Сёння тэлефанаваць у даведку можна бясплатна. 21.by

Сёння тэлефанаваць у даведку можна бясплатна

03.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З нагоды свайго 15-годдзя тэлефонная даведачная інфармацыйная служба "Інфалінія-185" праводзіць акцыю: у дзень свайго заснавання, 3 лютага, пазваніць у даведку па нумары 185 можна будзе абсалютна бясплатна з любога тэлефона краіны (акрамя мабільнага аператара "Лайф"). Генеральны дырэктар СТАА "Белфакта Медыя" Алег ЦЕЦЕРАЎ напярэдадні юбілею (а "Інфалінія-185" з'яўляецца адным са структурных падраздзяленняў "Белфакта Медыя") расказаў журналістам, як развіваўся гэты сэрвіс і якія перспектывы мае даведка па тэлефоне:

— У прынцыпе, структура тыповых запытаў за 15 гадоў не памянялася: зараз, як і раней, больш за ўсё пытаюць пра тавары і паслугі, пра кантактную інфармацыю прадпрыемстваў і арганізацый. Бо вельмі часта фірмы пераязджаюць, мяняюць офісы, і людзі шукаюць сваіх партнёраў. Плюс з часам з'яўляюцца дадатковыя запыты: напрыклад, раней не было іРаd'аў, таму і не пыталіся, дзе можна іх купіць ці адрамантаваць. А сёння — пытаюцца.

Бывае, што ў лідары выбіваюцца і іншыя запыты. Напрыклад, як патлумачыла Таццяна ПАПКОВА, кіраўнік службы сэрвісу "Інфалінія-185", у 2011 годзе вельмі часта пыталіся, дзе і па якім курсе купіць валюту. Таксама адчувае інфалінія і іншыя актуальныя падзеі:

— Як толькі адбываюцца трагічныя сітуацыі — мы гэта адчуваем адразу, бо людзі звяртаюцца да нас, каб атрымаць патрэбную інфармацыю. І мы вымушаны тэлефанаваць і ў МНС, і ў МУС, каб даць людзям зваротную сувязь.

Усяго, як падлічылі супрацоўнікі інфалініі, за 15 гадоў яны прынялі прыкладна каля 35 мільёнаў званкоў. Дарэчы, па статыстыцы, амаль 85% званкоў, якія паступаюць на інфалінію, маюць працягласць менш за 1 хвіліну. 10% — 1-2 хвіліны, 3% — 2-3 хвіліны, а больш за тры хвіліны людзі з аператарамі размаўляюць вельмі рэдка — толькі ў 2% выпадкаў. Так што, як каментуе такую статыстыку Алег Цецераў, "кліент не плаціць за музыку" — інфармацыю яму стараюцца даць вельмі аператыўна. Дарэчы, сёння адна хвіліна размовы з аператарам "Інфалініі-185" каштуе 2-2,5 тысячы рублёў у залежнасці ад таго, адкуль вы тэлефануеце.

Хто і калі тэлефануе ў даведку? Па звестках, якія прывёў генеральны дырэктар СТАА "Белфакта Медыя", найбольш часта інфалініяй карыстаюцца менеджары і офісныя работнікі (19%), дзяржслужачыя (18%), а таксама бухгалтары, эканамісты і юрысты (18%). Менш за ўсё — студэнты (4%), пенсіянеры (4%) і прадстаўнікі сілавых структур (2%).

Журналісты спыталі ў Алега Васільевіча, ці адчувае даведка па тэлефоне канкурэнцыю інтэрнэту — бо сёння дастаткова "забіць" свой запыт у пошукавую сістэму і можна атрымаць інфармацыю на любы густ. Але Алег Цецераў лічыць, што пакуль даведку па тэлефоне рана спісваць з рахункаў:

— Інтэрнэт, безумоўна, канкурэнт. Але часта там інфармацыя недакладная. Таму мы звесткам з інтэрнэту не давяраем на 100%. Мы іх крытычна ацэньваем і неправераную інфармацыю нашым кліентам не прадастаўляем.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З нагоды свайго 15-годдзя тэлефонная даведачная інфармацыйная служба "Інфалінія-185" праводзіць акцыю: у дзень свайго заснавання, 3 лютага, пазваніць у даведку...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика