21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Залiць святлом не толькi гарады, але i ўсю сiнявокую Беларусь

25.08.2009 22:16 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

22 СНЕЖНЯ — ДЗЕНЬ ЭНЕРГЕТЫКА

Спецыяльныя карэспандэнты «Звязды» гутараць з дырэктарам Слуцкiх электрычных сетак Аляксандрам КУРДУНОМ



ПРАДСТАЎЛЯЕМ ПРАДПРЫЕМСТВА

Слуцкiя электрычныя сеткi (СЭС) — фiлiял рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства «Мiнскэнерга». Арганiзаваныя ў 1962 годзе. Выконваемыя задачы — перадача i размеркаванне электрычнай энергii ў адзiным комплексе энергазабеспячэння рэспублiкi, надзейнае i бесперабойнае забеспячэнне электраэнергiяй спажыўца, рамонт i абслугоўванне (аператыўнае, эксплуатацыйнае) электрасетак. Iнакш кажучы, утрымлiванне ў рабочым стане артэрый, па якiх электрычнасць дастаўляецца спажыўцу. Абслугоўваюць пяць адмiнiстрацыйных раёнаў — Слуцкi, Салiгорскi, Старадарожскi, Любанскi i Капыльскi, у кожным з iх дзейнiчае структурнае падраздзяленне СЭС — раён электрасетак (РЭС), а ў Салiгорску i Слуцку акрамя раённых маюцца яшчэ i гарадскiя электрычныя сеткi. Як асобныя падраздзяленнi выступаюць буйная падстанцыя 750 кВ «Беларуская» i Салiгорская МЦЭЦ. Усяго больш за дваццаць вытворчых падраздзяленняў i службаў забеспячэння, у тым лiку службы электратэхнiчнага абсталявання падстанцый, рэлейнай абароны, iзаляцыi, высакавольтных лiнiй электраперадач, транспарту i iншыя.

У 2002 годзе СЭС адзначыла саракагоддзе. Мае вядомасць у рэспублiцы. Заўсёды лiчылася «кузняй кадраў». Пасля «Слуцкай акадэмii» многiя яе «выпускнiкi» паспяхова працуюць на адказных пасадах на самых розных прадпрыемствах Беларускай энергасiстэмы. Калектыў — каля 1100 чалавек. У апошнiя гады значна амаладзiўся. Тут ёсць свая заканамернасць. Энергетыка бурна развiвалася ў пачатку i сярэдзiне шэсцiдзесятых. I пакаленне, якое тады прыняло на сябе асноўны цяжар, зараз перадало «бразды правления» маладым. Тая абставiна, што ў калектыве працуе шмат моладзi, яму толькi на карысць. Не выклiкае сумнення магчымасць выканання вытворчых задач любой складанасцi. Гэта пацвердзiлi падзеi нядаўнiх гадоў, калi ў Беларусi разгул стыхii выводзiў са строю электрычныя сеткi на значных адлегласцях, i даводзiлася тыднямi дзейнiчаць у экстрэмальным рэжыме. Слуцкiя энергетыкi працавалi не толькi ў сваiх пяцi, але i ў суседнiх раёнах сталiчнай вобласцi i ў Мiнскiм раёне. Узаемадапамога характэрна для галiны. Летась, напярэдаднi рэспублiканскага свята дажынак, якое праводзiлася ў Слуцку, калектыў выканаў вялiкiя аб’ёмы работ (коштам каля 10 мiльярдаў руб.), i звязаных не толькi з электразабеспячэннем, але i добраўпарадкаваннем горада. Прычым, загадзя спланаваў i арганiзаваў усе работы так, што яны вялiся без штурмаўшчыны, значыць — якасна i надзейна. А ў энергетыцы паняццi якасцi i надзейнасцi бадай што вызначальныя.

1. Адметнасцi

— Для пачатку раскажыце, Аляксандр Канстанцiнавiч, чым ваш калектыў адрознiваецца ад iншых роднасных калектываў?

— Калi паглядзець на карту электразабеспячэння Беларусi, то вiдавочна, што Слуцкiя электрычныя сеткi з’яўляюцца важнейшым сiстэмаўтваральным вузлом энергетычнага комплексу рэспублiкi. Што накладвае на нас вельмi вялiкую адказнасць. Так склалася гiстарычна, бо знаходзiмся ў цэнтры краiны. Слуцкiя электрасеткi забяспечваюць транспарцiроўку электраэнергii з Украiны, Прыбалтыкi, Расii, аб’ём транзiту складае больш за 10 працэнтаў спажываемай у Рэспублiцы Беларусь электраэнергii. Наша электрасеткавае прадпрыемства лiчыцца буйным, адносiцца да першакатэгарыйных, мае больш за пяцьдзесят пяць тысяч умоўных адзiнак абсталявання.

Калi гаварыць пра адметнасцi, то на тэрыторыi Старадарожскага раёна, якi мы абслугоўваем, дзейнiчае буйная, сiстэмаўтваральная падстанцыя 750 кВ «Беларуская» — яна з’яўляецца адзiнай у рэспублiцы падстанцыяй такога класа (такiх падстанцый на тэрыторыi былога СССР i Еўропы ўсяго некалькi) i звязвае мiж сабой лiнii напружаннем 330 i 750 кiлавольт. Пераход з аднаго класа напружання на другi забяспечвае ўнiкальны трансфарматар-мiльённiк (больш за 1 мiльён кВт-ампер). Па плошчы станцыя займае 32 гектары, яна вузлавая, праз яе энергасiстэма Беларусi злучаецца з энергасiстэмамi Расii i Прыбалтыкi, напрыклад, са Смаленскай атамнай станцыяй, менавiта лiнiяй 750 кiлавольт. Канкрэтна адтуль рэспублiка атрымлiвае электраэнергiю з Расii. Такая ж лiнiя злучае i з Iгналiнскай атамнай станцыяй, хоць яна працуе ў рэжыме 330 кВ, але габарыты, магчымасцi яе — 750 кiлавольт. Iснуюць далейшыя перспектывы развiцця лiнiй на 750 кiлавольт. Што дасць штуршок для прадаўжэння развiцця падстанцыi «Беларуская», якая нядаўна адзначыла сваё 20-годдзе i мае стабiльны, сфармiраваны калектыў — некалькi дзесяткаў высакакласных спецыялiстаў. Лiчу неабходным падкрэслiць гэта асобна, бо адказнасць персаналу падстанцыi перад усёй энергасiстэмай Беларусi i энергасiстэмамi краiн-суседзяў надзвычай высокая.

Да прыкладу, пры аварыйных рэжымах з дапамогай аўтаматыкi падстанцыi аўтаматычна адбываюцца неабходныя адключэннi цi ўключэннi электраабсталявання на тэрыторыi ўсiх абласцей Рэспублiкi Беларусь, Прыбалтыкi i на Смаленскай АЭС.

Яшчэ адна наша асаблiвасць: праз падстанцыi 330 кВ «Калiйная» i «Слуцк» забяспечваем электраэнергiяй вельмi буйнога спажыўца — вытворчае аб’яднанне «Беларуськалiй». Вытворчы гiгант з’яўляецца такiм i з пункту гледжання спажывання электраэнергii — сумарная нагрузка чатырох калiйных камбiнатаў даходзiць да 180 тысяч кiлават. Будуецца пяты калiйны камбiнат i ў праекце — шосты. Так што нагрузка будзе расцi. Калi ўспомнiць пра спецыфiку камбiната — шахты глыбокага залягання з iх складаным абсталяваннем, пад’ёмнымi механiзмамi, тысячамі людзей пад зямлёй, гiганцкiя солеадвалы, а таксама пра стотысячнае насельнiцтва горада, то становiцца ясным, што бесперабойнае i надзейнае электразабеспячэнне шахцёрскай сталiцы ёсць аснова асноў.

У нашай зоне наогул добра развiтая прамысловасць, працуе больш за 200 прадпрыемстваў, сярод якiх такiя буйныя, як слуцкiя цукрова-рафiнадны камбiнат i мясакамбiнат, пiўзавод, аўтарамонтны завод, льнокамбiнат. Шмат буйных сельскагаспадарчых кааператываў, а ўсяго забяспечваем электраэнергiяй больш за 130 сельскагаспадарчых калектываў.

Адметнасцю з’яўляецца i тое, што з нядаўняй пары электрасеткавае прадпрыемства пачало займацца новай для сябе справай — цеплазабеспячэннем. Той жа «Беларуськалiй» у свой час вёў будаўнiцтва ўласнай цеплавой крынiцы для патрэб горада — МЦЭЦ, затым гэтая будоўля была «замарожана». У навейшай гiсторыi краiны яе аднаўленнем займаўся ўжо канцэрн «Белэнерга». Даручылi адказную справу Слуцкiм электрасеткам. З 2004 года, калi было завершана будаўнiцтва, мы забяспечваем i эксплуатацыю. Салiгорску раней не хапала цяпла, i з уводам гэтай крынiцы мы можам цалкам забяспечыць патрэбнасцi горада. Ён атрымаў перспектыву далейшага развiцця жыллёвага будаўнiцтва i зараз зноў актыўна будуецца.

2. Што гадок, то «раток»

— Цi расце ў вашай зоне спажыванне электраэнергii, Аляксандр Канстанцiнавiч? I калi так, то чым гэта тлумачыцца?

— Безумоўна, расце. Калi здаровая эканомiка, то спажыванне заўсёды расце. Павялiчваецца энергаўзброенасць прамысловых i сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Тут — як некалi ў добрай сям’i: што гадок, то раток. Спажыўцы будуюць энергааб’екты, затым перадаюць iх нам на абслугоўванне. А насельнiцтва, якога ў пяцi раёнах больш за 250 тысяч чалавек, усё часцей набывае складаную бытавую тэхнiку. Канешне, актуальнай становiцца i праблема энергазберажэння, аб чым таксама забываць не варта. Гэта агульная задача — для эксплуатацыйнiкаў, якiя павiнны ўкараняць сучасныя энергазберагальныя тэхналогii i абсталяванне, i для нас, энергетыкаў.

— Калi памятаць, што ваша галоўная задача — бесперабойнае i безаварыйнае забеспячэнне спажыўца электрычнай, а з нядаўняга часу яшчэ i цеплавой энергiяй, то дазвольце запытаць, цi ўдаецца дабiвацца такой бесперабойнасцi, безаварыйнасцi?

— Скажам так: мы да гэтага iмкнёмся. I робiм усё неабходнае, каб забяспечыць менавiта такi рэжым работы. Не варта здымаць з рахунку аб’ектыўныя фактары — прыродныя з’явы (а яны апошнiм часам падносяць сюрпрызы), альбо старэнне абсталявання. Асаблiва калi яно працуе ў агрэсiўным асяроддзi, што характэрна для Салiгорскага прамысловага вузла, дзе металаканструкцыi патрэбна мяняць кожныя два-тры гады. Яны, гэтыя фактары, не даюць нам расслабiцца. Мы пастаянна працуем над змяншэннем аварыйнасцi. Ёсць спецыяльны кантрольны паказчык — колькасць аварый у год на сто кiламетраў лiнiй электраперадач. Ёсць i паказчык часу, што адводзiцца на лiквiдацыю iх наступстваў. Ён таксама пад кантролем. I дынамiка ў абодвух выпадках станоўчая. Сённяшняя аварыйнасць, дзякаваць Богу, не iдзе нi ў якае параўнанне з той, якую мелi дзесяць-пятнаццаць гадоў таму.

— У чым вы шукаеце гарантыю, на што робiце ўпор, што лiчыце галоўным для сябе ў гэтай рабоце?

— Не здзiўляйцеся, але самае галоўнае — парадак i дысцыплiна ў калектыве. Аснова асноў. Калi сярод людзей парадак, тады i тэхнiка працуе так, як ёй належыць.

Не меншае значэнне мае квалiфiкацыя персаналу. Бо ў нас навукаёмiстая вытворчасць, эксплуатуем сучаснае абсталяванне. Напрыклад, электрамеханiчныя ўстройствы рэлейнай абароны сетак i абсталявання ўступаюць месца мiкрапрацэсарным i лiчбавым сiстэмам з выкарыстаннем ПЭВМ. Абсталяванне з кожным разам прыходзiць усё больш складанае, больш дасканалае. Можна нават сказаць, што зараз укараняецца новае пакаленне прыбораў i абсталявання. Напрыклад, аджылi свой век масляныя выключальнiкi, i паўсюдна iдзе iх замена на вакуумныя i электрагазавыя. I гэтак далей.

Вялiкай падмогай становiцца камп’ютарызацыя асноўных працэсаў. З дапамогай камп’ютарных тэхналогiй ажыццяўляецца пастаянны кантроль за станам энергаперадаючых сетак, камутацыйнага абсталявання, вядзецца збор усёй неабходнай iнфармацыi, яна паступае на велiзарныя, на ўсю сцяну экраны — мнемашчыты ў дыспетчарскiх i на манiторы спецыялiстаў. Укаранёна сiстэма АСУ ТП на станцыi «Беларуская» i МТЭЦ у Салiгорску. Ва ўсiх раёнах электрычных сетак укаранёны сiстэмы тэлемеханiкi, яны забяспечваюць тэлевымярэннi, тэлекiраванне, тэлесiгналiзацыю i дапамагаюць персаналу, якi працуе за аўтаматызаванымi рабочымi месцамi, больш аператыўна кiраваць сеткамi i абсталяваннем i аднаўляць нармальны рэжым работы. З пульта той жа АДС фiлiяла можна ўключыць цi адключыць абсталяванне, зменшыць цi павялiчыць нагрузку на сеткi, падключыць рэзерв i г.д.

Такiм чынам, узровень патрабаванняў да людзей, што абслугоўваюць увесь гэты складаны тэхнiчны комплекс, надзвычай высокi. Калi ў электрычных сетках, на падстанцыях цi на любым iншым аб’екце здараецца няштатная сiтуацыя, спецыялiсты павiнны прымаць рашэннi самастойна, у лiчаныя секунды, браць адказнасць на сябе. Мы заўсёды ўпэўнены ў сваіх людзях i разлiчваем на iх. Пастаянна вучым iх — iснуе сiстэма падрыхтоўкi i перападрыхтоўкi персаналу, у тым лiку з выкарыстаннем магчымасцяў айчынных ВНУ, тэхнiкумаў, вучэбных камбiнатаў «Мiнскэнерга», «Вiцебскэнерга» i г.д. Кожны, хто працуе на прадпрыемстве, ахоплены прафесiйнай вучобай. Калi як мае быць абучыш персанал, прывучыш людзей да дысцыплiны i ствараеш iм умовы для працы, можаш смела на iх разлiчваць.

3. Перспектывы

— Па рэспублiканскай праграме развiцця галiны да 2010 года якiя станоўчыя змены намечаны ў зоне вашага абслугоўвання?

— I па праграме, i акрамя праграмы работы чакаецца шмат. Сярод найбольш прыкметных праектаў, ажыццяўлення якiх мы чакаем, перш за ўсё рэканструкцыя падстанцыi 330 «Слуцк». Ёй 40 гадоў, абсталяванне ў многiм выпрацавала свой рэсурс. Хацелася б ажыццявiць i рэканструкцыю падстанцыi «Беларуская». У прыватнасцi, адмовiцца ад паветраных выключальнiкаў, перайсцi на больш сучасныя элегазавыя.

Гэта як бы дзве асноўныя, буйнамаштабныя задачы. Акрамя таго падрыхтавана праектная дакументацыя, i ў 2007 годзе спадзяёмся пачаць будаўнiцтва новага адмiнiстрацыйна-гаспадарчага корпуса для Слуцкiх гарадскiх электрычных сетак, што дапаможа стварыць для калектыву нармальныя вытворчыя i бытавыя ўмовы. У Салiгорску сучасны прыгожы будынак для гарадскiх электрасетак i энергазбыту мы пачалi абжываць летась у такi ж час, а крышку раней абзавёўся сваiм асобным будынкам i Слуцкi сельскi РЭС.

Зараз пачата праектаванне модуля Салiгорскай МЦЭЦ, якi будзе працаваць на мясцовым палiве. Будаўнiцтва, мантаж, наладка абсталявання запатрабуе ад нас пэўных намаганняў, як i падрыхтоўка кадраў. Бо гэта не тыпавое абсталяванне.

Прадугледжаны далейшая замена станцыйнага абсталявання, узвядзенне новых збудаванняў, рэканструкцыя сетак ад 0,4 да 110 кiлавольт. Праўда, план рэканструкцыi сетак нам даводзiцца пастаянна. Месяц таму рапартавалi аб датэрмiновым выкананнi такога плана на 2006 год. Паспяхова выконваюцца i астатнiя даведзеныя нам паказчыкi.

У 2007 годзе ўводзiм у работу падстанцыю Дубеi пад Салiгорскам.

— Цi ўдзельнiчаеце вы ў праграме адраджэння беларускай вёскi?

— Можна сказаць, што мы яе пастаянна адраджаем. Завяршэннем глабальнага i шматпланавага пасляваеннага адраджэння была тая суцэльная электрыфiкацыя беларускай вёскi, якая праводзiлася ў пачатку 60-х гадоў мiнулага стагоддзя. Апоры тады ўстанаўлiвалiся драўляныя, правады вешалi малога сячэння, гэта ўсё не задавальняе цяперашнiм патрабаванням. Таму рэканструкцыя сетак у вёсцы — штогадовая i шматгадовая наша работа. Зараз акцэнт робiцца на аграгарадках. Пад нашай апекай — населеныя пункты Цiмкавiчы i Старыца ў Капыльскiм раёне, гарадскi пасёлак Урэчча на Любаншчыне, населеныя пункты Вясея i Вежы Слуцкага раёна, Крывiчы i Новапалескi ў Салiгорскiм раёне, вёска Паставiчы на Старадарожчыне.

У пералiку работ запiсана i асвятленне вулiц, як адзiн з сур’ёзных сацыяльных стандартаў. Вулiчнае асвятленне мы ўжо выканалi, i не толькi ў аграгарадках, але па ўсiх населеных пунктах усiх пяцi раёнаў. Толькi ў адным Слуцкiм раёне было адноўлена 80 кiламетраў сетак вулiчнага асвятлення, заменена больш за 400 свяцiльнiкаў. Зараз справа за заказчыкамi, тымi ж сельсаветамi, каб яны паклапацiлiся пра сродкi на эксплуатацыю лiнiй асвятлення, i адпушчаныя дзяржавай грошы на будаўнiцтва лiнiй не аказалiся «закапанымi» ў зямлю. Гэтай справе прыдаецца сур’ёзнае значэнне, i намi створаны спецыяльныя брыгады па абслугоўванню вулiчнага асвятлення. Сёння на селектары кожны раён дакладваў, што ранiцай такiя брыгады выехалi на аб’екты. Зараз гэта нават больш актуальна, чым летам — рана змяркаецца i позна свiтае. Мы, энергетыкi, пры ўмове своечасовай аплаты i справядлiвых тарыфах гатовы залiць святлом не толькi гарады, але i ўсе вёскi Беларусi.

— А хто гаспадар, хто электрык у вёсцы? Раней быў калгасны электрык, да якога можна было звярнуцца па ўсiх пытаннях.

— Што датычыцца лiнiй электраперадачы, то да iзалятара ўводу ў будынак гаспадар — РЭС. А ўжо што да ўнутранай электраправодкi — як у збудаваннях аграпрамысловага комплексу, так i ў жылых будынках насельнiцтва, то гэта абавязкi ўладальнiкаў i кампетэнцыя «Сельэнерга» (цi «Райаграпрамэнерга», так яны зараз называюцца). Альбо энергетыка цi электрыка калгаса (СВК). Бывае, канешне, што ў калгасе няма свайго энергетыка, гэта няправiльна, у СВК шмат энерганасычанага абсталявання, ёсць яно i ў насельнiцтва, i такi спецыялiст у вёсцы павiнен быць.

— Калi мы загаварылi пра работу з насельнiцтвам, то скажыце, цi знаходзiць прымяненне папулярная зараз практыка «аднаго акна»?

— Работу з насельнiцтвам па прынцыпу «аднаго акна» арганiзавалi ў кожным раёне. Каб чалавек для вырашэння сваёй праблемы не хадзiў па шматлiкiх iнстанцыях, а прыйшоў у адзiн кабiнет, там запiсалi яго просьбу i сказалi, калi з’явiцца за дакументам цi нейкiм прамежкавым вынiкам. Ён прыйдзе ў той жа пакой, а не будзе хадзiць i ездзiць па дзесяцi розных адрасах. Звяртаецца шмат людзей. Найчасцей — за падключэннем новага дома, гаража, iншых пабудоў да лiнii. Некаму патрэбна выканаць трохфазны ўвод, iншаму — электрамантажныя работы i гэтак далей. Стараемся дапамагаць людзям аператыўна. Тэхнiчныя ўмовы для праектавання выдаём на працягу пяцi дзён. Можам аказаць i комплексную паслугу — гэта выдача тэхнiчных умоў, праектаванне (у нас ёсць свая праектная група), выкананне мантажных работ, наладка i падключэнне — праз месяц аб’ект здаецца «пад ключ». Напрыклад, у Салiгорскiм раёне зараз сапраўдны будаўнiчы «бум» — узводзяцца новыя буйныя пасёлкi Памесце i Заазёрны, дачныя кааператывы, таварыствы iндывiдуальных забудоўшчыкаў, вясковыя дамы, таму на сёння ў РЭСе больш за 500 зваротаў, iх колькасць рэгiструецца па нарастаючай.

4. Стратэгiя дыктуе тактыку

— Калi гаварыць пра эксплуатацыю, то асноўны ўпор робiм на прафiлактыку, — працягвае свой расказ Аляксандр Канстанцiнавiч Курдун. — Лягчэй выканаць планавы прафiлактычны рамонт, планавую замену, чым у «гарачым» рэжыме лiквiдаваць абрыў цi паломку. Калi нейкi сеткавы раён працуе толькi на аварыйнае ўстараненне, то гэта паказчык непрафесiйнай работы. У нас — два вiды рамонту: цякучы i капiтальны. Стараемся выконваць iх своечасова i ў поўным аб’ёме. I тады на экранах у аператыўна-дыспетчарскiх службах РЭСаў i нашага фiлiяла, ЦДС «Мiнскэнерга» i Беларускага АДУ — аб’яднанага дыспетчарскага ўпраўлення на Карла Маркса, 14 у сталiцы — радзей загараюцца трывожныя сiгналы. Сiстэма аператыўнай дыспетчарскай службы стройная, яна — аснова, стрыжань эксплуатацыi. Гэта сродак iнфармавання: мы бачым, дзе адбылося адключэнне — на канкрэтнай ферме, у канкрэтнай вёсцы, дакладна на якiм адрэзку лiнii. Сiгнал прыходзiць i тады, калi нехта самавольна пранiк на тэхнiчны аб’ект. А што датычыцца рэагавання, то на трывожныя выклiкi энергетыкi прыязджаюць хутчэй за пажарнiкаў i «хуткую дапамогу».

Служба наладжана кругласутачна. У РЭСах у распараджэннi дыспетчара аператыўна-выязныя брыгады. Дыспетчар самастойны ў прыняццi рашэння, ён не пытае кожны раз «што мне рабiць», бо цудоўна ведае сам.

Да слова сказаць, работа службаў у асноўным i арганiзавана брыгадамi. Гэта галоўнае звяно — брыгады. Iх узначальваюць майстры, якiя па дзелавых якасцях адпавядаюць назве сваёй пасады. У распараджэннi аператыўных i астатнiх брыгад — аўтамабiлi i ўсё, што неабходна для выканання задачы: абсталяванне, апаратура, прыборы для вызначэння месца пашкоджання, сродкi iндывiдуальнай абароны. Для комплекснага рамонту абсталявання падстанцый брыгады выязджаюць на аб’екты ў перасоўных вагонах-майстэрнях, iх у нас шэсць, i ўсе належным чынам аснашчаны — свiдравальнымi i наждачнымi станкамi, апаратамi для зваркi, спецыялiзаваным iнструментам. Ёсць нават гасцiнiца на калёсах, калi камандзiроўка звязана з працяглым знаходжаннем за межамi вытворчых баз, на аддаленых аб’ектах. У паходнай гасцiнiцы цёпла i ўтульна.

Асобным «радком» у нашай вытворчай праграме пазначаны энергазберагаючыя мерапрыемствы. Асноўныя мiльёны рублёў эканомii «ловiм» з дапамогай сучасных тэхналогiй. Калi на той жа Салiгорскай МЦЭЦ укараняецца больш сучаснае абсталяванне, якое змяншае расход удзельнага палiва на выпрацоўку кiлават-гадзiны i Г/калорыi цяпла. Калi ўстанаўлiваюцца энергазберагаючыя свяцiльнiкi. Прадугледжана эканомiя i ад уласнай дзейнасцi. На нашых аб’ектах паўсюдна электраацяпленне пераведзена на мясцовыя вiды палiва.

Пастаянны клопат — барацьба з вялiкiм злом, якiм з’яўляецца крадзеж электраэнергii. Штодзённа ва ўсiх раёнах праводзяцца рэйды па выяўленню яе безулiковага спажывання. За 10 месяцаў было складзена больш за 50 актаў на суму больш за 7,0 мiльёна рублёў. На нашу думку, безулiкова спажываецца ў быту каля 1,0 млн. кВт/гадзiн у год (у зоне нашага абслугоўвання).

I яшчэ пра эканомiю. Дапамагае эканомiць сродкi ўласная майстэрня для службы падстанцый. Не на кожным прадпрыемстве такая майстэрня ёсць. Падстанцыйнае абсталяванне стаiць на адкрытым паветры, падпадае пад атмасфернае ўздзеянне. I ў 20-градусны мароз рамантаваць яго на адкрытай пляцоўцы не будзеш. Робiм гэта ў майстэрнi, дзе створаны ўсе ўмовы. Майстэрня дазваляе заняць справай у зiмовы перыяд персанал брыгад, якiя з сакавiка па лiстапад — у палях, на цякучым абслугоўваннi i рамонце, а ў зiмовыя месяцы больш часу праводзяць на вытворчай базе. З пяцi тэрытарыяльных раёнаў звозiцца абсталяванне, якое патрэбна перабраць. Новае таксама патрэбна перагледзець, падрыхтаваць да ўстаноўкi. Такiм чынам у нас людзi заняты круглы год, а абсталяванне дагледжана.

5. Ад якасцi працы да якасцi жыцця

— Мы пагарталi вашу справаздачнасць i бачым, што на службу якасцi пастаўлена i рацыяналiзацыя.

— Летась пададзена i ўкаранёна 15 рацыяналiзатарскiх прапаноў. У гэтым годзе пададзена 23 рацпрапановы. Але ў якасцi прыкладу я прывяду распрацоўку, якая была ўкаранёна ў вытворчасць крыху раней. Уласнымi сiламi выканалi вялiкую iндукцыйную вакуумную печ-сушылку, каб даводзiць да нармальных характарыстык масланапоўненае абсталяванне. Корпус шукалi па ўсёй Беларусi, бо ён унiкальны, не менш унiкальную крышку знайшлi ў Гомелi. Распрацавалi сiстэму аўтаматыкi. Адзiнае, што заказалi ў падраднай арганiзацыi, гэта цеплавую iзаляцыю. Усё астатняе зрабiлi сваiмi рукамi. Можна «лячыць» трансфарматары, масiўныя катушкi ДГК i ўводы пад сур’ёзнае напружанне.

Пачынаем работу па пераходу на мiжнародныя стандарты. У «Мiнскэнерга» праходзiла спецыяльная нарада, прысутнiчалi i спецыялiсты прадпрыемства. Галiна наша навукаёмiстая, у калектыву ёсць прывычка да работы з дакументамi i стандартамi, таму ў распрацоўцы сiстэм менеджменту якасцi на аснове ISО 9000 апошнiмi не будзем.

— Тым больш, калi iснуе калектыўны настрой на эфектыўную, якасную працу.

— Адной з самых галоўных сваiх задач як дырэктара заўсёды лiчыў стварэнне працаздольнага калектыву. Калi я прыйшоў на прадпрыемства, было 600 чалавек, зараз каля 1100. Растуць аб’ёмы работ, мы прымаем на баланс новыя аб’екты. А калi сеткi растуць, то павiнны расцi i людзi.

Пастаянна падмацоўваем калектыў маладымi сiламi, запрашаем да сябе выхаванцаў БАТУ, БНТУ, энергатэхнiкума — гэта асноўныя нашы пастаўшчыкi кадраў. Штогод прымаем удзел у рабоце камiсiй па размеркаванню выпускнiкоў БАТУ i БНТУ. Аплачваем завочную вучобу ў ВНУ васьмi сваiх работнiкаў, якiя маюць неблагi сярэднi бал адзнак.

У апошнi час становiцца цяжэй камплектаваць кадры з-за адсутнасцi росту заработнай платы. Пры павелiчэннi адказнасцi, росце квалiфiкацыi, ускладненнi рэжыму работы зарплата, можна сказаць, не павялiчваецца.

Ствараем умовы для працы людзей, належныя бытавыя ўмовы. Даём магчымасць праявiць сябе не толькi ў працы, але паказаць i iншыя здольнасцi. Арганiзавалi драматычны тэатр, кiруе iм прафесiйны работнiк з гарадскога Палаца культуры Алег Iванавiч Пiнчук. Ставяць нават класiку. Напярэдаднi прафесiйнага свята ў нас — прэм’ерны паказ спектакля «Каханне ў стылi барока», гэта камедыя ў дзвюх частках па п’есе Я. Стэльмаха. А крыху набяруцца нашы самадзейныя артысты майстэрства — змогуць парадаваць нашых калег у другiх раёнах. Нi ў кога ў галiне няма такога творчага калектыву, гэта яшчэ адна наша адметнасць.

Напярэдаднi свята, Дня энергетыка, хочацца падзякаваць людзям за работу. Яны самааддана працуюць у снег i холад, на сонцапёку — у любое надвор’е. Жадаю ўсiм моцнага здароўя, безаварыйнай работы i дастойнай зарплаты. Сардэчна вiншуем таксама ўсiх сваiх калег!

Публiкацыю падрыхтавалi Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ, Веранiка АРЛОЎСКАЯ i Марыя ЖЫЛIНСКАЯ (фота).


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльныя карэспандэнты «Звязды» гутараць з дырэктарам Слуцкiх электрычных сетак Аляксандрам КУРДУНОМ
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика