Барацьба за выжыванне. 21.by

Барацьба за выжыванне

07.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вайна, гаспадарчая разруха, чэргі па хлеб, "спробы контррэвалюцыйнай буржуазіі вырваць свабоду з рук рабочых, салдат і сялян", уведзена смяротнае пакаранне, абмяжоўваецца свабода сходаў, адбываюцца арышты, грамяцца партыйныя арганізацыі, вядзецца цкаванне супраць Саветаў, закрываюцца і забараняюцца да распаўсюджвання газеты левага кірунку — у такіх умовах нараджалася наша газета. Гэтыя характарыстыкі ўзяты са "Звезды", дакладней — з трэцяга яе нумара за 1917 год (спачатку газета выходзіла на рускай мове, праз 10 гадоў у рашэнні Бюро ЦК КП(б)Б ад 15.07.1927 года будзе зазначана "пры пераводзе газеты "Звезда" на беларускую мову пакінуць гэту назву газеты, ужываючы беларускую транскрыпцыю ("Зьвязда")").

За "Звездой" улады сачылі з першых дзён яе выхаду ў свет, у розных данясеннях гаворыцца "аб шкодным кірунку" выдання і "прыняцці захадаў аб недапушчэнні" распаўсюджвання газеты. У 1917 годзе "Звезда" двойчы закрывалася Часовым урадам, але, як птушка Фенікс, адраджалася, выходзіла пад новымі назвамі ("Молот" і "Буревестник") і пры гэтым нават павялічвала тыражы.

Трэба сказаць, што публікацыі на палітычную тэматыку "Звезды" з першых дзён яе існавання значна розняцца ад тых, што "захавалі" падшыўкі з больш познімі датамі. Пакуль гэта палымяныя заклікі, напісаныя простай мовай, яны нагадваюць шчыры зварот да чытача. Пазней — гэта ўжо будуць тэксты заштампаваныя, перапоўненыя спасылкамі і цытатамі з розных партыйных дакументаў, зваротаў са з'ездаў, абцяжараныя складанымі мудрагелістымі словазлучэннямі, якія, каб дакапацца да сутнасці, трэба яшчэ расшыфраваць.

Толькі-толькі народжаная "Звезда" ўпэўнена "трымаецца на нагах", і гэта нягледзячы на тое, што ў тыя часы цяжка было знайсці і грошы на яе выданне, і друкарню. Мінскія друкары не хацелі брацца за выданне "бальшавіцкага лістка", і пагадзіўся на такую справу толькі "стары майстар, які некалі выпускаў вядомы манархічны "Северо-Западный край", дабрадушны яўрэй Данцыг" (так ахарактарызуе яго ў першую гадавіну "Звезды" Аляксандр Мяснікоў — адзін з першых рэдактараў нашай газеты). Дарэчы, Данцыга як першадрукара газеты "Звезда" ў 1925 годзе савецкія ўлады аддзячаць — прызначаць персанальную пенсію.

Калі з'явілася ідэя аб стварэнні свайго літаратурнага органа бальшавікамі, не ўсе верылі, што такое магчыма, пра гэта ўзгадвае Мяснікоў у 1918 годзе: "Сабралі апошнія капейкі, накіравалі аднаго з таварышаў у Піцер, у ЦК з чалабітнай: пазычыць нам некаторую суму грошай для пачатку задуманага літаратурнага прадпрыемства. Спадзяваліся і разам з тым думалі, што наўрад ці прыме Цэнтральны камітэт пад увагу просьбу маладой невядомай арганізацыі. Пасланнік вярнуўся з 2 тысячамі рублёў. Была ж радасць на нашай вуліцы: на гэтыя грошы мы маглі мець цэлых шэсць нумароў сваёй штодзённай газеты, а далей усё залежыць ад мінскіх пралетарыяў, беларускіх батракоў і заходніх акопнікаў".

Між іншым, каб сабраць хоць якія грошы на друк Аляксандр Мяснікоў прапанаваў правесці і арганізаваў сярод працоўных амерыканскую латарэю, прычым сам прымаў у ёй удзел. Калі яму даставалася рэч, якая разыгрывалася, выйгрыш вяртаў, каб гульня працягвалася далей.

Праблемы былі і з паперай для друку. Яе даставалі з вялікімі цяжкасцямі. Набывалі невялікімі партыямі, бо рэдакцыя не магла рабіць вялікія запасы — у любы час газету маглі прыкрыць, паперу канфіскаваць.

"Жалезны фонд"

Толькі за месяц з пачатку выхаду тыраж "Звезды" вырас з 3 да 6 тысяч, калі газета адраджалася пад іншымі назвамі, — стаў яшчэ болей ("Молот" — 8, "Буревестник" — 10 тысяч). У снежні 1917-га, калі газета аднавіла сваю назву, тыраж ужо — 16 тысяч.

Пастаянна на старонках маладой "Звезды" гучаць звароты да чытачоў з просьбай падтрымаць яе "маральна і матэрыяльна".

У трэцім нумары газета звяртаецца да чытачоў: "Вярбуйце для вашай "Звезды" калектыўных падпісчыкаў, падпісвайцеся самі, распаўсюджвайце яе як мага болей, ладзьце зборы ахвяраванняў у "жалезны фонд" вашай газеты. Толькі агульнымі намаганнямі, толькі на ўласныя грошы працоўнай беднаты можа існаваць ваша "Звезда"". І чытачы адразу адгукнуліся на гэты заклік: на старонках газеты друкуюцца лісты ад тых, хто ахвяруе ў яе фонд, прычым гэта робяць нават арыштаваныя салдаты, якія не атрымліваюць заробку.

У той час не было экспедыцыі. Рассылкай газеты займалася група таварышаў, якая збіралася вечарамі, пісала адрасы, заклейвала пачкі і адсылала газеты па прызначэнні.

Нягледзячы на тое, што ўладамі прымаліся захады, для таго, каб "Звезда" не трапляла ў акопы, салдаты станавіліся яе актыўнымі чытачамі. "Звезду" ўкладалі ў газету франтавога камітэта "Фронт".

Вайсковыя часці дасылалі ў Мінск сваіх людзей з заданнем прывезці "Звезду". Салдаты дастаўлялі яе ў рэчавых мяшках, пад шынялямі, у халявах ботаў.

З адной з заметак відаць, што вайскоўцы ўсяляк імкнуцца падтрымаць "Звезду", выпісваюць газету не толькі для сябе, але і для сваіх сем'яў, у выніку чаго газета трапляе ў вёскі самых розных губерняў, у тым ліку і на поўдні Расіі, на Урал, у Сібір.

Праца пасля працы

Разам з Мясніковым і Фрунзэ ў рэдагаванні дакастрычніцкай "Звезды" ўдзельнічалі Фамін і Ландар. У той час у газеце не было спецыяльна вызваленага рэдактара, яго абавязкі выконвалі найбольш вопытныя бальшавікі, якія працавалі ў розных галінах палітычнай дзейнасці. Так, Фрунзэ быў начальнікам Мінскай міліцыі, старшынёй выканкама Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, членам Мінскага Савета і франтавога камітэта; Мяснікоў — старшынёй Мінскага камітэта РСДРП(б), членам франтавога камітэта. Пры гэтым рабіць газету даводзілася нярэдка пасля працоўнага дня. Адзін з супрацоўнікаў, Л. Рэзаўскі, узгадваў, што прыходзіў пасля працы ў друкарню і працаваў вечарамі да позняй ночы, засынаючы над гранкамі. Дарэчы, гэты чалавек быў першым выпускаючым "Звезду", адначасова карэктарам і загадчыкам аддзела мясцовага жыцця. У 1927 годзе, узгадваючы пра першы год існавання газеты, ён скажа: "Не магу не хвалявацца пры адным успаміне, як многа радасці і цяжкасцяў мы тады перажывалі". У артыкуле нашай газеты "Удзельнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі ў Менску" за 06.11.27 г. змешчаны ўспаміны і Васіля Фаміна: "Я быў адным з першых рэдактараў "Звезды" сумесна з т.т. Мясніковым і Ландарам. Мэтаю арганізацыі "Звезды" было найбольш шпаркае фармаванне бальшавіцкай арганізацыі і апрацоўка вялікага Заходняга Фронту".

Праблемы мясцовага друку

У лютым 1918-га нямецкія войскі захапілі большую частку Беларусі, рэдакцыя "Звезды" эвакуяваная, і газета выходзіла ў Смаленску.

У гэты час тут мала заметак і карэспандэнцый з мястэчак і павятовых гарадоў. Прычым і тыя, што выходзілі, цалкам магчыма, супрацоўнікі газеты рабілі, проста перапісваючы звесткі з розных дакументаў.

У гэты час "Звезда" нават выступае з артыкулам, дзе крытыкуе мясцовы друк, гаворыць, што амаль усе журналісты імкнуцца пісаць "артыкулы і трактаты" на агульныя збітыя тэмы (міжнародная і ўнутраная палітыка), мясцовае жыццё не выклікае ў іх цікавасці, "да гэтага часу ніводная мясцовая газета не мае ніводнага рэпарцёра", "няма карэспандэнтаў". Пры гэтым газета заклікае: "Пішыце часцей і паболей аб паўсядзённым жыцці, аб жыцці свайго класа і ўсіх пластоў насельніцтва".

Журналістам праз "Звезду" Аляксандр Мяснікоў дае параду "газета павінна ўмець заўважаць факты і адлюстроўваць жыццё жыва, ясна і прывабна".

У партыю па квітанцыі аб падпісцы

У канцы красавіка ў сувязі з фінансавымі цяжкасцямі выхад газеты часова прыпынены, з чэрвеня выданне аднаўляецца. Рашэнне аб неабходнасці працягу выдання органа старога абласнога камітэта партыі — газеты "Звезда" — прымаецца на ІV Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б), прычым вызначаюцца і мэты газеты: "для шырокага асвятлення партыйнага жыцця па вобласці, для кірунку работы мясцовых партыйных арганізацый, для інфармавання членаў партыі аб працы абласнога камітэта, для выхавання мас".

Канферэнцыя абавязвае ўсе мясцовыя арганізацыі выпісваць "Звезду" ў колькасці не меней колькасці членаў арганізацыі і ад кожнага чалавека, які запісваецца ў члены партыі (за выключэннем непісьменных і тых, хто не ведае рускай мовы) патрабаваць квітанцыю аб падпісцы на "Звезду" ці падпісную плату.

Заробак

25 сакавіка 1919 года праведзена абследаванне рэдакцыі газеты "Звезда" прадстаўнікамі палітычнай камісіі.

З акта, складзенага ў той час, відаць, як тады налічаліся заробкі супрацоўнікам газеты. Пасады рэдактара ў той час не існуе, паколькі газеты рэдагуюцца асобай калегіяй, якую выдзяляе камітэт партыі. "Загадчыкі аддзелаў за свой аддзел парадковай платы не атрымліваюць, рэпарцёры і хранікёры парадковую плату атрымліваюць цалкам, незалежна ад прызначанага ім акладу".

Парадковая плата ў газеце ў той час налічалася ў залежнасці ад таго, які быў тэкст. Так, за артыкулы, фельетоны і карэспандэнцыі з месцаў — 35 кап., за рэпартаж — 30, за хроніку — 20, за белетрыстыку — 50, за вершы — 75...

Алена Дзядзюля,

Вячаслаў Селяменеў, кандыдат гістарычных навук

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вайна, гаспадарчая разруха, чэргі па хлеб, "спробы контррэвалюцыйнай буржуазіі вырваць свабоду з рук рабочых, салдат і сялян", уведзена смяротнае пакаранне,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика