"Прыгарадныя аўтобусныя маршруты адмяняюцца ў сувязі з іх стратнасцю". 21.by

"Прыгарадныя аўтобусныя маршруты адмяняюцца ў сувязі з іх стратнасцю"

07.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аднак дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне транспарту пры гэтым выконваюцца

Апошнім часам у рэдакцыю пачасціліся звароты грамадзян адносна адмены прыгарадных аўтобусных маршрутаў, найперш — у сталічнай вобласці.

Так, Вольга Васільеўна Лапатко з вёскі Садавічы Капыльскага раёна паскардзілася, што па выхадных адмянілі рэйс Мінск — Красная Слабада (праз Садавічы), які абслугоўваў слуцкі аўтапарк. "У пятніцу аўтобус прыходзіў у вёску са сталіцы, а ў нядзелю ў абед заходзіў на зваротным шляху. Цяпер рэйс адмянілі, маўляў, мала людзей ім карысталася. Але ж не ва ўсіх ёсць машыны. А як старым быць? Няхай бы хоць маршрутку ўзамен запусцілі", — гаварыла заяўніца.

З вёскі Корацк Клецкага раёна было два звароты: ад Сяргея Міхайлавіча Гулякі і ад Іны Мікалаеўны Шостак. Першы заяўнік наракаў, што перастаў хадзіць аўтобус па маршруце Клецк — Шайкі, які абслугоўваўся нясвіжскім аўтапаркам ("Як зараз даехаць да бальніцы?"), другі — на адмену рэйса Клецк — Галынка, што раней хадзіў штодня.

Ганна Аляксееўна Любезная з вёскі Вялікія Укропавічы Лагойскага раёна таксама выказала незадаволенасць адменай аўтобуса, які заходзіў у вёску ў 7.10. Маршрут абслугоўваўся аўтапаркам з Плешчаніц.

У сувязі з вышэйназванымі зваротамі рэдакцыя газеты "Звязда" звярнулася ў ААТ "Мінаблаўтатранс" з просьбай не столькі патлумачыць сітуацыю з гэтымі рэйсамі, колькі даць нейкі агульны каментар адносна аптымізацыі прыгарадных маршрутаў у вобласці. Такія звароты чытачоў — не першыя, і, як можна думаць, не апошнія. У той жа час пастаянна займацца высвятленнем прычын адмены кожнага канкрэтнага рэйса рэдакцыя не можа. Выйсцем маглі б стаць агульныя тлумачэнні таго, чаму ў жыццё ўвасабляюцца менавіта такія захады.

Прадпрыемства "Мінаблаўтатранс" разглядзела афіцыйны запыт рэдакцыі па зваротах грамадзян адносна адмены прыгарадных аўтобусных маршрутаў. "Звязда" атрымала рэагаванне наступнага зместу.

"Па сутнасці пастаўленых чытачамі пытанняў тлумачым наступнае. У кірунку вёскі Садавічы Капыльскага раёна прыгараднымі маршрутамі Капыль — Красная Слабада і Капыль — Садавічы выконваюцца 9 абаротных рэйсаў на тыдзень. У кірунку вёскі Шайкі Клецкага раёна прыгарадным маршрутам Клецк — Шайкі выконваецца 4 зваротныя рэйсы на тыдзень, у накірунку вёскі Галынка маршрутам Клецк — Галынка выконваецца 14 абаротных рэйсаў. Населены пункт Вялікія Укропавічы Лагойскага раёна абслугоўваецца прыгарадным маршрутам Лагойск — Пасадзец з выкананнем 10 абаротных рэйсаў на тыдзень. Такім чынам, па ўсіх населеных пунктах, указаных у звароце, нарматывы сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галіне транспарту выконваюцца ў поўным аб'ёме.

Адмена рэйсаў, што выконваліся, па маршрутах, пералічаных у зваротах грамадзян, праведзена ў сувязі са стратнасцю. Так, па маршрутах Клецк — Шайкі і Клецк — Галынка акупнасць уласнымі даходамі ў лютым 2012 года склала 18,7% і 37,4% адпаведна, прадпрыемствам панесены страты ў памеры 11359,1 тысячы рублёў. Акупнасць міжгародняга маршрута Мінск — Красная Слабада склала 23,4%, атрыманы страты ад перавозак у памеры 8478,8 тысячы рублёў.

Цяпер у сферы пасажырскіх перавозак склалася неспрыяльная сітуацыя. Насельніцтвам пакрываецца меней за 50 працэнтаў ад фактычнага кошту праезду. З улікам бюджэтнага фінансавання прыгарадных перавозак пасажыраў пакрываецца не больш за 65 працэнтаў панесеных аўтатранспартнымі арганізацыямі выдаткаў. Прамыя страты ААТ "Мінаблаўтатранс" па гэтым відзе перавозак у 2011 годзе склалі 8,4 мільярда рублёў.

З-за стратнасці прыгарадных перавозак пасажыраў аўтатранспартныя арганізацыі вымушаны скарачаць маршрутную сетку і прыводзіць яе да мінімальнага ўзроўню нарматываў сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галіне транспарту".

Р.S. <І>Трэба сказаць, што, задаўшы свае пытанне, некаторыя з заяўнікаў потым прыспешвалі нас, маўляў, дайце адказ як мага хутчэй. Рэдакцыя так і імкнецца рабіць, хоць гэта не заўсёды залежыць толькі ад журналістаў "Звязды". Так яно, на жаль, атрымалася і на гэты раз. Афіцыйны запыт на адрас ААТ "Мінаблаўтатранс" рэдакцыя накіравала 10 лютага. Адказ мы павінны былі атрымаць праз 15 дзён. Тым не менш, нягледзячы на нашы шматлікія напаміны (і чытацкія ў тым ліку), з вышэйпрыведзеным рэагаваннем з прадпрыемства мы змаглі азнаёміцца толькі... 5 красавіка. Зрэшты, як заўважылі рэдакцыі ў ААТ "Мінаблаўтатранс" на рэмарку адносна такіх позніх тэрмінаў падрыхтоўкі адказу, выкладзеная ў ім інфармацыя ніколькі не страціла сваёй актуальнасці і цалкам адпавядае бягучаму моманту...

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аднак дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне транспарту пры гэтым выконваюцца Апошнім часам у рэдакцыю пачасціліся звароты грамадзян адносна адмены...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика