21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Аляксандр Лукашэнка: Аднаўленне паўнацэннай дыпламатычнай прысутнасцi ЗША ў Беларусi магчыма пры ўмо

19.09.2009 14:17 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аляксандр Лукашэнка: Аднаўленне паўнацэннай дыпламатычнай прысутнасцi ЗША ў Беларусi магчыма пры ўмове адмены санкцый

Беларусь гатова вярнуцца да размовы аб аднаўленнi ўзаемнай паўнацэннай дыпламатычнай прысутнасцi пры ўмове поўнай адмены на заканадаўчым узроўнi ўведзеных супраць нашай краiны санкцый i iх прававой асновы — "Закона аб дэмакратыi ў Беларусi". Аб гэтым заявiў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дэлегацыяй кангрэса ЗША ў Мiнску.

"Настаў час адысцi ад старых схемаў i стэрэатыпаў, па-новаму глянуць на нашы адносiны", — адзначыў кiраўнiк дзяржавы.

Паводле яго слоў, Беларусь заўсёды выступала i прадаўжае выступаць за больш цесныя, разнапланавыя, канструктыўныя адносiны з ЗША. Пры гэтым адносiны павiнны грунтавацца на прынцыпах суверэннай роўнасцi бакоў, неўмяшання ва ўнутраныя справы iншай дзяржавы, узаемнай павагi i даверу.

"Так, у нас быў дастаткова складаны перыяд у кантактах i з Еўропай. Аднак апошнiм часам нашы еўрапейскiя партнёры ўсё больш актыўна сiгналiзуюць аб сваёй гатоўнасцi пайсцi на нармалiзацыю адносiнаў з Беларуссю. Не пабаюся сказаць, што ў гэтым пытаннi ўжо дасягнуты пэўны прагрэс", — адзначыў Прэзiдэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што i ЗША рана цi позна ўсвядомяць бесперспектыўнасць размовы з Беларуссю на мове санкцый i з пазiцыi сiлы.

Адносiны Беларусi i ЗША абавязкова нармалiзуюцца, перакананы кiраўнiк дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. "Пытанне толькi ў тым, хто гэта зробiць. Мы з вамi або тыя людзi, якiя прыйдуць пасля нас", — сказаў Прэзiдэнт Беларусi. "Мая прапанова — не адкладаць на доўгi час тыя праблемы, якiя iснуюць у адносiнах памiж нашымi дзяржавамi".

"Паўстае пытанне: што трэба перш за ўсё зрабiць для гэтага? Адказ просты: давайце ўстаранiм усе завалы, якiя мы з вамi ўзвялi i якiя перашкаджаюць нашым адносiнам. А затым пачнём пiсаць гiсторыю нашых новых адносiнаў больш светлымi радаснымi фарбамi, чым цяпер", — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. "Пры гэтым я хачу, каб вы разумелi: мы людзi не цвердалобыя, мы ведаем з кiм маем справу. ЗША — гэта вядучая сусветная дзяржава, лiдар сусветнага развiцця, вельмi тэхналагiчная краiна, дзе жывуць разумныя працавiтыя i вельмi адказныя людзi, — адзначыў беларускi лiдар. — І выгада ад такога супрацоўнiцтва для нас вiдавочная".

Паводле слоў Прэзiдэнта, супрацоўнiчаючы з ЗША, беларуская дзяржава зможа зрабiць жыццё свайго народа больш дастойным, хутчэй пераадолець наступствы сусветнага фiнансава-эканамiчнага крызiсу.

"Мы гатовы пайсцi на ўступкi, недзе адступiць ад цвёрдай пазiцыi, калi гэта, вядома, не датычыцца прынцыповых пытанняў: нашага суверэнiтэту, незалежнасцi", — заявiў Аляксандр Лукашэнка. Прэзiдэнт Беларусi адзначыў, што часта чуе крытыку ў свой адрас з боку амерыканскiх кангрэсменаў. "Я не супраць гэтай крытыкi. Больш за тое, гэта крытыка, хачу я таго цi не, прысутнiчае ва ўсiх адносiнах ЗША з iншымi дзяржавамi, а не толькi Беларуссю. Адзiнае, чаго б я хацеў у гэтым плане, каб крытыка была заснавана на рэальных фактах, каб вы, крытыкуючы нас па тым цi iншым напрамку, дакладна ўяўлялi сiтуацыю. Толькi праўда — вось чаго я хачу ў нашых адносiнах", — сказаў кiраўнiк дзяржавы.   Беларускi лiдар падкрэслiў, што ў нашай дзяржавы няма нiякiх закрытых тэмаў у адносiнах з ЗША. "Што вы сёння захочаце ўбачыць у нашай краiне — iдзiце i глядзiце на ўласныя вочы. Вам будуць адкрыты ўсе дарогi, усе шляхi: пачынаючы ад ваеннага комплексу i завяршаючы дзяржаўнымi напрамкамi".

Санкцыi амерыканскага ўрада ўшчамiлi iнтарэсы не столькi беларускiх таваравытворцаў, колькi iх амерыканскiх гандлёвых партнёраў. "Мы змаглi своечасова пераарыентаваць свае таварныя патокi на новыя рынкi збыту, а пад прэс рэпрэсiўных забаронаў трапiлi многiя амерыканскiя бiзнэсмены, якiя працвiталi за кошт iмпарту i выкарыстання ў вытворчасцi беларускай прадукцыi, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — У вынiку мы назiраем значнае скарачэнне эканамiчных кантактаў памiж нашымi краiнамi, а гэта, згадзiцеся, ненармальна".

У сувязi з гэтым кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў актуальнасць аднаўлення дадатнай дынамiкi ў беларуска-амерыканскiм гандлi. Ён таксама прывёў прыклады пазiтыўнага дзелавога супрацоўнiцтва памiж краiнамi: нават нягледзячы на санкцыi, аб зацiкаўленасцi ў прыходзе на беларускi рынак заявiлi такiя буйныя амерыканскiя кампанii, як "Катэрпiлар", "Ханiвел", "Фiлiпс Люмiледс".

Беларусь вiтае ўдзел флагманаў амерыканскага бiзнэсу ў iнвестыцыйных праектах на сваёй тэрыторыi. "У нашай краiне шмат сфераў для патэнцыяльнага ўкладання капiталу, якiя могуць зацiкавiць iнвестараў: прамысловасць, энергетыка, сельская гаспадарка, турызм, будаўнiцтва, фiнансы".

Прэзiдэнт падкрэслiў, што апошнiм часам у Беларусi iстотна паляпшаюцца ўмовы для вядзення бiзнэсу. Прэзiдэнт таксама адзначыў, што ёсць значны патэнцыял узаемавыгаднага супрацоўнiцтва ў такiх сферах, як навука, ахова здароўя, гуманiтарнае супрацоўнiцтва.

Вiзiт дэлегацыi кангрэса ЗША адкрые новую старонку ў гiсторыi беларуска-амерыканскiх адносiнаў. "Хачу вам адкрыта сказаць, што мы вельмi зацiкаўлены ў канструктыўным абмене думкамi са Злучанымi Штатамi па ўсiх тых пытаннях, якiя ўжо больш за 10 гадоў знаходзяцца ў замарожаным стане, прычым не па нашай вiне, — адзначыў Прэзiдэнт. — Спадзяюся, што за кароткi прамежак часу вашага вiзiту вам удасца сфармiраваць i данесцi да вашых калег у Вашынгтоне аб'ектыўнае i непрадузятае меркаванне аб нашай краiне".

Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў: "Мы гатовы да наладжвання цесных кантактаў на доўгатэрмiновай прагматычнай аснове з любой адмiнiстрацыяй ЗША незалежна ад палiтычнай кан'юнктуры". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкi, Беларусь цэнiць канструктыўную пазiцыю ЗША, якая садзейнiчала прыняццю выканаўчым саветам МВФ рашэння аб выдзяленнi Беларусi рэзервовага крэдыту.

У Беларусi i ЗША ёсць значны патэнцыял для ўзаемнага прыкладання намаганняў: ад праектаў у гандлёва-эканамiчнай i iнвестыцыйнай сферах да ўзаемадзеяння на глабальным узроўнi, уключаючы сумесную барацьбу з гандлем людзьмi.

"Зразумела, пакуль не ўсё ў нас як маладой дзяржавы атрымлiваецца. Але будзем шчырыя: нават у вас не заўсёды ўсё атрымлiваецца, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас няма таго шматгадовага вопыту, праз якi прайшлi краiны "старой дэмакратыi". "Аднак мы гатовы iсцi паслядоўна i паступальна, вывяраючы кожны крок, апiраючыся на рэальныя патрэбнасцi нацыi", — дадаў ён. Пры гэтым Прэзiдэнт адзначыў, што меры, якiя беларуская дзяржава прымае для ўдасканалення грамадска-палiтычных працэсаў, служаць далейшаму ўмацаванню суверэнiтэту i самастойнай пазiцыi Беларусi на мiжнароднай арэне.

"Вы ведаеце, я па натуры аптымiст, таму разлiчваю на тое, што адносiны нашых краiн нармалiзуюцца. Мы недвухсэнсоўна прапанавалi нашым заходнiм партнёрам iмкнуцца да ўрэгулявання ўсiх аспектаў узаемадзеяння", — рэзюмаваў кiраўнiк дзяржавы.

"Беларусь — адказны партнёр ЗША ў барацьбе з мiжнароднай злачыннасцю, незаконным абаротам наркотыкаў, гандлем людзьмi, кiберзлачыннасцю", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. "Наша краiна поўнасцю падзяляе прынцыпы мiжнароднай антытэрарыстычнай каалiцыi. Мы гатовы шырэй супрацоўнiчаць з ЗША ў пытаннях экспартнага кантролю i барацьбы з тэрарызмам".

Прэзiдэнт падкрэслiў, што нельга забываць аб тым вялiкiм укладзе, якi незалежная Беларусь унесла ва ўмацаванне рэжыму нераспаўсюджвання зброi масавага знiшчэння, адмовiўшыся ад значнага ядзернага патэнцыялу, якi быў у яе. "Дарэчы, за адносiнамi цяперашнiх ядзерных дзяржаў да Беларусi i рэалiзацыяй прадастаўленых ёй ЗША, Расiяй, iншымi дзяржавамi гарантый бяспекi ўважлiва сочаць вельмi многiя ў свеце", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Выбранне Прэзiдэнтам ЗША Барака Абамы адкрывае новыя магчымасцi для змянення адносiн памiж ЗША i Беларуссю. Аб гэтым заявiў журналiстам кiраўнiк дэлегацыi кангрэса ЗША ў Беларусi, сенатар ад штата Мэрыленд, старшыня камiсii ЗША па бяспецы i супрацоўнiцтве ў Еўропе Бенджамiн Кардзiн на сустрэчы з кiраўнiком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. "Мы б сюды не прыехалi, калi б не важнасць беларуска-амерыканскiх адносiнаў, — адзначыў Бенджамiн Кардзiн. — Мы шчыра спадзяёмся, што менавiта мы зможам садзейнiчаць нармалiзацыi нашых адносiнаў".

Пры гэтым сенатар адзначыў важнасць таго, каб такая нармалiзацыя праходзiла на фоне поўнай адпаведнасцi беларускага палiтычнага жыцця крытэрыям АБСЕ ў плане захавання правоў чалавека i нормаў дэмакратыi.

"Выкананне прынцыпаў, замацаваных у заключным дакуменце нарады па бяспецы i супрацоўнiцтве ў Еўропе (так званых хельсiнскiх прынцыпаў), не з'яўляецца толькi ўнутранай справай дзяржавы. Мы поўнасцю паважаем цэласнасць i суверэнiтэт кожнай краiны, але адпаведнасць прынцыпам АБСЕ — прадмет назiрання ўсiх краiн — удзельнiц гэтай арганiзацыi", — падкрэслiў кiраўнiк дэлегацыi.

У дэлегацыю кангрэсменаў, якая знаходзiцца з вiзiтам у Беларусi, уваходзяць тры сенатары i пяць членаў палаты прадстаўнiкоў кангрэса ЗША. Сярод iх прадстаўнiкi як дэмакратычнай, так i рэспублiканскай партый.

Памiж Прэзiдэнтам Беларусi i амерыканскiмi кангрэсменамi адбылася адкрытая, часам нават вострая дыскусiя, якая, па вынiковай ацэнцы бакоў, дала магчымасць удзельнiкам перамоў не толькi выказаць свае пазiцыi, але i наблiзiцца да ўзаемаразумення па асобных праблемах.

Зносiны доўжылiся каля дзвюх гадзiн i насiлi дастаткова канструктыўны характар.

Кангрэсмен выказаў заклапочанасць станам здароўя грамадзянiна ЗША Эмануiла Зельцара, якi ў Беларусi адбывае пакаранне за ўчыненне крымiнальнага злачынства.

Члены амерыканскай дэлегацыi звярнулiся да Прэзiдэнта Беларусi з просьбай выкарыстаць паўнамоцтвы i магчымасцi, якiя ёсць у Кiраўнiка дзяржавы, для вызвалення Зельцара.

Аляксандр Лукашэнка падкрэслiў, што гэты амерыканскi грамадзянiн парушыў заканадаўства Беларусi. "Ён затрыманы ў нашай краiне, асуджаны па беларускiх законах, гэтага нават Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусi Джонатан Мур не адмаўляе. Нiколi не думаў, што гэты чалавек стане пытаннем у адносiнах памiж нашымi дзяржавамi. Так, па беларускiх законах, па Канстытуцыi я магу памiлаваць Эмануiла Зельцара. Вы звярнулiся да мяне з гэтай просьбай, цi не так? Калi гэта для Амерыкi i нашых адносiнаў вельмi важна i будзе садзейнiчаць нармалiзацыi нашых адносiнаў, я сёння ж падпiшу Указ (аб памiлаваннi)", — сказаў Кiраўнiк дзяржавы.

І ў гэты ж дзень Кiраўнiк дзяржавы падпiсаў Указ аб памiлаваннi Эмануiла Зельцара. Амерыканскiя кангрэсмены падзякавалi Аляксандру Лукашэнку за станоўчае рашэнне па гэтым пытаннi, адзначыўшы, што "гэта будзе вельмi пазiтыўны крок".

Паводле iх слоў, прадстаўнiкi ЗША хацелi б мець магчымасць "назiраць за тымi працэсамi, якiя адбываюцца ў Беларусi". "Толькi так мы зможам лепш зразумець вас. Але куды больш важным была б поўная камплектацыя пасольства ЗША ў Мiнску", — адзначылi госцi.

На жаль, заакiянскiя госцi прадэманстравалi слабае веданне рэальнага становiшча спраў у Беларусi, на што Кiраўнiк дзяржавы адзначыў: "Усе высновы павiнны грунтавацца на праўдзе i фактах". "Вашы словы пра тое, што неабходна даць права апазiцыi выступаць супраць улады, пра нейкiя праблемы функцыянавання няўрадавых арганiзацый грунтуюцца на адсутнасцi ў вас ведаў аб рэальнай сiтуацыi ў Беларусi. Дарэчы, у Беларусi НПО на душу насельнiцтва больш, чым у ЗША! Права апазiцыi выступаць супраць улады канстытуцыйна i заканадаўча замацаванае ў нашай краiне. Ды я i сам калiсьцi прыйшоў да ўлады з апазiцыi. Але вы, пэўна, згодзiцеся з тым, што любы грамадзянiн, нават апазiцыянер, павiнен дзейнiчаць у рамках заканадаўства краiны", — сказаў Кiраўнiк дзяржавы.

Прэзiдэнт Беларусi таксама звярнуў увагу гасцей на тое, што пасля выбараў у нашай краiне нават афiцыйныя прадстаўнiкi амерыканскiх уладаў зрабiлi адназначную выснову: прыход да ўлады апазiцыi, якая зрабiла палiтыку сваiм бiзнэсам i страцiла сувязь з народам, — бесперспектыўны, i абапiрацца на гэту апазiцыю таксама бесперспектыўна. "I ў тым лiку пасля гэтага, усвядомiўшы ўсё гэта, еўрапейцы пайшлi на кантакты з Беларуссю. Яны зразумелi, што iнтарэсы ў гэтай дзяржаве прадстаўляе менавiта Прэзiдэнт", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь гатова вярнуцца да размовы аб аднаўленнi ўзаемнай паўнацэннай дыпламатычнай прысутнасцi пры ўмове поўнай адмены на заканадаўчым узроўнi ўведз
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика