Па старонках раёнкі. Як раней глушчане святкавалі Новы год. 21.by

Па старонках раёнкі. Як раней глушчане святкавалі Новы год

12.12.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напэўна, калі спытаць у нашых сучаснікаў, якія святы ў іх самыя любімыя, то абавязкова сярод пералічаных будзе Новы год. Можа, не на першым месцы, але ў тройцы лідараў — дакладна. А ці ведалі вы, паважаныя чытачы, што гэта любімае і дзецьмі, і дарослымі свята ў савецкай краіне адзначалася не заўсёды. Пачынаючы з 1929 года, у Савецкім Саюзе ў рамках атэістычнай кампаніі было афіцыйна адменена не толькі святкаванне Раства, і нават першага студзеня стала звычайным працоўным днём. Спецыяльныя патрулі хадзілі па вуліцах і заглядвалі ў вокны дамоў “на прадмет выяўлення” святочнай падрыхтоўкі. І толькі ў 1935 годзе Новы год стаў у СССР агульна-нацыянальным святам (але 1 студзеня заставалася працоўным днём яшчэ да 1947 года). Мы ж не будзем заглядваць у гісторыю так далёка, а ўспомнім з дапамогаю падшыўкі раённай газеты, як рыхтаваліся, святкавалі Новы год глушчане не так даўно, сорак, трыццаць гадоў назад. І пачнём з 1978 года.

Першы нумар раённай газеты “Сцяг Радзімы” ў 1978 годзе выйшаў 1 студзеня, у нядзелю (!). У ім ёсць маленькая нататка “Ёлка механізатараў”: “Выдатна працавалі на фінішы юбілейнага года (у 1977 годзе адзначалі 60-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. — Заўв. аўт.) механізатары калгаса “Звязда” па вывазцы на палі арганічных угнаенняў. Навагодняе свята трактарысты, вадзіцелі аўтамашын па свайму працоўнаму календару сустрэлі на 10 дзён раней…” Хтосьці з глушчан працаваў непасрэдна ў навагоднюю ноч. Пра такога чалавека, вадзіцеля аўтобуса Аляксея Андрэевіча Апухоўскага, расказваў карэспандэнт раёнкі Н. Сандамірскі ў нататцы “Свята ў дарозе”.

У 1978 годзе 2 студзеня таксама было непрацоўным днём. Гэта ў наш час галоўнае ўпрыгожанне святочнага навагодняга стала — тэлевізар, а ў той час блакітныя экраны свяціліся яшчэ не ў кожнай хаце. Ды і тэлевізійнікі прапаноўвалі гледачам усяго адзін канал. Трэба сказаць, што другога студзеня тэлепраграма мала нагадвала навагоднюю, як мы яе сабе ўяўляем зараз. Напрыклад, гледачам паказвалі навіны, ранішнюю гімнастыку, канцэрт народаў Поўначы, некалькі мастацкіх фільмаў, дарэчы, адзін з іх (нават!) быў вытворчасці ЗША. А яшчэ ў гэты дзень па тэлевізары паказалі, калі гаварыць сучаснаю моваю, песеннае шоу “Чырвоныя гваздзікі” — другі тур рэспубліканскага тэлеконкурсу юных спевакоў.

Сустракаючы год 1979-ы, глушчане, як і іншыя жыхары савецкай краіны, 31 снежня глядзелі па тэлебачанні віншаванне Генеральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева. (Дарэчы, у СССР традыцыя такіх зваротаў пачалася перад Новым 1976 годам з выступлення якраз-такі Брэжнева.) Пасля гэтага аж да 3 гадзін раніцы савецкія людзі маглі глядзець выступленні зорак айчыннай эстрады ў праграме “Навагодні Блакітны агеньчык”.

Перамяшчаемся ў 1981-ы. Першага студзеня ў гэты год выдалася не зусім зімовае надвор’е: ішоў мокры снег і тэмпература паветра была ад -1 да +4 градусаў.

Напярэдадні сустрэчы 1982 года апошні нумар раёнкі, які выйшаў 29 снежня, выглядаў зусім не святочным. Аб надыходзячым свяце нагадвала толькі праграма перадач на 31 снежня, дзе, акрамя іншага, было “Віншаванне савецкаму народу!”. Дарэчы, з 1981-га і аж да 1985-га навагодняе тэлевізійнае віншаванне савецкім гледачам замест Генеральнага сакратара ЦК КПСС зачытваў дыктар цэнтральнага тэлебачання Ігар Кірылаў.

Далей ідзём у 1986 год. Хаця раённая газета выходзіла тады па аўторках, чацвяргах і суботах, яе першы нумар выйшаў у сераду, 1 студзеня. Загалоўкі надрукаваны зялёным колерам, першая старонка ўпрыгожана сняжынкамі, зорачкамі ды елачкамі. Пра свае працоўныя поспехі, дасягненні за мінулы год на старонках газеты расказваюць прадстаўнікі розных прафесій, розных прадпрыемстваў раёна. Карэспандэнты “Сцяга Радзімы” расказваюць пра адкрыццё перад святам новага Дома культуры ў вёсцы Макавічы: “Выдатны навагодні падарунак атрымалі працаўнікі брыгады Макавічы эксперыментальнай базы “Глуск” ад будаўнікоў ПМК-61. Тут напярэдадні свята здадзены ў эксплуатацыю новы Дом культуры. Глядзельная зала яго разлічана на 200 месцаў. У новым будынку размесцяцца бібліятэка з чытальнай залай, будуць працаваць пакоі адпачынку і гуртковай работы”.

У райцэнтры таксама да сустрэчы 1986 года прымеркавалі адкрыццё новабудоўлі: “Больш трыццаці рабочых раённага камбіната бытавога абслугоўвання перасяліліся ў пабудаваны прасторны, светлы і ўтульны будынак.


З уводам новых вытворчых плошчаў значна палепшыліся ўмовы працы і быту брыгад па пашыву верхняга мужчынскага адзення і жаночай вопраткі. Тут жа пачаў працаваць кушнерскі цэх па вырабу галаўных убораў”.

У навагоднія святы дабаўлялася працы супрацоўнікам пошты. Гэта зараз мы ў сацсетках адпраўляем адзін аднаму віртуальныя пасланні, а ў 1980-я глушчане пісалі рэальныя лісты ды віншавальныя паштоўкі родзічам у розныя куткі Савецкага Саюза. А паштальёны ўсё гэта дастаўлялі адрасатам.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напэўна, калі спытаць у нашых сучаснікаў, якія святы ў іх самыя любімыя, то абавязкова сярод пералічаных будзе Новы год. Можа, не на першым месцы, але ў тройцы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика