Бог Крышна і пастушка Радха. 21.by

Бог Крышна і пастушка Радха

02.02.2013 — Новости Мира |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У індыйскіх танцах столькі фантастыкі, экзотыкі, напеўнасці, загадкавасці і таямнічасці, што яны сталі ўнікальнай з’явай

Пад пальмамі, сярод бунгала

Мы жылі некалькі сутак у этнічнай вёсцы Марары-Біч, у несамавітых, але надзвычай маляўнічых бунгала. Гэта штат Керала, на паўднёвым захадзе Індыі, адсюль недалёка да самога экватара. Багацце Кералы — вельмі працяглыя высакагорныя лясы, уключаючы запаведнікі з вялікай колькасцю самых розных жывёл.

Керала ўся атулена і густа пакрыта какосавымі пальмамі. Іх калісьці вядомы мараплавец Васка да Гама пераблытаў з людзьмі, калі, падыходзячы да берага, убачыў нейкія постаці, якія кланяліся. На самай жа справе пальмы тут без упынку калышуцца на мяккім, ласкавым ветры.

І вось аднойчы на дзіва ветлівыя і гасцінныя гаспадары гэтай вёскі проста сярод бунгала наладзілі нам цудоўны вечар музыкі, песень і танцаў. Мы апынуліся ў незвычайным свеце знакамітага і непаўторнага танца катхакалі, убачылі такія віртуозныя і разам з тым пяшчотныя рухі цела юнакоў і дзяўчат у строгім рытме пад чароўную музыку. Гэта быў самабытны талент выяўлення эмоцый, перадачы адпаведнай ідэі. Нарэшце, майстэрства і асалоды самімі рухамі. На беразе акіяна, пад пальмамі, пад высокім чыстым небам, усыпаным дрыготкімі зоркамі, усё тое, што паказалі нам танцоры, было незвычайна экзатычным, загадкавым, зачароўваючым.

Дарэчы, танец катхакалі стаў даволі прывабным фактарам у турыстычным бізнесе Кералы. У сталіцы гэтага штата горадзе Трывандруме працуюць выдатна арганізаваныя курсы па гэтым танцы. Турыстычныя даведнікі Індыі паведамляюць, што тых, хто затрымліваецца ў Трывандруме, звычайна вабіць унікальная магчымасць асвоіць катхакалі на такіх курсах. Ну што ж, правільна робяць высокаадукаваныя і вельмі сімпатычныя керальцы, калі са старажытнага мастацтва, якое беражліва захоўваюць, сёння маюць канкрэтную фінансавую выгаду.

Чыста нацыянальная з’ява

Думаю, паважаныя нашы чытачы, тыя з вас, хто любіць і глядзіць індыйскія кінафільмы, пераканаліся, што без танцаў яны проста немагчымыя. Мне ж пашчасціла бачыць і мець вялікае задавальненне ад гэтага незвычайнага віду мастацтва непасрэдна ў Індыі ў час маіх вандровак.

Скажу яшчэ: у нас у Беларусі ёсць пакуль адзіны ў сваім родзе ансамбль індыйскага танца «Сапна», што ў перакладзе азначае «Мара». Яго стварыла мінчанка Алена Сіпач, якая тры гады вывучала ў Дэлі складаную навуку гэтага незвычайнага мастацтва і асвоіла яго паспяхова. Пра «Сапну» ў нас мала хто ведае. А шкада. Няхай жа гэтыя мае кароткія журналісцкія нататкі дапамогуць чытачам газеты хоць крыху адкрыць для сябе гэты непаўторны экзатычны цуд.

Што ўключае ў сябе танцавальнае мастацтва шматлікіх народаў Індыі? Гэта цэлая надзвычай багатая і яркая гама самых розных стыляў. Ад простых і святочных, прымеркаваных, скажам, да пары года, збору ўраджаю, нараджэння дзіцяці да рытуальных.

У іх знайшло сваё поўнае вобразнае адлюстраванне ўсё, чым заняты чалавек на працягу свайго жыцця. Тут шмат выдумкі, творчай фантазіі. У адных танцах трэба пранесці, каб не праліць, поўны гарлачык вады. У другіх — віртуозна жангліраваць нажамі. У многіх расказваецца пра лоўлю рыбы, апрацоўку зямлі, малацьбу. Некаторыя танцы вельмі складаныя ў выкананні, у іх мінімум рухаў. Яны абсалютна зразумелыя простым людзям. Але ж у большасці — здзіўляючая энергія і захапленне.

Чым займаліся дэвадасі

Мастацтва класічнага танца ў сучаснай Індыі дасягнула сваёй дасканаласці ў самым высокім значэнні слова. Гэта чыста нацыянальная з’ява, якой па праву ганарацца індыйцы. Калісьці танцы выконваліся ў гонар багоў. Танцоўшчыц храмаў, якія займаліся гэтым, называлі дэвадасі. У горадзе Канарку, на тэрыторыі знакамітага на ўвесь свет храма Бога Сур’і, гід паказаў нам пляцоўку, зусім звычайную на першы погляд.

— Тут на працягу некалькіх стагоддзяў танцавалі дэвадасі, — з нейкай таямнічасцю растлумачыў ён. — Яны праслаўлялі вялікага, магутнага і вельмі добрага Бога Сур’ю, ад якога на зямлю ішло шчодрае сонца, даючы ёй святло, цяпло і жыццё…

Цяпер класічнаму танцу навучаюць у спецыяльных школах па-за межамі храмаў. Тэрмін вучобы доўгі — ад 10 да 13 гадоў. Кожны дзень — цяжкая праца, якая забірае ў маладых дзяўчат ці юнакоў шмат сіл, вучоба патрабуе асаблівай паслухмянасці, узорных паводзін, цярплівасці. Цэлыя гады аддаюцца настойлівым трэніроўкам ёгай, у выніку чаго хлопец ці дзяўчына дасканала валодаюць сваім целам. Менавіта гэтая якасць здзіўляе і ўражвае нас, калі мы глядзім індыйскія класічныя танцы. Таксама абавязкова вывучаюцца рэлігійныя тэксты, міфы і легенды пра багоў. Пэўна, чытачы будуць здзіўлены: пры чым тут у навуцы танца тая самая легенда? Аказваецца, сувязь вельмі цесная.

Боскія танцы

Сутнасць жа ў тым, што многія індыйскія танцы прысвечаны нейкаму канкрэтнаму бажаству. На першым месцы тут вобраз Крышны. Ён надзвычай шматзначны, у ім сышліся розныя міфалагічныя, а можа, нават і гістарычныя прататыпы. Па сваёй прыродзе Крышна перш за ўсё абаронца. Але ж для індыйца ў слове «крышна», якое азначае «чорны», «цёмны», ёсць таксама і штосьці нядобрае.

У індыйскай паэзіі значацца любімыя тэмы, прысвечаныя Крышне. Калі ён быў падлеткам — выкрадаў адзенне ў пастушак, якія купаліся ў возеры. Падрос — забіваў падасланых дэманаў, ратаваў пастухоў і кароў ад ляснога пажару, перамагаў гаспадара змеяў, падымаў над галавою гару Гавардхана, каб укрыць ад дажджу пастухоў, пастушак і іх жывёлу… З цягам часу пастух Крышна становіцца воінам і палітыкам, усталёўвае справядлівую ўладу ў горадзе Матхуры. Здзяйсняючы далейшыя подзвігі, ён спачатку мае восем жонак, а затым — яшчэ 16 тысяч 100. Валодаючы цудоўнай здольнасцю жыць адначасова з усімі жонкамі, Крышна дае шматлікае патомства.

Сардэчныя заляцанні

Пасля завяршэння сваіх зямных спраў Крышна-Вішну вырашае вярнуцца ў боскія сферы.

Найбольшую папулярнасць у сярэдневяковай індыйскай культуры набыў вобраз Крышны-палюбоўніка з яго пачуццямі да пастушкі па імені Радха.

Дарэчы, наша зямлячка Алена Сіпач, калі вучылася ў Дэлі ў Дзяржаўным інстытуце класічнага танца ў стылі катхак, тэмай сваёй дыпломнай работы абрала менавіта гэты сардэчны сюжэт — заляцанне Крышны да пастушкі Радхі. І абараніла яе выдатна.

Не толькі ў храмах

— А наогул гісторыю індыйскага танца можна падзяліць на тры перыяды, — распавядае Алена Пятроўна. — Храмавы з’явіўся яшчэ ў ІІ стагоддзі да нашай эры. Ён быў прадстаўлены выключна ў храмах, выконвалі яго танцоўшчыцы дэвадасі. Прысвячаўся якому-небудзь індускаму бажаству, сярод іх ёсць бог Шыва, апякун танцаў. У XVI стагоддзі Індыя была заваявана знакамітым Бабурам, які заснаваў імперыю Вялікіх Маголаў. Танец выходзіць за межы храма, становіцца часткай музычнай драмы пры двары імператара, выконваецца на сцэне, аднак у ім шмат элементаў мусульманскіх традыцый.

У 1947 годзе Індыя атрымала доўгачаканую незалежнасць. Пачаўся трэці перыяд у гісторыі яе танца — сучасны. Трэба адзначыць, што яшчэ раней на базе класічнага танца ўзнік сучасны мадэрн. Яго стварэнне — вынік знаёмства вядомага індыйскага танцора Удая Шанкара з рускай балерынай Ганнай Паўлавай. У 1921 годзе яна трыумфальна гастраліравала па Індыі. Разам з Удай Шанкарам Г. Паўлава паставіла балетны дывертысмент, які ўключаў «Танец Радхі», «Крышны» і іншыя.

Класічны, народны, балівуд

Сёння ў Індыі самыя папулярныя танцавальныя стылі — класічны, народны і сучасны (балівуд).

— У класічным, — тлумачыць Алена Сіпач, — строгая дысцыпліна рухаў цела з варыяцыйным рытмічным тупаннем, выкарыстаннем сімвалічных жэстаў і поз, з удзелам мімікі твару. У Індыі сем асноўных стыляў класічнага танца: бхарат-нат’ям, катхак, катхакалі, кучыпудзі, маніпуры, махіні-атам, адзісі. Кожны мае свае асаблівасці выканання, у адпаведнасці з гэтым і розныя атрыбуты. Індыйскія школы ў глыбіні вякоў пад словам «музыка» мелі на ўвазе трыа: спяванне, ігра на музычных інструментах, танец. Арганічнае спалучэнне гэтых трох відаў мастацтва прысутнічае і сёння.

Цікава, а наколькі індыйскія танцы цяпер вабяць шырокую міжнародную аўдыторыю? Вось што гаворыць на гэты конт Ліла Самсон, знакамітая танцорка інстытута класічнага мастацтва. Яна таксама старшыня Акадэміі Сангіт Натак, нацыянальнай індыйскай акадэміі музыкі, танца і драмы:

— На індыйскі танец ужо сур’ёзна глядзяць заходні танцор і харэограф. Гэта азначае многае. Лепш ужо і не можа быць. Індыйскі танец зрабіў уплыў на сусветныя жанры танца. Але ж нам не хапае паслядоўнасці і прадстаўлення…

Чароўны катхакалі

Але самы фантастычны танец — катхакалі, той самы, што зачараваў нас у вёсцы Марары-Біч. Па-першае, выканаўцы яго — у незвычайным грыме. Твары багоў і герояў пакрыты зялёным грымам, простых смяротных — чырвоным узорам на зялёным або чорным фоне. Драматычныя падзеі, якія адбываюцца, тлумачацца мімікай, жэстамі, рухамі цела. Нянавісць, любоў, рэўнасць, страх выканаўца надзвычай дасканала перадае вачыма, брывямі, павекамі, губамі, ротам…

Адных толькі варыяцый погляду ў танцы 36, прычым яны ўзмацняюцца сямю варыянтамі руху броваў. Рухі рук дапаўняюць 108 розных рухаў цела і так далей. Плюс яшчэ аглушальны гром барабанаў… Што казаць, катхакалі — цэлая надзвычай складаная, найбагацейшая навука танца. Нездарма навучанне яму цягнецца ў сярэднім восем гадоў.

…Лічыцца, што такой здзіўляючай, яркай, незвычайна кантрастнай экзотыкі, як у Керале, нідзе больш на нашай планеце няма. Уявіце сабе, паважаныя чытачы, ціхі, лагодны вечар на беразе акіяна. Бунгала, што хаваюцца пад густымі дрэвамі. Увесь гэты трапічны краявід загадкавы, таямнічы.

І танцы ў выкананні мясцовых юнакоў і дзяўчат, якія глыбока хвалююць нас, еўрапейцаў, зачароўваюць, палоняць розум і сэрца сваёй нечаканасцю і арыгінальнасцю, таямнічасцю. Як тут, скажыце, быць беларусу? Паглядзець на гэты экзатычны цуд, атрымаць ад яго асалоду… і вярнуцца дамоў, у нашу самую прыгожую на свеце Беларусь. Прынамсі, аўтар у гэтым перакананы.

Мінск—Керала (Індыя)—Мінск

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мастацтва класічнага танца ў Індыі дасягнула дасканаласці
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Мира)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика