21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Белавежа: турыстычная мека ў сэрцы Еўропы

25.08.2009 22:04 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ДЗЯРЖАЎНЫ ІНТАРЭС

Прыгажосць некранутай беларускай прыроды вымушае іншаземцаў губляць дар мовы і нават плакаць ад захаплення




Сёння ДПУ Нацыянальны парк Белавежская пушча з’яўляецца важнейшым цэнтрам экалагiчнага i пазнавальнага турызму не толькi ў Беларусi, але i ў Еўропе. Тут створана найсучаснейшая база па прыёму турыстаў. Працуюць камфартабельныя атэлi, гасцявыя домiкi, спартыўныя комплексы i лазнi-сауны, рэстараны i кафэ, дзе можна паспрабаваць нацыянальныя стравы, прыгатаваныя з дзiчыны i дароў прыроды, Музей прыроды з унiкальнымi экспанатамi, мастацкая майстэрня, маюцца вальеры з жывёламi, а ўсiх жадаючых запрашае ў госцi сядзiба Дзеда Мароза. Вялiкая ўвага ўдзяляецца таксама паляўнiчаму турызму ў лесапаляўнiчай гаспадарцы «Шэрашава». Скарыстацца гасцiннасцю работнiкаў парку за даволi ўмераны кошт сёння можа сабе дазволiць амаль кожны.

ДАВЕДКА «ЗВЯЗДЫ»

Сярэднi ўзрост лясоў Белавежскай пушчы складае звыш 100 гадоў, асобныя ўчасткi маюць узрост 250—350 гадоў. У пушчы зарэгiстравана больш за тысячу дрэў-велiканаў. Тут растуць 350-гадовыя ясенi i сосны, 250-гадовыя елкi. З-за свайго размяшчэння (на мяжы дзвюх геабатанiчных зон), гэты лясны масiў уяўляе сабой «вузел канцэнтрацыi» бiялагiчнай разнастайнасцi i па колькасцi вiдаў раслiн i жывёл, якiя растуць i жывуць на яе тэрыторыi, не мае сабе роўных на Еўрапейскiм кантыненце. Па багаццю i захаванасцi бiяразнастайнасцi ЮНЕСКО ставiць Белавежскую пушчу побач з сусветна вядомымi сельвай Амазонкi i трапiчным лесам рэспублiкi Габон.

На тэрыторыi Парка знаходзiцца шмат культурных помнiкаў i гiстарычных месцаў. Сярод iх сядзiба графа Тышкевiча, знакамiты ўрадавы комплекс «Вiскулi», дзе ў 1991 годзе было падпiсана вядомае «Белавежскае» пагадненне, паганскія культавыя камянi i курганы.

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАРК БЕЛАВЕЖСКАЯ ПУШЧА — АДЗIН З САМЫХ ТЫТУЛАВАНЫХ У СВЕЦЕ. УСЯГО ДВА НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ПАРКI НА ПЛАНЕЦЕ — наш i Плiтвiцкiя азёры ў былой Югаславii — маюць статус i Сусветнай спадчыны ЮНЕСКО, i бiясфернага запаведнiка, i дыплом Савета Еўропы. Гэта самыя высокія тытулы, якiя толькi iснуюць у галiне аховы прыроды. Прычым яны не пажыццёвыя i патрабуюць рэгулярнага пацвярджэння. Для гэтага патрэбна выконваць рэкамендацыi мiжнародных экспертаў, пастаянна ўдасканальвацца. Так, напрыклад, сёлета напрыканцы жнiўня Белавежа прымала экспертаў Савета Еўропы. Яны правяралi выкананне ранейшых рэкамендацый па 18 пунктах. Нараканняў не выклiкаў нi адзiн. Асаблiва ўразiла прадстаўнiкоў аўтарытэтнай арганiзацыi далучэнне новых тэрыторый да Нацыянальнага парку. Зроблена гэта было з мэтай стварыць своеасаблiвую буферную зону вакол самага старадаўняга i адзiнага ў сваiм родзе ляснога масiву ў Еўропе i тым самым абаранiць яго ад знешняга негатыўнага ўздзеяння. I вось, дзякуючы iнiцыятыўнасцi, настойлiвасцi генеральнага дырэктара парку Мiкалая Бамбiзы, падтрымцы яго дзеянняў вышэйшым кiраўнiцтвам Беларусi за адносна невялiкi перыяд тэрыторыя Нацыянальнага парку амаль падвоiлася! Што гэта за тытанiчная праца, не спецыялiсту зразумець цяжка. А вось эксперты Савета Еўропы нейкi час нават адмаўлялiся верыць сваiм вушам i перакладчыку. Толькi калi iм некалькi разоў паказалi новыя межы парку на карце, неўразуменне змянiлася захапленнем.

Навука i турызм для Нацыянальнага парку — паняццi ўзаемазвязаныя. Навука забяспечвае турызм, а турызм падтрымлiвае навуку.

— На першым месцы ў нас вывучэнне прыроднага багацця пушчы, а на другiм — яго прапаганда, — расказала старшы навуковы супрацоўнік НП «Белавежская пушча Ганна Дзянгубенка. — Таму для турызму мы рыхтуем i экалагiчныя маршруты, i сцежкi, пастаянна павышаем квалiфiкацыю гiдаў.

Рознiца памiж беларускiмi турыстамi i iншаземцамi, канешне, ёсць. Апошнiя стараюцца цалкам акунуцца ў прыроду, непасрэдна ўбачыць нейкую раслiну, птушку, жывёлу, пешшу прайсцiся па пушчы, зазiрнуць у аддаленыя запаведныя куточкi лесу... Прычым зрабiць гэта няспешна, грунтоўна. Такiя паводзiны абсалютна натуральныя: iншаземцы прыязджаюць да нас здалёк, нiчога падобнага яны не толькi не маюць у сябе, але i нiдзе ў iншым месцы не бачылi. А можа ўжо нiколi i не пабачаць... Вiдаць, таму белавежскi неруш, яго прыгажосць выклiкаюць ва ўрбанiзаваных еўрапейцаў такую буру эмоцый. I слёзы замiлавання на iх тварах зусiм не рэдкасць. Найбольш уражвае далёкiх гасцей вялiкаўзроставы лес, векавыя дубравы, дзе на адлегласцi 50—100 метраў адзiн ад аднаго стаяць 500—600-гадовыя волаты.

Сярод беларускiх турыстаў падобную ўвагу да прыроды выказваюць перавжна настаўнiкi, якiя прывозяць групы вучняў. Яны часта падрабязна цiкавяцца тымi цi iншымi раслiнамi, жывёламi, iмкнуцца паказаць iх дзецям у прыродным асяродку, а не толькi ў музеi. Спадзяюся, у хуткiм часе большая зацiкаўленасць да экалогii з’явiцца i ў iншых беларускiх турыстаў. Сёння, напрыклад, усё большую папулярнасць набываюць веласiпедныя прагулкi, а там ужо i да пешых маршрутаў i экасцяжынак недалёка. Выбар, што пабачыць, даволi шырокi. Пастаянна з’яўляюцца новыя маршруты. Iдэi многiх з iх падказвае сам генеральны дырэктар, якi даволi многа часу праводзiць непасрэдна ў пушчы.

Увогуле, людзi сталi жыць лепш, больш думаюць i пра адпачынак, i пра новыя веды i ўражаннi. Цяпер у пятнiцу-суботу на аўтастаянцы свабодных месцаў амаль няма. Вабiць магчымасць з карысцю адпачыць на прыродзе. Тым больш што сёння гэта можна зрабiць з поўным камфортам.

«САПРАЎДНЫ ДЗЕД МАРОЗ ЖЫВЕ Ў БЕЛАВЕЖЫ»

Самым удалым на сённяшнi дзень турыстычным праектам Нацыянальнага парку стала сядзiба Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. Маленькiм беларусам трэба з маленства прывiваць любоў да найвялiкшага скарбу нашай краiны, а зрабiць гэта прасцей за ўсё праз... казку. Iдэя, выказаная кiраўнiком дзяржавы, была падхоплена i ў самыя сцiслыя тэрмiны рэалiзавана супрацоўнiкамi Нацыянальнага парку.

Былi i тыя, хто скептычна ставiўся да такой задумы. Нядобразычлiўцы, як унутры краiны, так i за мяжой, iмкнулiся яе ачарнiць, прадставiць людзям як шкодную для Белавежы. Але прайшоў час, i плынь наведвальнiкаў пушчы, дзякуючы таму, што там пасялiўся самы любiмы дзед усёй дзятвы, вырасла больш як у тры разы i дасягнула 180 тысяч чалавек! Сюды едуць круглы год. Сем’ямi, класамi i нават школамi. З вобласцi, з рэспублiкi i далёка з-за яе межаў... I ўсе без выключэння, нягледзячы на ўзрост, сацыяльны статус i займаемыя пасады трапляюць у рукатворную казку, на некалькi гадзiн пераносяцца ў самую светлую пару жыцця — дзяцiнства. Для ўсiх у Дзеда Мароза знаходзiцца цёплае слова i шчырае пажаданне. Кожны можа пачаставацца чаем з чароўных белавежскiх зёлак i паласавацца блiнамi з варэннем, ягады на якое з любоўю збiралiся цi не ў самым экалагiчна чыстым месцы ў свеце...

Не дзiва, што сярод прадпрымальных людзей знайшлося нямала i тых, хто хацеў бы стварыць нешта падобнае i ў iншых месцах. Паставiць, што называецца, на камерцыйную аснову. Бiзнэсмены адной з суседнiх дзяржаў нават выйшлi на разбяра Аляксандра Лявонцьевiча Масла, сiламi i талентам якога аформлена большая частка сядзiбы. Аднак майстра, не зважаючы нi на якiя ганарары, адмовiўся. Сапраўды, такое ствараецца толькi аднойчы ў жыццi. I яго сэрца, як i сэрцы ўсiх, хто трапляе ў Белавежскую казку, назаўсёды засталося ў самай галоўнай у свеце пушчы.

Прайшло не так многа часу з дня адкрыцця сядзiбы, а спытайце любое беларускае дзiця, i пачуеце ў адказ: сапраўдны Дзед Мароз жыве ў Белавежы.

...Не скарыстацца магчымасцю сустрэцца з казачным дзедам у яго сядзiбе было б грахом. Таму мы з радасцю накiравалiся «на прыём». Нягледзячы на тое, што ў пушчы пакуль валадарыць восень, Дзеда Мароза мы засталi на «баявым пасту». Паводле яго слоў, наведвальнiкаў у цёплы сезон менш, чым узiмку. Таму ў вольны ад экскурсiй час стары ў Скарбнiцы чытае дзiцячыя пiсьмы i паштоўкi i чакае iх да сябе ў госцi.

— А што, Дзядуля, зiма хутка прыйдзе? I якой будзе?

— Зiма сёлета будзе проста казачнай. Але каб завiтаць да мяне ў госцi, чакаць яе зусiм не трэба — вароты маёй сядзiбы для добрых людзей адчынены ўвесь год.


«ЗАПАВЕТНАМУ МАТЫВУ» БЕЛАВЕЖЫ — ШЭСЦЬ СТАГОДДЗЯЎ

Натуральна, лясныя масiвы, падобныя да Белавежскага, стагоддзi таму iснавалi i на тэрыторыi iншых дзяржаў Еўропы. Аднак актыўная дзейнасць чалавека не пакiнула iм шанцаў. Беларускай пушчы пашчасцiла больш. Па-першае, запаведны лес сам некаторы час даволi паспяхова абараняўся ад чалавека — з дапамогай воднай сiстэмы, якая iснавала вакол пушчы i ўтварала непраходныя балоты. Па-другое, Белавежа ўвесь час належала некаму з моцных гэтага свету: то вялiкаму князю, то каралю, то iмператрыцы. Яны, вядома, былi людзi нябедныя — разбазарваць лясныя багаццi не спяшалiся. Наадварот, пушча з даўнiх часоў даволi строга ахоўвалася i служыла першым асобам у асноўным толькi для адпачынку i паляўнiчых забаў.

У сувязi з гэтым у паветры даўно вiтала пытанне аб тым, калi ж упершыню быў устаноўлены запаветны рэжым у Белавежы? Першымi адказ на яго сталi шукаць не гiсторыкi, а цяперашняе кiраўнiцтва Нацыянальнага парку. Генеральны дырэктар яшчэ раз перачытаўшы сваю настольную кнiгу — «Белавежская пушча: 1382—1902» Георгiя Карцава — звярнуў увагу на дату, якую раней чамусьцi не заўважалi iншыя чытачы: 1409 год.

Для пошуку адказу на пытанне быў створаны навуковы калектыў, у якi ўвайшлi навуковыя супрацоўнiкi як Нацыянальнага парку, так i Iнстытута гiсторыi Акадэмii навук Беларусi. А кiраўнiком праекта стаў дырэктар Iнстытута гiсторыi Акадэмii навук доктар гiстарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя. У вынiку напружанай навукова-даследчай работы было апрацавана 430 спраў з 35 фондаў архiваў Беларусi, Расii, Польшчы, Лiтвы. Праведзены параўнальны аналiз матэрыялаў у апублiкаваных крынiцах, зборнiках дакументаў, спецыяльнай гiстарычнай лiтаратуры, навукова-папулярных выданнях, успамiнах, шматлiкiх публiкацыях у навуковым i перыядычным друку.

У ходзе гэтых навуковых даследаванняў была вылучана гiпотэза, што запаведны рэжым на тэрыторыi Белавежскай пушчы пачаў складвацца ў канцы ХIV—пачатку ХV стагоддзя.

Важнай перадумовай i аргументам да пачатку зараджэння запаведных нормаў можна лiчыць увядзенне першай земскай прывiлеi Вялiкага княства Лiтоўскага 1387 года, якой гарантавалiся правы i вольнасцi шляхты каталiцкага веравызнання. Стаў умацоўвацца iнстытут прыватнай уласнасцi, што ў сваю чаргу прывяло да размежавання зямель i правоў па iх выкарыстанню, у тым лiку лясных масiваў, памiж дзяржавай i шляхтай.

Даследчая праца праводзiлася з фондамi канцылярыi Гродзенскага губернатара, Гродзенскага губернскага прыродаахоўнага камiтэта, фондам Кiравання Белавежскай удзельнай пушчы, iншымi фондамi, у тым лiку расiйскiмi, і дзяржаўнага гiстарычнага архiва Лiтвы i iнш., сярод якiх — зборнiкi на лацiнскай мове, акты Вiленскай археаграфiчнай камiсii, акты Лiтоўска-Рускай дзяржавы, многiя прыватныя дакументы. У працэсе выканання праекта ўсяго было выяўлена i апрацавана 232 справы ХVI—ХХ стагоддзяў, якiя адносяцца да гiсторыi Белавежскай пушчы i арганiзацыi сiстэмы яе аховы i выкарыстання.

Устаноўлена, што ВКЛ як дзяржава мела значныя плошчы лясоў. У дзяржаўнай уласнасцi знаходзiлiся важнейшыя пушчы — Белавежская, Гродзенская, Пярштунская i iнш. На дзяржаўным узроўнi распрацоўвалiся i сiстэматычна выдавалiся дакументы, якiя былi накiраваны на ўдасканаленне аховы i эксплуатацыi лясных багаццяў. У ХVI стагоддзi да такiх дакументаў можна аднесцi адпаведныя артыкулы «Уставы на валокi» 1557 г., Лясную уставу 1567 г., iнструкцыю рэвiзорам 1576 г., «Рэвiзiю пушчаў i звярыных пераходаў» 1559 г. Гэтыя дакументы насiлi агульнадзяржаўнае значэнне, пад iх дзеянне трапляла i Белавежская пушча.

Даследчыкi выявiлi прывiлеi Жыгiмонта Старога 20-х гадоў ХVI ст., якiя замацавалi за Белавежскай пушчай статус вялiкакняжацкага домена. У той час, згодна з дакументамi, вялося рэфармаванне i ўдасканаленне аховы пушчы, прыродаахоўныя мерапрыемствы насiлi тыповы характар. Ужо ў 1616 г. iнспектар-кантралёр дзяржаўных маёмасцяў ВКЛ Мiкалай Пузялеўскi называў Белавежскую пушчу «гонарам i ўпрыгожаннем» усёй дзяржавы перад iншымi народамi. Гэта — пераканаўчае сведчанне таго, што наша пушча ўяўлялася ўнiкальным прыродным аб’ектам, у якiм захоўваўся прыродаахоўны рэжым, не пазней за ХVI стагоддзе. Асаблiвасцю Белавежскага лесу можна лiчыць тое, што ў яго межах зафiксаваны выпадкi мэтанакiраванага развядзення i аховы прадстаўнiкоў лясной фаўны. Так, у сярэдзiне ХVI стагоддзя лясная ахова (асочнiкi) з вёсак Амелянец i Палiчнае вырошчвалi зубранят i нават адвозiлi iх у Вену i Варшаву. А ў пачатку 1578 года кароль польскi i вялiкi князь лiтоўскi Стэфан Баторый даваў распараджэннi белавежскаму ляснiчаму Ф. Махвiчу ў арганiзацыi мерапрыемстваў па выхаванню i выкормлiванню зубранят i ласянят.




Дзякуючы комплексу прыродаахоўных мерапрыемстваў на тэрыторыi Белавежскай пушчы жылi зубры, што выгадна адрознiвала гэты прыродны комплекс ад iншых пушчаў у ВКЛ. Дакументы сведчаць, што ўжо ў ХVI—ХVIII стагоддзях iснавала катэгарычная забарона на паляванне ў Белавежскай пушчы, асаблiва строга яна дзейнiчала ў адносiнах да зуброў. Так, пры назначэннi ў 1518 г. на ўтрыманне Камянецкага замка i павета, Богуш Багавiцiновiч атрымаў у кiраванне замак, горад, павет з насельнiцтвам, землямi i лясамi, пры гэтым падкрэслiвалася, што ён «пушчу нашу (господарскую) каменецкую всю мает заведати, и сторожу добрую мети, абы зверу нашому шкоды не было, а отъ кого бы намъ (господарю) шкода была, того намъ маетъ объявити, а самъ зверю нашого в той пушчы ловити не мает, нижъли маетъ ловити по тымъ местомъ, где первыи наместъники каменецкии ловливали, и то кроме зубров» (з Лiтоўскай метрыкi», кн. 11, Вiльнюс, 1997. — № 15).

Толькi за вялiкiя заслугi перад дзяржавай гаспадар — вялiкi князь лiтоўскi мог дазволiць вяльможам папаляваць або атрымаць якi-небудзь паляўнiчы трафей з пушчы. Так, у 1578 г. лоўчаму ВКЛ Мiкалаю Крыштафу Радзiвiлу за заслугi на дзяржаўнай службе было дазволена паляванне на чатырох зуброў у Белавежскай пушчы, а кароннаму падканцлеру Замойскаму ў той жа час было дазволена атрымаць у белавежскага ляснiчага тушы чатырох зуброў i чатырох ласёў.

Для захоўвання папуляцыi зуброў, папярэджвання выпадкаў браканьерства ў пушчы не iснавала такой катэгорыi лясных слуг, як стральцы (iх абавязкам былi падрыхтоўка i ўдзел у паляваннях вялiкага князя лiтоўскага), хоць яны былi ва ўсiх iншых ляснiцтвах. А назiранне за звярамi ў час iх «шлюбных» гульняў было ўскладзена на асочнiкаў. Вялiся тыя назiраннi дзеля ўлiку i кантролю папуляцыi дзiкай жывёлы. Свабоднага карыстання ўгоддзямi Белавежскай пушчы прыватнымi асобамi ў той час не iснавала. Толькi шляхцiчы, якiя мелi старадаўнiя правы на карыстанне тымi цi iншымi ўгоддзямi ў межах пушчы, маглi iх выкарыстоўваць. У выпадку адсутнасцi старадаўнiх «правоў на ўваходы» ў межах пушчы пры неабходнасцi карыстання яе багаццямi трэба было атрымаць разавы дазвол ад самога манарха.

Выяўленая справа судовага разбору 1776 г. аб правах прыватных уладальнiкаў (шляхты) на «ўваходы» ў межы Белавежскай пушчы ўказвае на даўнiя традыцыi карыстання багаццямi пушчы. Напрыклад, у апiсаннi «ўваходаў» у пушчу з боку маёнтка Вярховiчы адзначаецца, што гэты маёнтак у якасцi спецыяльнага гаспадарчага комплексу фармiраваўся i перайшоў у прыватную ўласнасць пры вялiкiх князях лiтоўскiх Вiтаўце (1392—1430), Жыгiмонце (1432—1440), Казiмiры (1440—1492), Аляксандры (1492—1506). А выяўлены найбольш раннi дакумент аб «уваходах» з боку Вярховiч адносiцца да 1506 г. На падставе прыкладзеных дакументаў суд прызнаў права на тыя «ўваходы» ў пушчу законнымi. I хоць сёння дакладная дата надзялення гэтымi «ўваходамi» не ўстаноўлена, спасылка ў судовай справе на часы Вiтаўта, якую суд не аспрэчваў, дазваляе сцвярджаць, што прыродаахоўны рэжым Белавежскай пушчы пачаў фармiравацца ў часы праўлення гэтага вялiкага князя. Аб гэтым сведчыць той факт, што на пасяджэннi суда каралеўскiх камiсараў у 1567 г. аб прыналежнасцi зямель каля ракi Сiпора да маёнтка Вярховiчы ўладальнiк гэтага маёнтка Васiль Копаць заявiў, што «тот грунт около реки Сипоры есть его имение Верховичи с давних и вечных времён не только за тех королей их милости Александра и Жигимонта, но еще за князя великого Витовта и иных королей и великих князей литовских, те грунты использовались Верховичскими подданными». У працэсе далейшага разбору суд прызнаў права В. Копаця на ўказаныя землi. Робiм выcнову: Вярховiчы, як асобная гаспадарча-адмiнiстрацыйная адзiнка сфармiравалiся ў часы Вiтаўта, а неад’емнай часткай гэтага гаспадарчага комплексу былi «ўваходы» ў Белавежскую пушчу. I кароль польскi, i Вялiкi Князь лiтоўскi Аляксандр падарыў у 1506 г. Вярховiчы свайму пiсару Копацю В. як комплекс, якi склаўся з усiмi землямi, сенажацямi, лясамi, ловамi i ўваходамi ...

Ускосным пацвярджэннем гiпотэзы аб фармiраваннi запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы на пачатку ХV стагоддзя з’яўляецца i знакамiтая «Песня пра зубра». Мiкола Гусоўскi ў сваiм творы, напiсаным у пачатку ХVI стагоддзя, называў Вiтаўта вынаходнiкам палявання на зубра. Аб тым сведчыць i выдадзенае ў 1420 г. распараджэнне аб парадку спагнання платы з борцяў, якiя знаходзяцца на тэрыторыi пушчы i належаць iншаму ўладальнiку. Плата за карыстанне борцямi магла замяняцца часткай мёду. Калi ўладальнiку лесу тая плата не была своечасова ўнесена, можна было звярнуцца ў суд.

Такiм чынам, фактычныя матэрыялы сведчаць, што на пачатку ХV стагоддзя ў пушчы iнтэнсiўна праводзiлiся мерапрыемствы па вядзенню паляўнiчай гаспадаркi, упарадкаванню правоў карыстання ляснымi ўгоддзямi. Аб тым, што запаведны рэжым Белавежскай пушчы пачаў фармiравацца ў пачатку ХV стагоддзя, сведчыць i тое, што князь лiтоўскi Вiтаўт i кароль польскi Ягайла мелi права рэгулярна паляваць у пушчы. Апублiкаваныя крынiцы сведчаць аб iх паляваннях, а першае ўпамiнанне адносiцца да 1409 года, калi кароль Ягайла паляваў на працягу васьмi дзён з мэтай нарыхтоўкi правiзii для ваеннага паходу 1410 г. Гэтае паведамленне — першае ў пiсьмовых крынiцах Белавежскай пушчы. Апiсаны паляваннi манарха i ў iншыя гады, напрыклад, на мядзведзя ў 1426 г., калi Ягайла нават зламаў нагу. А вось аб праве iншых асоб на паляванне ў пушчы няма нiводнага ўпамiнання. Верагодна, што з таго часу пушча стала паляўнiчым угоддзем манарха.

Пасля завяршэння першага этапу комплекснага навукова-даследчага праекта «Белавежская пушча: гiсторыя i сучаснасць» зроблена выснова аб тым, што пачаткам увядзення першых элементаў прыродаахоўных мерапрыемстваў, якiя сталi асновай устанаўлення запаведнага рэжыму на тэрыторыi Белавежскай пушчы i яе выкарыстання ў якасцi запаведна-паляўнiчай гаспадаркi правамерна лiчыць 1409 год. З той пары неўзабаве мiне 600 гадоў.

Як адзначыў генеральны дырэктар НП «Белавежская пушча» Мiкалай Бамбiза, аб праведзенай рабоце i яе вынiках праiнфармаваны Камiтэт па сусветнай спадчыне ЮНЕСКО, iншыя зацiкаўленыя мiжнародныя арганiзацыi. Напрыканцы восенi плануецца правесцi сумесную з польскiмi калегамi навуковую канферэнцыю, на парадак дня якой будзе вынесена i пытанне аб даце пачатку запаведнасцi Белавежы.

...Параўнанне Белавежы з Мекай у загалоўку артыкула ў многiм умоўнае, аднак i пэўная сiмволiка тут таксама ёсць. Сёння пушча з’яўляецца самай вядомай i найбольш папулярнай для турыстаў прыродаахоўнай тэрыторыяй у рэспубліцы. У Белавежскай пушчы — каранi нашага народа, душа Беларусi. Вакол гэтага былiннага лесу некалi развiвалася еўрапейская цывiлiзацыя, а парой вяршыўся лёс яе дзяржаў i народаў. Таму наведаць Белавежу хоць раз у жыццi, дакрануцца да вытокаў — святы абавязак кожнага беларуса i гонар для любога iншаземца.

Мiкалай БАМБIЗА: «ПУШЧА ПАТРАБУЕ АБСАЛЮТНАЙ УВАГI»




— Сёлета Нацыянальны парк наведала крыху больш турыстаў, чым за аналагiчны перыяд мiнулага года, — расказаў генеральны дырэктар Дзяржаўнай прыродаахоўчай установы «Белавежская пушча» Мiкалай Бамбiза. — Аднак з-за больш высокай якасцi абслугоўвання, якой нам удалося дабiцца, прыбытак, атрыманы ад турызму, павялiчыўся даволi значна — на 18—20 працэнтаў. Трэба адзначыць, што больш стала прыязджаць iншаземцаў. Думаю, павялiчыць колькасць турыстаў з Еўропы нам дапаможа спрошчаны пагранпераход у раёне другой заставы. Над гэтым праектам мы зараз актыўна працуем разам з польскiмi калегамi. Таксама на польскiм баку пушчы плануем устанавiць рэкламныя шчыты, указальнiкi, iншую наглядную iнфармацыю для таго, каб заходнiя турысты, якiя прыехалi туды адпачыць, маглi зацiкавiцца i наведаць наш Нацыянальны парк. Тым больш што паглядзець тут ёсць што.

За апошнi час у Белавежы зроблена вельмi многа. Удасканальваецца iнфраструктура, будуюцца якасныя дарогi, па якiх можна падарожнiчаць не толькi на аўтамабiлi, але i на веласiпедах, ролiках, праводзiцца ачыстка азёр з мэтай арганiзаваць водныя турыстычныя маршруты, адкрыты i адпаведна аформлены ўчастак былой царскай дарогi, працуюць сучасныя гасцiнiцы, рэстаран, кафэ, сауны, тэнiсны корт, будуецца новая гасцiнiца на «чатыры зоркi», з басейнам, канферэнц-залай. У наступным годзе ў вёсцы Камянюкi, дзе сёння знаходзiцца адмiнiстрацыйны цэнтр Нацыянальнага парку, плануецца арганiзаваць аграгарадок з адпаведнай iнфраструктурай. Усур’ёз задумваецца генеральны дырэктар над тым, каб з дапамогай археолагаў знайсцi рэшткi паляўнiчых домiкаў, дзе спынялiся вялiкiя князi, iмператары, i аднавiць iх знешнi выгляд. Пагадзiцеся, музей васковых фiгур першых асоб — ад князёў, каралёў i iмператараў да генеральных сакратароў былога СССР, якiя тут адпачывалi i палявалi, — абавязкова прывабiць турыстаў.

Завершана складаная работа па экспертызе i сертыфiкацыi афiцыйнага высокаградуснага напою Белавежы — «Пушчанкi». Ёй збiраюцца не толькi частаваць турыстаў i прапаноўваць як сувенiр — з самога яе вырабу дырэктар плануе зрабiць невялiчкае шоу.

Асобная мара дырэктара — дабiцца ўвядзення адзiнай «вiзы» для наведвальнiкаў Белавежскай пушчы, якая б дзейнiчала i на нашай, i на польскай тэрыторыi.

— Краiны дзве, але ж пушча адна, — тлумачыць Мiкалай Бамбiза. — I клапацiцца аб ёй трэба разам.

Увогуле, задум многа. I самае галоўнае, што яны не проста ў некага ў галаве, хай i самай разумнай, але i практычна прапрацоўваюцца, а многiя — рэалiзоўваюцца. Больш за тое, кiраўнiцтва пушчы вядзе пошук i распрацоўку iдэi, якая б стала такой жа прыцягальнай для турыстаў, як вышэйзгаданая сядзiба Дзеда Мароза.

Сёння Белавежская пушча можа зацiкавiць турыстаў у асноўным сваiмi экасiстэмамi, раслiнным i жывёльным светам, — адзначае Мiкалай Бамбiза. — Лiчу, што гэтага не дастаткова. Трэба стварыць штосьцi такое, каб чалавек быў зацiкаўлены правесцi ў Пушчы хоць бы тры днi, каб занятак па душы змог знайсцi кожны: i малы, i дарослы. I такая iдэя ёсць.

— Мiкалай Мiкалаевiч, апошнiм часам плынь замежных турыстаў у Белавежу паступова павялiчваецца. Аднак пакуль не такiмi тэмпамi, як хацелася б...

— Мы працуем над гэтым. I паверце, справа тут зусiм не ў тым, што наш парк не можа прапанаваць турыстычны прадукт адпаведнай якасцi. З гэтым якраз усё ў парадку. Я часта асабiста размаўляю з iншаземцамi, якiя прыязджаюць да нас адпачываць, на паляванне. Многiя з iх аб’ехалi ўсю Еўропу, палявалi i ў Польшчы, i ў Францыi, i ў Германii... Дык вось рознiцы ва ўмовах пражывання, узроўнi абслугоўвання яны не заўважаюць. Мiф пра адсутнасць iнфраструктуры, сучаснага сэрвiсу ў беларускай Белавежы падтрымлiваюць нядобразычлiўцы нашай краiны i нядобрасумленныя канкурэнты Нацыянальнага парку. Здараецца, даходзiць да смешнага: iншаземцы пасля такой апрацоўкi прыязджаюць да нас з мяшкамi прадуктаў, перакананыя, што тут жывуць дзiкiя людзi, якiя ледзь не на хамутах спяць... Калi ж на свае вочы знаёмяцца з пушчай, беларусамi, якiя тут жывуць, iх укладам жыцця — проста абураюцца: як жа можна так падманваць!

Нам пакуль складана данесцi поўную i праўдзiвую iнфармацыю аб Нацыянальным парку да турыстаў у Заходняй Еўропе. Аднак i тут мы значна актывiзавалi работу. Удзельнiчаем у мiжнародных турыстычных выставах, будзем абнаўляць i займацца пазiцыянiраваннем свайго сайта ў Iнтэрнэце, шукаем кантакты з замежнымi турыстычнымi фiрмамi. У гэтым плане актыўна працуем з галандцамi — турысты з гэтай краiны нашы пастаянныя госцi, — зараз вядзём перамовы з харватамi... Аказвае нам падтрымку i Цэнтркурорт Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

— Сёлета заканчваецца дзеянне Дыплома Савета Еўропы, прысвоенага Нацыянальнаму парку. Асобныя недзяржаўныя сродкi масавай iнфармацыi спрабуюць на гэтым спекуляваць — маўляў, беларускую Белавежу пазбаўляюць высокай адзнакi...

— Магчыма, камусьцi i хочацца, каб так было... Аднак падстаў для хвалявання няма. Зусiм нядаўна наш парк наведалi эксперты Камiтэта па сусветнай спадчыне ЮНЕСКО. Не тое, што нейкiх iстотных заўваг нам не зрабiлi — былi проста прыемна здзiўленыя тым, што не толькi выконваюцца iх ранейшыя рэкамендацыi — робiцца значна больш. Асаблiва iх уразiла павелiчэнне запаветнай тэрыторыi парку амаль у два разы i той факт, што ў Беларусi Палажэнне аб Нацыянальным парку, яго межы зацверджаны Указам кiраўнiка дзяржавы. У студзенi 2007 года ў Страсбургу плануецца правесцi пасяджэнне, на якiм будзе разглядацца пытанне аб прадаўжэннi тэрмiну дзеяння Дыплома Савета Еўропы. Ёсць усе перадумовы меркаваць, што пытанне будзе вырашана станоўча.

...Падчас гутаркi з намi генеральны дырэктар падпiсвае дакументы, праглядае пiсьмы, якiя назапасiлiся за час яго адсутнасцi.

Памiж размовай ён заўважае, што даволi многа бруду на дзейнасць Нацыянальнага парка вылiта ў апазiцыйнай прэсе. Хоць «прэса» — гэта вельмі гучна для няўклюдных намаганняў аднаго чалавека, якi раней працаваў у Нацыянальным парку i давёў свой участак «да ручкi». Па гэтай прычыне з iм i давялося развiтацца. У адказ былы супрацоўнiк разгарнуў цэлую кампанiю ў Iнтэрнэце i ў «незалежных» СМI па траўлi кiраўнiцтва парку, якая доўжыцца ўжо некалькi гадоў.

— Ды нам на гэта глядзець няма чаго, ды i няма калi — працаваць трэба, — адзначае Мiкалай Мiкалаевiч. — Пушча да сябе абсалютнай увагi патрабуе.

Матэрыялы падрыхтавалi

Сяргей ПРОТАС,

Алена ДАЎЖАНОК,

Марыя ЖЫЛIНСКАЯ (фота).


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыгажосць некранутай беларускай прыроды вымушае іншаземцаў губляць дар мовы і нават плакаць ад захаплення
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика