Катэтар не мяняюць... Сена не даюць...
24.03.2010
—
Новости Общества
|
Прамая лінія Дзяржкантролю У Віцебску на тэлефонную сувязь з жыхарамі вобласці выйшаў кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць. За тры гадзіны паспеў пагаварыць больш чым з 40 чалавекамі. Сувязісты зафіксавалі 18 тысяч спробаў дазваніцца. Галоўны кантралёр Беларусі адразу ставіў задачы перад чыноўнікамі, якіх запрасілі на прамую лінію, каб, калі можна, аператыўна пастараліся вырашыць праблемы. Вядома, некаторыя выказаныя праблемныя пытанні патрабуюць часу для вывучэння і прыняцця канкрэтных рашэнняў па іх. А некаторым грамадзянам адразу прыйшлося адмовіць у вырашэнні іх пытанняў. У прыватнасці, як можна дапамагчы чалавеку атрымаць бясплатнае жыллё, калі ён не мае на гэта правоў? Ці кампенсаваць банкаўскі ўклад савецкага часу, калі няма для гэтага ніякіх адпаведных пастаноў? Не мог пакінуць без непрыемных эмоцый званок ад пенсіянеркі з Полацкага раёна. Яна расказала, што да яе мужа, ветэрана вайны, не прыходзяць медыкі. "А яму ж катэтар паставілі, — скардзіцца бабуля. — І не мяняюць месяцамі. Наогул успамінаюць пра мужа толькі, калі святкуецца Перамога. У вёсцы не працуе ўрачэбная амбулаторыя". Пачуўшы гэта, Зянон Ломаць не хаваў эмоцый. "Чым займаюцца галоўны ўрач, работнікі сацыяльнай службы раёна? Я лічу, што павінна быць дадзена жорсткая ацэнка іх работы — нават да звальнення адказных асобаў за такія бяздушныя адносіны", — звярнуўся ён да адказных асобаў, прысутных у зале. Ужо пасля прамой лініі кіраўнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама растлумачыў, што медыкі адразу, падчас прамой лініі прыехалі ў гэты дом і ўжо аказалі дапамогу. Нельга сказаць, што насамрэч медыкі забывалі ветэрана. Наведвалі ветэрана, але не так часта, як можна было б. І надалей "па графіку" будуць наведваць старога. Ломаць даручыў чыноўнікам даследаваць і ўмовы жылля ветэрана і жонкі. Мо рамонт патрэбны? Мо тэлевізар ім новы падарыць трэба? І паабяцаў расказаць пра жахлівы выпадак губернатару Косінцу. Сярод іншых патурбавала Зянона Ломаця жыхарка Віцебскага раёна, якая паскардзілася на тое, што яе муж, кіроўца ў сельскагаспадарчым таварыстве, адпрацаваў удвая больш, чым звычайна, а грошай за перапрацоўку не атрымаў. Не магла пакінуць абыякавым просьба з глыбінкі — з Шумілінскага раёна — дапамагчы з... сенам. Папрасіла пра гэта жанчына, якая трымае дзвюх кароў, цяля. Малака здае 9 тон у год. Нямала! А паразумення ў тым, што тым жа сенам можна было б дапамагчы, нідзе не знаходзіць. Яна гадуе дзіця, даглядае старую маму. — Чаму не дапаможа старшыня райвыканкама? — абурыўся Зянон Ломаць. — А старшыня сельскага Савета? Такіх людзей, як гэтая жанчына, трэба падтрымліваць. І розную дапамогу аказваць. Пасля "прамой лініі" Зянон Ломаць падзяліўся з журналістамі ўражаннямі. — Людзі, якія тэлефанавалі, былі ў асноўным добразычлівымі. І не абыякавымі. Іх турбуюць не толькі асабістыя праблемы, але і рэгіёна. Вельмі шмат было цікавых прапаноў. Напрыклад, з Дзісны мужчына паведаміў, што збудаванні гадамі не выкарыстоўваюцца. А там жа можна адкрыць новыя вытворчасці або нешта яшчэ карыснае. Разбярэмся, — гаворыць Зянон Ломаць. — Жыхары Віцебска выступілі з самымі рознымі прапановамі. Шэраг званкоў тычыўся няякаснага будаўніцтва жылля: здалі дом летась, а дах ужо цячэ. У аграгарадках жыллё новае не без праблем у сэнсе якасці. На Віцебшчыне наогул, у параўнанні з іншымі абласцямі, ЖКГ на самым нізкім узроўні. Вельмі шмат праблем накапілася за гады. І вырашаць іх трэба актыўна. Хвалююць людзей высокія цэны на лекі ў дзяржаўных аптэках. Паглядзім. На гандаль людзі не скардзіліся. Пры гэтым грамадзяне расказвалі, дзе можна было б адкрыць крамы. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Віцебску на тэлефонную сувязь з жыхарамі вобласці выйшаў кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць. За тры гадзіны паспеў пагаварыць больш чым з 40 чалавекамі. Сувязісты зафіксавалі 18 тысяч спробаў дазваніцца.
|
|