Адкрыты тры новыя станцыіі Мінскага метрапалітэна
09.11.2012
—
Новости Политики
|
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 лістапада напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрыў новы ўчастак першай лініі Мінскага метрапалітэна, які ўключае станцыі "Грушаўка", "Міхалова" і "Пятроўшчына", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Новы ўчастак ад станцыі "Інстытут культуры" да станцыі "Пятроўшчына" забяспечыць скораснай транспартнай сувяззю жылыя мікрараёны паўднёва-заходняга сектара горада з яго цэнтрам. Пры гэтым, з улікам перасадкі на другую лінію, забяспечваецца сувязь названых жылых раёнаў з паўднёва-ўсходняй прамысловай зонай. Пры праектаванні і будаўніцтве новага ўчастка лініі ажыццёўлены шэраг прагрэсіўных тэхнічных рашэнняў, а яго даўжыня перавышае 5 км. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб развіцці Мінскага метрапалітэна і забеспячэнні бяспекі яго аб'ектаў, рэканструкцыі праспекта Дзяржынскага і забудове прылеглай тэрыторыі. Прэзідэнт запатрабаваў захаваць і ў далейшым развіваць "Мінскметрабуд" з мэтай пашырэння экспарту будаўнічых паслуг. Паводле слоў старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, ужо цяпер паслугамі беларускіх метрабудаўнікоў гатовы скарыстацца ў Маскве. "Туды трэба ўваходзіць не вагаючыся. Гэта добры экспарт паслуг, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Метрабуд павінен не толькі захавацца, але і пастаянна расці, у тым ліку за кошт экспарту паслуг". Прэзідэнт высока ацаніў якасць работ, выкананых пры стварэнні новых станцый. Яны не толькі прыгожа аформлены, але пры гэтым не дапушчана празмернай траты сродкаў. "Тое, што эканомна зрабілі, малайцы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Не трэба будаваць палацы, тут усё павінна быць функцыянальна. Трэба рабіць усё проста і даступна. А галоўнае, каб былі чысціня і парадак. Не трэба ніякіх празмернасцяў, а матэрыялы трэба выкарыстоўваць даўгавечныя". Пасля агляду новых станцый Мінскага метрапалітэна Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў. У кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, які ў яго быў любімы від транспарту ў дапрэзідэнцкі перыяд. "Я вялікі аматар аўтамабіля", — сказаў Прэзідэнт. Успамінаючы дапрэзідэнцкі час, ён расказаў, што пачынаў з матацыкла, а затым быў і аўтамабіль. "Я не так добра ведаю сучасныя імпартныя аўтамабілі. Але аўтамабіль — гэта мой любімы від транспарту. Пачынаючы ад матацыкла і заканчваючы аўтамабілем, я іх асвоіў і валодаю добра. Таму не буду хітраваць, што аўтобус быў маім любімым відам транспарту, хоць я вельмі шмат ездзіў на аўтобусах і дызельных паяздах", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паколькі адкрыццё новых станцый метро было прымеркавана да 7 лістапада, адно з пытанняў датычылася прычын захавання ў Беларусі традыцыі адзначаць Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. "Я прымаю ўсе ідэі, з якімі рэвалюцыянеры ішлі да народа. Тады яны ішлі з добрымі ідэямі: зямля — сялянам, фабрыкі — рабочым, навядзенне парадку, выратаванне краіны і г.д. Ніводнага дрэннага лозунга не было. І пад гэтымі лозунгамі рэвалюцыя перамагла", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Многія гэтыя лозунгі пакладзены ў аснову цяперашняй палітыкі ў нашай дзяржаве", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Калі мы святкуем дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, гэта для нас, найперш, каштоўнасць тых ідэй і лозунгаў". Разважаючы аб тым, чаму ў некаторых постсавецкіх краінах не адзначаюць гэты дзень, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "У свой час духу не хапіла". Аляксандр Лукашэнка параіў акуратна ставіцца да ацэнак мінулага. "Ніколі не спяшайцеся ацэньваць тое, што было ў нас за плячамі. Усё гэта палітызавана, — падкрэсліў ён. — Якім бы ні было гэта мінулае — гэта наша мінулае. Ад яго нікуды не дзенешся. І каб мы добра выглядалі ў гэтым мінулым, трэба бачыць недахопы, ні ў якім выпадку нельга замоўчваць, але трэба выцягваць на паверхню ўсё лепшае, што было. Таму што гэта наша мінулае". Гаворачы аб перспектывах беларуска-амерыканскіх адносін пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не разлічвае ў гэтым плане на нейкія змены незалежна ад іх вынікаў: "Што датычыцца змяненняў курсу ЗША ў дачыненні да Беларусі, вы ведаеце, мала што зменіцца — будзе Ромні або цяперашні прэзідэнт Абама". "Гэта краіна з вялікай інерцыяй, і яны ідуць, як бульдозеры, па ўсім свеце, і павярнуць, развярнуць яе — гэта будзе вельмі складана. Рыторыцы, якая сёння гучыць з вуснаў Ромні, які сябе пазіцыянуе крыху інакш, чым Абама, асабліва давяраць не трэба. Гэта рыторыка. Тое, што яны гавораць, яны не заўсёды робяць пасля выбараў", — лічыць Прэзідэнт. "Таму я асабліва не спадзяюся, што ў нас штосьці ў адносінах з ЗША зменіцца. Але мы гатовы да гэтых змяненняў, калі амерыканцы са свайго боку будуць таксама гатовы да такіх крокаў", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё меркаванне аб прычынах негатыўных ацэнак выбараў у Беларусі і іншых краінах з боку Захаду і АБСЕ. У прыватнасці журналісты пацікавіліся, у чым крыецца прычына такога падыходу ў адносінах да нядаўніх парламенцкіх выбараў ва Украіне, якія, здавалася б, прайшлі пры небывалым "разгуле" дэмакратыі. У той жа час на выбарах у ЗША дзейнасць наглядальнікаў ад АБСЕ пад забаронай. У сувязі з гэтым прагучала пытанне, ці патрэбна наогул такая арганізацыя, стандарты якой невядомыя. "Такая арганізацыя была б патрэбна, калі б яна прытрымлівалася таго, што дэкларавалася пры яе стварэнні. Уся праблема ў тым, што ў АБСЕ былі зацікаўлены і Захад, і Амерыка тады, калі ім процістаяў магутны Савецкі Саюз. Сёння ім гэта арганізацыя не патрэбна, а нам з-за таго, што яна не выконвае сваіх функцый, яна таксама сто гадоў не патрэбна, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Гэта Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. А АБСЕ сёння ніякай бяспекай не займаецца, супрацоўніцтва ў іх нацэлена на разлад". "Якое ж гэта супрацоўніцтва, калі напярэдадні выбараў у Беларусі яны прыехалі ўжо з гатовым дакладам, які яны пасля агучылі. Гэтак жа было з Украінай. Да гэтага ўжо былі гатовы гэтыя балванкі, як іх называюць. І АБСЕ іх агучыла, хоць, сапраўды, там быў поўны разгул дэмакратыі. Што яны толькі ні рабілі, каб дагадзіць АБСЕ і Захаду". "Няма гэтых стандартаў. Мы з Расіяй і іншымі дзяржавамі, Казахстанам, Украінай у тым ліку, настойваем на тым, што давайце выпрацуем стандарты, каб яны былі адзіныя, — сказаў Прэзідэнт. — Але гэтых стандартаў няма. Хто як хоча, той так іх і трактуе". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, наглядальнікі ад СНД звычайна зыходзяць з крытэрыяў, "якія бліжэйшыя ўсім нам". "Мы ацэньваем тут, у рамках СНД, такім чынам выбары, і гэтыя ацэнкі прама супрацьлеглыя ацэнкам АБСЕ, таму што АБСЕ спрабуе навязаць нам свае стандарты, і нават не свае, а неіснуючыя стандарты — яны поўнасцю палітызаваныя", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У пацвярджэнне Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад ЗША, якія пазіцыянуюць сябе як апору дэмакратыі: "Прыязджаюць міжнародныя наглядальнікі, а ім гавораць: "Ступіце за парог — і мы вас арыштуем". "А калі б мы так зрабілі? Мы ж і іх запрашаем, і амерыканцы ў нас наглядальнікамі з'яўляюцца. Мы ж іх не арыштоўваем, — сказаў Прэзідэнт. — Дык яны ўжо сёння прэтэндуюць на тое, каб падлічваць галасы яны маглі. Гэта ўжо двайныя і трайныя стандарты. Мы гэтага не прымаем". "Мы павінны будаваць сваё жыццё і даваць адпор тым, хто замахваецца на гэта", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 лістапада напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрыў новы ўчастак першай лініі Мінскага метрапалітэна, які ўключае... |
|