Дваццаць год пасля
Валянцiна ДОЎНАР
Простая мова ...Адным радком, для памяцi:— О-о, нарэшце! Дачакалiся — Калядныя маразы! — пачула ранiчкай пасля Вадохрышча i ўбачыла: на тэрмометры... мiнус адзiн. Гадоў праз 20 нiхто, вiдаць, не паверыць, што зiмой дзве тысячы шостага-сёмага — нi халадоў, нi снегу не было. Змрок. Аж да канца студзеня. На добрых руках Татка, татачка — гэта гордае званне Ромiк носiць нядаўна i цалкам заслужана, бо першынца свайго ну вельмi чакаў, дапамагаў яму з’явiцца на свет, а ўжо потым — i купаў, i спавiваў, i кармiў, i калыхаў... Крэўнiкi яны, адзiн без другога — проста дыхаць не могуць. А даводзiцца — бо бацьку ж трэба на працу, трэба па справах цi горш яшчэ — у камандзiроўкi... Падчас адной з iх на вакзале ён хлопчыка ўбачыў (той на падлозе сядзеў) — аж сэрца зайшлося: дзе бацькi, маўляў, куды глядзяць?! I дзiцятка на рукi... Падхапiў, азiрнуўся i толькi тут апомнiўся, што не дома ён — у Гамбургу, што дзiцяцi — нiшто не пагражае: падлога, прынамсi, тут чысцейшая, чым на асобнай кухнi. ...Паставiў на яе малога, папрасiў прабачэння... На руска-нямецкай... Бацькi — усё зразумелi. Ды i само дзiця... Ветла ўсмiхалася — яму, як свайму. I сваё. Каб ведаць... Сялiбка тая i сёння стаiць — па-ранейшаму пустая, ля самай шашы — але цяпер, так бы мовiць, моўчкi. Тады ж, перад ёй, вялiзазны белы шчыт красаваўся з яркiм, чырвоным: «Продаётся дом!». Калега-фотакор яго зняў (разам з абвесткай), да здымка неяк самi сабой злажылiся радкi: Што было — таго не будзе зноў. I жыццё — гадзiнай... Белым сцягам «Прадаецца дом»... Ды цi дом? Радзiма... «Фотаслова» гэта выйшла ў газеце. А ледзь не назаўтра ў рэдакцыю пазванiў гаспадар, сказаў: я ў суд падам... Вы напiсалi, што я радзiму прадаю, а я — не прадацель... Ледзь паразумелiся. Зрэшты, гэта так — да слова. Зараз — яно само. Радзiму сваю (хату. Яшчэ дзедаву...) Максiм даўно прадаваў i з усiм нажытым — з вялiкiм садам i калодзежам, з хлеўчукамi, лазняй, мэбляй, посудам. Адзiнае — перабраў усё. Больш-менш каштоўнае — забраў сабе, аддаў суседзям. На гарышча сiгануў — нанешта скiнуў адтуль старыя скрынкi для яблыкаў, зжаўцелыя школьныя падручнiкi, ахапак рыззя. А пад iм, ля комiна... Божухна, аж сэрца зайшлося — гаршчок... Зверху залiты глiнай... Пакуль спускаўся з гарышча (на дрыжачых ад нагах), — чаго нi перадумаў... Назiркам (на ўсякi выпадак) зайшоў за хляўчук, — разбiў «накрыўку». Пад ёй былi пiсьмы, нейкiя паперы, вiншавальныя паштоўкi... Па канвертах пазнаў — ад цёткi з Данбаса, ад дзядзькi з Канады, ад стрыечнай сястры... Асцярожна, па паперынцы, ён вымаў iх з пасудзiны, абмацваў кожны канверцiк — нiчога (у сэнсе каштоўнага). Ад злосцi садануў ботам па гаршку, закурыў, кiнуў запалку, паглядзеў, як лiха ўсё загарэлася i пасмяяўся... З сябе, бо думаў жа золата, скарб! Як у ваду глядзеў, калi думаў: праз трыццаць гадоў у газеце абвестку ўбачыў: з мэтай атрымання спадчыны ў Канадзе, расшукваецца радня... таго самага дзядзькi. Як быццам... З усёй той раднi ён застаўся адзiн, але ж на руках — нiякай зачэпкi: нi адраса, нi фотакарткi, нi дакладнага iмя, нi звестак пра сям’ю... Нiчога. I, галоўнае, каб iх не было... А то спалiў — уласнымi рукамi. Што такое цяжка Яны любiлi адно аднаго i пачуццяў сваiх не хавалi. Навошта (самi казалi), калi ён без пяцi хвiлiн плiтачнiк-мазаiчнiк i ёй — засталося экзамены здаць: школа закончана. Вось толькi армiя... «Касiць» ад яе ён не збiраўся, служыў недалёка, больш за тое — праз паўгода — у водпуск прыехаў. Распiсалiся, вечар зрабiлi... I зацяжарала яна акурат тады ж, хоць жанiха ў той прыезд цвярозым нiхто не ўбачыў. — Паспяшалiся вы... Навошта? — пыталi ў яе сяброўкi. — Можна ж было пачакаць. — Ага... Вам лёгка казаць, — ганарылася маладзiчка, — а чакаць — знаеце, як цiжало. Ды i зачэм?.. Зра ўрэмя цiраць... Пака ён вярнёцца, я сына раджу. Нарадзiла... Калеку... Але гадуе — у добрае надвор’е возiць яго па вулiцы (у закрытым вазку). I расказвае (ледзь не кожнаму), як жа гэта не-вы-нос-на цяж-ка — расцiць дзiця-iнвалiда. ...Куды цяжэй, трэба разумець, чым чакаць. Пакуль муж адслужыць. Цi хаця б праспiцца. У змроку Калiдоры ўлады... Раённага, не высокага рангу. Таму, вiдаць, — шэрыя, абадраныя, з пратаптаным ля дзвярэй лiнолеумам, з высокай, заклеенай скотчам шафай, з дабiтым сталом i крэсламi. Але ж пры гэтым — з тонкiм пахам парфумы, якую маладзiчкi (а ўжо дзелавыя, гордыя сабой...) разам з нейкiмi заперамi носяць з кабiнета ў кабiнет, з начальнiкам, што пайшоў на пяцiмiнутку i праз паўгадзiны яшчэ не вярнуўся, з заўсёднай, напэўна, групай «чакальнiкаў». ...У той дзень яна раздзялiлася: мужыкi, заняўшы чаргу, моўчкi, па асобку, стаялi, смалiлi на вулiцы, бабы — наадварот — шчамiлiся сесцi, кучкавалiся вакол стала, дзе расказвалi — адна адной, а значыць, i ўсiм — хто якую даведку дзе браў, колькi плацiў, куды яе потым нёс. Агульныя ж справы, можна сказаць: адна з кабет — мелася жыллё будаваць, афармляла крэдыт, другая — дакументы на гараж, трэцяя — на дом, што застаўся ад мацi... Тая, бедная, увосень памерла. «Буракi церабiла... Ля студнi сагнулася, каб гумовiкi памыць i...» — От добра табе, — каментуе гэта гора «кабета з гаражом». — А мая — дык каторы год хварэе i цягаецца ўсё. Прычапiлася: «Не магу адна, забяры. Ну хоць на зiму... Я на цябе гараж апiшу...» «Ат, думаю, халера з iм — забяру, хай жыве. Пенсiя ў яе вялiкая... Перавезла. Вечарам вады ў ванну налiла, пасадзiла... Пакупалася яна, а далей — нiяк: i сама не вылезе, i я не падыму. Хоць МНС выклiкай. Ведама — старое... Цяжкая, як глiна... Дык я на тэлефон, брату званю. Кажу: «Забiрай!.. Не трэба мне — нi яе, нi тых грошай»... А што — хай ён даглядае. Такi ж самы сваяк, як i я... Бы рыба на беразе, «захапала» паветра, «жанчына з домам» — заплакала, ускочыла з месца, кiнулася вон. ...На крэсла яе нiхто больш не сеў: «абмен вопытам» скончыўся — над шэрым абадраным калiдорам павiсла цiшыня — гэткая ж шэрая. Навiна У тралейбусе (тварам у салон) мужчынка сядзiць. З разгорнутай газетай: апошнюю старонку чытае. А на першай — каравул... Лiтары — з аршын, ды яркiя, чырвоныя: «Мацi хацела прадаць малодшага сына». Сенсацыя? Так. Навiна? Канешне... Бо (як нi дзiка гэта гучыць) тым, што хацела забiць цi нават забiла, нiкога цяпер не здзiвiш. «За што змагалiся...» ...Дом ён ставiў цвяроза, а значыць, самы звычайны — невялiчкi, цёплы, пад надзейным жалезным дахам, а вось ужо плот... — Цi не здурнеў, суседзе? — пыталi вяскоўцы. — Табе што — няма дзе дошкi дзяваць? — Ды ўжо ж... Засталiся... То няхай хоць плотам паслужаць, — казаў гаспадар i ляпiў iх — высозныя — адна пры адной: камар носа не падточыць. «Кожны па-свойму з глузду з’язджае», — паставiлi «дыягназ» вяскоўцы, i хутка забылiся б, калi б за тым плотам усё добра iшло. Дык не ж... То сярод тыдня свята заложаць — ад песень (да ранку) аж шыбы звiняць, то потым б’юцца мiж сабой, i дзiця ад плачу заходзiцца... То, зноў жа скацiну шкада — хлеў разносiць — галодная... I нiчога не зробiш — плот... I не скажаш... «Адмазка» адна: «Як хочам так i жывём. Вас не датычыцца». Калi б i насамрэч, — хто б iх, дурняў, чапаў, але ж... «Часу не мелi» сена накасiць (карову прадалi, грошы прапiлi), увесну з-за п’янак «не выпала» бульбу пасадзiць, нейкай збажыны пасеяць — апошнюю курыцу засеклi. Убачылi, што без патрэбы хлявы — сталi разбiраць, на дровы. I (голад не дзядзiна...) у тых жа вяскоўцаў — красцi пакрысе... А потым, напiўшыся, падпалiлi хату. ...Ветру не было, — таму тушыць агонь нiхто (апроч пажарных) не кiнуўся. Шкадаваць, а тым больш памагаць пагарэльцам — таксама: «за што змагалiся...» Без дай прычыны Лепшага сябра, чым сын, у яе не было — нi тады, калi ў садок хадзiў, нi потым, калi вырас, паступiў вучыцца. Разам яны рабiлi ўсё — чыталi кнiжкi, мылi падлогi, каталiся на веласiпедах i каньках, хадзiлi на рынак, ездзiлi ў лес, «чаравалi» на кухнi. Толькi там «падзел» ужо быў: у сына лепш прысмакi выходзiлi, у яе — нешта паўсядзённае: блiны, булёны, катлеты. А ўжо як капустка (квашаная) ды з баравiчкамi — свята: сын ад’есцiся не мог, казаў, што, каб смачней, то нiчога ў свеце няма i нават быць не можа... Ён ажанiўся нядаўна, у дом нявестку прывёў. Грэх скардзiцца — харошае дзяўчо — прыветлiвае, добрае. На работу ходзiць, завочна — вучыцца, за парадкам глядзiць, гатаваць умее (сталавацца яны асобна рашылi). А мацi — усё роўна крыўдна. Трэцяга дня выхадны ў яе быў. Спецыяльна паехала на Камароўку, купiла баравiчкоў (сушаных): сынок яе на парог (нявестка ў другой змене была), а яна — мiску на стол. З фiрменнай капустачкай — садзiся, паеш... I той — загарэўся быў... А потым — не. Уздыхнуў i кажа: «Прабач, мама, я буду есцi тое, што мне Iра зварыла». ...Не, не любяць свякрухi нявестак. Як правiла... Цi не таму, што iх — любяць сыны? (Калi тое ж — прыказкай, то «усякая смерць прычыну знойдзе»). Дваццаць год пасля На вясковы сметнiк занесла... Жуткае вiдовiшча... Ну, па-першае, лепшай долi быў варты той кавалак зямлi. А далей... Ля «ўваходу», на раз’езджанай чорнай зямлi ружавела бязногая голая лялька, крыху паводдаль, на кузаве старога «Масквiча», узвышалася вялiзнае, разламанае крэсла, над адной з куч узвышалiся крыжы, матлялiся яшчэ чорныя, жалобныя ленты, у другой валялiся... кнiгi. У брудных размоклых вокладках, з безнадзейна ўчарнелымi старонкамi — творы Нiлiна, По, Шагiнян, Кятлiнскай, «Амерыканская трагедыя» Драйзера, Фехтвангер, Дзюма «Двадцать лет спустя»... А яно ж i насамрэч — прыкладна 20... З тых часоў, як мы (цi не ўсе?) проста вар’яцелi на кнiжках — шукалi нейкiя знаёмствы, збiралi макулатуру i рыззё, з ночы займалi чэргi. I ўсё — каб нешта дастаць, купiць. Купiўшы, многiя — i тады, i цяпер — чыталi. I чытаюць. Большасць жа, хацела проста не адстаць, «урваць» i за шкло паставiць. Бо калi б чытала... Можа памыляюся, але здаецца, што не было б тады гэтай кучы. Не было б бязногай голай лялькi. I крыжоў. Над сметнiкам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Адным радком, для памяцi: — О-о, нарэшце! Дачакалiся — Калядныя маразы! — пачула ранiчкай пасля Вадохрышча i ўбачыла: на тэрмометры... мiнус адзiн
|
|