Дык хто на ўчастку гаспадар?. 21.by

Дык хто на ўчастку гаспадар?

07.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сітуацыю даследуе журналіст

Пяць гадоў Валянціна Багданоўская ходзіць па кабінетах чыноўнікаў Мінскага раёна. Але яны ігнаруюць не толькі яе просьбы, але і рашэнні суда

Валянціна Багданоўская даўно марыла прыдбаць асабісты кавалак зямлі ды заняцца агародніцтвам. Пасля таго, як выйшла на пенсію, у 2005 годзе купіла невялікі дамок у 25 квадратных метраў і хляўчук памерам 8 "квадратаў" на зямельным участку №38 у садаводчым таварыстве "Балашы", што ў Мінскім раёне. Можна ўявіць радасць чалавека, які нарэшце ажыццявіў даўнюю мару. "Я разлічвала вырошчваць тут прадукцыю, якая стане важкім дадаткам да сямейнага стала і маёй невялікай пенсіі. Думала, што "вітамінаў" з асабістых градак хопіць не толькі мне, але і дачцэ, якая выхоўвае траіх дзяцей", — распавяла Валянціна Аляксееўна пры сустрэчы.

Мары накрылі хмары

Аднак марам маёй суразмоўцы не наканавана было спраўдзіцца. "Участак, дзе размяшчаецца мой домік, знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці. Згодна з заканадаўствам Беларусі, я маю права на валоданне ім. Але чыноўнікі з Мінскага райвыканкама ствараюць для гэтага перашкоды. У 2007 годзе мне тройчы адмаўлялі ў такім праве", — паскардзілася мая суразмоўца.

Больш за тое, у 2008 годзе зямля, дзе знаходзяцца пабудовы Валянціны Багданоўскай, перадаецца ў пажыццёвае карыстанне іншаму чалавеку — Антону Міцкевічу. Жанчына звяртаецца ў суд Мінскага раёна, які ў 2009 годзе прызнае несапраўдным рашэнне мясцовых улад. Аднак яны ў другі раз адмаўляюць ёй у прадастаўленні зямельнай плошчы і прапаноўваюць праз суд прызнаць права ўласнасці... на пабудовы. Пры гэтым варта звярнуць ўвагу на тое, што грамадзянка вяла не маёмасную, а менавіта зямельную спрэчку. Жанчына зноў звяртаецца ў суд Мінскага раёна з заявай "аб прызнанні права ўласнасці на ўчастак". Тым часам райвыканкам паўторна перадае яго Міцкевічу, нягледзячы на тое, што праходзіць адказчыкам па іску Валянціны Багданоўскай, а зварот у суд аднаго з бакоў прыпыняе дзеянні па спрэчным пытанні.

24 снежня 2011 года суд Мінскага раёна паўторна прызнаў несапраўднымі рашэнне Мінскага райвыканкама № 5318 ад 5 жніўня 2010 года аб перадачы Міцкевічу ўчастка ў пажыццёвае спадчыннае ўладанне і яго дзяржаўную рэгістрацыю, а таксама — агульнага сходу садовага таварыства "Балашы" аб прыняцці Антона Міцкевіча ў члены гэтага таварыства і выдзяленні яму ўчастка № 38.

Пастановай судовай калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда рашэнне суда Мінскага раёна пакінута без змен. "Абставіны справы даследаваны поўна і ўсебакова, доказам дадзена належная ацэнка. Таму суд прыйшоў да абгрунтаваных высноў, не парушыўшы і правільна прымяніўшы нормы матэрыяльнага і працэсуальнага права. Довады касацыйнай скаргі не змяшчаюць падставы для адмены рашэння".

Свой дом на "чужым" надзеле

— За той час, пакуль працягваліся судовыя баталіі, Міцкевіч самавольна знёс мой хлеў, дзе знаходзіліся будматэрыялы і іншая маёмасць, і на яго месцы пабудаваў лазню, — канстатуе Валянціна Аляксееўна. Яна звярнулася ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці, адкуль атрымала адказ: "... з мэтай абароны правоў грамадзяніна, які хоча аформіць свае правы на зямельны ўчастак, просім Мінскі раённы выканаўчы камітэт прыняць адпаведнае рашэнне аб лёсе самавольнай пабудовы (лазні — аўт.) у парадку, вызначаным артыкулам 223 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і разгледзець пытанне аб прадастаўленні Багданоўскай В. А. у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства зямельнага ўчастка № 38".

Якой жа была рэакцыя з боку райвыканкама?

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва В. Драздоў даслаў адказ: "Міцкевічу А.А. накіравана прадпісанне аб прыборцы дадзеных матэрыялаў і прывядзенні зямельнага ўчастка ў першапачатковы выгляд для яго далейшага выкарыстання па мэтавым прызначэнні да 20 кастрычніка 2011 года". Гэты адказ прадубляваны і ў лісце за подпісам першага намесніка старшыні райвыканкама С. Кулагіна. Акрамя таго, ён паведамляе, што "цяпер не можа быць прынята рашэнне аб прадстаўленні ў пажыццёвае спадчыннае ўладанне грамадзянцы Багданоўскай зямельнага ўчастка для вядзення калектыўнага садаводства на дадзеным зямельным участку ў сувязі са знаходжаннем тут будматэрыялаў Міцкевіча".

Валянціна Аляксееўна не можа нават трапіць у куплены за ўласныя сродкі дачны домік, які знаходзіцца на "чужым" участку. Сапраўды, абсурдная сітуацыя. Прычым, давялі яе да абсурду самі чыноўнікі. Ведаючы яшчэ пяць гадоў таму, што ўчастак заняты збудаваннямі, якія належаць канкрэтнаму чалавеку — Валянціне Багданоўскай, яго аддаюць іншаму. А цяпер, калі Міцкевіч узвёў тут лазню, сцвярджаюць, што не могуць выдзеліць зямлю жанчыне, паколькі тут знаходзяцца яго пабудовы. Узнікае заканамернае пытанне: куды глядзелі надзеленыя ўладай людзі раней, калі руйнавалася чужая маёмасць і на яе месцы самавольна ўзводзілася лазня? Тым больш што калегія па грамадзянскіх справах Мінскага абласнога суда адназначна пастанавіла: "... належаць прызнанню несапраўднымі рашэнні Мінскага райвыканкама № 5318 ад 5 жніўня 2010 года ў частцы прадастаўлення ў пажыццёвае спадчыннае ўладанне зямельнага ўчастка № 38 плошчай 0,1000 га ў СТ "Балашы" Міцкевічу А.А. і дзяржаўная рэгістрацыя права пажыццёвага спадчыннага ўладання за ім на дадзены ўчастак".

Падзяліць непадзельнае?

Здавалася б, гісторыя, пра якую ідзе гаворка, не вартая выедзенага яйка. Але... чалавек пяць гадоў абабівае парогі чыноўнікаў, якія ігнаруюць рашэнні суда!

— Больш таго, чыноўнікі райвыканкама спрабуюць перадаць Міцкевічу правы на палову гэтага ўчастка, спасылаючыся на тое, што тут знаходзіцца яго пабудова, — кажа Валянціна Багданоўская. — Пры гэтым яны закрываюць вочы на тое, што пабудова ўзведзена самавольна, замест майго знесенага хлеўчука, узаконенага судом па праву ўласніка.

— Я не супраць падзяліць участак. Дарэчы, такі варыянт прапаноўвае і райвыканкам. Аднак яна не пагаджаецца, — адзначае Антон Міцкевіч.

"Не пагаджаецца", зрэшты, як і любы нармальны чалавек, які хоча цалкам быць гаспадаром на сваёй зямлі. Акрамя таго, як раздзяліць 10 сотак, калі гэта супярэчыць усім тэхнічным нормам і правілам эксплуатацыі зямельных участкаў? Мяняць зацверджаны генеральны план садовага таварыства? Але хто будзе аплачваць работу адпаведных службаў?

Я звярнулася да начальніка аддзела землеўпарадкавання Мінскага райвыканкама Канстанціна Лейчанкі з просьбай пракаментаваць сітуацыю. Ён пераадрасаваў мяне да свайго намесніка Сяргея Шымука, які спаслаўся на тое, што "некарэктна даваць каментарыі да суда" (маецца на ўвазе, што Валянціна Багданоўская зноў падала заяву ў суд).

Спісаны кіпы паперы, трацяцца дзяржаўныя сродкі на безвыніковую перапіску... Але самае галоўнае, шкада сіл і здароўя. Між іншым, мая гераіня настроена і надалей у рамках закона адстойваць свае грамадзянскія правы і інтарэсы. На днях яна атрымала адказ з Генпракуратуры, дзе паведамляецца, што "... па выніках праведзенай праверкі Генеральнай пракуратурай падрыхтавана прадстаўленне старшыні Мінскага райвыканкама Ярмашу П.А., у якім прапанавана разгледзець на пасяджэнні райвыканкама заяву аб прадастаўленні зямельнага ўчастка і вынесці па ім матываванае рашэнне".

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пяць гадоў Валянціна Багданоўская ходзіць па кабінетах чыноўнікаў Мінскага раёна. Але яны ігнаруюць не толькі яе просьбы, але і рашэнні суда Валянціна...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика