска ўзбуджана крымiнальная справа ў дачыненнi да былога начальнiка адзела цеплатэхнiчных рэсурсаў ТАА "Белэнергаснабкамплект", якi ў складзе групы арганiзаваў закупку запасных частак па заведама завышаным кошце, чым нанёс прадпрыемству ўрон у асаблiва вялiкiм памеры — на суму 2,5 млрд рублёў. Узбуджана справа i па факце крадзяжу 18,3 млн расiйскiх рублёў пры пастаўцы па завышаным кошце прыстасаванняў для Бярозаўскай ГРЭС . Працягваецца расследаванне ў дачыненнi да былога намеснiка старшынi Дзяржаўнага пагранiчнага камiтэта — начальнiка галоўнага ўпраўлення матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння Камарнiцкага. За спрыяльнае вырашэнне пытання ён неаднаразова атрымлiваў хабар ад прадстаўнiкоў камерцыйных структур. Расследуецца справа ў дачыненнi да былога намеснiка начальнiка пагранiчнага атрада па тыле, начальнiка тылу Смаргонскага пагранiчнага атрада, якi атрымлiваў хабар ад прадстаўнiкоў камерцыйных структур за вырашэнне пытанняў, якiя былi ў яго кампетэнцыi. Як адзначыў начальнiк аддзела дзяржаўнага абвiнавачання i касацыйнай вытворчасцi Генеральнай пракуратуры Сяргей ТЭЛЕЖЭВIЧ, асобы, вiнаватыя ў карупцыi, павiнны сур’ёзна карацца. Разам з тым асобы, якiя займаюць адказныя службовыя пасады, павiнны несцi сур’ёзную адказнасць незалежна ад памеру атрыманага ўзнагароджання, а вось у дачыненнi да асобаў, якiя атрымалi нязначныя сумы хабару i не займаюць пры гэтым значных пасад, "неабходна скарэктаваць падыходы". Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Летась было выяўлена 2735 карупцыйных злачынстваў, што на 11,3 працэнта менш, чым у 2007 годзе. Мелi месца i злоўжыванне службовымi паўнамоцтвамi, i х
|
|