Сярод добрых людзей. 21.by

Сярод добрых людзей

03.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзякуй!

...У Давыд-Гарадок я (круглая сiрата з 12 гадоў) прыехала ў 1952-м, пасля Мазырскага педвучылiшча у вялiзных нямецкiх чаравiках з цвiкамi-плешкамi, сяброўка — у ватных штанах. Нашы строi i ў школе выклiкалi бурны смех, але мы не зважалi, бо ён быў не кплiвы, мы жылi, вучылi дзяцей.

Сярод маiх вучняў — i наш знакамiты паэт Леанiд Дранько-Майсюк.

Лёневы бацькi былi сцiплымi працаўнiкамi. Да працы, змалку, прывучалi i сына. Ён палiваў расаду, капаў грады, лодкай ездзiў з бацькам па дровы па свавольнай рацэ Гарынi. Веснавой паводкай яна настолькi разлiвалася, што залiвала гароды i хаты аж па вокны — бурыла грубкi i печы. Ёсць нават легенда пра тое, што адзiн з нашых гарадчукоў вiламi лавiў шчупака пад прыпечкам. Так што радкi "Суседняя хата плыве, а ў хаце суседка жыве..." паэт Дранько-Майсюк не прыдумаў, ён гэта бачыў.

Але ж цяпер пра iншае.

Сваiх дзяцей, я, як кажуць, вывучыла на... сваю галаву. Сын у Санкт-Пецярбургу жыве, старэйшая дачка ўжо 24 гады — у Тунiсе, а муж i малодшая — там, адкуль не вяртаюцца, не прыязджаюць. Мне 79 гадоў, я — адна.

Летась цяжкая хвароба прымусiла мяне пакiнуць родную хату: з мясцовай хiрургii завезлi ў Брэст, потым — у Мiнск. Пасля аперацыi i васьмi дзён у рэанiмацыi я такi расплюшчыла вочы, нарадзiлася яшчэ раз... Але ж ляжала, як старая кiнутая лялька, аж пакуль у палату не зайшлi мой сын i мой дарагi вучань Лёня. Іх прыход — з гасцiнцамi, з цёплымi словамi — надаў мне сiлы i жадання выжыць.

Потым мае ўрачы спадары Сяргей Мiнакоўскi i Эдуард Мурзiч (бласлаўляю iх на доўгае i шчаслiвае жыццё) адправiлi мяне ў санаторый "Аксакаўшчына". Там была цудоўная прырода, гаючае паветра, выдатнае абслугоўванне, працэдуры i... Леанiд — ён знайшоў мяне i там! Прывозiў розныя прысмакi, падоўгу размаўляў. Я, адно, турбавалася, як потым, пасля выпiскi, заехаць адсюль дадому — ды яшчэ i на мылiцах?

I зноў дапамог мой вучань. Ён пазванiў у Давыд-Гарадок, у Столiн. I высветлiлася, што з Бараўлянскага шпiталя будуць якраз забiраць iнвалiда Вялiкай Айчыннай, то заедуць i ў санаторый па мяне.

Так у 11 вечара (шафёр вёз акуратна, памалу, каб не растрэсцi нашыя болькi) мы дабралiся дахаты. Я толькi сабралася выходзiць з машыны бачу — бягуць (у чым спаць паляглi) мае радасныя суседзi Кацярына i Кастусь Харашуны, адчыняюць дом. А на верандзе, бачу, вядро малiны, засыпанай цукрам. Назаўтра я закруцiла ягады ў слоiкi...

Той год для Леанiда быў вельмi цяжкiм — ён пахаваў бацькоў, якiм прысвячаў свае вершы i песнi, якiх радаваў сваёй павагай i ўвагай. Цяпер iх дом асiрацеў: "Той самы дом i градкi тыя ды людзi будуць жыць другiя"... Хочацца, каб добрыя. I хочацца, каб радасць, здароўе i шчасце заўсёды спадарожнiчалi тым, хто выконвае наказ продкаў i беражэ святыню беларусаў — дабрыню.

Надзея ВАСIЛЬЕВА, г. Давыд-Гарадок.

г. Давыд-Гарадок.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...У Давыд-Гарадок я (круглая сiрата з 12 гадоў) прыехала ў 1952-м, пасля Мазырскага педвучылiшча у вялiзных нямецкiх чаравiках з цвiкамi-плешкамi, сяброўка — у ватных штанах. Нашы строi i ў школе выклiкалi бурны смех, але мы не зважалi, бо ён быў не кплiвы, мы жылi, вучылi дзяцей
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика