"Вокны жыцця", або Хто яны, маці-забойцы?. 21.by

"Вокны жыцця", або Хто яны, маці-забойцы?

03.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У навагоднія дні ў палескім райцэнтры шчасліва скончылася гісторыя маленькай дзяўчынкі, якая аказалася непатрэбнай сваёй маці. Дзіця нарадзілася ў Маскве летам мінулага года. Жанчына, якая нарадзіла, проста сышла з бальніцы, не пакінуўшы пісьмовай адмовы альбо іншых дакументаў. Але паколькі ў раддом яе прымалі па пашпарце, то ў медыцынскай установе засталіся звесткі: прозвішча, імя, месца пастаяннай рэгістрацыі. Гаворка ішла пра нашу суайчынніцу... Неўзабаве з Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Масквы ў беларускае ведамства прыйшло пісьмо з падрабязнасцямі гэтай гісторыі і прапановай беларускаму боку вырашыць лёс сваёй грамадзянкі, якая нарадзілася 21 чэрвеня вагой 1300 грамаў. Ліст яшчэ ўтрымліваў інфармацыю, якая аказалася надзвычай патрэбнай нашым спецыялістам: жанчына, што пакінула дзіця ў сталіцы Расіі, на Беларускім вакзале купіла білет ад Масквы да станцыі Лунінец.

  А як у іх?

Першы бэбі-бокс быў устаноўлены ў нямецкім Гамбургу ў 2000 годзе. За апошнія пяць гадоў там пакінулі 25 дзяцей.

У Чэхіі больш за 20 "вокнаў жыцця". Іх лік збіраюцца давесці да 70. За апошнія тры гады ў інкубатарах пакінулі 12 малых.

У некаторых штатах ЗША маці можа пакінуць малога ў любой медустанове, а таксама ў паліцыі і пажарнай службе.

Бэбі-боксы ёсць у Сочы, Новарасійску, Армавіры, Краснадары, некаторых іншых гарадах Расіі. У горадзе Перм, дзе нядаўна з'явіўся першы інкубатар, інфармацыю пра яго распаўсюджваюць на зваротным баку "плацёжак" за камунальныя паслугі — але не як аб простым выйсці са складанай сітуацыі, а сярод кантактаў арганізацый, дзе маладая маці можа атрымаць дапамогу.

Дзіця дзвюх дзяржаў

У названым райцэнтры хутка знайшлі родных маці-зязюлі. Там жывуць бацькі Веранікі (назавем яе так), якія ўжо выхоўваюць яе старэйшую дачку. Бацькі — людзі са станоўчай рэпутацыяй. Унучка ў іх дагледжаная, добра вучыцца. У маці, калі яна даведалася пра яшчэ адну ўнучку, здарыўся сардэчны прыступ...

Вераніка ж паехала ў Маскву на заробкі не ад добрага жыцця. Шлюб аказаўся нядоўгім. У Мінску, дзе яна жыла апошнім часам, не ўдавалася ўладкавацца на працу, якая добра аплачвалася б. Ну і падалася ў Маскву. Там працавала афіцыянткай. Самой на жыццё хапала, і дадому яна што-нішто перадавала на ўтрыманне дачкі. Другое дзіця ніяк не ўваходзіла ў яе планы, проста пра цяжарнасць даведалася позна, калі ўжо нельга было нічога зрабіць (так яна, прынамсі, тлумачыла потым). Вось і вырашыла "падарыць" сваё немаўля вялікай суседняй дзяржаве. Пасля таго, як яе асоба была ўстаноўлена, Вераніка яшчэ раз наведала маскоўскі раддом і напісала адмову ад дачкі.

За час, пакуль ішлі пошукі ды ўзгадненні, працягвалася перапіска паміж ведамствамі, маскоўскія медыкі выхадзілі і падтрымалі малую, якая нарадзілася раней за тэрмін з вельмі нізкай вагой. І калі загадчыца сектара аховы дзяцінства Лунінецкага райаддзела адукацыі Таццяна ШАНДАРЭЎСКАЯ разам з урачом-педыятрам раённай бальніцы паехалі забіраць дзяўчынку, дзіця выглядала здаровым і адпавядала ўзросту. Прывезлі малую ў Беларусь 16 снежня. А 12 студзеня былі канчаткова аформлены ўсе дакументы, і дзяўчынку забралі яе новыя бацькі. Праведзеныя ў раённай бальніцы абследаванні, на шчасце, не пацвердзілі папярэднія дыягназы расійскіх калег. У маленькай грамадзянкі Беларусі цяпер новыя дакументы, новыя — законныя — бацькі. І калі яны не захочуць, яна ніколі не даведаецца, што паўгода была масквічкай.

Таццяна Шандарэўская сказала, што падобны выпадак першы ў яе практыцы. Яна вельмі ўдзячна за спрыянне прадстаўнікам розных ведамстваў дзвюх краін, і асабліва супрацоўнікам пасольства Беларусі ў Расіі, якія дапамагалі і з фармальнасцямі, і арганізацыйна.

Інфантыцыд

А цяпер мушу павярнуць размову на 180 градусаў і павесці гутарку пра інфантыцыд (забойства немаўлят) — з'яву, што становіцца ўсё больш характэрнай для сучаснага грамадства. Хоць лічбы, якія зафіксаваны ў зводках праваахоўных органаў, не выглядаюць пагражальна — так, у 2010 годзе ў Брэсцкай вобласці ўстаноўлены тры такія факты, у 2011 — адзін. Але гэта не памяншае вастрыню праблемы, бо ў поле зроку міліцыі, а потым і грамадскасці, трапляюць, так бы мовіць, відавочныя ахвяры — са смеццевых кантэйнераў, звалак, прыбіральняў. Колькі такіх ахвяр насамрэч прымае зямля, дакладна не ведае ніхто.

Пачаўся год — і новае здарэнне. У Пінску знайшлі на сметніку немаўлятка. Хутка ўстанавілі, хто маці. Чаму 18-гадовая студэнтка, дзяўчына з нармальнай сям'і, пайшла на такое жорсткае злачынства, спрабуе знайсці адказ следства. Але відавочна, што лёс гэтая дзяўчына ў многім сабе паламала. Дзе карані гэтай нічым не апраўданай жорсткасці, не могуць сказаць нават спецыялісты. Можа, справа ў разгубленасці перад жыццёвымі абставінамі, у няведанні, як сябе паводзіць? Гэтыя фактары, магчыма, у нейкай меры ўлічваюцца судом, але прыгаворы, як паказвае практыка, выносяцца па такіх справах не мяккія. Па ўсіх трох фактах 2010 года жанчыны атрымалі па 8 гадоў пазбаўлення волі.

Асобу біялагічнай маці немаўляці, якога знайшлі летась на канвееры Брэсцкага смеццеперапрацоўчага завода, устанавіць не ўдалося. У міліцэйскай статыстыцы гэты факт праходзіць як нераскрытае забойства. Сапраўды, знайсці жанчыну вельмі цяжка: на завод смецце возяць з усяго абласнога цэнтра, нават з прыгарада.

Адкуль такая жорсткасць?

Праблема пазбаўлення ад нованароджаных шляхам забойства  — з катэгорыі маральных заган грамадства. Хібы выхавання праяўляюцца тут найбольш яскрава. Памочнік пракурора Брэсцкай вобласці Вольга ДЗМІТРУК узгадала выпадак са сваёй практыкі. Было знойдзена цела нованароджанага дзіцяці ў Баранавічах. Хутка пад падазрэнне аператыўнікаў трапіла навучэнка адной з сярэдніх навучальных устаноў. Знайшлі яе... у ложку чарговага кавалера. І гэта праз тры дні пасля родаў. Што тут можна яшчэ сказаць?

Некаторыя з забойцаў спрабуюць тлумачыць свае ўчынкі тым, што маюць дзяцей, але не маюць магчымасці пракарміць яшчэ адно. Дзве з асуджаных ў 2010 годзе — замужам і маюць старэйшых дзяцей. Трэцяя, што "выліла" немаўля ў агарод з вядром памыяў, таксама мае старэйшага, але ў шлюбе ніколі не была. У судзе кожная з іх імкнулася сябе выгарадзіць: маўляў, дзіця нарадзілася нежывым. Толькі экспертыза паказала іншае.

Што рабіць?

Тут на паверхню выходзіць яшчэ адна праблема — недастатковага інфармавання жаночага насельніцтва. Нашы жанчыны лічаць, што адмовіцца ад дзіцяці можна толькі ў радзільным доме. Афіцыйна гэта так. Патрэбна напісаць адпаведную паперу з указаннем свайго прозвішча і пашпартных звестак, бо практыкі ананімных родаў у нас пакуль няма. Юрысты на гэты конт гавораць, што падкідыш лепш за бязвінна забітага. І калі на целе немаўляці няма пашкоджанняў, а пакінута яно не на снезе ў марозны дзень, а ў людным месцы (скажам, на вакзале), то складу крымінальнага злачынства тут няма.

Як сказала галоўны педыятр упраўлення аховы здароўя Брэсцкай вобласці Людміла ВІШНЯК, вельмі прагрэсіўным у гэтым кірунку выглядае вопыт расійскіх калег, якія ў многіх гарадах устанаўліваюць так званыя бэбі-боксы. "Вокнамі жыцця" называюць апараты, у якіх падтрымліваецца пэўны тэмпературны рэжым, вільготнасць паветра. Яны аснашчаны сігналізацыяй: як толькі немаўлятка трапіла ў бокс, у вызначаную медустанову паступае сігнал, і можна ехаць забіраць дзіця. У такім боксе маці ці хто іншы (нават выкрадальнік дзіцяці) можа ананімна пакінуць нованароджанага. Малое трапіць да спецыялістаў, атрымае неабходную дапамогу. Маленькі чалавек з часам будзе накіраваны ў адпаведную сіроцкую ўстанову, яго могуць усынавіць. У Расіі такія апараты, як правіла, аплачваюць фундатары, бо яны вельмі дарагія.

Людміла Аляксандраўна пагадзілася, што наўрад ці можна вырашыць праблему і з дапамогай бэбі-боксаў, нават калі знайсці на іх грошы. Бо калі ўстанавіць такі апарат у Мінску альбо нават у Брэсце, цяжка чакаць, што маці-зязюля з палескай вёскі павязе нованароджанага ў вялікі горад. Большасць судовых спраў, пра якія ішла гаворка вышэй, слухаліся якраз у правінцыі.

Лепш адмовіцца, чым катаваць

Загадчыца аддзялення нованароджаных Брэсцкага абласнога радзільнага дома Святлана ШЫШЛЯЕВА кажа, што летась у іх установе было 5 адмоў ад дзяцей. Святлана Валянцінаўна ўпэўнена, што за гэтай малой лічбай хаваецца вялікая праблема. У мінулыя гады было, напрыклад, 28. Некаторыя нядбайныя бацькі забіраюць дзяцей дзеля атрымання дапамогі, разглядаюць іх як крыніцу даходу. Для дзяцей было б лепш, каб іх пакідалі, адмаўляліся ад іх адразу. Потым некаторых даводзіцца пазбаўляць бацькоўскіх правоў, а дзяцей лячыць і адаптаваць да нармальнага жыцця.

Судовыя справы служаць пацвярджэннем горкай праўды доктара Шышляевай. У Іванаве яшчэ не скончыўся разгляд справы аб забойстве трохгадовай дзяўчынкі. Дзіця нарадзілася з цяжкім парокам сэрца. Бабуля малой дайшла да лепшых урачоў краіны. Унучцы зрабілі складаную аперацыю, хваробу перамаглі. А потым гэтае дзіця жорстка забіў сужыцель маці. У Баранавічах быў аналагічны выпадак. Дзіця нарадзілася малым і слабым, яго доўга выходжвалі ў адной з клінік Мінска. Потым малому, якое заплакала не ў час, наступіў на галаву нагой матчын сужыцель. У такім выпадку лепш адразу пакідаць сваіх дзяцей у радзільным доме, але не асуджаць іх на пакуты.

r  r  r

Вядома, лягчэй жыць з думкай, што такой з'явы няма. Але ж ад гэтага яна нікуды не знікне. Таму грамадства вымушана прымаць нейкія захады да ратавання, у тым ліку з дапамогай адпаведнага інфармавання ў моладзевым асяродку. Нездарма ж казаў мудрэц: хто выратуе аднаго чалавека — той выратуе свет.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Тым часам

Забіла маленькага сына

У вёсцы Салонікі Полацкага раёна жанчына (1987 года нараджэння), якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, жыхарка вёскі Багатырская, нажом забіла сына (2011 года нараджэння). Гэтая трагедыя адбылася ў доме свекрыві жанчыны. Чаму забіла немаўля, устанаўліваецца. Заведзена крымінальная справа.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У навагоднія дні ў палескім райцэнтры шчасліва скончылася гісторыя маленькай дзяўчынкі, якая аказалася непатрэбнай сваёй маці. Дзіця нарадзілася ў Маскве летам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика