Міёрскі металапракатны завод на гэтым тыдні жыў перадпускавымі клопатамі. Яшчэ было (і застаецца) нямала спраў у будаўнікоў і мантажнікаў, паўсюдна рабочая мітусня. На тэрыторыі прадпрыемства працавалі экскаватары, раз-пораз праязджалі вялікагрузныя самазвалы, ішла ўкладка асфальту, а ўнутры асноўнага цэха свае і прыезджыя спецыялісты ля часовых стэндаў займаліся пусканаладкай рэверснага стана халоднай пракаткі – першага на вытворчай лініі. Перад ім на сыравіннай пляцоўцы болела вялікіх сініх рулонаў з металічнай стужкай. Заканчвалася разгароджванне металапрофільнымі лістамі вялікага памяшкання на асобныя вузкапрофільныя аддзелы.
Гэта тое, што адразу заўважаецца непрафесіяналу. У генеральнага дырэктара Пятра Шымуковіча прыкмет не заўсёды відавочных змяненняў куды больш, бо кіраўніцтва прадпрыемства ўзяло курс на тое, каб да прафесійнага свята ў працэсе пусканаладкі пачаць выпуск першай таварнай прадукцыі – чорнага халоднакатанага ліста.
– Напачатку пра знешнія прыкметы завяршэння будаўнічых работ – добраўпарадкаванне, – пачынае размову кіраўнік прадпрыемства. – На 95 % праведзена вертыкальная планіроўка тэрыторыі завода, заставалася толькі падрыхтаваць пляцоўку для грузавога аўтатранспарта. На палавіне плошчаў адноўлены раслінны грунт, следам вядзецца сяўба траў. Штодзень не спыняецца ўкладка асфальту.
– Для выканання этапа абкаткі стана RСМ нам неабходна 1 328 тон гарачакатанага ліста таўшчынёй ад 2,5 міліметра. Завезена трыма партыямі больш за тысячу тон, астатняе яшчэ ў дарозе, – звяртаецца да вытворчых пытанняў Пётр Мікалаевіч. – Першыя вагоны-каўпакі з сыравінай былі з расійскай «Северстали», але там вырабляюць ліст шырынёй толькі 1 250 міліметраў, а нам па нямецкай тэхналогіі абкатку трэба пачынаць металам у 1 тысячу мм. Заказалі яе ў Магнітагорску.
Зразумела, што асноўная ўвага апошнім часам надавалася непасрэдна рэверснаму стану. Вакол яго сканцэнтраваны інтарэсы не толькі нашых аператараў, але і шэф-інжынераў фірмы SMS, пастаўшчыка абсталявання. Іх было з дзясятак чалавек з нашымі перакладчыкамі, потым паболела да пятнаццаці, кожны – спецыяліст па вельмі вузкім напрамку.
Даводка да рабочага стану складанага абсталявання – справа карпатлівая, у ёй таксама ўдзельнічаюць нашы электрыкі, праводчыкі, энергетыкі. Шматразова адпрацоўваюцца ўсе элементы і моманты. На мінулым тыдні правялі завалку – устаноўку на месца камплекта валкоў. Складанасць аперацыі нават у тым, што вага некаторых да 25 тон. Пракручваюць іх адзін электрарухавік магутнасцю 5 МВт і два ўдвая меншыя. Пакуль даводзілі да ладу адну клець, стан RСМ на першым этапе будзе дзейнічаць у рэверсным рэжыме, з двума праходамі. Як задзейнічаем другую, для дасягнення патрэбнай таўшчыні лісту спатрэбіцца толькі адзін праход.
Пусканаладку ўжо на гэтым тыдні сумясцім з выпускам першай таварнай прадукцыі – халоднакатанага металічнага ліста. Спажыўцы на яго ёсць.
Якія змяненні на іншых участках?
– Электраэнергія падключана даўно, энергетыкі падалі ў цэх ваду, пару і іншыя кампаненты. Будаўнікі інтэнсіўна заканчвалі прыбудаваныя памяшканні. Субпадрадчыкі пракладвалі кабелі, з гэтым яны справяцца ў поўным аб’ёме прыкладна ў жніўні. У Германіі скончылася выпрабаванне вадароднай станцыі, яна загружана патрэбнымі кампанентамі і, па планах, яе павінны былі адправіць нам учора.
Прадпрыемства – гэта не толькі будынкі і тэхнічнае аснашчэнне…
– Калектыў ММПЗ ужо налічвае 401 чалавека. Многія спецыялісты – профільныя з металаапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі, Казахстана і Расіі, іншыя – з патрэбнай нам адукацыяй і пэўным вопытам практычнай работы. Сярод рабочых пераважна мясцовыя людзі і з суседніх раёнаў. Каму патрэбна, тэхніку асвойвалі ў Германіі, вучыліся на прадпрыемствах і ў вучэбных камбінатах сваёй рэспублікі, але асабліва шмат – у Магнітагорску. Гэты працэс крыху прыпыніў каронавірус, пры магчымасці яго прадоўжым.
Яны забяспечваюць пуск
Перш чым на ММПЗ публічна прагучыць сімвалічная каманда «ПУСК», мноства чырвоных кнопак з адпаведным надпісам шматразова апрабаваны ў справе на станах, лініях, розных механізмах. Гэтым на першым этапе займаліся пад наглядам прадстаўнікоў фірм-вытворцаў абсталявання нашы спецыялісты. Вялікая вытворчасць – плён агульнай працы будаўнікоў, мантажнікаў, эксплуатацыйнікаў, якія аддалі шмат сіл рэалізацыі задум, праектаў, планаў. У прыватнасці, гэта значная частка жыцця першага намесніка генеральнага дырэктара – тэхнічнага дырэктара Міёрскага металапракатнага завода, кандыдата тэхнічных навук Уладзіміра Цішчанкі. Ён «у праекце» з самага пачатку яго тэхнічнай рэалізацыі – з 2013 года.
– Да пуску ўсё ў асноўным гатова, цяпер пачынаецца пракрутка, – так ахарактарызаваў цяперашнюю сітуацыю карэспандэнту раёнкі на мінулым тыдні Уладзімір Андрэевіч.
Працоўную дзейнасць пачынаў у Жлобіне, дзе заканчвалася ўзвядзенне БМЗ. Прайшоў шлях ад майстра да намесніка начальніка сталеплавільнага цэха. Потым узначаліў металапракатны цэх. Справа аказалася надта па душы: па такім профілі абараніў дысертацыю. У якасці дырэктара металургічнага дэпартамента БМЗ забяспечыў будаўніцтва і пуск пракатнага стана-150 па выпуску сартавой прадукцыі – арматуры, вугалка, швелера і іншага. За гэта адзначаны «Ордэнам пашаны». Потым захапіўся стварэннем новага прадпрыемства ў Міёрах, дзе бачыліся сучасныя тэхналогіі і эканоміка, магчымасць зніжэння матэрыялаёмістасці выпускаемай прадукцыі. Удзельнічаў у выбары абсталявання для будучага завода, а па сутнасці – стана-1200 з тэхналагічнымі лініямі, якія яму спадарожнічалі. Усе намаганні, веды і вопыт цяпер накіроўвае на завяршэнне праекта, пуск прадпрыемства.
– Такіх прадпрыемстваў з самымі сучаснымі абсталяваннем і тэхналогіямі больш няма ў Беларусі, нават на прасторы былога Саюза, – у захапленні ад сваёй працы майстар пракатна-тэрмічнага аддзялення Вячаслаў ЛАЗАКОВІЧ. – Абсталяванне ўжо пракручваем не першы месяц, правяраем усе механізмы.
Вячаслаў Ігаравіч у Міёрах працуе нядаўна. Ён пасля заканчэння Полацкага дзяржуніверсітэта на некалькі гадоў стаў майстрам полацкага «Станкапалімера», на гэтай пасадзе столькі ж часу набіраўся вопыту на Наваполацкім заводзе тэхналагічных металаканструкцый. Такі працоўны багаж дазволіў атрымаць запрашэнне ў Міёры. Дадатковае навучанне прайшоў у Магнітагорску. Цяпер разам з аператарамі кіравання, вальцоўшчыкамі, карэкціроўшчыкамі ванн і іншымі спецыялістамі асвойваў стан RСМ, з якога і пачнецца прадпрыемства. З яго – і пуск нашага металапракатнага. Потым на тэхналагічнай лініі працуюць тэрмісты на каўпаковых печах, дрэсіроўшчыкі на стане карэкціравання таўшчыні ліста, дзейнасць гэтага і іншага абсталявання забяспечваюць кранаўшчыкі. Пра сутнасць выконваемых абавязкаў многіх з названых спецыяльнасцей можна хаця б здагадацца. А чым займаецца карэкціроўшчык ванн? Рыхтуе розныя ахалоджвальныя эмульсіі для пракатнага стана і падтрымлівае іх канцэнтрацыю.
Вялікі калектыў (ужо 67 чалавек, у тым ліку 15 ІТР) і мноства адказных вытворчых падраздзяленняў атрымаў у падпарадкаванне намеснік галоўнага энергетыка Алег ГРЭЦКІ. Мясцовы, міярчане ведаюць Алега Дзмітрыевіча па рабоце ў райгазе. З апорай на апаратчыкаў і слесараў, пераважна мясцовых работнікаў, цяпер ён займаецца не толькі падачай на вытворчасць прыроднага газу, але і энергацэнтрам з двума паравымі катламі і чатырма кагенерацыйнымі ўстаноўкамі, кампрэсарнай з устаноўкамі атрымання азоту, участкам водападрыхтоўкі, рамонтным участкам, чакае паступлення вадароднай станцыі з Германіі.
Лічыць, што з усім справіцца, бо начальнікі ўчасткаў у яго падпарадкаванні вопытныя: са Жлобіна (з таго ж БМЗ!) прыехалі Ігар Котаў і Дзмітрый Буслаеў, са Слоніма – Яўген Губрыенка, з Віцебска – Уладзіслаў Печкуроў, з Верхнядзвінска – Дзмітрый Матуль.
– На абсталяванні шмат прыбораў аўтаматызацыі і механізмаў электрапрываду, толькі на пракатным стане пяць тыпаў сістэм кіравання, – адзначае начальнік адпаведнага ўчастка Сяргей ІВАНОЎ. Ён ужо праверыў сябе ў якасці інжынера на БМЗ у Жлобіне, разлічвае на перспектыўную працу ў Міёрах. У падпарадкаванні мае дзесяць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, сярод іх вельмі спадзяецца і на маладых міярчан Уладзіслава Шаха і Вячаслава Гайбовіча.
– Металапракатны завод будзе спажываць прыкладна 45 МВт электраэнергіі, з гэтай колькасці не менш за 70 % прыйдзецца непасрэдна на пракатны цэх, – сведчыць электрык гэтага цэха Раман ДАРОЎСКІ. І працягвае аперыраваць лічбамі: нават больш за сотню кіламетраў кабеляў тут пракладзена, зманціравана шэсць падстанцый для падключэння абсталявання, устаноўлены электрарухавікі нечуванай для сельскага раёна мегаватнай магутнасці. Гэтую гаспадарку ўжо вучацца абслугоўваць 20 спецыялістаў пад кіраўніцтвам двух майстроў.
Раман Уладзіміравіч да электрыка цэха ММПЗ вырас са старшага майстра БМЗ у Жлобіне, мае дыплом Гомельскага палітэха. Не толькі электрычныя правады пракла- дзены літаральна да кожнага механізма на ММПЗ. Нямала там гідраўлічных шлангаў і трубаправодаў пад ціскам да 240 бар. Гэта сцвярджае гідраўлік Дзмітрый ШМЯНЬКО. Родам ён з Мінскай вобласці, аднак даўно жыве ў Міёрах. Спецыяльнасць атрымаў у вучэльні Клецка, павысіў кваліфікацыю ў Жлобіне.
Калі многія з названых работнікаў толькі становяцца спецыялістамі Міёрскага ММПЗ, то Дамір АСАНАЎ прыехаў кваліфікаваным вальцоўшчыкам з пракатнай вытворчасці на камбінаце ў казахстанскім Цямір-Тау. У Беларусі ён прадоўжыць займацца справай, якую добра асвоіў у Казахстане. Яму ў нас падабаецца.
Чытайце цалкам у № 57 раённай газеты, электронны варыянт тут.
Міёрскі металапракатны завод на гэтым тыдні жыў перадпускавымі клопатамі. Яшчэ было (і застаецца) нямала спраў у будаўнікоў і мантажнікаў, паўсюдна рабочая...