На абласным дабрачынным навагоднім свяце ў Віцебску пабывалі лепшыя вучні раёна
03.01.2019
—
Разное
|
25 юных жыхароў нашага раёна 27 і 28 снежня сталі ўдзельнікамі абласнога дабрачыннага навагодняга свята ў горадзе Віцебску. Сярод запрошаных на губернатарскую ёлку – дзеці з усіх рэгіёнаў вобласці: усяго звыш 900 чалавек. Як паведаміла метадыст аддзела па адукацыі райвыканкама Алеся Уладзіміраўна Грыдзюшка, удзельнікамі ад Шаркаўшчынскага раёна на абласным навагоднім свяце сталі пераможцы прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў,а таксама хлопчыкі і дзяўчынкі, якія выхоўваюцца ў шматдзетных, прыёмных і апякунскіх сем’ях, дзеці-сіроты. Падчас віншавання дзяцей са сцэны канцэртнага зала “Віцебск” старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што на свята былі запрошаны лепшыя з лепшых: дзеці, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе, спорце і творчасці, ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя. “Няхай збываюцца планы і ў вашым жыцці заўсёды будзе мэта. Кожны дзень неабходна пражыць так, каб ён дапамог у будучым,-адзначыў старшыня аблвыканкама, які пажадаў дзецям цудоўнага настрою і яркіх незабыўных уражанняў ад доўгачаканага навагодняга свята. Пасля завяршэння ўрачыстай часткі мерапрыемства дзеці і дарослыя сталі гледачамі інтэрактыўна-навагодняга мюзікла “Снягурачка. Перазагрузка”. Усе хлопчыкі і дзяўчынкі сталі ўдзельнікамі цікавай навагодняй святочнай праграмы, якая па традыцыі праходзіла ў межах дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, а таксама атрымалі салодкія падарункі. Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
|
|