Дом,у якiм мы жывём, бывай, звычайнасць шэрая...
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
Прызнацца, я ўпершыню ўбачыў такую прыгажосць тут, у дзевяцiпавярховым доме пад нумарам 28 па вулiцы 60 гадоў СССР, што ў Гомелi. Хоць, вядома ж, за шмат гадоў давялося па розных справах пабываць у многiх дамах i горада на Сожы, i Мiнска, i Вiцебска, i Мазыра i г.д.
Убачыў i здзiвiўся: аказваецца, тое, што абсалютная большасць людзей (ды i мясцовых органаў улады) лiчыць немагчымым, стала магчымым тут, у гэтым аазiсе прыгажосцi. Уражанне такое, што знаходзiшся на ўлоннi прыроды. Навокал кветкi: адны — на падлозе ў вазонах, другiя — на сценах. Побач iмклiва праносяцца дэльфiны, грацыёзна выгiнаюць доўгiя шыi лебедзi, ловяць рыбу пелiканы. Усё гэта — на фоташпалерах. У лiфтах, на сценах — нiводнай шкрабiны i тым больш надпiсу. На падлозе — нiводнай паперкi цi недакурка. Уваход на тэхнiчны паверх замкнёны, а ў пад’ездзе праведзена дадатковае электраасвятленне i вiсяць новыя паштовыя скрынi. — Летам i восенню ў нас было яшчэ прыгажэй, — гаворыць старшыня жыллёва-будаўнiчага кааператыва Нiна Казлова. — Скажыце сумленна, Нiна Рыгораўна, хто i як зрабiў такую ўтульнасць? — Як хто? — здзiўляецца яна. — Самi. Фасад дома, у адрозненне ад iншых, пафарбаваны ў бела-блакiтны колер. Каля кожнага пад’езда — лаўкi, вялiкiя чашы-вазоны пад кветкi. Пад снегам спачываюць клумбы розных канфiгурацый. Як жа дом, якi раней нiчым не выдзяляўся сярод iншых, хiба што аблупленымi сценамi, спiсанымi лiфтамi i г. д., змянiў аблiчча? Сем гадоў таму Нiна Казлова ўзначалiла жыллёвы кааператыў. Прыняла дом у такiм стане, што не пазай-здросцiш. У падвале — вiльгаць, вада, у даху — дзiркi. «Што рабiць будзем? — пыталася яна ў жыхароў дома. — Сядзець склаўшы рукi? Дык усё так i застанецца». У доме 108 кватэр. Сабраць народ на сход няпроста. Таму выбралi ўпаўнаважаных, якiм на праўленнi даручылi даводзiць рашэннi да людзей. Спачатку пераканалi жыхароў, што трэба сабраць грошы i патрацiць iх на рамонт даху. Потым за швы ўзялiся. На чарзе стаяў падвал. Памянялi трубы, вентылi, засаўкi... На добраўпарадкаванне двара i тэрыторыi вакол дома запрасiлi на суботнiкi ўсiх жыхароў. I прыклад тут паказвалi i сама Нiна Рыгораўна са сваёй сям’ёй, i ўпаўнаважаныя ад кватэры. А калi хто па нейкай прычыне не хацеў цi не мог удзельнiчаць у суботнiку, той уносiў згодна з рашэннем праўлення кааператыва пэўную суму грошай у агульную «скарбонку». Так з’явiлiся i клумбы, i бэз, i гаражы, i дзiцячая пляцоўка. А Нiна Рыгораўна загарэлася новай iдэяй: колькi можна мiрыцца з абшарпанымi пад’ездамi, не паважаць сябе? Вынесла гэта пытанне на пасяджэнне праўлення, расказала, якiм бачыць дом «знутры» — i ўсiм спадабалася. Як нi дзiўна, iдэю (для ўвасаблення якой зноў спатрэбiлiся грошы) першымi падтрымалi пенсiянеры — у адрозненне ад больш заможных жыхароў, з якiмi давялося гутарыць неаднаразова. Вось чаму патрэбную суму ўдалося сабраць толькi праз сем месяцаў. А далейшае, як кажуць, было ўжо справай тэхнiкi. Зараз пасада Нiны Рыгораўны Казловай называецца «старшы старшыня ўзбуйненага жыллёва-будаўнiчага кааператыва № 2». Што гэта азначае? У кааператыве пяць дзевяцiпавярховых дамоў з 560 кватэрамi, i ў iх пяць старшынь, а Казлова сярод iх як бы галоўная. Дык вось, вопыт жыхароў дома № 28 па вулiцы 60 гадоў СССР яна пачала ўкараняць у астатнiх чатырох дамах УЖБК-2. Да гэтага будуць прыцягнуты мастакi i дызайнеры, — людзям даўно надакучыла шэрая звычайнасць... ... А днямi кiраўнiк адмiнiстрацыi Савецкага раёна г. Гомеля Таццяна Фiлiмончык уручыла Нiне Казловай падзячнае пiсьмо i каштоўны падарунак за тое, што ў раённым конкурсе-аглядзе па добраўпарадкаванню дваровых тэрыторый i тэхнiчнаму ўтрыманню жыллёвага фонду дом № 28 УЖБК № 2 заняў першае месца...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прызнацца, я ўпершыню ўбачыў такую прыгажосць тут, у дзевяцiпавярховым доме пад нумарам 28 па вулiцы 60 гадоў СССР, што ў Гомелi |
|