Дзве жанчыны...
Дзве жанчыны...
Калi я толькi пачала сустракацца са сваёй будучай "палавінай", мяне не вельмi цiкавiў статус яго бацькоў... Але нашы адносiны развiвалiся iмклiва i за вельмi кароткi тэрмiн з ружова-летуценных ператварылiся ва ўстойлiва-трывалыя. І тады я вырашыла спытаць — так, на ўсялякi выпадак — чым займаецца яго мама... Пачуўшы адказ, мякка кажучы, знiякавела. Аказалася, што Марыя Іосiфаўна Карпенка не толькi ўзначальвае жаночы часопiс "Работнiца i сялянка" (цяпер "Алеся") i займае пасаду сакратара Беларускага саюза журналiстаў. Яна — вядомы ў рэспублiцы грамадскi дзеяч, член прэзiдыума Камiтэта савецкiх жанчын, заслужаны работнiк культуры, народны дэпутат СССР i г.д., i да т.п. Словам, "рэгалiй" у будучай свекрывi было столькi, што яна падалася мне кiмсьцi накшталт небажыхара, на якога можна хiба што любавацца здалёк, нi ў якiм разе не наблiжаючыся i не назаляючы яму сваёй прысутнасцю... I калi аднойчы сям’я будучага мужа запрасiла мяне, тады яшчэ "зялёную" студэнтку журфака, да сябе ў госцi, мне зрабiлася амаль што млосна... Як цяпер памятаю: вялiкая зала, сервiраваны па ўсiх правiлах свецкiх прыёмаў стол, на сцяне — партрэт будучай свекрывi ў чырвонай сукенцы з томiкам Ахматавай у руках... Са мной мiла i вельмi прыязна павiталiся, запрасiлi за стол, дзе сядзелi яшчэ некалькi гасцей, i... пакiнулi на саму сябе. Шчыра кажучы, я ўздыхнула з палёгкай. Марыя Iосiфаўна ў святочнай сукенцы i павязаным зверху фартушку бегала з залы на кухню i назад — падавала гарачае i халоднае, закускi i бутэлькi... Калi надышоў час знаёмiць прысутных, яна прыабняла мяне за плечы: "А гэта наша Наташа..." I лёд у нашых адносiнах не толькi крануўся, але i растаў... З таго часу мiнула чвэрць стагоддзя — чым не нагода, каб узяць iнтэрв’ю ў жанчыны, з якой мы кожную ранiцу "перасякаемся" на агульнай кухнi? Як, уласна кажучы, ёй удаецца вытрымлiваць наша такое блiзкае суседства, пры любой сiтуацыi застаючыся на вышынi, захоўваючы пачуццё гумару i такту? У рэшце рэшт, чыя гэта заслуга — яе цi мая? — Марыя Iосiфаўна, якой вы ўяўлялi сабе будучую нявестку?— А менавiта такой i ўяўляла — рост, вага, даўжыня валасоў, колер вачэй (смяецца. — Н. К.)... Аднойчы ўбачыла, як ты танцуеш з маiм сынам, i зразумела: вось яна... Хоць, шчыра кажучы, не думала, што ён так рана ажэнiцца. Але сын паставiў перад фактам... — Спалохалiся? — Не. Чаго палохацца? У мяне ўжо быў вопыт. За некалькi гадоў да таго дачка Iрына прывяла ў дом прыгожага хлопца, свайго аднакурснiка, i сказала: "Знаёмся, мама, гэта Сяргей!". Я глянула — i зразумела, што перада мной не проста нейкi выпадковы Сярожа, гэта яе лёс... Так i ў выпадку з табой: адчула, што Наташа — не проста Наташа. Да таго ж, мне вельмi спадабалася тваё iмя. — I толькi?.. — Натуральна, мне вельмi хацелася, каб жонка майго сына была i разумнай, i прыгожай, i добрай, i таленавiтай... А якая мацi гэтага не хоча? Так яно, дарэчы, i аказалася. — Але, уяўляючы сабе суiснаванне на агульнай з нявесткай жылплошчы, вы, напэўна, загадзя выпрацавалi для сябе нейкую "лiнiю паводзiнаў". Што гэта былi за ўстаноўкi? — Ды не было нiякiх установак! У мяне ў жыццi ўвогуле ўсё адбываецца спантанна. Ведаю толькi, што спачатку павiнна паглядзець чалавеку ў вочы, i ўжо ад гэтага "iсцi" далей. Такога ж прынцыпу, дарэчы, прытрымлiвалася i ў працы, калi рэдагавала часопiс "Работнiца i сялянка". Туды звярталiся жанчыны (ды i мужчыны) рознага рангу i з самымi рознымi праблемамi, просьбамi i нават патрабаваннямi. Я заўсёды прапаноўвала: прыязджайце ў рэдакцыю, заходзьце да мяне ў кабiнет — мы з вамi паглядзiм адно на аднаго, пагаворым. I разам падумаем, як лепш вырашыць ваша пытанне... Так што ў стасунках з нявесткай я нiчога не загадвала наперад. Разумела, як ёй будзе няпроста ўжыцца ў новую сям’ю. Унутрана спачувала, бо некалi i сама пабывала ў гэтай "скуры" — прыйшла ў дом да свекрывi i свёкра, у якiх, акрамя майго мужа, было яшчэ тры сыны. Свёкар быў палкоўнiкам мiлiцыi, свякроў займалася хатняй гаспадаркай, жыццё ў iх iшло па раскладзе... Прыйшлося прыцiрацца — часам падстройвацца, а часам i характар праяўляць. — Наша, так бы мовiць, "сумеснае жыццё" пачалося з таго, што я выпадкова разбiла вашу вазу — падарунак рэдакцыi "Магiлёўскай праўды". Вы тады сказалi: добра не тое, што разбiла, а тое, што прызналася... Але, напэўна, вазу было шкада? — Ну, можа спачатку i было крыху шкада... Але потым глянула на цябе — твар бледны, вочы круглыя, вусны дрыжаць... Ды Бог з ёю, думаю, з гэтай вазай... — Ваза — гэта яшчэ "кветачкi"... А вось прафесiя — яна, дарэчы, у нас з вамi агульная — накладвала пэўны адбiтак на мой лад жыцця: частыя камандзiроўкi, шматлiкiя сустрэчы ў "няўрочны" час, познiя вяртаннi дадому... Напэўна, карцела пачытаць нявестцы натацыю? — I аднойчы я табе яе ўсё ж прачытала — праз некалькi месяцаў вашага сямейнага жыцця... Памятаеш? Сёння ты пайшла на дыскатэку ў iнтэрнат, заўтра — на дзень нараджэння да сяброўкi, паслязаўтра — на сустрэчу з аднакурснiкамi... А твой муж сядзiць дома i чакае, пакуль з’явiцца яго маладая жонка. — Ну... у нас з iм была такая двухбаковая дамоўленасць: да нараджэння дзiцяцi — нiякага "дамастрою", нiякага ўшчамлення iнтарэсаў, нiякага прымусу... — Але ж пры гэтым ты яшчэ i вячэру "забывалася" гатаваць. Тады я сказала табе — заўваж, першы i апошнi раз: будуйце вашы адносiны, як хочаце, я ў iх умешвацца не збiраюся. Але гарачая ежа на стале павiнна быць заўсёды... Можа, у глыбiнi душы ты i пакрыўдзiлася, але крытыку ўспрыняла правiльна. Ва ўсякiм разе, больш у мяне не было падстаў для падобных заўваг. — Практычна адразу — дзесьцi праз год сямейнага жыцця — вы аддзялiлi нас фiнансава. Мы разлiчвалiся па камунальных рахунках, жылi на свае даходы i карысталiся ўласным халадзiльнiкам. Грошай катастрафiчна не хапала, затое з’явiлася адчуванне незалежнасцi i самастойнасцi... — Многiя нашы сем’i адрознiваюцца тым, што бацькi iмкнуцца ўтрымлiваць сваiх вялiкаўзроставых дзяцей ледзь цi не да пенсii... Ты некалi назвала мяне "еўрапейскай бабуляй" — спадзяюся, у добрым сэнсе гэтага словазлучэння. Дык вось, у Еўропе, дзе мне даводзiлася бываць неаднойчы, адносiны памiж бацькамi i дзецьмi iншыя, больш незалежныя. Як толькi дзецi пачынаюць сябе забяспечваць, яны адразу ж "злазяць" з бацькоўскай шыi. Такi падыход спрыяе больш ранняму сталенню, выхоўвае дарослае стаўленне да жыцця. Гэта па-першае... Па-другое, я — таксама журналiст. Калi ты прыйшла ў нашу сям’ю, я кiравала жаночым часопiсам. Ездзiла ў камандзiроўкi, шмат сустракалася з людзьмi, пiсала артыкулы, займалася грамадскай работай... Ну, не магла я кожны дзень варыць вам супы, смажыць катлеты i гатаваць гарнiры... Год папесцiла — i хопiць. Далей адправiла вас у "вольнае плаванне", вырашыўшы, што сапраўдная "ячэйка" грамадства павiнна быць эканамiчна незалежнай. — "Плаванне" было сапраўды вольным, а вось "лодка", дакладней, кухня — агульнай... Кампрамiс на агульнай кухнi — умова пажаданая або неабходная? — Кампрамiс — гэта ўвогуле вечны рух насустрач адно аднаму. Не толькi ў стасунках памiж нявесткай i свякрухай, але i ўвогуле. Дзякуй Богу, атрымалася так, што мы з табой абедзве аказалiся падсвядома гатовымi да кампрамiсу, а значыць, увесь час старалiся пазбягаць сiтуацый, якiя потым прымушаюць людзей чырванець i пасля якiх узнiкае душэўная i духоўная спустошанасць. — Многiя, напэўна, пытаюцца ў вас: як гэта — жыць пад адным дахам з нявесткай? — Знаёмыя пастаянна цiкавяцца: чаму вы ў свой час не размянялi кватэру?.. А навошта, адказваю я. Мой муж рана пайшоў з жыцця, i мне цяжка ўявiць, што цяпер я жыла б адна, няхай сабе i ў асобнай кватэры. Мне вельмi камфортна, калi побач — шмат людзей, калi жыццё вiруе, калi ў госцi прыходзiць дачка са сваёй сям’ёй, калi ўнукi дзеляцца ўражаннямi ад перажытага за дзень... Па-мойму, у гэтым маё выратаванне i... сапраўднае шчасце. — Мне здаецца, што з цягам часу мы з вамi ўвогуле пачалi лепш разумець адна адну... — А ведаеш чаму? Таму што ты сама стала мамай. I нарэшце зразумела, што такое абавязак у адносiнах да дзяцей, да сям’i, да мужа. Насамрэч, калi людзi чымсьцi абавязаны адно аднаму, гэта зусiм не дрэнна, хоць, магчыма, i абмяжоўвае свабоду. Нельга плысцi ў адной лодцы i адчуваць сябе свабодным ад iншых. Думаю, хоць i не адразу, але ты зразумела гэта. Ва ўсякiм разе, я даўно ўжо не чула ад цябе фразы накшталт таго, што "кожны мае права жыць так, як ён хоча". Ты стала больш размаўляць са мной, дзялiцца ўнутранымi перажываннямi. Мне падабаецца, што, сустрэўшыся вечарам на кухнi, мы рэдка размаўляем пра саму кухню, пра баршчы i пiрагi, а стараемся выбiраць больш цiкавыя тэмы для абмеркавання: падзеi ў журналiсцкiм асяродку, у грамадскiм i культурным жыццi, у палiтыцы... Для мяне ж вельмi важна — не выпадаць з "абоймы". Прыемна, што ты гэта разумееш. — Даўно хацела спытаць... На працягу многiх гадоў у розных жыццёвых сiтуацыях вы практычна заўсёды прымалi мой бок, станавiлiся на маю абарону... Хоць, падазраю, далёка не заўсёды былi са мной згодныя. — А я ўвогуле за жаночую салiдарнасць, у тым лiку i на ўласнай кухнi. Хто падтрымае жанчыну лепш за... iншую жанчыну? Па вялiкiм рахунку, я i павiнна цябе падтрымлiваць — як чалавек больш вопытны, больш сталы. Падтрымлiваць — i адначасова далiкатна падказваць, як лепш паступiць у гэтай сiтуацыi. — Вы заўсёды былi вялiкiм дыпламатам... — Не перабольшвай. (смяецца. — Н. К.) Я заўсёды была мудрай свякроўкай. Наталля КАРПЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi я толькi пачала сустракацца са сваёй будучай "палавінай", мяне не вельмi цiкавiў статус яго бацькоў... Але нашы адносiны развiвалiся iм
|
|