Шляхамi знакамітага земляка. 21.by

Шляхамi знакамітага земляка

14.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пражскі перыяд жыцця Францыска Скарыны быў плённым
А што, калі прайсцiся шляхамi Францыска Скарыны? Як вядома, менавіта ў Празе ён выдаў першую Бiблiю на старажытнабеларускай мове. Сёння цяжка сказаць, якiя са сваiх куточкаў адкрыла для маладога госця з Вялiкага княства Лiтоўскага будучая сталiца алхiмiкаў i астраномаў. Але настрой горада схiляе да падарожжаў навобмацак. Таму можна крыху пафантазiраваць на тэму пражскiх шляхоў, па якiх хадзіў і беларускi першадрукар.
Дэвiзам культурных дзеячаў XVI стагоддзя былі словы Эразма Ратэрдамскага «латынь i адукацыя». Гэтых складнiкаў было тады дастаткова, каб два гуманiсты з розных краiн Еўропы знайшлi паразуменне. Цэнтрам жа гарачых навуковых спрэчак, у ходзе якiх нараджалася не менш гарачая iсцiна, у Празе эпохi Рэфармацыi быў Клеменцiнум: там знаходзiўся Карлаў унiверсiтэт, першая ў Еўропе славянская вышэйшая навучальная ўстанова, заснаваная яшчэ ў XIV стагоддзі. Сёння тут размяшчаецца Нацыянальная бiблiятэка Чэхii. У беларускiм аддзеле на палiчках прыкладна памiж творамi Рыгора Барадулiна i Уладзiмiра Караткевiча прымасцiлася перавыданне «Малая падарожная кнiжка».
Дарэчы, можна з упэўненасцю казаць, што i сам Скарына не абмiнуў гэтай лiтаратурнай скарбнiцы. Як бiблiятэка яна была заснавана толькi ў 1777 годзе, але шматлiкiя рукапiсы i першыя друкаваныя выданнi захоўвалiся i, вядома, выдавалiся студэнтам для навуковай работы менавiта тут, у Карлавым унiверсiтэце. Думаецца, Скарына не аднойчы прыходзiў сюды, каб у цiшынi пазнаёмiцца з плёнам працы сваiх папярэднiкаў. Пэўна, было ж у яго руках чэшскае выданне Бiблii 1490 года, адзiн з малюнкаў якога паўтораны ў гравюры, змешчанай ў скарынаўскiм Псалтыры.
Мемарыяльная дошка ў Празе ў гонар Францыска СкарыныЦяпер у комплексе Клеменцiнум ў гонар Скарыны ўсталявана мемарыяльная дошка. Яна нагадвае вядомы партрэт першадрукара, зроблены ў 1517-м, якраз у год выдання Бiблii. Дарэчы, у Клеменцiнуме толькi тры помнiкi, i тое, што адзiн з iх прысвечаны Скарыне, вельмі пачэсна.
Паблукаўшы мiж абвiтымi вiнаградам сценамi былога будынка Карлавага ўнiверсiтэта, якi яшчэ захоўвае згадкi пра задуменнага дзiвака з Сербii Нiкаля Тэсла, будучага «патрыярха» славiстыкi Йозефа Добраўскага i хваравiта-цiхага юнака з незвычайным пачуццём гумару Франца Кафку, я вырашыла адшукаць шлях і да друкарні, з варштатаў якой выйшаў першы Псалтыр на старажытнабеларускай мове. Зразумела, гэта была буйная майстэрня, дзе працавалi людзi з веданнем кiрылiцы. Без гэтага было б немагчыма, напрыклад, нават суаднесцi пад час друкавання малюнкi з патрэбнымi старонкамi. Доктар Мiхал Сваташ з Карлавага ўнiверсiтэта называе два магчымыя варыянты: гэта была выдавецкая майстэрня Севярына цi друкарня Конача. Праўда, дзе дакладна яны знаходзiлiся, пан доктар не кажа. Я проста еду да самай вялiкай пражскай друкарні, з якой і сёння выходзяць галоўныя газеты, часопiсы i кнiгi. Яна знаходзiцца каля станцыi метро Фларэнс, ад Клеменцiнума пешшу паўгадзiны. Што ж, хочацца верыць, што менавiта гэты шлях першадрукар паўтараў некалькi разоў на дзень, каб упэўнiцца, што справа яго жыцця ў надзейных руках.
Адна з чэшскiх дарог Скарыны вядзе ў Каралеўскi палац: туды першадрукар быў запрошаны ў якасцi садоўнiка ў 1534 годзе. Якраз тады там быў разбiты Каралеўскi сад у стылi італьянскага рэнесансу. Многiя мяркуюць, што пасада садоўнiка не да твару доктару медыцыны, але ў мiнулым быць садоўнiкам значыла зусiм iншае, чым сёння. Доктар Сваташ лiчыць, што Скарыну магла запрасiць жонка караля Фердынанда Першага Ганна з роду Ягайлы — таго самага, якi правiў у ВКЛ. Ганна даверыла Скарыне самае каштоўнае, што было ў садзе, — лекавыя зёлкi, якiя ратавалi яе ад хвароб i зберагалі маладосць. Пазней там вырошчвалi першыя ў Еўропе цюльпаны, якiя толькі потым трапiлi ў Галандыю, экзатычныя фрукты i трапiчныя раслiны. І сёння сад квiтнее, пэўна, раскошы ў ім не менш, чым раней.
Многiя лiчаць, што магiла першадрукара знаходзiцца дзесьцi ў Празе, але дзе менавіта — невядома. Таму, каб аддаць належнае славутаму земляку, я iду да помнiка Скарыну, работы скульптара Эдуарда Астаф’ева, што быў прывезены ў Чэхiю з Мiнска ў 1996 годзе. Ён стаiць у невялiкiм скверыку раёна Градчаны, непадалёк ад Каралеўскага Палаца. Славуты беларус з гонарам узвышаецца на п’едэстале i спакойна глядзiць з больш чым двухметровай вышынi на цiкаўных. А яны падыходзяць блiжэй, каб прачытаць у разгорнутай бронзавай кнiзе чэшскую старонку з яго жыцця.

Ніна Шпакоўская

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А што, калі прайсцiся шляхамi Францыска Скарыны? Як вядома, менавіта ў Празе ён выдаў першую Бiблiю на старажытнабеларускай мове. Сёння цяжка сказаць, якiя са сваiх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика