На Цэнтральным рынку ў Гродне практычна не існуе дэфіцыту нейкіх прадуктаў, але можна ўбачыць і чаргу. У прыватнасці, больш за 10 чалавек стаялі, каб набыць хлебабулачныя вырабы, што выпякаюцца адным з сельгаскааператываў Гродзенскага раёна. Тым самым, пэўна, пакупнікі "галасуюць" за цану і якасць гэтай прадукцыі.
Дарэчы, акцыі па цэнавых зніжках праводзяць крамы не толькі гандлёвых сетак, але і сельгаспрадпрыемстваў. Так, напрыклад, куранят-бройлераў можна было набыць значна танней, чым у большасці гандлёвых кропак: у залежнасці ад катэгорыі, за 18 400 і 19 тыс. руб. за кілаграм.
Праўда, мясцовы тавар у прыярытэце не заўсёды. І калі нетутэйшае паходжанне замарожаных морапрадуктаў здзівіць не можа, то іншая справа - рыба жывая. Праблем з яе набыццём няма: у продажы і карп (24 200 - 32 тыс. руб.), і таўсталобік (15 800 - 22 тыс. руб.), і амур (31 300 руб.). Гандлявалі рыбай тры рыбгасы - два з Брэсцкай вобласці і адзін - з Мінскай. Дзякуй ім, вядома. Але дзе ж прадукцыя рыбалоўных гаспадарак з Гродзеншчыны? Хаця яны, у прынцыпе, з улікам транспартных расходаў маглі б мець перавагу перад калегамі з іншых рэгіёнаў краіны.
Цэны на Цэнтральным рынку, г. Гродна:
Кураняты-бройлеры - 18 400-26 450 руб.
Яйкі курыныя (за дзясятак) - 9 700-13 300 руб.
Ялавічына - 48 500-80 тыс. руб. (маладая)
Свініна (філей) - да 85 тыс. руб.
Свініна (бачок) - да 50 тыс. руб.
Бульба - 5 400-5 500 руб.
Цыбуля - да 12 тыс. руб.
Морква беларуская - да 6 тыс. руб.
Морква імпартная - 13 500 руб.
Яблыкі беларускія - 5 000-11 000 руб.
Яблыкі імпартныя - 11 900 руб.
Бананы - 15 900-19 500 руб.
Што датычыцца сала, то па вядомых прычынах у дамашніх гаспадарках яно цяпер не вырабляецца і прывозіцца на рынак з мясакамбінатаў і комплексаў сельгаспрадпрыемстваў. Паводле ацэнкі аднаго з індывідуальных прадпрымальнікаў, галоўнае адрозненне такой прадукцыі ад дамашняй у тым, што "не жуецца шкурка". Хаця, кажа, калі гадоў 20 таму пачынаў сваю працу ў гэтай сферы, то менавіта такое сала карысталася попытам.